У гарадскім Доме культуры на сваю прафесійную ўрачыстасць сабраліся лепшыя прадстаўнікі сферы адукацыі Брэстчыны

Дата:

Па краіне крочыць сапраўды народнае свята, бо кожны з нас у той ці іншай меры мае дачыненне да прафесіі настаўніка: усе мы калісьці былі вучнямі, потым многія адпраўлялі ў школу сваіх дзяцей, праводзілі ў класы ўнукаў – і ўсё паўтаралася спачатку. Прафесія настаўніка патрабуе дабрыні і тактоўнасці, цярплівасці і самаахвярнасці, глыбокіх ведаў і пастаяннага імкнення да пазнання. І вось у мінулы чацвер на базе Драгічынскага раёна, у нашым гарадскім Доме культуры, на сваю прафесійную ўрачыстасць сабраліся лепшыя прадстаўнікі сферы адукацыі Брэстчыны – людзі, якія спаўна валодаюць усімі гэтымі якасцямі.

Святочную атмасферу ў фае ГДК яшчэ да пачатку мерапрыемства стварылі вучні гімназіі разам з выкладчыцай гісторыі Таццянай Яўгенаўнай Салавейка: яны выставілі цікавейшыя экспанаты са свайго школьнага музея народнай адукацыі, дзе кожны жадаючы мог пабачыць і ўспомніць рэчы са свайго вучнёўскага мінулага. Захапленне выклікала і выстава малюнкаў, якую падрыхтавалі таленавітыя педагогі цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Ірына Анатольеўна Пратасевіч, Анастасія Валер’еўна Лупінская і Алена Іванаўна Ківель. Тут жа можна было палюбавацца і мастацкімі шэдэўрамі выхаванцаў школы мастацтваў.

Прадстаўнічы настаўніцкі сход у Драгічыне адкрыў начальнік упраўлення адукацыі аблвыканкама Юрый Мікалаевіч Прасмыцкі. Уручаючы ўзнагароды абласнога ўзроўню, ён цёпла павіншаваў прысутных з надыходзячым святам, адзначыўшы, што прафесію педагога вылучае тое, што самыя цяжкія паняцці яны робяць зразумелымі і даступнымі для дзяцей і што ім даверана найскладанейшая задача – выхаваць чалавека, якому належыць будучыня краіны, грамадства і кожнага з нас…

Прыемную місію прадоўжыў намеснік старшыні Драгічынскага райвыканкама Уладзімір Іванавіч Нерад: ён адзначыў педагогаў, якім былі адрасаваны Ганаровыя граматы і Падзячныя пісьмы за подпісам кіраўніцтва раёна.

Далей сваё шанаванне прафесіі настаўніка пачаргова выказалі прафсаюзныя лідары Брэстчыны – старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў Аляксандр Андрэевіч Мурашкін, кіраўнік аб’яднання прафсаюзаў работнікаў адукацыі Віктар Андрэевіч Харытановіч і старшыня абласнога аб’яднання прафсаюзаў работнікаў аграпрамысловага комплексу Міхаіл Іванавіч Юхімук. З іх боку заахвочвання былі ўдастоены і прадстаўнікі нашага раёна – настаўнік Бездзежскай СШ Віктар Паўлавіч Кочык і выкладчык спецыяльных дысцыплін Драгічынскага абласнога аграрна-вытворчага прафесійнага ліцэя Уладзімір Мікалаевіч Парчук. І, вядома ж, гучалі самыя шчырыя словы пажаданняў: і каб заробак педагогаў заўжды адпавядаў затрачаным намаганням, і каб невычэрпнай была павага з боку вучняў і іх бацькоў, і каб не пакідала любоў, ахоўвала вера і паўсюль спадарожнічала ўдача!

