spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

“Бездзежскі фартушок”: ад вытокаў да сучаснасці. Самаму знакамітаму музею Драгічыншчыны споўнілася 20 гадоў

Дата:

Музею народнай творчасці “Бездзежскі фартушок” споўнілася 20 гадоў. Ужо рарытэтнай можна лічыць Кнігу водгукаў, у якой першы запіс пасля ўрачыстага адкрыцця музея 17 студзеня 1999 года зрабіў старшыня Брэсцкага аблвыканкама Уладзімір Заламай. З тае пары экскурсанты на розных мовах выказвалі супрацоўнікам музея сваю ўдзячнасць і захапленне экспазіцыяй. У “Бездзежскім фартушку” пабывалі турысты з розных куточкаў Беларусі, з Расіі, Украіны, Казахстана, прыбалтыйскіх краін, Польшчы, Чэхіі, Англіі, Аргентыны, Венесуэлы, Чылі, ЗША, В’етнама, Кітая, Індыі.

Вытокі

Неўпрыкмет у легенду пераўтвараецца гісторыя аб тым, як ствараўся “Бездзежскі фартушок”. Расказваюць, што ў 1995 годзе падчас адкрыцця музея ў вёсцы Моталь Іванаўскага раёна старшыня Драгічынскага райвыканкама Сяргей Паўлавіч Мамацюк, загадчыца раённага аддзела культуры Зоя Іпалітаўна Краўцова ды губернатар вобласці Уладзімір Аляксандравіч Заламай былі вельмі ўражаны прадстаўленымі ў экспазіцыі бездзежскімі фартушкамі і ручнікамі, а таксама размаляванымі куфарамі застаўскіх і завершскіх майстроў. “Чаму б не стварыць гісторыка-краязнаўчы музей у Драгічыне, калі ў раёне ёсць такія дзівосныя экспанаты!” – загарэліся ідэяй чыноўнікі.

Але ж неўзабаве стала зразумела: музей павінен быць не ў райцэнтры, а ў Бездзежы. У кожнай мясцовай хаце, у каморы, стаяў размаляваны кветкамі сіні куфар, у якім захоўваўся рукатворны скарб: тканыя з ільну ручнікі, абрусы, падузорнікі і, вядома ж, цэлыя стосы фартухоў. Менавіта яны з’яўляліся сапраўдным гонарам любой жанчыны. Да двух дзясяткаў фартухоў мелі бездзежскія кабеты. Дванаццаць з іх былі вытканы для таго, каб хадзіць у царкву ў двунадзясятыя святы. На Каляды жанчына падпярэзвалася адным фартухом, а на Хрышчэнне – іншым. Прычым узоры на фартухах не паўтараліся. Гэта ўзор на ручнік можна было “адзняць” з суседчынага ручніка, які спадабаўся, а для фартуха кожная жанчына ўзор прыдумвала самастойна і нават ва ўласнай “калекцыі” яго не паўтарала. Найбольш па душы мясцовым сялянкам былі кветкі, але ж у тканых і вышываных узорах прысутнічалі і гронкі вінаграду, крыжыкі, сняжынкі, зорачкі, пчолкі, зайчыкі, птушачкі.

На тую пару ў Бездзежы пуставаў былы будынак старой школы. У ім і было вырашана стварыць музей народнай творчасці. Ідэю падхапіў старшыня мясцовага калгаса “Новы шлях” Уладзімір Паўлавіч Хілько. Агульнымі намаганнямі – райвыканкама, калгаса, аддзела культуры – будынак быў адрамантаваны. Для стварэння экспазіцыі запрасілі музеязнаўцу Аркадзя Мікалаевіча Дзенісевіча. Дырэктарам музея была прызначана Галіна Міхайлаўна Абрамовіч.

У 1999 годзе асноўны фонд музея складаў каля 400 экспанатаў, сярод якіх налічвалася 115 фартушкоў і 35 ручнікоў. Сёння тут захоўваецца каля 2 000 экспанатаў, самай буйной з’яўляецца калекцыя фартушкоў – іх сабрана амаль 400. “Папаўняць калекцыю становіцца ўсё больш складана, – кажа галоўны захавальнік фондаў музея Ніна Сцяпанаўна Ярмац. – Фартухі па хатах яшчэ ёсць, але ж дзеці і ўнукі майстрых, якія іх выткалі, ні за якія грошы не хочуць з імі расставацца. Шануюць іх як сямейную рэліквію”.

