Драгічын: гісторыя горада вачамі сучасніка

, , 2 комментария

Я не гісторык, не краязнаўца, а звычайны жыхар нашага маленькага Драгічына, што месціцца паміж Ясельдай і Днепра-Бугам. Усё часцей прыходзяць на ўспамін дні дзяцінства, юнацтва, праведзеныя тут, за выключэннем службы ў войску і вучобы ў інстытуце. За гэты час гарадок, які даў мне прытулак на ўсё жыццё, змяніў свой твар, пахарашэў. Але мне хочацца ўзгадаць тыя адметныя мясціны, куточкі мінулага, якія засталіся ў маёй памяці і якія ўвачавідкі ўжо ніколі не прадстануць перад  сучасным пакаленнем маладых людзей і іх нашчадкамі. З той пары мінула амаль 50 гадоў.

Так выглядала гарадская плошча

Пачну з  салодкага. У тым месцы, дзе цяпер стаіць дзевяціпавярхоўка, бліжэй да праезнай часткі, у тую пару выкладзенай чырвоным круглым каменнем, знаходзіўся маленькі, літаральна 4 на 4 метры, белага колеру магазінчык, які так і называўся ў народзе – “Беленькі”. Калі ў нас,  падлеткаў, у кішэні збіралася 8-10 капеек, мы беглі туды. Праціскаліся да дзвюх папяровых каробак, што стаялі з левага боку. У адной з іх было пячэнне круглае, выпуклае, ці, як казалі, наразное, падобнае на рамонкі. Але нас цікавіла другая каробка – з цукеркамі, над якімі кружылі восы. Гэта былі падушачкі. Злепленыя паміж сабой з-за яблычнага павідла, якое знаходзілася ўнутры, яны ўяўляліся для нас самым дарагім пачастункам. Стоячы ля дзвярэй крамы, мы беражліва трымалі загорнуты ў паперу ласунак і дзялілі яго, аблізваючы салодкія, ліпучыя пальцы. Гэта быў верх асалоды. Цешачыся цукеркамі, рухаліся дахаты, па дарозе выціраючы рукі аб траву ці лісце дрэў.

А наўскасы праз вуліцу, якая падчас моцнага дажджу акурат тут,  у самым нізкім месцы, запаўнялася вадою амаль па калені, красаваўся з чырвонай цэглы яшчэ адзін магазінчык з некалькімі прыступкамі. І зваўся ён “Чырвоненькі”. Тут можна было прыдбаць і ржавую камсу, і селядцоў прама з бочкі, і хлеба, i гарэлку. Але нас цікавіў не гэты харч.  Не заўсёды хапала сілы духу данесці дахаты смачны, пахнючы “круцель” кракаўскай каўбасы, які неўпрыкмет змяншаўся ў памерах. Ці ж можна цяперашнюю аднайменную каўбасу параўнаць з той па смаку!

Непадалёку, побач з Домам быту, размяшчалася драўляная, на некалькі столікаў, сталоўка – “Чайная”. Гэта было таксама цікавае месца, дзе мы падлеткамі зрэдку бывалі. Назбіраўшы капеек, кампаніяй ішлі туды, каб пачаставацца аладкамі са смятанай. Можа яны былі дома і смачнейшымі, але справа ў іншым. Уладкаваўшыся за сталом, мы знішчалі сваю порцыю, нават непрыкметна вылізвалі талеркі. Дарослыя, гледзячы на нас, толькі пасмейваліся. У “Чайнай” можна было без аплаты ўзяць хлеба і намазаць яго гарчыцай, што і рабілі некаторыя хлопцы, вяртаючыся ў нядзелю з футбола, каб прагнаць голад.

