spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

Першымі ў раёне дажынкі адзначылі ў ААТ “Пенякова”

Дата:

Ранкам, у мінулую суботу, мехдвор аб’яднанага акцыянернага таварыства “Пенякова” абудзіўся не звыклым гулам сельгастэхнікі, а песнямі ў выкананні лепшага самадзейнага калектыва гарадскога Дома культуры “Зараначка”. Працаўнікі гэтай гаспадаркі першымі ў раёне завяршылі ўборку зерневых і зернебабовых культур, і яшчэ да пачатку рабочага дня павіншаваць іх з гэтай нагоды прыехалі старшыня райвыканкама Аляксандр Вітальевіч Дарашэнка, яго намеснік, начальнік райсельгасхарчу Сяргей Сяргеевіч Глінскі, прафсаюзны лідар работнікаў аграпрамысловага комплексу Ала Юльянаўна Камісарчук і кіраўніцтва сельгаспрадпрыемства. Сапраўды адметнай гэту падзею можна лічыць яшчэ і таму, што некалькі апошніх гадоў запар першымі на жніве традыцыйна фінішыравалі хлебаробы перадавога СВК “Асавецкі”. Яны і сёння маюць рэкордныя намалоты, збіраючы амаль па 60 цэнтнераў збожжа з гектара, і па гэтаму паказчыку з’яўляюцца абсалютнымі пераможцамі. А вось па тэмпах сёлетняй уборкі першымі аказаліся іх суседзі – земляробы ААТ “Пенякова”. З аднаго боку, гэта стала даволі неспадзяванай навіной, таму што гаспадарка знаходзіцца ў стадыі банкроцтва, а значыць, яе матэрыяльныя рэсурсы з’яўляюцца даволі абмежаванымі. А з другога – такі паварот падзей дае падставы спадзявацца на тое, што і такія сельгаспрадпрыемствы пры належнай арганізацыі работ і граматным кіраўніцтве могуць зладжана і паспяхова працаваць, перамагаць і разлічваць на добрыя перспектывы. Аб гэтым гаварылі ці думалі ўсе ўдзельнікі кароткай урачыстасці на мехдвары ў Новай Папіне…

Першы каравай новага ўраджаю – традыцыйны сімвал дажынак – намеснік дырэктара ААТ “Пенякова” Валерый Аляксеевіч Кірычук перадаў старшыні райвыканкама Аляксандру Вітальевічу Дарашэнка. У сваю чаргу, кіраўнік раёна падзякаваў хлебаробаў за зладжаную работу, адзначыўшы, што не толькі па тэмпах уборкі, але і па ўраджайнасці, па валавому намалоту зерня яны хоць ненамнога, але пераўзыйшлі мінулагоднія паказчыкі, а значыць, ідуць у правільным накірунку.

– Дзеля таго, каб хутчэй завяршыць жніво, хлебаробы іншым разам і недасыпалі, і адпачынкам ахвяравалі, менш часу праводзячы ў сваіх сем’ях, побач з блізкімі людзьмі. Дзякуй ім за тое, што з гонарам выканалі свой святы абавязак – убралі вырашчаны хлеб, – прадоўжыў урачыстасць начальнік райсельгасхарчу Сяргей Сяргеевіч Глінскі.

Да віншаванняў далучылася старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Ала Юльянаўна Камісарчук, якая ўручыла Падзячныя пісьмы і падарункі перадавікам жніва ў тутэйшай гаспадарцы – экіпажу камбайнераў у складзе Аляксандра Пятровіча Клімчука і Барыса Барысавіча Крывецкага і вадзіцелю Валерыю Міхайлавічу Панасюку.

Са шчырымі словамі ўдзячнасці да земляробаў звярнуўся намеснік дырэктара ААТ “Пенякова” В.А.Кірычук. У свой час ён шмат гадоў працаваў галоўным аграномам у тутэйшай гаспадарцы, затым быў абраны старшынёй Папінскага сельсавета, а з нядаўняга часу – чатыры месяцы таму назад – узначаліў тутэйшае сельгаспрадпрыемства, якое трапіла ў лік адстаючых і знаходзілася ў стадыі банкроцтва.

– Я верыў у тутэйшых людзей, у тое, што яны ўмеюць працаваць, і яны не падвялі. Асабліва хочацца падзякаваць нашай інжынернай службе, якая ў такіх няпростых умовах забяспечыла бесперабойную і зладжаную работу тэхнікі, падзякаваць механізатарам і ўсім удзельнікам жніва за іх нялёгкую паўсядзённую працу. Думаю, што пры такім агульным старанні мы зможам вярнуць былую моц і славу сваёй калектыўнай гаспадаркі, – усхвалявана і шчыра зазначыў Валерый Аляксеевіч. І адчувалася, што яго словы сыходзілі ад самага сэрца, з глыбіні душы.

А заслужаныя падарункі ад прафкама таварыства атрымалі аператар зернесушыльнага комплекса Сяргей Уладзіміравіч Млынец і слесар Віктар Іванавіч Стадніцкі.

Затым свае песенныя пажаданні земляробам адрасавалі ўдзельнікі ансамбля “Зараначка”. А пасля іх выступлення мехдвор сельгаспрадпрыемства запоўніўся звыклым рокатам тэхнікі: камбайнеры рыхтаваліся прадоўжыць уборку, перавёўшы тэхніку на прыватныя ўчасткі насельніцтва.

Галіна ШАФРАН
Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

По-народному зажгла «Славяночка»

Детский ансамбль танца «Славяночка» Дрогичинской детской хореографической школы искусств...

Александр Лукашенко подписал закон по вопросам предпринимательской деятельности

Об этом БЕЛТА сообщили в пресс-службе главы государства. Закон устанавливает обновленную...

Более 2,5 тыс. человек смогут выйти на старт легкоатлетического забега “Первых” в Бресте

В Бресте 11 мая пройдет легкоатлетический забег "Первых". Спортивное...

Светлана Бартош: об углублении экономического сотрудничества Беларуси и Экваториальной Гвинеи

Депутаты на заседании первой сессии Палаты представителей Национального собрания...