spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

Адны сеюць, другія – убіраюць

Дата:

Яшчэ ў пачатку тыдня сітуацыя была блізкай да безнадзейнасці: у аўторак, праязджаючы бліз палёў СВК “Асіпавічы”, дзе вяліся работы па падрыхтоўцы глебы да сяўбы азімых, тэхніку немагчыма было ўгледзець у клубах пылу, які густым шлейфам уздымаўся і рухаўся ўслед за сельскагаспадарчымі агрэгатамі. З-за працяглай засухі зямля нагадвала лёгкі шэры попел. І таму ў тутэйшым кааператыве, як і ў астатніх гаспадарках раёна, ужо не першы дзень чакалі не добрага надвор’я – чакалі дажджу.

Тым не менш усё ішло сваёй звыклай чаргою, і, нягледзячы на прыродныя анамаліі, сельскагаспадарчыя работы на палях не спыняліся. Тут, як і заўжды на гэтай зямлі, жылі спрадвечным сялянскім перакананнем: “Паміраць ладзься, а жыта сей”.

І марудзіць з гэтай справай ніяк не выпадала. Па словах галоўнага агранома кааператыва Аляксандра Мікалаевіча Бондара, з восені ў гаспадарцы неабходна пасеяць 1500 гектараў азімых каласавых культур на зерне і 220 гектараў – на зялёны корм. За кароткі час такі вялікі аб’ём работ не ахопіш, таму і прыходзілася спяшацца: на палі кааператыва штодзённа выходзяць два пасяўныя агрэгаты пад упраўленнем вопытных механізатараў Міхаіла Цярэнцьевіча Куліка і Васіля Фёдаравіча Несцерука. І на бягучы тыдзень гэтая работа была ўжо выканана на плошчы больш за 600 гектараў…

І калі адны земляробы сеюць, закладваючы аснову будучага ўраджаю, то другія працягваюць даводзіць да толку тое, што вырашчана. Вядзецца ўборка цукровых буракоў: гаспадарка мае свой уласны камбайн “Холмер”, на якім у сезонны перыяд працуе вопытны спецыяліст, вядучы інжынер кааператыва Аляксей Васільевіч Сахацкі. Займаюцца ў СВК “Асіпавічы” і такой прыбытковай на цяперашнім этапе справай, як вырошчванне насення траў, і ўборку на гэтым участку завяршае механізатар Вадзім Васільевіч Сілюк. На сёлетні неспрыяльны год нядрэнны ўраджай дае і кукуруза на зерне – 60 цэнтнераў з гектара. І гэта пры тым, што першапачаткова ў кааператыве ўбіраюцца горшыя ўчасткі, якія ў найбольшай меры пацярпелі ад засухі. Далей, па меркаванню галоўнага агранома гаспадаркі Аляксандра Мікалаевіча Бондара, ураджайнасць “каралевы палёў” павінна павялічыцца.

А вось алейную рэдзьку на насенне ў СВК “Асіпавічы” пасеялі ўпершыню. Пад яе тут адведзена каля 70 гектараў, і на бягучым тыдні актыўна вялася ўборка гэтай сельгаскультуры. На гэтым участку былі задзейнічаны два лепшыя экіпажы камбайнераў, у складзе якіх працавалі Руслан Іванавіч Пальто і Уладзімір Рыгоравіч Грыгарэнка, Валерый Цярэнцьевіч Кулік і Уладзімір Фёдаравіч Нічыпорчык. Яны намалочваюць па 10 цэнтнераў насення рэдзькі алейнай з гектара, і на бягучы год гэта – неблагі паказчык.

Чым абумоўлена прыхільнасць да гэтай сельгаскультуры?

Па словах нашага суразмоўніка, галоўнага агранома гаспадаркі А.М.Бондара, рэдзька алейная адносіцца да ліку так званых сідэратаў – групы раслін, якія валодаюць здольнасцю ўзнаўляць урадлівасць глебы, угнойваць і разрыхляць яе. Іншымі словамі, яе можна назваць своеасаблівым санітарам глебы, угнаеннем, якое расце. Пасевы рэдзькі алейнай добра знішчаюць пустазелле, нават пырнік не аказвае ёй вялікага супраціўлення. Акрамя ўсяго, гэта культура – непатрабавальная ў вырошчванні, хутка набірае масу і спее, таму за сезон можна атрымаць некалькі яе ўраджаяў. Яна мае моцную карнявую сістэму, і таму нават у неспрыяльных умовах умее даставаць вільгаць з глебы і даваць вялікі аб’ём высокабялковай зялёнай масы…

І за пацвярджэннем сваіх слоў Аляксандру Мікалаевічу далёка хадзіць не прыйшлося, бо калі на адным полі камбайны ўбіралі насенны ўраджай рэдзькі алейнай, то на суседнім яна, нягледзячы на працяглае засушлівае надвор’е, буяла густой квеценню і зелянінай і неўзабаве мелася стаць добрым прыкормам для грамадскай жывёлы…

А вось з пасевамі азімых каласавых культур сітуацыя была не такой аптымістычнай. Галоўны аграном А.М.Бондар з непрыхаванай трывогай гаварыў аб тым, што з-за недахопу вільгаці азімы ячмень пачаў узыходзіць з пралысінамі: дзе нізіна – добра бярэцца і зелянее, а на ўзвышшы расточкі вельмі хілыя, і ліст не мае сілы раскрыцца…

Аднак ужо вечарам таго ж дня прайшоў невялікі дождж.Такое ж надвор’е з павышанай вільготнасцю сіноптыкі перадалі і на ўвесь тыдзень, і для тутэйшых земляробаў гэта стала сапраўды добрай і абнадзейваючай весткай. Нягледзячы на тое, што ўборка ўраджаю яшчэ працягваецца.

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Активисты и общественники Дрогичинщины в рамках республиканского субботника приняли участие в акции «Время помнить»

В данной акции участие приняли Дрогичинская районная организация БРСМ,...

Магазины, рынки, такси, услуги на дому: когда покупателям должны выдавать чек

В соответствии с Налоговым кодексом Республики Беларусь, при реализации...

Вспашка и культивация. Как оказывать услуги, не нарушая законодательство

С наступлением весны растет популярность таких видов деятельности, как...

Дроботы и Сороцни: ищем решение проблем

Середина апреля – на календаре 15‑е число, понедельник. Весна...