Ніна Сцяпанаўна працуе ў музеі з самага яго адкрыцця. Настаўнік па адукацыі, яна рызыкнула “перакваліфікавацца” ў музейнага работніка. Чытала шмат літаратуры па народнай творчасці і апрацоўцы льну, унікала ў гісторыю і прызначэнне кожнага экспаната. Многія гады наведвальнікі музея слухаюць экскурсію, тэкст якой склала Ніна Сцяпанаўна. Даўно яна займаецца камплектаваннем музейнага фонду, вядзе ўліковую дакументацыю. Справа гэта складаная і адказная. Лягчэй стала працаваць з 2006 года, калі ў музеі паявіўся камп’ютар і была ўведзена аўтаматызаваная сістэма ўліку і вядзення музейных фондаў.

А вось на пасадзе дырэктара музея людзі мяняліся: пасля Галіны Абрамовіч “Бездзежскі фартушок” узначаліла Лідзія Міхайлаўна Шэльпук. Калі ж яна ўслед за мужам з’ехала ў Камянецкі раён, пасаду дырэктара прапанавалі загадчыцы Завершскай бібліятэкі Марыі Міхайлаўне Астаповіч. Як немагчыма сабе ўявіць бездзежскія фартушкі без руж і васількоў ва ўзоры, так сёння немагчыма ўявіць “Бездзежскі фартушок” без шчырай, гасціннай, гаспадарлівай, улюбёнай у народную творчасць Марыі Міхайлаўны.

Дырэктар музея “Бездзежскі фартушок” Марыя Міхайлаўна Астаповіч

Сялянскае падвор’е

У 1999 годзе музей наведала 1 500 турыстаў, у 2010 – 4 000, а летась – больш за 20 тысяч дарослых і дзетвары.

– Справа ў тым, што за гэты час значна пашырыўся пералік паслуг, якія мы прапаноўваем нашым гасцям, – распавядае Марыя Астаповіч. – Спачатку гэта былі экскурсіі і музейныя заняткі, цяпер жа – цэлыя комплексы, анімацыйныя праграмы. Турысты маюць магчымасць прайсці майстар-клас па ткацтву, прадзенню, лозапляценню, убачыць, як змяльчае салому сячкарня, як перамельваецца ў жорнах зерне на муку, яны могуць апрануць на сябе колішнюю бездзежскую вопратку і сфатаграфавацца, могуць заказаць экскурсію з музычным суправаджэннем і майстар-класам па танцах, а закаханыя пары – урачыстую рэгістрацыю шлюбу хоць у народным, хоць у сучасным стылі. Ёсць у нас магчымасць прыгатаваць традыцыйныя бездзежскія стравы і пачаставаць імі турыстаў. Бадай, найбольш грошай мы зарабляем менавіта на дэгустацыі прысмак. Цяпер усіх цікавіць здаровае харчаванне, тая ежа, што прыдавала сілу нашым продкам. Мы ж прапануем гасцям прысмакі з рускай печы, гародніну, якую выгадавалі на прысядзібным участку “Бездзежскага фартушка”.

Але ж вернемся ў 2009 год, калі музей быў узнагароджаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь за стварэнне ўнікальнай калекцыі аўтэнтычных узораў народнай творчасці, значны ўклад у захаванне і папулярызацыю мясцовых рамёстваў, абрадаў і дыялектаў. Ва ўрачыстай абстаноўцы ў Мінску ўзнагароду тады атрымлівала Марыя Астаповіч. Яна не так даўно працавала дырэктарам, а таму справядліва лічыла гэту прэмію заслугай тых людзей, якія стваралі і пашыралі экспазіцыю “Бездзежскага фартушка” і шчыравалі ў музеі на працягу папярэдняга дзесяцігоддзя.