А цяпер давайце зазірнем на галоўную плошчу Драгічына. Каля крамы “Мясны свет”, якая пабудавана не так даўно, і вуглом пяціпавярхоўкі, у 70-ыя гады мінулага стагоддзя знахо-дзілася аўтастанцыя. Яна была прыкметная не толькі тым, што тут прадавалі квіткі на аўтобусы, але і сваёй “забягалаўкай”, дзе гаспадарыла Броня. Яна налівала наведвальнікам  100 грамаў віна, піва, падсоўвала піражок і так спрытна аблічвала, што тыя нават не маглі здагадацца. Драўляныя кругляшы на лічыльніках лёталі то ў адзін,  то ў другі бок. 20 капеек туды, 5 капеек сюды – заўсёды атрымліваўся “навар”. Але ніхто на гэта не звяртаў увагі і не скар-дзіўся.

На месцы пяціпавярхоўкі, трошкі бліжэй да плошчы, сярод клёнаў і ясеняў стаяў невялікі двухпавярховы, цікавай архітэктуры, домік з цэглы, які зруйнавалі ў час рэканструкцыі плошчы.

Будынак райвыканкама застаўся з польскіх часоў і, на мой погляд, зараз з’яўляецца лепшым архітэктурным збудаваннем нашага мястэчка. А насупраць, дзе знаходзіцца аддзел адукацыі, у тыя далёкія гады была школа. Колькі разоў праходзячы  на мінірынак, я з пачуццём шчымлівага суму гля-дзеў на вокны ніжняга паверха, дзе быў мой першы клас, успамінаў суседа па парце, чарнільныя кляксы, сваю першую настаўніцу!

Вуліца Леніна. 60-я гады

У будынку, дзе цяпер размяшчаецца маладзёжны цэнтр, раней быў раённы Дом культуры.

Перавядзіце, калі ласка, свой позірк  на будынак райспажыўтаварыства. Пасярэдзіне фасаду ў гады майго дзяцінства знаходзіліся дзверы, а зверху “красавалася” шыльда “Культтавары”. Тут мы куплялі сшыткі, ручкі, чарніла і іншыя школьныя дробязі. Аднойчы з дапамогай старэйшых хлопцаў  умудрыліся нават набыць бляшанку пораху, які расстралялі з самапалаў за горадам.

Ранейшы рэстаран, дзе цяпер кафэ “Палессе”, узнік пасля дабудовы, дзесьці ў 63-64 гадах. Пасля заканчэння школы, амаль палова класа рушыла туды адведаць кубінскага рому. А вось “Прамень” – таксама будынак даваенных часоў – для нас назаўсёды застанецца “залезным” магазінам, дзе можна было набыць сякеры, пілы, малаткі, ланцугі, цвікі.

Кінатэатр “Беларусь”, як і Дом быту, універмаг, СШ №2 – гэта збудаваннi сярэдзіны 60-х гадоў мінулага стагоддзя. У Доме быту можна было пастрыгчыся электрычнай машынкай пад бокс, паўбокс ці канадку – модныя прычоскі таго часу, падушыцца танным адэкалонам з пурхаўкі.

Ва ўнівермагу – самым вялікім магазіне – магло пашчасціць прыдбаць моднае адзенне і, што самае галоўнае, туфлі чэшскай фірмы “Цэба” – на высокіх абцасах, тонкай падэшве і з вузкімі насамі. Ух, клас!

Прагну напісаць некалькі слоў і аб будоўлі гарадскога Дома культуры, узвядзенне якога доўжылася больш дзесяці гадоў. Улетку 1971 года, пасля першага курса інстытута, я ўладкаваўся сюды на працу будаў-ніком. Калі майстар і інжынер адсутнічалі,  мне даводзілася кіраваць  брыгадамі  мужыкоў з вёскі Осаўцы і моладдзю, сярод якой было шмат дзяўчат. Іншы раз, седзячы ў глядзельнай зале Дома культуры, я ўзгадваю, колькі пад сцэнай мы ўкінулі ў багністую яміну бетону з металам, каб потым выставіць апалубку. Эх,  маладосць! Як гэта было нядаўна, як гэта было даўно…

Давайце разам пашыбуем па цэнтры горада на захад. Парк. Ну вельмі ж адметная была тут кропка –  танцавальная пляцоўка. На гукі музыкі ў вячэрні час спяшаліся сюды хлопцы і дзяўчаты. Парк напаўняўся гоманам і смехам. Дзе ж яшчэ можна было ўбачыць адразу столькі прыгожых дзяўчат? Запрасіць на танец, прытуліцца, адчуць хваляванне маладога цела. Хіба не аб гэтым марыў кожны з нас?

