ЭТНАСЯДЗІБА “КАЛЯ ПЛЭСА” СПРАВІЛА ЎВАХОДЗІНЫ

Дата:

“Такога ў нас яшчэ не было!” – у шчырым захапленні прызнаваліся жыхары Бездзежа : у лепшых народных традыцыях гэтай спаконвеку гасціннай і песеннай вёскі тут адбылося адкрыццё сялянскага этнападвор’я “Каля Плэса”. Яно абуладкавана побач з музеем “Бездзежскі фартушок”, на ўзбярэжку  невялічкай  рачулкі Плэсо. У ранейшыя часы ў яе чысцюткай вадзе сельскія гаспадыні пралі і паласкалі льняныя палотны, якіх у руплівых тутэйшых сем’ях наткалі, пэўна,  на некалькі пакаленняў наперад. Цяпер жа маляўнічыя бездзежскія краявіды і адметныя  мясцовыя рамёствы  будуць даступны ўсім наведвальнікам гэтага культурна-этнаграфічнага комплексу. І ў нас, на Палессі, такі самабытны аб’ект можа стаць упаўне дастойнай  альтэрнатывай вядомаму музею-ся-дзібе “Дудуткі”, што на Міншчыне…

Каб апынуцца ў мінулым, дастаткова прайсці паўз прыгожую, з разным узорам, драўляную браму. А далей – як у дзіўнай казцы: налева збочыш  – у “Бездзежскі фартушок” трапіш, прама ступіш – і сцежка выведзе да невялічкага вадаёма з дэкаратыўным мастком і сапраўднай лодкай, а адсюль – і да рэчкі Плэсо рукой падаць. А вось па правы бок брамы прытулілася колішняя сялянская хаціна, крытая чаротам. Мяркуецца, што вандроўніка тут і напояць-накормяць колішнімі стравамі, і гасцінічны пакой, які абуладкаваны ў даўнішнім стылі, але з сучаснымі зручнасцямі, для адпачынку ці начлегу яму падрыхтуюць.

Далей, за хаткай, месцяцца вялікі мураваны склеп, летні домік, падлога і сцены якога зладкаваны з бярвенняў-круглякоў, цагляны мангал у выглядзе старадаўняй печы для прыгатавання стравы на свежым паветры. На заднім двары – хлеў з загонамі і клецямі для ўсякай жыўнасці, з павецямі для старадаўняга сельгасінвентару і дроў. А на падворку, запрэжаны ў распісную брычку колішняга майстра, б’е капытом пярэсты конік, чакаючы шаноўных пасажыраў…

І вось збылося тое, да чаго так доўга рыхтаваліся: у мінулую нядзелю на гэтым прасторным сялянскім падворку было цесна ад прысутных. Сюды з’ехаліся лепшыя самадзейныя калектывы з Драгічына і Антопаля , Папіны і Ліпнікаў, Гошава і Мікіцка, каб з народнымі песнямі і жартамі, з нацыянальным каларытам  справіць уваходзіны ў этнасядзібу “Каля Плэса”.

Афіцыйная частка мерапрыемства праходзіла на імправізаванай сцэне, устаноўленай у двары насупраць музея “Бездзежскі фартушок”. У ліку ганаровых гасцей свята – старшыня райвыканкама В.М.Хвацік, начальнік абласнога ўпраўлення культуры С.Б.Панасюк, дырэктар абласнога грамадска-культурнага цэнтра С.В.Каржук, начальнік райаддзела культуры Л.С.Куроўскі.

Адкрываючы ўрачыстаць, Васіль Міхайлавіч Хвацік зазначыў наступнае: “У нашых мясцінах з’явіўся яшчэ адзін унікальны турыстычны аб’ект з традыцыйнай народнай архітэктурай і самабытнай культурай народа. Тут можна будзе пазнаёміцца  з побытам колішняй беларускай вёскі, з мясцовымі абрадамі, звычкамі, асаблівасцямі нацыянальнай кухні. Развіваючыся ў такім накірунку, мы выконваем адну з важных дзяржаўных задач – прывабліваем турыстаў, у тым ліку – і замежных.”

Пры гэтым кіраўнік раёна падкрэсліў, што, гаворачы аб эканамічных складаемых новага аб’екта, нельга забываць і аб яго сацыяльна-культурным прызначэнні. Сялянскае падвор’е – як бы працяг, новая дзеючая экспазіцыя тутэйшага музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, і гэты самабытны этнаграфічны куточак павінен садзейнічаць духоўнаму ўзбагачэнню нацыі і нашых падрастаючых грамадзян.

