spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

У Драгічыне прайшоў конкурс-фестываль школьных музеяў

Дата:

Добра, што ў асобных навучальных установах раёна ёсць школьныя музеі, якія дапамагаюць дакрануцца да лёсаў і жыцця нашых продкаў, адчуць нябачную повязь часоў, спазнаць мінулае і такім чынам лепш разумець сённяшні дзень і сваё прызначэнне на гэтай зямлі. У большасці яны – вынік працы папярэдніх пакаленняў вучняў і педагогаў. Узгадваю, як у гады свайго школьнага дзяцінства і юнацтва мы вялі краязнаўчую і пошукавую работу, як сустракаліся з ветэранамі, якія тады былі яшчэ не старымі людзьмі і многае памяталі і маглі расказаць, запісвалі іх успаміны, як хадзілі ў паходы па месцах былых баёў, як шукалі і знаходзілі родзічаў змагароў, загінулых у нашых мясцінах, як сустракалі шматлікіх гасцей і самі вялі экскурсіі…Усе тыя, сабраныя намі, матэрыялы і сёння захоўваюцца ў музеі маёй роднай школы на Іванаўшчыне і служаць цяперашнім вучням, якія, хочацца верыць, працягваюць займацца пошукавай і краязнаўчай работай…

На гэтыя развагі мяне навёў раённы конкурс-фестываль школьных музеяў Драгічыншчыны “ Захоўваючы мінулае, імкнемся ў будучыню”, які прайшоў нядаўна ў раённым цэнтры дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі. Ініцыятарам мерапрыемства выступіў раённы аддзел па адукацыі, а конкурснае журы ўзначаліла метадыст раённага метадычнага кабінета Святлана Васільеўна Дышко. Ацэньваліся метадычныя матэрыялы, напрацоўкі, рэкламныя буклеты, але ж самым галоўным іспытам для канкурсантаў стала правядзенне завочнай экскурсіі па сваім школьным музеі.

Першымі выступілі юныя экскурсаводы Зарэчкаўскай СШ, якія расказалі аб тым, што ў іх музеі захоўваецца нямала цікавых звестак з гісторыі партызанскага руху ў нашых мясцінах, і ў прыватнасці – аб дзейнасці партызанскага атрада імя Мікалая Цімафеевіча Шыша, гераічнай абароне Дняпроўска-Бугскага канала, калі народныя мсціўцы на працягу 40 дзён стрымлівалі націск варожых войск, прымаючы ўдар на сябе і адцягваючы іх ад фронту, дзе ў гэты час вялося актыўнае наступленне па вызваленню акупіраванай тэрыторыі. Асабліва жорсткія баі разгарнуліся 17 сакавіка 1944 года, і атрад імя Шыша трымаў абарону непасрэдна ля вёскі Зарэчка. І толькі ў канцы сакавіка, калі карнікі пачалі масіраванае наступленне з прымяненнем цяжкага ўзбраення, партызаны брыгады Молатава, у складзе якой знаходзіўся і атрад Шыша, сталі адыходзіць у бок украінскай вёскі Невер, дзе і злучыліся з часцямі Чырвонай Арміі. Юныя экскурсаводы музея Зарэчкаўскай школы таксама прадэманстравалі каштоўнейшыя экспанаты свайго музея – старажытныя прылады працы, колішнія школьныя прыналежнасці – драўляны пенал, пер’евую і чарнільную ручкі, а таксама паказалі відэафільм аб сялянскім побыце “Ад поля да стала”. І час ад часу настолькі заўзята нагадвалі, што іх музей, якім кіруе настаўнік гісторыі Віктар Іванавіч Галякевіч, размяшчаецца ў Зарэчкаўскай школе па адрасе: вуліца Савецкая, 19, што міжволі захацелася пабываць там…

Арыгінальную прэзентацыю паказалі юныя прадстаўнікі Гутаўскай школы. Дзяўчаткі не только распавялі пра свой школьны клас-музей сялянскай творчасці і быту, які працуе пад кіраўніцтвам настаўніцы Таццяны Васільеўны Фядчук і ўключае раздзелы “Бабуліна хата”, “Горад майстроў”, “Разумныя рэчы”, “Гутаўскі ручнік”, “Не хлебам адзіным”, “Вясковыя ўмельцы”, але і прывезлі некаторыя яго экспанаты. Юныя экскурсаводы не толькі расказалі пра іх побытавы ўжытак, але і прадэманстравалі, як колішнія вяскоўцы валкавалі льняное адзенне драўляным качалам, як выглядаў прас на вуголлях, і нават сербіянку з частушкамі выканалі, заклікаючы на экскурсію ў Гутава.

Грунтоўна, даступна і лаканічна пра гісторыка-краяведчы музей Дзеткавіцкай школы і яго экспанаты расказаў настаўнік Віталь Віктаравіч Абрамовіч. Яго аповед быў настолькі аргументаваным і пераканаўчым, што міжволі захацелася ўвачавідкі ўбачыць музейныя рарытэты: самавар 1911 года, выпуск газеты “Правда” ад 10 мая 1945 года, экспазіцыю, прысвечаную ўдзельнікам Вялікай Айчыннай вайны і воінам-інтэрнацыяналістам, і шмат іншых узгаданых экспанатаў.

