Дзённік балельшчыка, або Дзед Бекас на спартыўным “Парнасе”

Сярод жыхароў Драгічыншчыны, хто наведаў нядаўнія II Еўрапейскія гульні ў Мінску, – Мікалай Аляксандравіч Шаўчук, вядомы ў нашым раёне як кіраўнік ансамбля ражковай паляўнічай музыкі “Бакас”. Спаборніцтвы скончыліся, і ён пагадзіўся расказаць “раёнцы” пра тое, што бачыў і адчуваў, знаходзячыся на спартыўным “Парнасе”, побач з чэмпіёнамі, прызёрамі, трэнерамі і іншымі балельшчыкамі.

Да Еўрапейскіх гульняў я пачаў рыхтавацца прыкладна за паўгода да іх пачатку. Распрацаваў план падрыхтоўкі да гэтай падзеі. Пачаў з барады. Трэба было стварыць вобраз сапраўднага палешука, і таму я пачаў яе гадаваць. Але аб гэтым крыху пазней. Загадзя, за месяц да спаборніцтваў, купіў білеты, ездзіў за гэтым у Мінск. Мне, як інваліду, яны каштавалі ў 10 разоў танней. Цікавіў мяне толькі адзін з відаў спорту – барацьба. Чаму яна і чаму, увогуле, Еўрагульні? Таму, што менавіта вольнай барацьбе я прысвяціў большую частку свайго жыцця, шмат гадоў працаваў трэнерам у Драгічыне. А Еўрагульні – вельмі значная спартыўная падзея для нас, беларусаў, якая бадай, саступае толькі Алімпійскім гульням. А яшчэ вельмі хацелася сустрэць аднагрупнікаў. Роўна 45 гадоў таму, у чэрвені, я скончыў Беларускі інстытут фізічнай культуры і спадзяваўся на тое, што сустрэну на гэтым спартыўным мерапрыемстве студэнцкіх сяброў.

Сустрэча са старым сябрам

Хачу адзначыць, што для інвалідаў-балельшчыкаў на Еўрагульнях былі створаны вельмі добрыя ўмовы. Білеты атрымалася здабыць на самыя лепшыя месцы, і не толькі для мяне, але і для чалавека, які мяне суправаджаў, – маёй жонкі Аляўціны. У мяне быў нават парковачны талон на машыну. Добразычлівыя валанцёры дапамагалі людзям з абмежаванымі магчымасцямі.

Кватэраваліся мы з жонкай у яе сяброўкі, якая жыве ў Мінску, а родам з нашага Драгічына. Жылі побач з Палацам спорту на Праспекце Пераможцаў, дзе ўвесь час і праводзіліся спаборніцтвы па барацьбе. Нашы месцы, адкуль мы сачылі за выступленнямі спартсменаў, знаходзіліся на адлегласці прыкладна пяць-шэсць метраў ад барцоўскіх дываноў. Нам нібы перадаваліся ўсе эмоцыі, усе пачуцці атлетаў, мы нават адчувалі дыханне барцоў.

Я іграў маршы, фанфары, каб падтрымаць спартсменаў, падняць настрой іншым балельшчыкам. Спачатку я гэта рабіў амаль пастаянна – і цяжка, мне, сталаму чалавеку, з маім здароўем, было часта дудзець, – але потым у мяне сфарміраваўся пэўны алгарытм і я зразумеў, калі трэба іграць, а калі можна адпачыць. Мой звычайны вобраз, у якім я прыходзіў на спаборніцтвы, – беларускі нацыянальны паляўнічы строй. Заўсёды пры сабе ў мяне быў паляўнічы ражок. Першы раз, калі хацеў прайсці праз службу бяспекі, то мяне не хацелі прапускаць. Пытанні былі не да майго адзення, а да паляўнічага ражка: ахоўнікаў хвалявала тое, што ён, мабыць, гучыць вельмі голасна. Не, мне ніхто не грубіў, і аніякай непрыемнай размовы з гэтымі людзьмі не адбылося. Наадварот, яны размаўлялі са мной ветліва і добразычліва. Усе непаразуменні перакрэсліў мой паляўнічы рог. Ўзяў я яго і давай маршы граць. Усе адразу пераканаліся ў тым, што мой музычны інструмент нікому не пашкодзіць. Пластмасавыя дудкі, якія часта выкарыстоўваюць футбольныя балельшчыкі, і то гучнейшыя, чым мой паляўнічы горн.