Па словах В.М.Хваціка,  работа ў гэтым накірунку будзе працягвацца. З часам у Бездзежы плануецца пабудаваць невялічкі гасцінічны комплекс. Унікальнейшы аб’ект – старадаўні млын – захаваўся і ў вёсцы Леснікі нашага раёна, і ёсць задума ў перспектыве заняцца і яго аднаўленнем…

У сваім далейшым выступленні на свяце ў Бездзежы Васіль Міхайлавіч выказаў шчырую падзяку начальніку раённага аддзела культуры Л.С.Куроўскаму, усім работнікам гэтай і іншых ведамасных і вытворчых структур, якія былі задзейнічаны ў абуладкаванні вясковай этнасядзібы і падыйшлі да справы творча, адказна, высокапрафесійна. Лепшым з майстроў райаддзела культуры – электрыку М.М.Нічыпорчыку, сталяру С.С.Кавалевічу, рабочаму Р.М.Тындзіку – кіраўнік раёна ўручыў Ганаровыя граматы за вялікі асабісты ўклад у будаўніцтва сялянскага падвор’я пры музеі “Бездзежскі фартушок”, а мастак-афарміцель Драгічынскага ГДК В.І.Краўчук і метадыст-майстар Антопальскага цэнтра рамёстваў А.С.Кавалевіч за плённае старанне на гэтым экатурыстычным аб’екце былі адзначаны Пісьмом падзякі райвыканкама.

Затым слова было нададзена начальніку аддзела культуры Л.С.Куроўскаму, пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле якога абуладкоўвалася этнападвор’е “ Каля Плэса”. У сваю чаргу Леанід Сцяпанавіч таксама ўзнагародзіў тых, хто ад душы шчыраваў над яго стварэннем і ўпрыгажэннем: акампаніятара Вулька-Радавецкага клуба               А.М.Саўчука, мастацкага кіраўніка Бездзежскага СДК А.В.Кочыка,  вадзіцеля гаспадарчай групы аддзела культуры В.В.Ткачука, калектывы работнікаў Завершскага СДК (дырэктар А.М.Радэня) і Мікіцкага Дома фальклору (загадчыца А.В.Карэнковіч).

Потым дырэктар музея М.М.Астаповіч правяла ўсіх прысутных па этнападворку, пазнаёміла з яго вартасцямі і магчымасцямі. І, па тутэйшай завядзёнцы, паўсюль і на кожным кроку гасцей сустракалі добрымі жартамі, звонкімі песнямі ды частавалі адметнымі нацыянальнымі стравамі. Ва ўсім адчуваўся дзіўны і непаўторны подых мінуўшчыны: у смаку бульбы з макухай, прыгатаванай удзельнікамі мастацкага калектыву “Скібічане”, у печаным хлебе – ад “Гошаўскага таночка”, у духмяных ватрушках – ад умеліц Мікіцкага Дома фальклору, у даўнішніх танцах-забавах, якія ладзілі на беражку вадаёма юныя ўдзельнікі ансамбля “Ліпачка” Ліпніцкага СДК, у настальгічных мелодыях гарманістаў з Папіны. А са сцэны сваёй творчасцю і выканаўчым майстэрствам радавалі “Сваякі”, “Зараначка”, “Прыгажосць” і другія песенна-танцавальныя калектывы Драгічыншчыны.

Уваходзіны справілі, і цяпер сялянскае этнападвор’е “Каля Плэса” ў Бездзежы чакае вандроўнікаў і турыстаў!

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Отбор кандидатов на службу

Дрогичинский районный отдел Следственного комитета Республики Беларусь осуществляет отбор...

ГАИ уделит особое внимание соблюдению ПДД мотоциклистами, велосипедистами и пешеходами на СПМ

В Беларуси 29 марта проходит единый день безопасности дорожного...

Сегодня в районе продолжаются комплексные учения

Будут отработаны вопросы организации оповещения населения с запуском электросирен. Обращаем...

Как защитить интересы молодого специалиста, улучшить коллективный договор, получить социальный отпуск…

Разноплановые темы и вопросы, связанные с защитой трудовых, социально-экономических...