Мы былі яшчэ хлапчукамі, калі ў парку пачалі будаваць на драўляных слупах танцпляцоўку. Іншы раз рабочыя, ды і мы самі, выкопвалі косці памерлых. Бегалі з чалавечымі чарапамі на кіях па парку, пакуль бацькоўскія празукі не адбілі нам ахвоту гэта рабіць. Справа ў тым, што тут калісьці месціліся яўрэйскія могілкі. А ў людзей, адказных за будаўніцтва, не хапіла розуму танцпляцоўку змайстраваць у другім месцы, быццам зямлі недастаткова. Так і танчыла моладзь нашага гарадка на працягу дзесяцігоддзяў  на чалавечых касцях.

Падчас вучобы ў старэйшых класах нас не пускалі на танцы, але мы заўсёды знахо-дзіліся побач з танцпляцоўкай. І калі ўзнікала бойка паміж нашымі старэйшымі хлопцамі і хлопцамі з іншых вуліц, то мы, шаснаццацігадовыя юнакі з Вакзальнай, наляталі ватагай і лупцавалі нават старэйшых за сябе на тры-чатыры гады. Збягалі ўзімку з заняткаў у школе, хаваліся ў драўляную будку касіркі на танцпляцоўцы, палілі свечкі ці паперу, грэлі рукі, бавілі час да абеду, каб потым рушыць дахаты.

Вельмі шмат цікавых успамінаў звязана ў майго пакалення з гэтым месцам. Ці можам мы, юнакі-дзяды і дзяўчаты-бабулі, забыць чаруючыя гукі вальса, праніклівы, шчыры голас Валерыя Абадзінскага і незабыўныя словы песні “Эти глаза напротив – калейдоскоп огней…”? Канешне, не. А колькі з нас знайшлі тут сваё каханне?!.

Каля самай рэчанькі-канаўкі месцілася драўлянае, кажучы па-сучаснаму, кафэ “Вецярок”. І ўдзень, і ўвечары цягнуліся сюды мужыкі з усяго горада, і нашы бацькі таксама. Яны маглі ўзяць “на вексель” 150-200 грамаў гарэлкі і на закусь таннай смажанай мойвы. Тут яе гатавалі, і пах пранізваў усё не толькі ўнутры кафэ, але і разносіўся па вуліцы і парку. Ну як было сюды не зазірнуць? А побач праз канаўку ляжаў драўляны масток, які часта рамантавалі. І моладзь збіралася тут надвячоркам бавіць час, пасмяяцца, пажартаваць, пазаляцацца да праходзячых дзяўчат. А адразу за мастком, насупраць цяперашняй СШ №2,  стаяў беленькі з цэглы магазінчык, дзе худзенькі мужычок Грышка і поўненькая жанчына, яго жонка, гандлявалі газай. Бацькі ад-праўлялі сюды нас з металічнымі круглымі банкамі за палівам. Тады ў летні перыяд усе карысталіся керагазамі. Газавых і электрычных пліт, наогул, не існавала. І мы, падлеткі, цягнучы банкі з газам дахаты, не маглі надыхацца зыходзячым ад яе пахам. Нават рукі не хацелася мыць.