Вярнуўшыся са сталіцы, Марыя Міхайлаўна сабрала свой невялікі калектыў і прапанавала калегам не дзяліць прэмію паміж сабой, а ўкласці ўсе грошы ў далейшае развіццё музея. Задумак мелася шмат, было зразумела: для таго, каб заняць сваю нішу на рынку турыстычных паслуг, неабходна прыдумляць нешта новае, цікавае. Ідэі выношваліся даўно, яшчэ калі раённы аддзел культуры ўзначальвала Зоя Краўцова, але ж не было грошай для іх рэалізацыі. На “прэміяльныя” ж была куплена пустуючая драўляная хата, якая зарастала хмызняком на суседнім з музеем участку, набыта цэгла, аплачана праца печніка. Гаспадарчая група раённага аддзела культуры і супрацоўнікі музея разам прыняліся ачышчаць участак ад смецця і зарасляў. Завітаўшы ў “Бездзежскі фартушок”, старшыня райвыканкама Васіль Міхайлавіч Хвацік быў вельмі ўражаны ініцыятывай калектыву музея, аддзела культуры і падтрымаў праект па стварэнню сялянскага падвор’я. З раённага бюджэта былі выдзелены грашовыя сродкі, на абуладкаванні падвор’я, здавалася, працавала ўся Драгічыншчына. Хто высякаў хмызняк, хто вычышчаў таночкі і вывозіў зямлю, хто нарыхтоўваў калочкі і лазу для плеценай агароджы, хто нарыхтоўваў чарот для даха. Шмат тут працаваў і загадчык аддзела культуры Леанід Сцяпанавіч Куроўскі, які проста “палаў” ідэяй стварэння сялянскага падвор’я.

Яно пачало прымаць наведвальнікаў у 2012 годзе і вельмі палюбілася гасцям. Тэрыторыя музея “Бездзежскі фартушок” павялічылася ў некалькі разоў.

– У нас ёсць зямля, дзе мы вырошчваем бульбачку, гурочкі, памідоры, моркву, цыбулю, кроп, каляндру – хатнія стравы і прыпраў патрабуюць сваіх, хатніх, – раскрывае кулінарныя сакрэты Марыя Астаповіч. – Гуркі солім у дубовых бочках і ў “калодзежы”, у дубовых бочках мочым яблыкі. Яны таксама растуць на ўчастку. Захоўваюцца нашы прыпасы ў лёху. Купляць прыходзіцца толькі муку, цукар, алей для смажання дранікаў ды сала. Надта падабаецца турыстам макуха, яны нават просяць рэцэпт яе прыгатавання. Але ж многія скардзяцца, што дома не атрымліваецца прыгатаваць такую смачную макуху, як тая, што яны елі ў “Бездзежскім фартушку”. Думаюць-гадаюць: ці то няправільна падсушваюць ільняное насенне, ці няправільна змяльчаюць яго. А можа справа ў тым, што ў старэнькай сялянскай хатачцы пасля наведвання экспазіцыі народнай творчасці ды з варонай у лупіні бульбай макуха мае асаблівы смак?..

Вось ужо тры гады супрацоўнікі музея сеюць на сялянскім падвор’і вузенькую палосачку льну. Каб турысты бачылі, як ён расце, цвіце, як драўляным прачом з яго аббіваюць насенне, тое самае, з якога і гатуюць макуху.

Да хлеба і людзей – з душой

У розныя часы розная колькасць людзей працавала ў “Бездзежскім фартушку”. Да адкрыцця сялянскага падвор’я калектыў складаўся з чатырох-пяці чалавек. Часцінку сваёй душы і шчырасць працы ў развіццё музея ўклалі былы навуковы супрацоўнік Галіна Іванаўна Філіповіч, галоўны захавальнік фондаў Валянціна Паўлаўна Хілько, наглядчык музея Наталля Іосіпаўна Ментуз, прыбіральшчыцы Марыя Іванаўна Янушчык і Ніна Рыгораўна Каласей, Іван Іванавіч Юшкевіч .

Цяпер у музеі працуе 15 чалавек. З адкрыццём падвор’я паявіліся гаспадарка і кухня, значна павялічылася тэрыторыя, якую неабходна ўтрымліваць у ідэальным парадку. Напрыклад, улетку адначасова даводзіцца і турыстаў прымаць, і агарод палоць, і гурочкі выбіраць, засольваць. Догляду патрабуюць конік, трусы, козачка, гусі, качкі, індакачкі. У грыбную пару трэба і грыбочкаў назбіраць, каб насушыць, засаліць, а потым частаваць імі турыстаў. Зборам грыбоў калектыў музея таксама займаецца самастойна.