З пажаданнямі да калег і наказам да маладых спецыялістаў сферы адукацыі звярнулася і пераможца абласнога этапа конкурсу “Настаўнік года”, член клуба “Крыштальны журавель”, настаўнік-метадыст, выкладчык матэматыкі СШ № 1 г.Драгічына Алена Барысаўна Пратасевіч. Яна адзначыла, што ў сучасных установах адукацыі нямала педагогаў, якія з невычэрпным энтузіязмам і натхненнем займаюцца навучаннем і выхаваннем дзяцей і з годнасцю нясуць па жыцці званне настаўніка. “Пры гэтым якіх бы вышынь вы не дасягнулі на ніве вашай дзейнасці, памятайце, что толькі той настаўнік можа называць сябе прафесіяналам, які не толькі вучыць іншых, але і пастаянна вучыцца сам. І таму я шчыра жадаю кожнаму не страціць імкненне да пазнання і самаадукацыі. Не дзеля ўзнагарод і рэйтынгаў, а дзеля сцвярджэння аўтарытэту нашай высакароднай прафесіі”, – адзначыла Алена Барысаўна. І эстафету добрых спраў ад вопытнага педагога Брэстчыны пераняла малады спецыяліст, выкладчыца англійскай мовы гімназіі г. Драгічына Дар’я Сяргееўна Шкілюк, якая паабяцала апраўдаць высокі давер, ускладзены на педагогаў.

Кранаючымі былі віншаванні, якія адрасавалі педагогам Брэстчыны дзіцячыя творчыя калектывы. А самым шыкоўным і памятным падарункам для прысутных на абласным сходзе настаўнікаў стаў канцэрт беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”. Артысты прызналіся, што апошнім часам гастралявалі ў Расіі і ў Драгічын ехалі двое сутак, каб паспець выступіць перад настаўнікамі.

Са сцэны загучалі жывыя галасы лепшых айчынных выканаўцаў і любімыя многімі песні. І калі адзін з салістаў “Песняроў” – Аляксандр Жых – узяў у рукі баян і папрасіў падтрымаць яго ў выкананні “Волагды” – строгія настаўнікі спачатку няўпэўнена, а потым усё больш актыўна падтрымалі такі пачын. Воклікамі “Брава” і шчырымі авацыямі суправаджалася і выкананне “Чырвонай ружы”, “Александрыны”, “Белавежскай пушчы”, іншых музычных шэдэўраў сучаснасці.

“Золак, ахутаны туманам,

Далягляды ў барвах бэзу.

I гучаць нябесныя арганы,

I жывуць у сэрцы,

I злiваюцца ў гуках паланэзу…”, –

акапэльна выканалі “Песняры” бессмяротны твор Міхала Клеафаса Агінскага.

І такія сустрэчы сярод паўсядзённых настаўніцкіх будняў, на думку многіх удзельнікаў педагагічнага сходу, сапраўды акрыляюць душу і натхняюць на новыя добрыя справы.

Ганаровымі граматамі і Падзячнымі пісьмамі райвыканкама адзначаны (злева направа): настаўніца гімназіі М.В. Карней, намеснік дырэктара Антопальскай дапаможнай школы І.В. Ясько, настаўніца Ліпніцкай СШ А.І. Салдатка, загадчыца дзіцячага яслі-сада №3 г. Драгічына Л.Дз. Брухан, настаўнік Вулька-Радавецкай БШ А.Ц. Жыгарэвіч, намеснік дырэктара Гутаўскай СШ Г.М. Брынчук, педагог гэтай жа школы Т.В. Фядчук, настаўніца Бездзежскай СШ Н.Ул. Севасцьяновіч

Галіна ШАФРАН

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

[ngg_images source=”galleries” container_ids=”33″ display_type=”photocrati-nextgen_basic_slideshow” gallery_width=”1000″ gallery_height=”600″ cycle_effect=”blindX” cycle_interval=”5″ show_thumbnail_link=”0″ thumbnail_link_text=”[Show picture list]” order_by=”sortorder” order_direction=”ASC” returns=”included” maximum_entity_count=”500″]

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Карпенко рассказал, как идет формирование ВНС

Формирование ВНС идет достаточно гласно, сообщил журналистам председатель ЦИК...

В Беларуси скорректирован порядок предоставления и использования спонсорской помощи

Президент Беларуси Александр Лукашенко 27 марта подписал указ №112,...

В Дрогичинском районе проходят комплексные учения

Учения в районе будут проходить в течение двух дней...