З першых дзён спаборніцтваў я ўважліва глядзеў па баках, шукаў знаёмыя твары сяброў. І вось мае спадзяванні здзейсніліся. Бачу мужчыну, прыглядзеўся і пазнаў Валянціна Бурзінкова. Разам вучыліся, разам у студэнцкія гады спасцігалі майстэрства вольнай барацьбы. Мінула шмат гадоў, і зноў сустрэў сябра. Жыве ён у Мінску, працуе трэнерам па барацьбе. «Валік, падымай хлопцаў!» – кажу яму я. Ён паабяцаў абтэлефанаваць сяброў, што жывуць у сталіцы. На наступны дзень – хваляванне такое неймавернае на душы, не пакідалі светлыя ўспаміны маладосці, студэнцкіх гадоў. Як і звычайна, у Палац спорту прыйшоў я ў той дзень за некалькі гадзін да пачатку спаборніцтваў. І вось яны – інстытуцкія сябры. Усе прысвяцілі жыццё вольнай барацьбе. Вось мой сябра Валерый Цімаховіч, тут і Леанід Ліберман – у 70-я гады – чэмпіён свету па класічнай барацьбе (зараз грэка-рымская), які зараз з’яўляецца загадчыкам кафедры барацьбы ў акадэміі фізвыхавання і спорту. Разам з ім працуе і доктар навук Аляксандр Шахлай, у якога я студэнтам квартэраваўся 4 гады.

Кагосьці і не пазнаць – столькі год прайшло. Але знайсці адзін другога нам дапамагала адна адметнасць, характэрная рыса ўсіх прафесійных спартсменаў-барцоў – зламанае вуха-пяльмень. Душэўная сустрэча, размова, цёплыя ўспаміны нашай маладосці і студэнцкага жыцця – нібы зноў за некалькі гадзін перажыў усё гэта. Гаварылі, успаміналі сваіх, хто дзе зараз жыве, чым займаецца, а каго ўжо, на жаль, і няма на гэтым свеце. Час сустрэчы прайшоў, і ўсе мы дружна пайшлі глядзець гульні.

На трэці дзень спаборніцтваў я здзейсніў раней задуманае – прыйсці на гульні ў вобразе палешука. Апрануў сарочку, паляўнічыя штаны, саламяны капялюш (брыль), а галоўнае – лапці. Іх мне сплёў брат маёй свахі, Мікалай. Сапраўдныя сварынскія лапці, у якіх яшчэ хадзілі нашы дзядулі і бабулі. Ен мне ўсё расказаў ды паказаў: як апранаць іх, як тыя анучы загортваць. Як казаў сваяк, гэтыя лапці вытрымаюць дарогу ад Сварыні да самога Драгічына, так што не хвалюйся – не парвуцца. Як ён і раіў мне, за суткі я замачыў іх у вадзе. Узяў і кульбу, якую мне падарыў мой сябра, работнік Драгічынскага ліцэя Васіль Брыч.

І вось я, сапраўдны паляшук, уваходжу ў будынак Палаца спорту, і адразу на мяне ўсе звяртаюць увагу. Адзін за адным падыходзяць, задаюць пытанні журналісты: хто такі, адкуль і чаму ў такім адзенні? І супрацоўнікі беларускага радыё мною зацікавіліся, і ІТАР-ТАСС. Здымалі мяне для тэлеканала “МІР” і папрасілі сказаць некалькі слоў па-руску, але не атрымалася. Пачаў нешта гаварыць, і зноў – палілася з мяне родная беларуская мова.

