spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

Абласныя Дажынкі прайшлі ў Высокім

Дата:

Самы заходні горад Брэстчыны, горад Высокае Камянецкага раёна, у мінулую суботу шчыра вітаў гасцей і ўдзельнікаў галоўнага свята хлебаробаў – фестывалю-кірмашу “Дажынкі-2018”. Гандлёвыя рады, выставы рамеснікаў, экспазіцыі прадукцыі самых розных прадпрыемстваў вобласці, канцэртныя пляцоўкі яркім ланцугом раскінуліся па ўтульных вулачках, напаўняючы іх добразычлівасцю, вяселлем і непаўторнай атмасферай адмысловай беларускай гасціннасці.

Святочная калона ў суправаджэнні творчых калектываў няспешна рухалася да галоўнай сцэны. Пад спевы “Зараначкі” і шчырыя вітанні мясцовых жыхароў прайшла і дэлегацыя нашага раёна на чале са старшынёй райвыканкама Аляксандрам Дарашэнка. “Вітаем вас, драгічынцы”, –  чулася з натоўпу.

З мінулага года на Брэстчыне была закладзена традыцыя – праводзіць Дажынкі ў малых гарадах. Першым населеным пунктам без статусу райцэнтра, які стаў месцам фестывальнага дзейства, – быў Давыд-Гарадок Столінскага раёна. Прадоўжыла пачын Высокае. Гэта дае магчымасць надаць новы воблік такім населеным пунктам, значна палепшыць якасць жыцця і побыту іх жыхароў.

Было відно, за невялікі перыяд часу тут многае ўдалося зрабіць. Добраўпарадкаваны вуліцы, цэнтральная плошча, сквер, адрамантаваны дарогі і дамы. Другое дыханне атрымалі аб’екты сацыяльнай сферы: цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, дзіцячы сад, гарадскі Дом культуры. Сустрэла сваіх вучняў абноўленым будынкам дзіцячая музычная школа. Многае зроблена ў сферы аховы здароўя горада: гэта рамонт будынка гарадской бальніцы, мадэрнізацыя і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы паліклінікі.

Звяртаючыся да прысутных, старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс адзначыў, што сёлетняя ўборачная кампанія стала сур’ёзным іспытам для аграрыяў.

“І нашы хлебаробы не падвялі, яны годна справіліся з уборкай ураджаю, – адзначыў губернатар. – Сёння, у гэты святочны дзень, хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто ўнёс свой уклад у абласны каравай.

Хлеб ніколі не бывае лёгкім. А ў гэтым годзе яшчэ і надвор’е дадало хваляванняў. Жніво запатрабавала вялікіх фізічных і маральных намаганняў. Спачатку дэфіцыт ападкаў. У многіх гаспадарках у маі-чэрвені на палі не ўпала ні кроплі дажджу. Ад засухі толькі збожжавых культур загінула і пацярпела 58 тысяч гектараў, або 16% плошчаў. Не хапіла вільгаці і для наліву збожжа. А затым рана распачатую ўборку затармазілі зацяжныя дажджы. Месцамі вада стаяла на палях, як вясной пасля раставання снегу. Непагадзь спыніла працу ў полі, але, як гаворыцца, няма худа без дабра. Дзякуючы вільгаці, мы маем добры ўраджай кукурузы і кармавых культур. І ёсць упэўненасць у забеспячэнні жывёлагадоўлі дастатковай кармавой базай”.

І хоць па ўраджайнасці збожжавых на ўзровень мінулых гадоў, калі з кожнага гектара намалочвалі ў сярэднім па 36 цэнтнераў, выйсці не ўдалося, вынікі гэтага года годныя. Пры ўраджайнасці 29 цэнтнераў з гектара, а гэта лепшы вынік сярод абласцей, намалочана 930 тыс. тон збожжа, а з кукурузай на сённяшні дзень – больш за 950 тысяч тон.

