БЕЛАРУСЬ І ТУРКМЕНІСТАН ВЫХОДЗЯЦЬ НА ЯКАСНА НОВЫ ЎЗРОВЕНЬ СТРАТЭГІЧНАГА ПАРТНЁРСТВА

, , Leave a comment

Беларусь і Туркменістан выходзяць на якасна новы ўзровень стратэгічнага партнёрства. Бакі маюць намер істотна актывізаваць эканамічнае і гандлёвае ўзаемадзеянне, замацаваць новыя напрамкі яго развіцця. Асаблівае месца будзе ўдзяляцца паглыбленай вытворчай кааперацыі, стварэнню новых вытворчасцей, заснаваных на перадавых тэхналогіях і распрацоўках, рэалізацыі буйных інфраструктурных праектаў, развіццю плённага ўзаемадзеяння ў энергетычнай сферы. Такія галоўныя вынікі праведзеных 25 студзеня ў Мінску перагавораў прэзідэнтаў Беларусі і Туркменістана Аляксандра Лукашэнкі і Гурбангулы Бердымухамедава, паведамілі ў прэс-службе беларускага лідэра.

Прэзідэнт Туркменістана прыбыў у Беларусь з двухдзённым афіцыйным візітам. У Мінску прайшлі перагаворы як у фармаце сам-насам, так і ў пашыраным складзе (разам з туркменскім лідэрам у беларускую сталіцу прыляцела прадстаўнічая ўрадавая дэлегацыя).

У мінулым годзе ў ходзе візіту ў Туркменістан Аляксандра Лукашэнкі бакі змаглі актывізаваць работу па шэрагу традыцыйных напрамкаў супрацоўніцтва, а таксама закласці аснову для прынцыпова новых. Адзін з пазітыўных прыкладаў — праект будаўніцтва беларускімі спецыялістамі «пад ключ» горна-абагачальнага комплексу па выпуску калійных угнаенняў у Туркменістане. «Гэта знакавы этап у нашых адносінах, які, я ўпэўнены, падштурхне двухбаковае супрацоўніцтва ва ўсіх сумежных галінах», — сказаў беларускі лідэр.

Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў Беларусі і Туркменістана ёсць неабходныя ўмовы для збалансаванага і доўгатэрміновага нарошчвання аб’ёмаў двухбаковага гандлю, наладжвання вытворчых і кааперацыйных сувязей. Станоўчы вопыт такога супрацоўніцтва ў дзвюх краін ужо ёсць. Так, напрыклад, Мінскім трактарным заводам выкананы падпісаны ў чэрвені 2009 года кантракт на пастаўку 1500 трактароў. Добра зарэкамендавалі сябе ў Туркменістане не толькі шырока вядомыя трактары «Беларус», але і беларускія грузавыя аўтамабілі, дарожная тэхніка. На выпрабаваннях па заяўках туркменскіх міністэрстваў і ведамстваў знаходзіцца шэраг новых узораў. Кіраўнік беларускай дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь гатова прапанаваць новыя схемы рэалізацыі складанай машынабудаўнічай прадукцыі ў Туркменістане.

Даволі паспяхова развіваецца супрацоўніцтва дзвюх краін у гандлёва-эканамічнай сферы. У студзені-лістападзе 2009 года тавараабарот паміж Беларуссю і Туркменістанам склаў амаль $68 млн. і павялічыўся ў параўнанні з аналагічным перыядам 2008 года на 48 працэнтаў. Экспарт узрос на 51,5 працэнта да $66,5 млн.

У структуры беларускага экспарту ў Туркменістан асноўную долю складаюць тавары з высокай дабаўленай вартасцю: трактары, грузавыя аўтамабілі, часткі і прылады да іх, пластмасавая тара, лекавыя сродкі. З’явіліся новыя значныя пазіцыі экспарту: тканіны і гатовыя вырабы лёгкай прамысловасці, электрычныя трансфарматары, аўтобусы, ліфтавае абсталяванне. Усяго асартымент беларускіх тавараў уключае паўтары сотні пазіцый.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў падабенства падыходаў Беларусі і Туркменістана да вырашэння актуальных праблем міжнароднага энергетычнага супрацоўніцтва. На думку беларускага лідэра, гэта стварае аснову для цеснага і пазітыўнага ўзаемадзеяння як у двухбаковым фармаце, так і ў рамках міжнародных форумаў.