Што да вынікаў спаборніцтваў, мужчыны-вольнікі выступілі без залатых узнагарод, а вось жанчыны далі фору саперніцам. Першы залаты медаль заваявала наша суайчынніца Ірына Курачкіна. Бачыў таксама, як адзін з балельшчыкаў-інвалідаў працягнуў да яе руку і Ірына падала яму сваю. Ён пачаў цалаваць ёй рукі, ад чаго дзяўчына разгубілася. Я бачыў твар гэтага чалавека, яго вочы былі напоўнены шчасцем. Не, не інвалідам ён быў на тую хвіліну, а здаровым чалавекам, нібы здзейснілася самая галоўная мара ў яго жыцці.

Фота з чэмпіёнам Еўрагульняў па грэка-рымскай барацьбе Кірылам Грышчанка

У цяжкай вагавой катэгорыі выступала Васіліса Марзалюк, якая стала чэмпіёнкай папярэдніх Еўрапейскіх гульняў у Баку. Зараз яна змагалася за залатую ўзнагароду з эстонкай. Мы з трыбун гучна падтрымлівалі нашу спартсменку і вельмі радаваліся, калі яна нарэшце перамагла сваю саперніцу. Мне пашчасціла паразмаўляць з чэмпіёнкай. Калі яна праходзіла побач, я звярнуўся да яе са словамі: “Васіліса, віншую вас з перамогай, можна, я выканаю ў ваш гонар паляўнічую мелодыю?” Яна дала згоду, і я зайграў фанфару. Спартсменка падзякавала мне за гэта.

Пасля жанчын-вольніц выступалі мужчыны, прадстаўнікі класічнай барацьбы, або грэка-рымскай. Вельмі моцнымі ў гэтай спартыўнай дысцыпліне аказаліся ўкраінцы. Чэмпіёнскі тытул заваяваў прадстаўнік гэтай краіны Жан Белянюк – чорнаскуры атлет. Мне таксама пашчасціла павіншаваць пераможцу. Што здзівіла – Жан вельмі добра размаўляе па-украінску. Гэта яго родная мова.

Найбольшую радасць і выкід адрэналіну мы атрымалі падчас яскравага выступлення беларуса Кірыла Грышчанкі. У самай прэстыжнай вагавой катэгорыі наш зямляк стаў чэмпіёнам Еўрагульняў. Ён выконваў такія прыёмы, якія ніхто не мог выканаць на гэтых спаборніцтвах. Гэта быў апафеоз свята ў Палацы спорту. Мы лікавалі, узнёслым пачуццям, здавалася, не будзе канца. Увогуле, нашых, беларускіх, барцоў заўсёды з трыбун падтрымлівалі нават многія замежныя балельшчыкі. Толькі і было чуваць: “Бе-ла-русь! Бе-ла-русь!” Я адчуваў сапраўдны гонар за сваю краіну.

З кожным з нашых пераможцаў я зрабіў фотаздымак на памяць, а дапамагаў у гэтым мне валанцёр Аляксей. Па нашай з ім дамове, ён выбіраў момант, калі спартсмены праходзілі побач, і прасіў іх спыніцца ля мяне. Дзякуй табе, Аляксей!

У апошні дзень спаборніцтваў адбылася яшчэ адна сустрэча, аб якой я хачу расказаць. Тады Палац спорту наведаў трохкратны алімпійскі чэмпіён, шматкратны чэмпіён свету, Еўропы і СССР па вольнай барацьбе, Ганаровы грамадзянін горада Мінска, Аляксандр Мядзведзь. Я падыйшоў да яго, адразу паказаў сваё паламанае вуха. Мой суразмоўца тады і зразумеў, што я таксама, як і ён, былы барэц-вольнік.

З Мядзведзем я не быў добра знаёмы, але аднойчы ў маладосці трэніраваліся побач на адным барцоўскім дыване. Я сыграў яму на сваім паляўнічым ражку, і, канешне, зрабіў фотаздымак на памяць аб сустрэчы.

Шмат прывёз з гэтай паездкі фотаздымкаў. Сфатаграфаваўся і з Лёсікам – талісманам Еўрагульняў.

Вось спартыўнае свята падыйшло да свайго завяршэння, і мы з жонкай вярнуліся дадому. Прывезлі з сабой у Драгічын і сувеніры, і фотаздымкі, і шмат прыемных уражанняў.

Запісаў Андрэй РАСАФОНАЎ
Фота з архіва Мікалая ШАЎЧУКА