spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

На пазітыве правялі вясну і сустрэлі лета

Дата:

Здароўе – самая галоўная каштоўнасць у жыцці чалавека. Гэта факт. Прыгожае адзенне, прэстыжныя аўтамабілі, велізарныя дамы – усё гэта можна набыць, маючы пэўную колькасць грошай. А здароўе такім жа чынам не купіш і не паправіш. І ў значнай меры яно залежыць ад нас саміх, ад нашага ладу жыцця і імкнення шанаваць і ўмацоўваць яго. На гэта накіраваны і многія мерапрыемствы, якія на працягу ўсяго (цяпер ужо мінулага) навучальнага года праводзіліся ў нашай Антопальскай СШ.
Ёсць у нашай школе і добрая традыцыя, якая падтрымліваецца на працягу многіх год – апошні дзень вучобы мы праводзім не ў класах, а ідзем на стадыён ці ўвогуле выязджаем на экскурсію. Не быў парушаны гэты звыклы парадак і сёлета.
31 мая а дзясятай гадзіне раніцы вучні сабраліся каля школы, каб адзначыць дзень турызму і спорту. Настаўнікі фізічнай культуры спланавалі шэраг спаборніцтваў для малодшых і старэйшых школьнікаў. Для 1-4 класаў былі праведзены розныя рухомыя гульні. Для вучняў 5-10 класаў былі арганізаваны спаборніцтвы па стральбе, кіданні дроцікаў у дартсы, гульні ў піянербол, міні-футбол, спартыўнае арыентаванне, падцягванне, падыманне тулава, кругавая эстафета, выскокванне з поўнага прыседу і велатурызм.
Вынікі не заставілі сябе чакаць. Самым лепшым класам у стральбе стаў 9 клас, 2-е і 3-е месцы атрымалі 10-ты і 7-мы класы. У бегу з эстафетнай палачкай цудоўны вынік сярод 8-10 класаў паказаў зноў жа 9 клас, які заняў 1-е месца. Сярод 6-7 класаў лепей за ўсіх у гэтым конкурсе выступіў 7 клас.
Былі вызначаны пераможцы і ў асабістым заліку. Сямікласніца Ганна Філанюк і яе брат, пяцікласнік Дзмітрый, праявілі сябе ў дартсе, заняўшы 1-е месца. У веласпорце спаборніцтва выйгралі Павел Пунько (10 клас) і Юлія Кулік (8 клас), у жангліраванні мячамі не было роўных зноў-такі Юліі Кулік і Мікіце Азарчуку.
У конкурсе на пад’ём тулава для дзяўчынак у індывідуальным заліку лепшыя вынікі паказалі Ганна Юрашэвіч, Ірына Панасюк і Марына Пішчык, у падцягванні на перакладзіне сярод хлопчыкаў пераможцамі выйшлі Павел Пунько, Айвар Байдук і Іван Васін. А ў калектыўным заліку самымі спартыўнымі аказаліся вучні 10 класа, на другім месцы апынуліся дзевяцікласнікі, на трэцім – вучні 8 класа.
А для вучняў 7-8 класаў нашай школы апошні дзень вясны быў адметны тым, што мы паехалі на экскурсію ў музейны комплекс “Бездзежскі фартушок”. Там школьнікі пазнаёміліся з даўнішнім побытам і прыладамі працы нашых продкаў, даведаліся, што такое прач, трапалка і дзе выкарыстоўваліся гэтыя і іншыя рэчы. Хлопчыкам цікава было паглядзець на прылады для лоўлі рыбы, паспрабаваць круціць жарнавы, а дзяўчынак уразілі прыгожыя ўзоры на фартухах, спадабалася прасці і ткаць. Некаторым вучням было дазволена апрануцца ў нацыянальны беларускі касцюм. На падворку “Каля Плэса” дзеці змаглі паспрабаваць пілаваць дровы, пакатацца на арэлях, праехаць на распісным конным вазку. Дзякуючы экскурсіі ў беларускую этнасялянскую хату і на падворак, вандроўнікі адчулі сябе жыхарамі таго часу, калі не было тэлевізараў, камп’ютараў і калі людзі жылі са сваёй натуральнай гаспадаркі.
А нашы адзінаццацікласнікі на працягу многіх гадоў у апошнія дні навучальнага года наведваюць Брэсцкую крэпасць-герой, і сёлетнія выпускнікі прадоўжылі гэтую добрую традыцыю. Акрамя таго, 31 мая юныя мастакі Антопальскай школы падтрымалі акцыю “Мы супраць тытуню!”, у ходзе якой яны малявалі крэйдай на асфальце. Атрымалася шмат прыгожых і яркіх выяў.
Апошні навучальны дзень для вучняў Антопальскай сярэдняй школы прайшоў цудоўна і на пазітыве. Хтосьці палепшыў стан здароўя, а хтосьці пашырыў веды пра гісторыю роднага краю, але пры гэтым усе з добрым настроем праводзілі вясну і сустракалі лета…

Кацярына ШЧЭРБАЧ,
юны карэспандэнт, Антопальская СШ

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В Дрогичине прошел районный этап спортивно-патриотической игры «Зарница»

Площадкой для проведения игры, приуроченной в этом году к...

Александр Лукашенко раскрыл планы беглых и предупредил: разговор с ними не будет длинным

Президент Беларуси, председатель ВНС Александр Лукашенко на заседании VII...

Александр Лукашенко рассказал о наращивании ударно-наступательного потенциала НАТО вокруг Беларуси

Президент Беларуси, председатель VII Всебелорусского народного собрания Александр Лукашенко...