Майстар-клас па лозапляценню дае Сяргей Сцяпанавіч Куроўскі

Усю мужчынскую работу выконваюць наглядчыкі музея Сяргей Сцяпанавіч Куроўскі і Аляксандр Васільевіч Максімовіч. Яны – майстры не толькі падкасіць траву на ўчастку, але і запячы рыбу, якая, дарэчы, водзіцца ў адным з музейных стаўкоў, абсмаліць гуся альбо качку.

Гараджанам пагладзіць труса – радасць

Першай гаспадыняй на кухні ў 2012 годзе стала Алена Васільеўна Лукашчык. Яна варыла, парыла, смажыла, вымешвала і пякла ў печы хлеб. Калі ж Алена Васільеўна перайшла на працу ў бібліятэку, галоўнай кухаркай стала Вольга Сцяпанаўна Макарэвіч.

Нялёгка было сялянам круціць сячкарню

– Для нас вельмі важна, каб на кухні гаспадарыла жанчына, якая здольна ўкладаць у прыгатаванне страў душу, якая ўмела б вымешваць і выпякаць хлеб розных гатункаў і з рознымі начынкамі, – кажа дырэктар музея Марыя Міхайлаўна Астаповіч. – Нават дранікі ў кожнай гаспадыні атрымліваюцца іншыя, не гаворачы ўжо пра хлеб. Яго Вольга Сцяпанаўна выпякае не толькі для дэгустацыі, але і на продаж турыстам. Напрыклад, экскурсанты, якія наведвалі музей на Хрышчэнне, набылі свежаспечаны хлеб. У нас можна заказаць як звычайны хлеб, які бездзежцы пяклі на кожны дзень, так і здобны, які елі на Вялікдзень. А нядаўна мы пачалі выпякаць чыста іржаны хлеб на заквасцы, без дражджэй. Спачатку пачыталі рэцэпты ў інтэрнэце, а потым пайшлі па хатах, каб у гаспадынь старэйшага пакалення павучыцца, даведацца, як рабілі закваску ў нашай мясцовасці, як яе захоўвалі. Аказалася, што рабіць закваску абавязкова трэба ў драўлянай дзяжы. І што для яе прыгатавання абавязкова выкарыстоўваўся хмель. Каб захаваць усю тэхналогію, мы нарыхтавалі дубовае і кляновае лісце, бо ў формах іржаны хлеб не выпякалі. Вольга Сцяпанаўна і сама добра спраўляецца з выпечкай хлеба, і вучыць гэтай няпростай справе дзяўчат, якія працуюць разам з ёй на сялянскім падвор’і – Святлану Васільевну Валковіч і Таццяну Анатольеўну Федарчук.

З 2012 года майстрам-метадыстам у “Бездзежскім фартушку” працуе Ніна Лукінічна Янушчык. З матчыным малаком яна пераняла талент і любоў да ткацтва, вышывання. Ніна Лукінічна вітае кожную групу турыстаў, паказвае ім, як прасці, ткаць. Яна ж вядзе заняткі школы народнай творчасці, што працуе пры музеі, па класу ткацтва. Ніна Лукінічна апрацоўвае лён, прадзе і тчэ ў музеі і дома ручнікі, якія потым купляюць турысты. Адметна, што працуе майстрыха толькі з мясцовым ільном, запасы якога яшчэ захоўваюцца ў сялян па сундуках і на гарышчах.

– Можна купіць бабіну льняных нітак у магазіне, але гэта зусім іншыя ніткі, – зазначае Марыя Міхайлаўна. – Наша задача – аднавіць ткацтва бездзежскіх, застаўскіх, крамноўскіх, завершскіх ручнікоў. Мы запісалі сакрэты майстрых, як выткаць на іх узор. Але ж і ад якасці льну многае залежыць. З таго льну, які вырошчваецца зараз на палях, немагчыма спрасці такую ж тонкую нітку, як пралі нашы бабулі. Тады лён уручную сеялі, апрацоўвалі, рвалі, ведалі, колькі дожджыкаў трэба, каб атрымаць якасную льнотрасту, колькі дзён сонейка павінна песціць яго сваімі промнямі.

