Школьнікі раёна прынялі ўдзел у фестывалі «Радавод»

, , Leave a comment

Аксана ПАЛЬТО,

адзінаццацікласніца Антопальскай СШ, юнкар РЦДАДЗіМ

Фота Галіны ШАФРАН

У апошнюю суботу студзеня раённы цэнтр дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі ў Драгічыне расквеціўся яркімі і самабытнымі народнымі ўзорамі і арнаментамі. З раніцы вясёлымі, гаманкімі ручайкамі сюды сцякаліся юныя фалькларысты са школ Драгічыншчыны, каб прыняць               удзел у традыцыйным фестывалі “Радавод”. Адметна, што многія неслі з сабой каларытныя прадметы даўніны, каб пазней скарыстаць іх, паказваючы абрады сваёй мясцовасці…

З  парадкам і ўмовамі правядзення гэтага мерапрыемства я і мае сяброўкі з Антопальскай школы знаёмыя не па чутках, паколькі мы не першы год з’яўляемся ўдзельнікамі фестывалю-конкурсу народнай творчасці. Ён захапляе ўжо на этапе падрыхтоўкі, калі школьнікі імкнуцца паглыбіцца ў гісторыю свайго краю, адшукаць нейкія адметныя песні, байкі, абрады, характэрныя толькі для іх мясцовасці. Далучэнне да духоўнай спадчыны  нашых продкаў з’яўляецца той трывалай повяззю, якая дазваляе нам разумець і паважаць старэйшых, ганарыцца мінулым. Вось і пад час нядаўняга фестывалю прыходзілася назіраць, што некаторыя з юных прыхільнікаў народнай творчасці прыехалі ў суправаджэнні пажылых бабуль, якія з’яўляюцца аўтэнтычнымі носьбітамі даўнішніх вясковых абрадаў. І гэта надало мерапрыемству асаблівы каларыт і непаўторнасць.

Прынамсі, маю ўвагу прыцягнула незвычайнае ўбранне дзяўчынкі: сукенка ў “гарохі”, паверх якой – пінжачок, яркія каралі, а на галаве – адмысловы вяночак. Як аказалася, гэта – удзельніца фестывалю з Радастаўскай СШ у даўнішнім адзенні нявесты. Яна і выканала адну з галоўных роляў у адноўленым тамтэйшым  абрадзе “Зборы да вянчання”. У сцэнічнай пастаноўцы прысутнічала і дзяжа з кажухом, і іншыя атрыбуты колішняга вяселля. Характэрна, што пра мясцовую традыцыю збораў радастаўскай нявесты да вянчання расказала пажылая пенсіянерка Таццяна Ва-сільеўна Астапук, якая таксама прыехала на школьны фальклорны фестываль і была задзейнічана ў пастаноўцы.

Гэты абрад захапіў не толькі гледачоў, але і членаў журы: ён быў названы ў ліку пераможцаў раённага  конкурсу і накіраваны для ўдзелу ў занальным этапе фестывалю “Радавод” у Пінску. Разам з калектывам Радастаўскай СШ там  павінны выступіць  фальклорна-этнаграфічныя гурты з Новапапінскай, Немяржанскай, Ліпніцкай  школ і Драгічынскага РЦДАДЗіМ. З індывідуальнымі нумарамі – народнымі песнямі і байкамі – у горад над Пінай паедуць Ганна Гражэўская і Валерыя Плешка ( СШ №2 г.Драгічына), Андрэй Касцючык ( Толкаўская БШ), Анастасія Малышыц (Асавецкая СШ), Станіслаў Лось (Ліпніцкая СШ).

Не страцілі, а ўзбагацілі свае веды і прадстаўнікі іншых школ раёна, якія прыехалі па-ўдзельнічаць у фестывалі-конкурсе “Радавод”. Многія з іх адзначалі, што, далучаючыся да народнай творчасці,  гісторыя свайго краю пазнаецца намнога глыбей, чым з падруч-нікаў.

ПАСТСКРЫПТУМ: Сталі вядомы вынікі рэгіянальнага фестывалю-конкурсу «Радавод» у Пінску. З нашай праграмы на абласны ўзровень выйшлі песні ў выкананні Ані Гражэўскай і гурта «Раніца», байка якую прачытаў Андрэй Касцючык, танец «Полька-мост» ансамбля Ліпніцкай СШ і абрад «Зборы да вянчання», паказаны школьнікамі з Радастава.

(Visited 97 times, 1 visits today)
 

Оставьте комментарий

(*) Required, Your email will not be published