Па ўраджайнасці збожжавых у перадавіках – Баранавіцкі раён. Тут у сярэднім з аднаго гектара намалочана 33,8 цэнтнера, у Столінскім – 32,7, Брэсцкім – 32,8 цэнтнера. 31 і больш цэнтнера збожжа з гектара сабралі ў Бярозаўскім, Драгічынскім, Жабінкоўскім раёнах, больш за 30 цэнтнераў – у Пінскім раёне.

Шчыра павіншаваў аграрыяў Брэстчыны з Дажынкамі старшыня праўлення Беларускага рэспубліканскага саюза спажывецкіх таварыстваў, упаўнаважаны прадстаўнік кіраўніка дзяржавы па Брэсцкай вобласці Валерый Іваноў. Ён зачытаў прывітальны адрас ад імя Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі.

Больш за гадзіну спатрэбілася для таго, каб уручыць заслужаныя ўзнагароды лепшым працаўнікам вёскі. На святочную сцэну паднімаліся кіраўнікі гаспадарак, спецыялісты: галоўныя інжынеры, аграномы. Але самае вялікае прадстаўніцтва мелі, як водзіцца, простыя працаўнікі: камбайнеры і памочнікі камбайнераў, аператары зернесушыльных комплексаў і вадзіцелі.

Сярод пераможцаў абласнога спаборніцтва ў гэтым годзе нямала і прадстаўнікоў Драгічыншчыны. Падчас урачыстасці былі ўзнагароджаны: галоўны інжынер СВК “Асавецкі” Віталь Зусько, яго калега з ААТ “Брашэвічы”, які на жніве працаваў у якасці камбайнера, Сяргей Зорын, Аляксандр Грыневіч і Уладзімір Мядзведзь з СВК “Асавецкі”, Аляксандр Булыга і Уладзімір Дацкевіч з ААТ “Аляксеевічы-Агра”, Пётр Раманюк – аператар зернесушыльнага комплексу СВК “Асавецкі”. Дарэчы, назва гэтай гаспадаркі гучала ў прамове губернатара, як прыклад якаснага гаспадарання. І тое, што ў Осаўцах атрымана самая высокая ўраджайнасць – 57 цэнтнераў з гектара – заканамерны вынік сістэмнай працы.

Хаця заказнік “Званец” непасрэдна да ўборкі дачынення не мае, яго са святам звязалі вельмі прыемныя абставіны. Намеснік міністра прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Ія Малкіна ўручыла дырэктару заказніка Віталю Шкапічу сертыфікат на спецыяльную тэхніку і абсталяванне. У хуткім часе арсенал “Званца” папоўніцца ўніверсальным трактарам, рулонным прэс-падборшчыкам, мульчарам і касілкай. Тэхніка будзе пастаўлена ў рамках праекта “Устойлівае кіраванне ляснымі і водна-балотнымі экасістэмамі для дасягнення шматмэтавых пераваг”, які фінансуецца Глабальным экалагічным фондам і рэалізуецца Праграмай развіцця ААН у партнёрстве з Міністэрствам прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Рэспублікі Беларусь.

Завяршылася афіцыйная частка святочным канцэртам. Бліжэй да вечара свята паціху пачало пакідаць вуліцы Высокага, каб праз год сабраць працаўнікоў вёскі ў Ружанах.

Генадзь ДЗЕЮН
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Все школы перейдут на новый режим организации питания к 1 сентября

Все школы перейдут на новый режим организации питания к...

Как в условиях конкуренции работает филиал ЗАО “Консул” в Дрогичине

В условиях жесткой конкуренции приходится работать филиалу ЗАО «Консул»...

В Дрогичинском районе идет сев кукурузы

Не сбавляя оборотов, на Дрогичинщине продолжается весенняя посевная. По...

Дрогичинские волейболисты заняли призовые места в областных соревнованиях

Вчера, 18 апреля, в Кобрине проходили областные соревнования по...