Перапіс насельніцтва-2019: погляд на сучаснасць – крок у будучыню!

Менавіта пад такім лозунгам намечаны чарговы перапіс насельніцтва Рэспублікі Беларусь, які пройдзе ў кастрычніку 2019 года.

Патрэба ва ўліку насельніцтва існуе з незапамятных часоў. Без яе не абыходзіцца ніводная дзяржава. Спачатку гэта была неабходнасць мець звесткі аб колькасці людзей, здольных плаціць падаткі і служыць у войску. Па меры развіцця грамадства патрэба ў звестках пра насельніцтва пашыралася.

У перапісаў сапраўды даўняя гісторыя. Аб іх узгадваецца ў Свяшчэнных кнігах Ветхага Запавету, прынамсі, паданне сведчыць, што перад нараджэннем Іісуса Хрыста ў Рымскай імперыі праходзіў перапіс насельніцтва.

Яго ўлікам рознымі спосабамі займаліся многія ўладары і дзяржавы. Паводле летапісаў, Тамерлан лічыў сваіх воінаў пры дапамозе кінутых у груду камянёў. Скіфы прымянялі тую ж “методыку”, толькі замест камення яны выкарыстоўвалі наканечнікі стрэлаў. Рэгулярна перапісвалі “падаткаплацельшчыкаў” у старажытным Егіпце і Грэцыі. Дакладна вядома, што ў Кітаі пералічвалі людзей яшчэ больш 4 тысяч гадоў назад.

Наша краіна таксама мае сваю гісторыю ўліку насельніцтва. Першы і адзіны Усеагульны перапіс насельніцтва Расійскай імперыі, у склад якой тады ўваходзіла і Беларусь, быў праведзены ў лютым 1897 года. Яе ініцыятарам стаў знакаміты рускі вучоны Пётр Пятровіч Сямёнаў-Цян-Шанскі. У аснову тагачаснага перапісу былі пакладзены два навуковыя прынцыпы: ён праводзіўся па адзінай праграме і адзінай інструкцыі, адначасова па ўсёй краіне, у кароткі тэрмін – за адзін вызначаны дзень. Па звестках першага Усеагульнага перапісу насельніцтва 1897 года на тэрыторыі тагачаснай Беларусі пражывала 6673 тысячы чалавек, з якіх 5774 тысячы (ці 87%) – сельскага насельніцтва і 899 тысяч (ці 13%) гараджан.

На тэрыторыі сучаснай Рэспублікі Беларусь перапіс насельніцтва праводзіўся 10 разоў: у 1897, 1920, 1926, 1939, 1959, 1970, 1979, 1989, 1999 і 2009 гг. Чарговы перапіс у нашай краіне пройдзе з 4 па 30 кастрычніка 2019 г.

Неабходнасць яго правядзення абумоўлена, у першую чаргу, патрэбай органаў дзяржаўнага кіравання ў дэмаграфічных звестках для аналізу змен, якія адбыліся ў структуры насельніцтва за апошнія 10 гадоў, і для распрацоўкі новых праграм сацыяльна-эканамічнага развіцця нашай рэспублікі. Перапіс дазволіць даследаваць многія новыя рэаліі з жыцця сучаснага грамадства.

Адметнай асаблівасцю перапісу-2019 стане адмова ад папяровых носьбітаў (папяровых лістоў і картаграфічнага матэрыялу). Падрыхтоўка і само апытанне насельніцтва будзе праходзіць з выкарыстаннем планшэтных камп’ютараў. Апытальнікі і фрагмент карты з участкам  апытання будуць знаходзіцца ў планшэце ў электронным выглядзе. Гэта дазволіць аўтаматызаваць увод дадзеных на этапе апытання, забяспечыць кантроль і тым самым павысіць якасць інфармацыі, скараціўшы пры гэтым час на работу. Таксама пры правядзенні перапісу будуць выкарыстоўвацца адміністрацыйныя крыніцы звестак: рэгістр насельніцтва і рэестр адрасоў.

Акрамя традыцыйных спосабаў збору інфармацыі – наведванне перапісчыкам рэспандэнтаў у дамах і кватэрах і праходжанне апытання на стацыянарным участку, – прапаноўваецца самазапаўненне перапіснога ліста з дапамогай спецыялізаванага праграмнага забеспячэння ў глабальнай камп’ютарнай сетцы Інтэрнет.