У 1965 годзе пачала працаваць цяперашняя СШ №2, куды сабралі вучняў з дзвюх гарадскіх школ. А побач са школай, дзе зараз двухпавярховы 16-ці кватэрны дом, дыслацыравалася вайсковая часць. Запамяталіся металічныя вароты з чырвонымі зоркамі і клуб, які потым перадалі СПТВ-29, а затым перанеслі ў іншае месца. Ну, а далей уздоўж вуліцы Леніна на захад “пабеглі” адно- і двухпавярховыя цагляныя ды драўляныя домікі. Там месціліся і аптэка, і суд, і магазін, і прыватнае жыллё. Гэта ўсё будоўлі даваеннага часу. Але, мусіць, хопіць шпацыраваць па цэнтру. Давайце зазірнем і ў іншыя адметныя мясціны нашага дзяцінства.

Адзіным месцам, дзе нам, школьнікам, можна было схавацца ад спякоты, паплаваць, пагуляць у футбол, карты ці бэрыка, з’яўлялася сажалка Піцуха. Невялікая, поўная мулі, яна прымала дзяўчат і хлопцаў з усяго гарадка ў свае абдымкі. Потым яе раскапалі, павялічылі ў памерах, і яна яшчэ доўга служыла лю-дзям, захаваўшы сваю назву, якая пайшла ад прозвішча былога гаспадара – Піцухі .
Рынак. Ён тут так і месціцца з ваеннага часу і да сённяшняй пары. У 1944 годзе, пасля вызвалення Драгічына ад немцаў, 17-18-гадовыя хлопцы з усяго раёна тут праходзілі падрыхтоўку да службы ў войску. Сярод іх быў і мой бацька. Слабападрыхтаванымі іх і кінулі, сабраўшы з усёй Беларусі, у пекла вайны. Многія загінулі недалёка, у Польшчы, у жорсткіх баях.
Амаль паўраёна збіралася тут у ня-дзельны дзень. Вішчалі маленькія парсючкі, якіх прадавалі з падвод. Шчаслівыя пакупнікі цягнулі іх у мяхах дахаты. Пад дахам невялікага адкрытага павільёна вясковыя жанчыны прадавалі смаленых курэй, яйкі, якія хутка скуплялі мясцовыя яўрэі, а мы, хлопцы, набывалі семкі ці гарбузікі, любімыя дзіцячыя ласункі таго часу. Практычна ўсе мужыкі тады насілі ялавыя ці хромавыя боты, начышчаныя да бляску, а таксама штаны-галіфэ. Кучкуючыся, яны гучна гаманілі пра жыццё-быццё, успаміналі вайну, любілі закінуць і чарку, другую гарэлкі. Для ўсіх гэта было свята, якога чакалі ўвесь тыдзень.
Масласырзавод. З усяго горада цягнуліся сюды падлеткі з алюмініевымі трох- і пяцілітровымі бачкамі за маслянкай, літр якой каштаваў усяго 3 капейкі. З поўнымі бачкамі мы кампаніяй адыходзілі ўбок і, толькі напіўшыся ад пуза маслянкі, накіроўваліся дахаты. На маслянцы маці пякла мучныя аладкі, рэшткі злівала маленькім парсючкам. Зеленаваты колер, саладкаваты пах і смак маслянкі захаваліся ў памяці, як прыемная адметнасць дзяцінства.
На вуліцы Палявой, якая цяпер носіць імя Веры Харужай, акрамя масласырзавода быў і яшчэ адзін адметны будынак – хлебапякарня (тут і да нядаўняга часу выпякалі смачныя булачкі). Духмяны пах ад яе далятаў нават да нашай Вакзальнай. Падчас пары мы з хлопцамі гуртом збіраліся пад вокнамі пякарні, і жанчыны, якія працавалі тут, давалі нам некалькі гарачых булачак. Мы дзялілі іх паміж сабою і пад клёкат буслоў, гняздо якіх месцілася на дымавой трубе, шыбавалі за чыгунку, ці як мы яе тады называлі – залезную дарогу, бавіць час: гуляць у хованкі ці вайну. Часта работнікі хлебапякарні тайком бралі хлеб, цукар, дрожджы і ўсё гэта перакідвалі цераз плот у траву. І колькі іх ні лавіла міліцыя, яны не супакойваліся. Аднойчы мы ўцягнулі цэлы мех з гарачымі мучнымі прысмакамі, што без нагляду ляжаў за агароджай. Такім чынам і самі сталі своеасаблівымі злодзеямі.