«Мы ў Беларусі зыходзім з таго, што ўзаемаадносіны на сусветнай энергетычнай прасторы неабходна выбудоўваць з улікам інтарэсаў усіх удзельнікаў — экспарцёраў, імпарцёраў і транзіцёраў. Тут важна з павагай ставіцца да доўгатэрміновых інтарэсаў партнёраў», — сказаў кіраўнік беларускай дзяржавы. «Пагоня за скарацечнай выгадай можа перакрэсліць усю папярэднюю карпатлівую работу па развіццю даверных адносін. Ведаю, што абсалютна такі ж пункт гледжання і ў майго калегі — Прэзідэнта Туркменістана», — дадаў ён. У сваю чаргу Гурбангулы Бердымухамедаў пацвердзіў зацікаўленасць Туркменістана ў пашырэнні супрацоўніцтва з Беларуссю ў паліўна-энергетычнай сферы.

Не менш важным элементам дыялога з’яўляецца таксама сумесная работа ў сферы навукі і тэхналогій. Беларускія вучоныя папярэдне прапрацавалі ўжо шэраг напрамкаў для сумеснай рэалізацыі. Беларускі лідэр лічыць, што непасрэдна ў кантракты на пастаўку беларускай тэхнікі могуць быць уключаны палажэнні аб навучанні туркменскіх спецыялістаў. Прыкладам можа служыць праект па навучанню 120 студэнтаў з Туркменістана ў беларускіх профільных ВНУ для наступнай работы на комплексе па вытворчасці калійных угнаенняў. Прэзідэнты дамовіліся, што ў будучым годзе колькасць туркменскіх студэнтаў, якія навучаюцца ў беларускіх ВНУ, будзе павялічана на столькі, на колькі пажадае туркменскі бок.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што большую дынаміку неабходна надаць працэсу развіцця гуманітарнага супрацоўніцтва па шэрагу напрамкаў. Туркменскі бок прапанаваў у чэрвені 2010 года ў Мінску і Віцебску правесці Дні культуры Туркменістана.

Прэзідэнт Беларусі запэўніў туркменскага калегу, што Беларусь гатова дзяліцца сучаснымі тэхналогіямі і вопытам для яшчэ больш паспяховай рэалізацыі планаў развіцця эканомікі Туркменістана. Ён выказаў упэўненасць, што дасягнутыя дамоўленасці не толькі ўмацуюць базу двухбаковага супрацоўніцтва, але і дадуць магчымасць стварыць спрыяльную атмасферу для далейшага пашырэння і паглыблення ўзаемаадносін. «Шчыра рады, што маю магчымасць чарговы раз пераканацца ў імкненні туркменскага кіраўніцтва вывесці наша ўзаемадзеянне на якасна новы ўзровень. Гэта поўнасцю адпавядае і нашым намерам», — падкрэсліў кіраўнік беларускай дзяржавы.

Прэзідэнт Туркменістана асабліва падкрэсліў, што туркменскі бок зацікаўлены ў дапамозе Беларусі ў плане перадачы тэхналагічнага вопыту ў хімічнай прамысловасці, сельскай гаспадарцы, вытворчасці прадуктаў харчавання.

Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў госцю за прыезд у нашу краіну і выказаў надзею, што насычаная праграма візіту дасць магчымасць пазнаёміцца з краінай не толькі геаграфічна, але і ў эканамічнай сферы. «Нас чакае прыемная работа. Мае візіты ў вашу краіну заўсёды былі вельмі рэзультатыўнымі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка, звяртаючыся да госця.

Прэзідэнт Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў назваў свой афіцыйны візіт у Беларусь гістарычным. «Мне вельмі прыемна знаходзіцца ў вашай краіне з афіцыйным візітам, — сказаў туркменскі лідэр. — Упэўнены, гэты візіт увойдзе ў гісторыю, унясе лепту ва ўмацаванне дружбы і супрацоўніцтва паміж Беларуссю і Туркменістанам».

У Мінска і Ашхабада падобнае бачанне такіх прынцыпаў міжнародных адносін і дзейнасці арганізацый, як раўнапраўны дыялог паміж развітымі краінамі і краінамі, якія сталі на шлях развіцця, непарушнасць суверэнітэту дзяржаў і непрыманне ўмяшання ва ўнутраныя справы, права народаў на ўласны выбар мадэлі палітычнага развіцця, адмова ад вайны як сродку вырашэння канфлікту. «У ходзе сустрэчы мы пацвердзілі рашучасць нашых дзяржаў сумесна ўносіць уклад у павышэнне міжнароднага аўтарытэту ААН», — падкрэсліў Гурбангулы Бердымухамедаў.

Туркменскі лідэр лічыць, што двухбаковым адносінам неабходна надаць сістэмны характар, і прапанаваў беларускаму боку рэалізаваць шэраг сумесных праектаў.