На вельмі кранаючым эмацыянальным узроўні, захапляюча, граматна, аргументавана правялі завочную экскурсію па сваім школьным музеі вучні Новапапінскай школы. Яны паказалі экспазіцыю, прысвечаную пісьменніцы Элізе Ажэшка, якая жыла ў памесці ў суседнім Людвінове і там пачала сваю літаратурную дзейнасць, узгадалі падзеі Вялікай Айчыннай вайны, што пакінула страшны след на зямлі і невылечныя раны ў сэрцах людзей, якія страцілі сваіх родных. Трагізм тых падзей у школьным музеі перададзены праз лёсы тутэйшых людзей, што робіць сабраны матэрыял не проста каштоўным – бясцэнным. Вось і падчас конкурснага выступлення вучні расказалі пра лёс вясковай жанчыны Веры Давыдаўны Ігнацюк, муж якой не вярнуўся з фронту, але засталіся яго пісьмы, поўныя любові да жонкі, веры ў перамогу і надзеі на спатканне. Салдат загінуў у баях на тэрыторыі Германіі, а яго лісты з фронту па сённяшні дзень захоўваюцца ў школьным музеі, якім загадвае настаўніца Алена Мікалаеўна Валашчук.

Два музеі – народнай адукацыі Драгічыншчыны і кабінет-музей этнаграфіі – размяшчаюцца ў гімназіі г.Драгічына. Падрабязны відэаматэрыял і шыкоўныя рэкламныя буклеты пра гэтыя гісторыка-культурныя аб’екты на тэрыторыі навучальнай установы прадставіла настаўніца гімназіі Таццяна Аляксееўна Пратасевіч.

Шырокую вядомасць набыў і музей у СШ №1 г. Драгічына, прысвечаны подзвігу воінаў-інтэрнацыяналістаў. Як паведаміў яго кіраўнік Сяргей Пятровіч Валасюк, распрацавана некалькі варыянтаў экскурсій для дзяцей і наведвальнікаў рознага ўзросту, а ў час конкурсу старшакласнікі пазнаёмілі членаў журы і прысутных з раздзеламі і экспанатамі школьнага музея. Было адзначана, што першапачаткова там утрымліваліся звесткі пра 192-х нашых землякоў, якія выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Але, як з часам высветлілася, не ўсіх улічылі, бо некаторыя прызываліся з месца вучобы, работы – з іншых гарадоў. І цяпер актывістамі музея вядзецца далейшая пошукавая работа і яго фонды папаўняюцца новымі матэрыяламі.

А завяршыўся конкурс прадстаўленнем матэрыялаў ваенна-гістарычнага музея Сварынскай школы, кіраўнік якога Алена Мікалаеўна Страпка разам з юным экскурсаводам не толькі прэзентавалі цікавы матэрыял пра партызанскі аэрадром і шпіталь, што знаходзіліся ў тых мясцінах, пра пасляваеннае жыццё і побыт вяскоўцаў, але і прадаставілі вялікі і пазнавальны метадычны альбом.

Пераможцы раённага конкурсу школьных музеяў – настаўніца гісторыі Новапапінскай СШ Алена Мікалаеўна Валашчук і юныя экскурсаводы Нікіта Малеўскі, Вікторыя Міхнюк і Вікторыя Швідчанка
Пераможцы раённага конкурсу школьных музеяў – настаўніца гісторыі Новапапінскай СШ Алена Мікалаеўна Валашчук і юныя экскурсаводы Нікіта Малеўскі, Вікторыя Міхнюк і Вікторыя Швідчанка

Пры падвядзенні вынікаў у значнай меры ўлічвалася падрыхтаванасць вучняў-экскурсаводаў, тое, наколькі яны самастойна могуць правесці цікавую экскурсію па сваім школьным музеі. У выніку першае месца было прысуджана Новапапінскай сярэдняй школе, другое – СШ № 1 г. Драгічына, трэцяе – Сварынскай базавай школе. Дыпломы за лепшы рэкламны буклет і метадычныя распрацоўкі атрымалі адпаведна гімназія і Сварынская БШ, астатнія былі заахвочаны за актыўны ўдзел у мерапрыемстве.

Хаця ў гэтым выпадку зусім не важна, хто і на якое месца выйшаў. Галоўнае, каб школьны музей выконваў сваё прызначэнне, абуджаў цікавасць да мінулага. Бо, як падкрэслілі ў сваім выступленні пераможцы гэтага конкурсу, юныя экскурсаводы музея Новапапінскай СШ: “Людзі і падзеі адыходзяць у мінулае, а памяць – застаецца”.

Галіна ШАФРАН
Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Лукашенко избран председателем Всебелорусского народного собрания

Президент Беларуси Александр Лукашенко избран председателем VII Всебелорусского народного...

Александр Лукашенко дал наказ делегатам ВНС: надеюсь, что когда нас не станет, вы удержите страну

Президент Беларуси Александр Лукашенко, который выдвинут на пост председателя VII...

Лукашенко: народ Беларуси знает, что значит быть сильным во имя мира

Народ Беларуси знает, что значит быть сильным во имя...