Клуб “Спатканне” адзначыў першы значны юбілей

Дата:

Напрыканцы кастрычніка першы значны юбілей – дзесяць гадоў з моманту стварэння – адзначыў клуб “Спатканне”. З гэтай нагоды ў гарадскім Доме культуры адбыўся рэтра-вечар “Якімі маладымі мы былі”. У душэўнай абстаноўцы, за сервіраванымі салодкасцямі столікамі сабраліся не толькі ўдзельнікі “Спаткання”, але і шматлікія госці. У прыватнасці, павіншаваць сваіх равеснікаў і аднадумцаў з юбілеем у Драгічын прыязджалі ўдзельнікі клубаў “Вячоркі” з Пінска, “Залаты ўзрост” – з Кобрына і “Янаўчанка” – з Іванава.

Аднойчы, вярнуўшыся з семінара па абмену вопытам, дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Надзея Якаўлеўна Камарова загарэлася ідэяй стварэння клуба, які аб’яднаў бы няўрымслівых пенсіянераў, з гарэзлівым агеньчыкам у вачах і маладым запалам у сэрцах. Адказнае заданне падабраць такіх людзей атрымала загадчыца аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму цэнтра Святлана Іванаўна Паціявец. Яна абышла і абзваніла ўсіх сваіх суседзяў і знаёмых. Паступова вестка пра клуб разышлася па горадзе і зацікавіла пенсіянераў – “Спатканне” аб’яднала больш за трыццаць чалавек. Праўда, за дзесяцігоддзе, што мінула, з таго першага саставу ў клубе засталася толькі адна ўдзельніца – Вольга Васільеўна Логвіна. І тут, на жаль, нічога не зробіш: узрост бярэ сваё, адольваюць недамаганні.

Сёння сярод удзельнікаў клуба няма ніводнага мужчыны. Між тым мужчынскія галасы вельмі патрэбныя вакальнаму ансамблю, які быў створаны ў клубе. Спачатку з ансамблем працавала Вера Раманаўна Лінкевіч, пазней акампаніятарам стаў вядомы ў раёне музыка Мікалай Сцяпанавіч Каласей. Ансамбль шмат выступае. Без песень не абыходзіцца ні адно пасяджэнне клуба. На спатканне ў цэнтр пенсіянеры прыходзяць не радзей аднаго разу ў месяц. Абмяркоўваюць свае жыццёвыя справы, слухаюць лекцыі на злабадзённыя тэмы медыкаў, супрацоўнікаў банкаў і іншых устаноў, ушаноўваюць імяніннікаў. Шмат дзе па Беларусі пабывалі ўдзельнікі клуба з экскурсіямі, напрыклад, сёлета яны пазнаёміліся з вытворчасцю прадукцыі на шклозаводзе “Нёман”. Удзельнічаюць члены клуба і ў абласных спартыўных мерапрыемствах сярод сваіх равеснікаў, прычым, звычайна яны паказваюць добрыя вынікі.

Кіруе клубам Святлана Іванаўна Паціявец. На гэту пасаду ўдзельнікі “Спаткання” абралі жанчыну, як толькі яна выйшла на заслужаны адпачынак. Не проста службовыя абавязкі звязваюць з клубам “Спатканне” дырэктара цэнтра Надзею Якаўлеўну Камарову, загадчыцу аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі і дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту Ірыну Мікалаеўну Дзячок, супрацоўніц цэнтра Святлану Васільеўну Богуш, Ірыну Леанідаўну Грыцук, псіхолага Таццяну Міхайлаўну Шчэрбу, але і шчырыя сяброўскія адносіны. Вось і юбілейны вечар яны рыхтавалі разам. Разам хваляваліся і разам радаваліся таму, што прайшоў ён надзвычай цёпла і шчыра.

Пенсіянерам не трэба было прасіць, каб юбілейны рэтра-вечар для іх правялі культработнікі. Ролю канферансье на сябе з задавальненнем узялі Надзея Аляксандраўна Рапінчук і Таццяна Мяркур’еўна Масяйчук. Першай магчымасць павіншаваць клуб “Спатканне”з юбілеем атрымала дырэктар тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Надзея Якаўлеўна Камарова. Яна ад усяго сэрца падзякавала Святлане Паціявец за тое, што дзесяць год таму клуб удалося стварыць і што ён па-ранейшаму аб’ядноўвае шмат людзей.

Надзея Якаўлеўна выказала шчырую ўдзячнасць усім удзельнікам клуба за іх крэатыўныя ідэі, творчае натхненне, за малады задор і ўручыла падарунак.

Удзельнікі “Спаткання” ў сваю чаргу падаравалі Надзеі Камаровай сувенір, які зрабілі ўласнымі рукамі. Аказваецца, пенсіянеры ходзяць у цэнтр не толькі на рэпетыцыі вакальнага ансамбля, але і шчыруюць у майстэрні над вырабам сувеніраў!

А літаральна праз хвіліну па зале ўрачыстасцяў гарадскога Дома культуры паліліся песні ў выкананні вакальнага ансамбля “Спатканне”. Спачатку жанчыны спявалі на беларускай мове “Ой, там на ганку”, потым на ўкраінскай – “Ой, у полы тры тополы”, а затым на рускай – “Не твоя невеста”. Выступіў і дуэт у складзе Алены Аляксандраўны Ігнацюк і Валянціны Паўлаўны Базанчук. Акампаніраваў самадзейным артысткам на баяне Мікалай Каласей.