Гурбангулы Бердымухамедаў адзначыў, што апошнім часам гандлёва-эканамічнаму супрацоўніцтву дзвюх краін быў нададзены добры імпульс. «Мы маем усё неабходнае для таго, каб вывесці гэтыя адносіны на новы ўзровень, які адпавядае ў поўнай меры інтарэсам абедзвюх нацый, — сказаў Прэзідэнт Туркменістана. — Нас пакуль не задавальняе існуючы аб’ём тавараабароту і ўзровень інвестыцыйнай актыўнасці».

Туркменскі лідэр падкрэсліў, што ў гэтым сэнсе мэтазгодна актывізаваць дзейнасць беларуска-туркменскай міжурадавай камісіі па супрацоўніцтву. «І дзяржаўным, і прыватным структурам абедзвюх краін трэба больш удумліва разгледзець перспектывы супрацоўніцтва Беларусі і Туркменістана», — лічыць Гурбангулы Бердымухамедаў. Ён дадаў, што цяпер Туркменістан, як і Беларусь, імкнецца да гандлёва-эканамічнай дыверсіфікацыі і зацвярджэння інавацыйнага шляху развіцця эканомікі.

Акрамя таго, Туркменістан спадзяецца на пашырэнне гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва ў сферы аўтамабілебудавання, машынабудавання, фармацэўтыкі, сувязі і тэлекамунікацый, а таксама разлічвае на пашырэнне паставак у Беларусь прадукцыі лёгкай і тэкстыльнай прамысловасці.

Высокі госць прапанаваў развіваць практыку правядзення беларуска-туркменскіх бізнес-форумаў з удзелам дзяржаўных і прыватных структур. «Такі фармат садзейнічае таму, каб нашы намеры напаўняліся канкрэтыкай», — адзначыў ён. Гурбангулы Бердымухамедаў таксама лічыць важным актыўнае развіццё культурна-гуманітарных, навуковых і адукацыйных сувязей паміж дзвюма краінамі.

«Упэўнены, што гэты візіт азнамянуе сабой яшчэ адзін вельмі важны этап у гісторыі нашых краін і народаў», — рэзюмаваў Прэзідэнт Туркменістана.

Пасля заканчэння перагавораў лідэраў дзвюх краін быў падпісаны шэраг дакументаў аб супрацоўніцтве ў розных сферах.

Прэзідэнты прынялі Сумеснае беларуска-туркменскае камюніке, у якім канстатавалі, што дзякуючы сумесным намаганням адносіны паміж краінамі ўступаюць у якасна новую фазу. Бакі пацвердзілі ўзаемную зацікаўленасць ва ўмацаванні раўнапраўных і ўзаемавыгадных адносін паміж Беларуссю і Туркменістанам. Была прызнана неабходнасць шырокага выкарыстання сучасных форм гандлёва-эканамічнай кааперацыі, якія прадугледжваюць стварэнне і развіццё на ўзаемнай аснове гандлёвай і сэрвіснай сеткі гаспадарчых суб’ектаў дзвюх краін. Акрамя таго, Беларусь і Туркменістан пацвердзілі зацікаўленасць у далейшым павелічэнні узаемных паставак шырокай наменклатуры тавараў.

Аляксандр Лукашэнка і Гурбангулы Бердымухамедаў падпісалі таксама Пагадненне паміж дзвюма краінамі аб гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве ў галіне паставак беларускай сельскагаспадарчай, аўтамабільнай тэхнікі і гарадскога транспарту.

Урады Беларусі і Туркменістана падпісалі дакументы аб ваенным і ваенна-тэхнічным супрацоўніцтве, аб стварэнні Міжурадавай беларуска-туркменскай камісіі па эканамічнаму супрацоўніцтву.

Акрамя таго, у рамках візіту падпісаны пагадненні аб узаемным прызнанні дакументаў аб адукацыі, вучоных ступенях і званнях, аб стварэнні гандлёвых дамоў у Туркменістане і Беларусі, аб супрацоўніцтве паміж беларускімі і туркменскімі ВНУ. Заключаны пагадненні паміж Беларускай гандлёва-прамысловай палатай і Гандлёва-прамысловай палатай Туркменістана, а таксама рамачнае пагадненне паміж ААТ «Белгархімпрам» і канцэрнам «Туркменхімія» аб даразведцы і асваенні Карабільскага радовішча калійных солей у Лебапскім вілаяце Туркменістана.

(Visited 12 times, 1 visits today)
 

Оставьте комментарий

(*) Required, Your email will not be published