·   Войти
Найден кошелек, связка ключей. Звонить по тел. 34865

ДЗЕЦІ І ПАДАРУНКІ

Автор: в 13th Сентябрь 2011
Bookmark and Share
подакри
ДЗЕЦІ І ПАДАРУНКІ  | read this item
Бацькоўскі сход набліжаўся да фінішу. Аднак настаўніца чамусьці не спяшалася адпускаць дадому тых, хто сядзеў за партамі сваіх дзяцей. Паўза, як кажуць, зацягвалася. Усе сталі насцярожанымі, перакідваліся цікаўнымі позіркамі.
— Не ведаю, з чаго і пачаць… — нейкім сцішаным і нясмелым голасам пачала настаўніца. – Словам, хачу з вамі параіцца. Дык будзьце, калі ласка, ўважлівымі. А справа вось у чым…
Педагог зноў на нейкі момант замаўчала. Адчувалася, што тое, аб чым яна хацела расказаць, глыбока ўсхвалявала і яе, і тых бацькоў, з якімі мела гаворку раней.
— Дзяўчынкі нашага класа да Дня абаронцаў Айчыны падрыхтавалі хлопчыкам падарункі. Увага іх, на першы погляд, пахвальная. Але ж аказалася, што тыя падарункі занадта дарагія для дзяцей. Звыш 20 тысяч рублёў з чалавека.
Зарыпелі парты, зашоргалі падэшвы. Дарослыя кінуліся ў шэпты-гамонку…
— Вось мне і хочацца высветліць вашы адносіны да гэтага выпадку, — сказала класны кіраўнік. – Прызнаюся шчыра: я, напрыклад, не рашылася і не змагла б выдзеліць свайму дзіцяці дваццаць тысяч рублёў…
Усе загаварылі разам. Кожны імкнуўся выказаць сваё асуджэнне паводзінам падлеткаў. Маўляў, гэта іх толькі разбэшчвае, нельга іх так выхоўваць, забараніць трэба такое, а гэта ў нашых сілах.
— Бачу, што тут мы з вамі салідарны. Аднолькава правільна глядзім на здарэнне, — гэтымі словамі настаўніца спыніла шум у класе і тут жа дадала: — Тады я хачу спытаць: чаму ж вы далі такія грошы?
На гэты раз у класе ўсталявалася цішыня. Усе сумеліся, збянтэжыліся. Частка бацькоў прызналася, што ведала пра гэта. Напэўна, выдаткоўваў грошы хтосьці з другой сямейнай палавіны. А некаторыя, як вады ў рот набраўшы, прамаўчалі. Значыць, не толькі ведалі, але і давалі. А ці пыталіся: навошта? Пыталіся. Што ж дочкі адказалі? А тое, што гэтыя грошы вернуцца назад у выгля-дзе падарунка на 8 Сакавіка. Ніхто, маўляў, у накладзе не застанецца. Але аказалася, што якраз засталіся. Бацькі хлопчыкаў, якіх у класе амаль у два разы менш. Тут ужо трэба ўзнос рабіць звыш трыццаці тысяч рублёў. Гэта і ўнесла разлад – дайшло да класнага кіраўніка. Настаўніца тут жа хацела рашуча забараніць усялякія грашовыя зборы. Але ўжо было позна. Не толькі дзяўчынкі, якія ўручылі падарункі, чакалі ў адказ “рыцарскага жэсту”, але і некаторыя маці. Ды, бачыце, як жа забароніш, калі пытанне ўжо тычыцца не столькі дзяцей, колькі іх бацькоў.
Потым высветлілася, што многія з іх, бацькоў, і не на такія “ахвяры” гатовы, каб толькі не паказацца сквапным у вачах іншых. “Бяры, дзіцятка, колькі трэба, не шкада на добрую справу”. А ці добрая гэта справа, урэшце рэшт?
А аднойчы мне давялося быць сведкам і такога выпадку. Адна ўдзячная маці на вачах у старэйшай дзетсадаўскай групы паднесла выхавальніцы каробку цукерак і невялікі пакет цытрусавых пладоў.
— Гэта, Валянціна Мікалаеўна, за вашу любоў і ласку да маёй Леначкі…
А Леначка стаяла побач з маці і шчасліва ўсміхалася. Яна горда глядзела на сваіх сябровак, маўляў, бачыце, якая ў мяне добрая і шчодрая мама. І раптам з групы дзяўчынак вынырнула Светка. Яна працягнула выхавальніцы вялікі чырвоны яблык і з дзіцячай непасрэднасцю запатрабавала прыняць і яе падарунак. Ёй жа хацелася, каб і яе таксама любілі яшчэ больш. А як канфузліва тады адчулі сябе мы, дарослыя! У свядомасці ж малых  зафіксаваўся той факт, што любоў тым мацней, чым большы падарунак.
…Вось, скажам, падрос сын. Надарылася нагода яму ісці на дзень нараджэння. Сабіраючы яго ў госці, маці настройвае, што самым дарагім падарункам лічыцца той, які зроблены сваімі рукамі. Аднак у сябра хлопчык убачыў, як іншыя запрошаныя ўручалі імянінніку даволі каштоўныя забаўкі. Вярнуўшыся дадому, ён робіць вывад: дарыць можна падарункі, вырабленыя сваімі рукамі, але ўсё ж лепш і больш прыемна прымаць пакупныя.
Гэтыя разважанні дзіцяці потым умацоўваюцца ў пераходным узросце. Якраз тады бацькі бяздумна выдаткоўваюць сваім нашчадкам грошы, думаючы пры гэтым толькі аб матэрыяльным узроўні свайго аўтарытэту. А іх дзеці якраз і ловяць магчымасць задаволіць свае “прыхамаці”.
Мы часта сцвярджаем, што каштоўнасць падарунка не ў цане. Дык чаму сярод многіх маладых і дарослых людзей у модзе грошы і долары? У першую чаргу таму, што не дапрацоўваюць ні сям’я, ні школа. Мы іншы раз забываем, што ёсць у нашага народа іншыя сродкі віншаванняў, у аснове якіх удзячнасць і павага, а не рубель. Ды і прастора для творчасці тут неабмежаваная. Хіба ж гэта не так? Запрашаю чытачоў да дыскусіі.
Яўген АБРАМОВІЧ,
ветэран педагагічнай працы, наш няштатны карэспандэнт.




Важно: У нас включена функция проверки комментариев. Поэтому не надо отправлять повторно. Просто подождите когда комментарий будет одобрен. Не надо спамить.

©БЕЛТА