З юбілеем клуб “Спатканне”віншавалі старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Святлана Андрэеўна Магілянчык і памочнік старшыні раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа Лідзія Сяргееўна Рудзько.

А тым часам парадаваць сяброў-аднадумцаў канцэртнымі нумарамі рыхтаваліся госці з Пінска, Кобрына і Іванава. Яны адчувальна хваляваліся: гэта ж не жарт выступаць у чужым раёне ды яшчэ з такой важнай нагоды, як юбілей! Кобрынскі “Залаты ўзрост” падрыхтаваў сапраўдную літаратурна-музычную кампазіцыю, апафіёзам якой стала песня “Многія лета”. “Многіх лет” удзельнікі клуба “Залаты ўзрост”пажадалі драгічынцам, пінчанам, іванаўцам, пасля чаго яны пачулі гэтае прыемнае пажаданне і ў свой адрас. Зала аб’ядналася ў агульным парыве сяброўства і добразычлівасці, любові і спагады. Усе разам пенсіянеры ўжо спявалі і “Валенки” разам з салісткай “Залатога ўзросту”, і “Что стоишь, качаясь, тонкая рябина”з прадстаўнікамі пінскага клуба “Вячоркі”, і пад акампанемент гітары “Надежду”і “Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались” з “Янаўчанкай”.

У перапынках паміж песнямі вядучыя прапаноўвалі не зусім звычайную гульню. Удзельніцам “Спаткання”патрэбна было пазнаць на фотаздымках сваіх сябровак па клубу. Здавалася б, чаго прасцей. Але ж зроблены тыя здымкі былі ў гады маладосці: з вялікага экрана ў залу паглядалі маладзенькія дзяўчаты, якім жыццё яшчэ толькі абяцала шмат сюрпрызаў наперадзе. Вядучыя давалі своеасаблівыя падказкі, распавядаючы пра некаторыя моманты з біяграфіі гераінь здымкаў, іх характары. Было цікава даведацца, што Валянціна Сяргееўна Палхоўская прыехала ў Драгічын з Ніжняга Ноўгараду, а Вольга Іванаўна Міневіч з горада нявест – Іванава, што Надзея Аляксандраўна Рапінчук з’яўлялася даверанай асобай Максіма Танка, калі той вылучаўся кандыдатам у дэпутаты Вярхоўнага Савета БССР, што пяшчотная Валянціна Анатольеўна Брыч у званні яфрэйтара служыла ў вайсковай часці ў Бярозе, што Святлана Віктараўна Новікава ў юнацтве зачытвалася вершамі Еўтушэнка. Сяброўкі без цяжкасці пазналі Таццяну Мяркур’еўну Масяйчук, Антаніну Іванаўну Бандарчук, Валянціну Іванаўну Капітанюк, Антаніну Якаўлеўну Дзюрыч, Валянціну Сяргееўну Зянкевіч, Наталлю Якімаўну Кірыенка, Марыю Маркаўну Праневіч, Кацярыну Канстанцінаўну Сіліч, Валерыю Васільеўну Давідовіч, Ніну Мартынаўну Палоска, Соф’ю Мікалаеўну Чаховіч, Святлану Віктараўну Новікаву, Святлану Іванаўну Паціявец, Дануту Мікалаеўну Гарагляд, Валянціну Паўлаўну Базанчук і іншых. Магчыма, некаторыя з жанчын былі знаёмыя яшчэ ў маладосці, а некаторыя пазнаёміліся толькі ў клубе “Спатканне”. Самай маладой удзельніцы клуба 59 гадоў, самай жа сталай – 79! Але ўсе жанчыны выглядаюць значна маладзей свайго ўзросту, бо не праводзяць час марна на канапе перад тэлевізарам, а маюць занятак па душы. Наведваюць клуб “Спатканне” і выступаюць у хоры “Ветэран”, смела адпраўляюцца ў экскурсіі, імкнуцца набыць абноўку да свята, вырошчваюць на прысядзібных участках і дачах кветкі і гародніну. Яны спяшаюцца жыць насычана і прыгожа!

Святлана Іванаўна Паціявец, кіраўнік “Спаткання”, даючы свой тэлефонны нумар, папярэджвае: “Але ж тэлефануйце ўвечары, бо пакуль на вуліцы відно, мяне нельга застаць у хаце”.

“Как здорово, что все мы здесь сегодня собрались”, – спявалі госці з Іванава, а разам з імі і ўсе ўдзельнікі юбілейнага вечара
Прывітальны адрас і падарунак ад кобрынцаў прымае кіраўнік клуба “Спатканне” Святлана Іванаўна Паціявец
Клуб “Спатканне” аб’ядноўвае маладых душой жанчын

Выступае вакальны ансамбль клуба “Спатканне”

Ніна ТКАЧУК

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Карпенко рассказал, как идет формирование ВНС

Формирование ВНС идет достаточно гласно, сообщил журналистам председатель ЦИК...

В Беларуси скорректирован порядок предоставления и использования спонсорской помощи

Президент Беларуси Александр Лукашенко 27 марта подписал указ №112,...

В Дрогичинском районе проходят комплексные учения

Учения в районе будут проходить в течение двух дней...

В Дрогичинском районе введено ограничение на посещение лесов

Такое решение принято в связи с установившимся 3 классом...