Неаднойчы супрацоўнікам музея даводзілася даказваць турыстам, што прадстаўленыя ў экспазіцыі музея фартушкі – ручной работы. Настолькі яны танюткія ды бялюткія. “Наш лён узяў чысціню ў сонца, колер – у блакітнага неба, свежасць у расы, а пяшчоту – у закаханых рук жанчын”, – так тлумачаць экскурсаводы турыстам выключную якасць бездзежскіх ільняных вырабаў.

Гасцям тут рады

Убачыць бездзежскія фартушкі ды ручнікі маюць магчымасць не толькі турысты, якія наведваюць музей. “Бездзежскі фартушок” актыўна ўдзельнічае ў разнастайных выставах і фестывалях, як у Беларусі, так і за яе межамі. У 2016 годзе Ніна Янушчык з музейнымі экспанатамі пабывала ў Маскве, дзе праходзілі Дні культуры Беларусі. Штогод музей прадстаўляе сваю экспазіцыю на “Ягелонскім кірмашы” ў Польшчы, двойчы бездзежцы ўдзельнічалі ў свяце “Александрыя збірае сяброў”, пабывалі і на “Славянскім базары”. А ў мінулым годзе яны былі запрошаны на Міжнародны фестываль “Кліч Палесся”, на Гомельшчыну, аб чым даўно марылі. Фартушкі і ручнікі экспаніраваліся нават у Туле, у музеі-запаведніку Льва Талстога. Штогод “Бездзежскі фартушок” удзельнічае ў выставе турыстычных магчымасцей на “БелЭкспа”.

Кожную магчымасць калектыў выкарыстоўвае для таго, каб зазваць турыстаў. Людзі даведваюцца пра музей з інтэрнета, тэлевізійных сюжэтаў, якіх пра “Бездзежскі фартушок” знята нямала, з расказаў сяброў, знаёмых, якія тут пабывалі.

Калектыў дбае пра тое, каб турыстам было цікава і хацелася раіць іншым людзям наведаць музей. Яны прапаноўваюць экскурсію з музычным суправаджэннем, што надае асаблівы каларыт. Народнымі песнямі гасцей вітаюць творчыя калектывы, потым з імі танчаць падэспань, лысага, мікіту, іншыя старажытныя танцы, што былі моднымі на драгічынскай зямлі. У залежнасці ад узросту і пажадання настрой турыстам ствараюць “Крынічанька”, “Сваякі”, “Папінскія музыкі”, “Хомскія мужыкі”, дзіцячы калектыў “Ліпанька” Ліпніцкага СДК, які паказвае абрад “Ганэля”.

На памяць пра наведванне “Бездзежскага фартушка” турысты маюць магчымасць набыць сувенірную прадукцыю: маленькі дэкаратыўны фартушок, ляльку-абярэг, тканую сурвэтку альбо ручнік, іншыя цікавыя рэчы. Над іх вырабам працуе ўвесь раён: Галіна Міхайлаўна Сцепанюк і Антопальскі цэнтр рамёстваў, Дзіяна Парчук з гарадскога Дома культуры, Людміла Гурына і Гошаўскі Дом фальклору, разьбяры Валерый Манцэвіч і Аляксей Кавалевіч, супрацоўнікі бібліятэчнай сістэмы і, канечне, самі супрацоўнікі музея – Ніна Янушчык, Людміла Недашкоўская, Галіна Міневіч і іншыя. Турысты маюць сувеніры на памяць, а ўстановы культуры – атрымліваюць сродкі, якія дапамагаюць ім выконваць план платных паслуг.

Сакрэты ткацтва мясцовай дзетвары перадае Ніна Лукінічна Янушчык

Круглы год бурліць жыццё ў “Бездзежскім фартушку”. З 10 снежня па 20 студзеня тут прапаноўваюць турыстам казачныя сустрэчы на сялянскім падвор’і з Дзедам Марозам, ладзяць Калядкі, потым праводзяць Хрышчэнне, гукаюць вясну на Благавешчанне, на Вялікдзень праводзяць абрад “Стрілка”, у ліпені – Купалле, цікава тут праходзіць Ноч музеяў, праз год праводзіцца фестываль фальклорнага мастацтва “Таночак”.

Толькі ў снежні мінулага года ў “Бездзежскім фартушку” пабывала амаль 1 500 чалавек. А за весь 2018 год было зароблена 60 000 рублёў платнымі паслугамі. Вядома ж, супрацоўнікі музея не стаяць на месцы, прыдумляюць і прыдумляюць нешта новае, цікавае для турыстаў.