У рамках правядзення перапісу дадаткова ў праграму ўключаны пытанні аб сельскагаспадарчай дзейнасці грамадзян: пытанні аб плошчы зямельнага ўчастка, колькасці пладова-ягадных насаджэнняў і кустарнікаў, наяўнасці сельскагаспадарчых жывёл, птушак, пчоласем’яў. Гэтыя звесткі неабходны для ацэнкі ўкладу гаспадарак грамадзян у забеспячэнне харчовай бяспекі краіны, а таксама карэктнага разліку прадукцыі сельскай гаспадаркі, якая паступае ад насельніцтва. Сельскагаспадарчы перапіс насельніцтва ў рэспубліцы не праводзіўся ні разу.

Падрыхтоўчыя мерапрыемствы да будучага перапісу пачаліся ў 2017 годзе. Адным з этапаў стала правядзенне пробнага перапісу насельніцтва з 2 па 13 кастрычніка на тэрыторыі Маладзечненскага раёна Мінскай вобласці. Асноўнымі задачамі “генеральнай рэпетыцыі” з’явілася апрабаванне арганізацыйных мерапрыемстваў, адпрацоўка праекта праграмы перапісу, а таксама тэсціраванне планшэтных камп’ютараў і праграмнага забеспячэння.

У нашым Драгічынскім раёне таксама вядзецца актыўная падрыхтоўчая работа. Створана і працуе часовая камісія па садзеянні перапісу насельніцтва, распрацаваны і зацверджаны каляндарны план мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і паспяховым выкананні гэтай справы. Удакладнены межы горада Драгічына і гарадскога пасёлка Антопаль.

У лістападзе 2018 года будуць складацца спісы жылых дамоў і памяшканняў, якія ў іх размешчаны, ва усіх гарадскіх паселішчах і буйных сельскіх населеных пунктах, дзе колькасць жыхароў перавышае 3 тыс. чалавек. Гэтую работу будуць выконваць рэгістратары. Згодна пастановы Савета Міністраў №953 ад 23 лістапада 2016 года, да выканання абавязкаў рэгістратараў будуць прыцягвацца работнікі жыллёва-камунальнай службы. Работа рэгістратара прадугледжвае суцэльны абыход тэрыторыі свайго ўчастка з мэтай удакладнення пераліку і характарыстык усіх збудаванняў, дзе пражывае ці можа пражываць насельніцтва. Праверка адраснай гаспадаркі ажыццяўляецца з дапамогай планшэтнага камп’ютара. На выкананне гэтай работы рэгістратарам адводзіцца 19 рабочых дзён: с 6 па 30 лістапада бягучага года. У нашым раёне будзе працаваць 5 рэгістратараў: 4 – у г. Драгічыне і 1 – у Антопалі. На гэты перыяд яны вызваляюцца ад асноўнай работы, пры гэтым за імі захоўваецца і сярэдні заробак, і месца работы, і займаемая пасада. Атрыманая інфармацыя стане асновай для складання арганізацыйных планаў перапісу насельніцтва.

 Найбольш працаёмкай з усіх работ, звязаных з падрыхтоўкай да перапісу, з’яўляецца ўпарадкаванне адраснай гаспадаркі, ці, кажучы іначай, забеспячэнне наяўнасці на дамах нумарных знакаў, аншлагаў з назвамі вуліц, наяўнасці нумароў пад’ездаў і кватэр. Службамі жыллёва-камунальнай гаспадаркі ў гэтым накірунку зроблена ўжо нямала, але ж пры гэтым трэба адзначыць, што не ўвесь жыллёвы фонд знаходзіцца на іх тэхнічным абслугоўванні і ў іх ведамасным падпарадкаванні. Таму пераканаўчая просьба да ўладальнікаў прыватных дамоў і ўласнікаў ведамаснага жылля – абазначце свае дамы! Бо наяўнасць назваў вуліц і нумароў дамоў патрэбна не толькі для паспяховага і аператыўнага правядзення перапісу, але і для вырашэння шэрагу іншых жыццёвых пытанняў, у прыватнасці, для аператыўнай работы экстраных службаў.

Мы разлічваем на разуменне жыхарамі нашага раёна неабходнасці мерапрыемстваў, якія праводзяцца зараз і плануюцца надалей. І толькі сумеснымі намаганнямі мы справімся з важнай дзяржаўнай задачай.

Святлана ЯКУТА,
начальнік аддзела статыстыкі Драгічынскага раёна