У скверыку, дзе былі пахаваны загінуўшыя ў час другой сусветнай вайны воіны, стаяў невялічкі помнік, да якога ўскладалі кветкі і за якім прыглядвалі вучні другой школы. Гэта зараз у скверы пабудаваны цэлы мемарыяльны комплекс. Людзі, якія пахаваны тут, жылі ціха, сціпла. Ідучы ў бой з ворагам, яны не задумваліся пра гераізм і подзвіг. Вайна – гэта не гучнае “Ура!” Вайна – гэта кроў, смерць, жудасць, пакуты, жах. Гэта праяўленне чалавечай годнасці, смеласці, адвагі, самаахвярнасці. Чырвонаармейцы і партызаны аддавалі свае жыцці за родных, за сваю хатку, свой кавалачак зямлі, а не за правадыроў.
Лазня, якую знеслі два дзесяткі гадоў таму, месцілася за скверыкам. У суботні дзень, асабліва зімовы, туды шыбавалі бацькі з дзецьмі.У большасці кватэр і ў дамах яшчэ не было камунальных зручнасцей. Таму ў халодную пару года толькі ў лазні жыхары гарадка мелі магчымасць пагрэцца, папарыцца, памыцца. Пасля лазні бацька браў сабе піва ці 100 грамаў гарэлкі, а мне купляў бутэльку сітра вытворчасці мясцовага камбіната харчовай прамысловасці. Цэх, у якім разлівалі “газіроўку”, знаходзіўся за горадам, там, дзе зараз камбінат бытавога абслугоўвання. Напампаваныя ў бутэльку салодкія бурбалкі не праганялі смагу, хаця пуза і было поўнае. Таму, прыйшоўшы дахаты, мы з братам кіда-ліся да вядра з калодзежнай вадою.
Міліцэйскі пастарунак застаўся з даўніх польскіх часоў. У вайну тут расстралялі шмат нашых грамадзян. Пад сценамі турмы загінуў і дзед майго лепшага сябра.
Што ж тычыцца 70-х гадоў, дык яны “азнаменаваліся” барацьбой з самагонаварэннем. Хочацца ўзгадаць цікавы выпадак, пра які пачуў ад старых міліцыянераў. Брагу тады вылівалі, а самагонку звозілі ў райаддзел міліцыі. Складалі пратакол, і пры сведках адзін міліцыянер выліваў гарэлку з другога паверха праз акно, а другі стаяў у двары і лавіў яе ў вядро. Праўда гэта ці не – не ведаю, але так расказваюць.
Да міліцэйскага будынка прытуліліся дзве вулачкі: з захаду – Вясёлая, з поўдня – Камсамольская, з цэлым комплексам драўляных ці абкладзеных цэглай домікаў былой раённай лякарні. Сярод іх, пры дарозе, стаіць цагляны, зялёнага колеру, будынак радзільнага дома, дзе ў свой час паявіліся на свет многія жыхары раёна, якім зараз па трыццаць і болей год, у тым ліку мае дачка і сын.

Мікола ШАЎЧУК, 

жыхар г. Драгічына

Фота з сацыяльнага рэсурса odnoklassniki.ru

(Visited 250 times, 1 visits today)
 

2 комментария

  1. Валентина

    02/02/2016, 08:26 пп

    Ай да Мікола ШАЎЧУК ! Так точно всё описал! Это Дрогичин и моего детства. Моя школа №2.
    А вот что сейчас в том здании, где прежде была музыкальная школа?

    Ответить
    • прокопий

      02/06/2016, 08:04 пп

      @Валентина: Ничего, здание признано аварийным и закрыто. Музыкальную школу перенесли в здание Госбанка, напротив кладбища.

      Ответить

Оставьте комментарий

(*) Required, Your email will not be published