– Так, мы выклікаем у людзей зацікаўленасць сваімі анімацыйнымі праграмамі, дэгустацыяй колішніх страў. Дзе яшчэ яны змогуць пакаштаваць параную ў печы капусту? – кажа Марыя Астаповіч. – Але ж не толькі гэтым. Турысты адчуваюць і нашу любоў да работы, цеплыню, душэўнасць, з якой мы іх прымаем, заўважаюць, як у супрацоўнікаў музея Людмілы Янушчык і Кацярыны Кудрыцкай падчас экскурсіі гараць вочы. Як сустрэнеш госця, як яго правядзеш – такое ўражанне ў яго і застанецца. Турыстаў трэба любіць, працаваць з імі, не шкадуючы ўсмешак, гасціннасці, дабрыні.

Шчыры дзякуй!

Памятаеце, прэзідэнцкую прэмію “Бездзежскі фартушок” атрымаў у тым ліку і за захаванне мясцовага дыялекту? Не толькі паміж сабой размаўляюць супрацоўнікі музея на мясцовай гаворцы, у якой ёсць і ўкраінскія, і рускія, і беларускія, і польскія словы. На дыялекце тут праводзяць і экскурсіі. Кажуць, мясцовая гаворка падабаецца турыстам, многія яе разумеюць.

Так, у фартухах, ручніках, прадметах сялянскага побыту, гаворцы супрацоўнікі музея захоўваюць найкаштоўнейшую спадчыну, якая ім дасталася ад продкаў, – непаўторнасць бездзежскай зямлі, яе культуры, сялянскага побыту, традыцый. Экспазіцыю музея ўдалося сабраць, дзякуючы шчодрасці і зацікаўленасці мясцовых жыхароў, многія з якіх падарылі “Бездзежскаму фартушку” дарагія сэрцу рэчы. З удзячнасцю тут успамінаюць Ірыну Уладзіміраўну Гарбарук, Валянціну Мікалаеўну Карогвіч, Івана Мікалаевіча Красоўскага, Таццяну Іванаўну Куксу, Івана Міхайлавіча Юшкевіча, Надзею Аксенцьеўну Ярмац, Алега Канстанцінавіча Дашкуна, Івана Васільевіча Крывецкага і многіх іншых людзей з Бездзежа і навакольных вёсак. Не так даўно перадала ў музей фартухі нават маладая жыхарка Кобрына.

– Мы ўдзячны ўсім, хто мае дачыненне да стварэння і развіцця “Бездзежскага фартушка”, – шчыра кажа дырэктар музея Марыя Астаповіч. – Уладзіміру Заламаю, Сяргею Мамацюку, Уладзіміру Хілько, Зоі Краўцовай, Васілію Хваціку, Леаніду Куроўскаму і прадстаўнікам арганізацый, якія працавалі на рамонце будынка, добраўпарадкаванні тэрыторыі. Жадаю ўсім здароўя, дастатку, сямейнага дабрабыту. Гэта ж так важна, каб чалавек ведаў сваю гісторыю, ведаў, як жылі яго прашчуры! Не трэба саромецца размаўляць на родным дыялекце! Трэба ўсім разам аднаўляць традыцыі сваёй мясцовасці, каб было што перадаць у спадчыну дзецям і ўнукам. Льняная нітка – моцная, галоўнае – не забыцца, як яе спрасці!

Ніна ТКАЧУК
Фота з архіва музея

 

 

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Александр Лукашенко раскрыл планы беглых и предупредил: разговор с ними не будет длинным

Президент Беларуси, председатель ВНС Александр Лукашенко на заседании VII...

Александр Лукашенко рассказал о наращивании ударно-наступательного потенциала НАТО вокруг Беларуси

Президент Беларуси, председатель VII Всебелорусского народного собрания Александр Лукашенко...

Александр Лукашенко: основной реальный риск для Беларуси создает горячая точка в Украине

Вашингтон делает все, чтобы втянуть в украинский конфликт Беларусь....

22 апреля свой профессиональный праздник отметили судебные эксперты

Профессия эксперта благодаря современному кинематографу овеяна духом романтики не...