На шчадроўку ў Бездзеж

, , Leave a comment

У чарговы раз музейны комплекс “Бездзежскі фартушок” і падвор’е этнасялянскай сядзібы “Каля Плэса” сталі гасціннай пляцоўкай для правядзення народных гулянняў. На зыходзе дня, 13 студзеня, сюды з’ехаліся і сышліся фальклорна-этнаграфічныя калектывы з усяго раёна. Гэты вечар у нашых мясцінах спрадвеку лічыўся святочным, і называлі яго Шчодрыкам, Шчадрухай. Ён быў лагічным працягам калядных святак, калі людзі талакой, з абрадавымі песнямі, хадзілі ў госці, славілі добрых гаспадароў і вяночак студзеньскіх хрысціянскіх свят – Ражство Хрыстова, Васільеў дзень і Вадохрышча, жадаючы пры гэтым “Шчадрухі яснай, долечкі шчаснай” і ўсяго самага  найлепшага. Так было і ў Бездзежы…

Са шчадравальнымі песнямі па вуліцах Бездзежа прайшлі самадзейныя артысты Ліпніцкага СДК

Са шчадравальнымі песнямі па вуліцах Бездзежа прайшлі самадзейныя артысты Ліпніцкага СДК

Спачатку прыхільнікі народных традыцый шчадравалі, ходзячы па хатах. Яны разыйшліся па сельскіх вуліцах, і то ў адным, то ў другім канцы вёскі гучала іх звонкае: “ Добры вечар таму, хто жыве ў гэтым даму…”. А далей ужо ішлі песні, жарты, віншаванні. І ніхто з бездзежцаў не адмовіўся прыняць гасцей, нікому  яны не прагаварылі: “У гэтай хаце няма што даці…”

Адметна, што самымі юнымі ўдзельнікамі народнай забавы сталі хлопчыкі і дзяўчаткі з дзіцячага фальклорнага калектыву Хомскага СДК, а ў ліку самых пажылых шчадравальніц была 77-гадовая Ганна Іванаўна Міхаевіч, якая прыехала на свята ў складзе  гурта “Скібічане” Ліпніцкага СДК. Жанчына памятае ко- лішнія падрабязнасці гэтага даўнішняга абраду.

У сваёй маладосці яны з равеснікамі, праспяваўшы “шчадруху”, звычайна прасілі: “ Бяры, гаспадар,  нож востры,  рэж кавалак сала тоўсты, і каб не мала, а з торбы тырчала…”  І людзі адорвалі, хто чым мог: бяднейшыя – хлебам і насеннем гарбузікаў, багацейшыя – салам, каўбасой, кавалкам пірага… Пакідалі гасцінную хату з жартоўнымі пажаданнямі: каб усяго было даволі, і ў каморы, і на полі;  каб куры два разы на дні нясліся, каб свінні два разы на год парасіліся; каб мірна, весела жылося, каб хацелася й маглося  і г. д.

Наперабой сыпаліся добрыя пажаданні, гучалі даўнішнія песні і на падворку музея “Бездзежскі фартушок”, дзе пазней, калі ўжо добра звечарэла, сабраліся лепшыя фальклорныя калектывы Драгічыншчыны.  На канцэртнай пляцоўцы была абуладкавана імправізаваная сялянская хата, у якую раз за разам прасіліся госці з розных куткоў раёна,  што меліся паказаць свой абрад шчадравання. Бо ў кожным населеным пункце ён мае своеасаблівы каларыт і непаўторныя адметнасці.

Абрад шчадравання выконвае дзіцячы фальклорны калектыў Хомскага СДК

Абрад шчадравання выконвае дзіцячы фальклорны калектыў Хомскага СДК

Свята адкрылі гаспадары – удзельнікі фальклорнага гурта “Купалінка” Бездзежскага СДК, якія праспявалі адну з тутэйшых песень, што нідзе больш не сустракаецца.

“Добры вечар, шчодры вечар, адчыняйце дзверы, каб пчолы селі, адчыняйце акно, каб было дабро!” – з такім прывітаннем звярнуліся да гаспадароў захавальнікі старадаўніх абрадаў з Леснікоўскага Дома сацыяльных паслуг, у ліку якіх была і загадчыца гэтай установы Валянціна Мікалаеўна Лук’яновіч.

Самадзейныя артысты Заказельскага СДК аднавілі колішнюю звычку “вадзіць казу”, якой нярэдка  суправа- джаліся шчадроўкі. Прычым, ролю сімпатычнай хатняй жывёліны звычайна выконвае нехта з пераапранутых шчадравальнікаў.

“Дзе каза ходзіць, там жыта родзіць,

Дзе каза рогам, там жыта стогам,

Дзе каза бывае, там шчасце вітае…” – пераконвалі госці з Закозеля, запрашаючы ўлагодзіць казу шчодрымі дарункамі: “ на рожанькі – два пірожанькі, на хвасточак – каўбасы шматочак».

З калядных распеваў пачаў сваё выступленне калектыў Папінскага СДК, а завяршыў пажаданнямі “Божай вясны дачакацца, спорай сяўбы, добрага ўра- джаю, і каб збожжа ўрадзіла: што на гары – то на вяселле, што ў даліне – то на радзіны”.

Непаўторныя абрадавыя песні сваёй мясцовасці выканалі самадзейныя артысты з Радастаўскага Дома культуры і Мікіцкага Дома фальклору. А завяршыла свята фальклорная суполка “Скібічане” пад кіраўніцтвам Ядзвігі Віктараўны Паўлюковіч з адмысловай тутэйшай песняй пра шчодрую расу, якую птушачка атрасала, поле засявала, каб на тым полі ўрадзіла “жыта, пшаніца, ўсякая пашніца…”

А пры развітанні з усіх старон, з усімі адценнямі тутэйшых дыялектаў чулася  спаконвечнае пажаданне, якое перадаецца з пакалення ў пакаленне. Вось і да нас дайшло: “Судзі, Божа, гэтыя святы праважаці і за год наступных прычакаці!”. Дзе яшчэ такое пачуеш!

Галіна ШАФРАН

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

(Visited 103 times, 1 visits today)
 

Оставьте комментарий

(*) Required, Your email will not be published