spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

Народныя традыцыі святкавання Вялікдня

Дата:

Вялікдзень – гэта свята Хрыстова Уваскрэсення і магчымасць для кожнага чалавека праз пакуты і выпрабаванні Спасіцеля духоўна ачысціцца і атрымаць вечнае жыццё душы. На Палессі нашы продкі старанна рыхтаваліся да гэтага дня, не толькі прыбіралі ў хаце, ушаноўвалі сваіх памерлых родзічаў, сваякоў, наводзячы парадак на могілках, але і клапаціліся аб добрых адносінах з суседзямі, аднавяскоўцамі: забываліся пра ўсе спрэчкі і сваркі, прасілі прабачэння, калі кагосьці пакрыўдзілі, самі выбачалі ўсіх. Вялікдзень заўсёды быў днём радасці і ўшанавання Бога. 

Вядома, што Вялікадню папярэднічае саракадзённы пост, які яшчэ называюць Вялікім пастом. Звычайнае меню, што было на стале жыхара Палесся ў тыя дні, – гэта макуха, каша з проса, смажаная рыба, з напояў – квас з грыбамі. Акрамя таго, з гэтым перыядам звязаны і народныя прыкметы, што тычацца надвор’я. Калі ў першы дзень паста было сонечна, то надыходзячая вясна парадуе сваёй цеплынёй, ці наадварот, калі непагодзілася, то чакай халоднага надвор’я і дажджоў. Другі дзень звычайна сведчыў пра тое, якім будзе лета, а трэці даваў адпаведны прагноз на восень.

У папярэднюю нядзелю перад Вялікднем па хрысціянскай традыцыі святкуецца Уваход Гасподні ў Іерусалім. У гэты дзень людзі звычайна ходзяць у царкву свяціць вярбу, што сімвалізуе пальмавыя галінкі, з якімі жыхары горада ўрачыста сустракалі Хрыста. Кожны, мабыць, памятае словы, з якімі нас сімвалічна “білі” ў дзяцінстве старэйшыя вярбой: “Не я б’ю – вярба б’е… На тыдзень Вялікдзень…” і гэтак далей. “Павіншаваўшы” такім чынам усіх членаў сям’і і жывёлу, асвечаную ў царкве вярбу захоўвалі ў хаце на працягу ўсяго года.

– У перадвелікодны тыдзень быў строгі пост, – кажа жыхарка вёскі Пярэспа Сафія Сцяпанаўна Старыновіч. Найбольш набажныя людзі з чацвярга ўвогуле адмаўляліся ад ежы аж да самага свята. Больш, канешне, гэтага неабавязковага правіла прытрымліваліся жанчыны і тыя, хто не выконваў цяжкую фізічную працу. У так званы “чысты” чацвер гаспадыня старанна мыла падлогу, прыбірала ў хаце, вешала ручнікі на абразы, наводзіўся парадак і на могілках. Увечары ўсёй сям’ёй сядалі за стол, запальвалі свечку, маліліся, частаваліся постнай ежай. Гэта ў сваю чаргу сімвалізавала Тайную вячэру Іісуса Хрыста і апосталаў.

У страсную пятніцу днём яшчэ можна было працаваць да таго моманту, калі з царквы не пачнуць выносіць Плашчаніцу з алтара храма. Неслі яе звычайна маладыя нежанатыя хлопцы. Тыя, у каго балела спіна, маглі ісці пад Плашчаніцай, і лічылася, што гэтая хвароба пройдзе.

У суботу ўсе спяшаліся на ўсяночную службу ў царкву. Апоўначы бацюшка запальваў свечкі ў храме і звяртаўся да прыхаджан са словамі: “Хрыстос Уваскрос!”

Кажуць, што раніцай на Вялікдзень, калі сонца яшчэ толькі ўзыходзіць, можна заўважыць, што яно нібы хрысціцца. На яго дыску на некалькі імгненняў з’яўляецца і потым знікае цёмная выява крыжа. “Гэта можа паўтарыцца некалькі разоў. Але такое дзіва бывае не на кожны Вялікдзень”, – кажа жыхарка аграгарадка Вулька Сіманавіцкая Еўдакія Ігнацьеўна Зіновіч.

Разам са сваім мужам Фёдарам Фёдаравічам яны расказалі пра тое, што сяляне рабілі на сам Вялікдзень. Святочны стол як ніколі быў багаты на розныя смачныя стравы: мяса, каўбасы, халадзец, пірагі, булкі, з напояў – віно, гарэлка, кампот і іншыя. Канешне, былі свянчоныя яйкі і кулічы. Запальвалася свечка, і разам з гаспадаром усе чыталі малітву.

Пасля застолля свята працягвалася. На вуліцах было шмат дзяцей, моладзі, як юнакоў, так і дзяўчат. Усе весела праводзілі час у гульнях, ігрышчах, рабілі сапраўдныя спаборніцтвы, вызначаючы, чыё вялікоднае яечка мацнейшае. Фёдар Фёдаравіч узгадвае, што некаторыя з юнакоў ішлі на хітрасць. Высмактвалі сырое яйка і ўнутр яго залівалі воск або смалу, замазаўшы дзірачку воскам. Так яно, зразумела, было мацнейшае за ўсіх. А вось калі падман быў выкрыты, юнаку нічога не заставалася, як уцякаць, каб не атрымаць тумакоў ад равеснікаў. Цукерак ці іншых смакаў на вёсцы тады не было, таму галоўным пачастункам для дзяцей былі фарбаваныя яйкі на Вялікдзень. Скарлупку ад іх не выкідвалі, а пасля свята неслі ў поле, клалі ў зямлю, каб летась быў добры ўраджай.

Дарослыя на Вялікдзень звычайна наведваліся ў госці, па суседзях ці сваяках. Вечарам на вёсцы можна было пачуць радасныя спевы, звон гармоні. Як моладзь, так і старэйшыя – усе весела праводзілі час. Так праходзілі ўсе тры святочныя дні, а земляробчыя работы пачыналіся звычайна ў чацвер. Калі Вялікдзень быў познім, то па традыцыі адразу пасля яго вяскоўцы садзілі бульбу.

Менавіта так адзначалі свята на Палессі. Штосьці з гэтага захавалася і сёння, штосьці засталося толькі ва ўспамінах сталых людзей, але як і раней, Вялікдзень лічыцца днём вялікай радасці і яднання чалавека з Богам.

Андрэй РАСАФОНАЎ

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

РИКЗ: удаленные с ЦЭ будут пересдавать экзамен в августе, поступить они смогут только в колледжи

Удаленные с централизованного экзамена за нарушение правил его проведения...

Два бухгалтера в Дрогичинском районе присвоили деньги и товары почти на Br260 тыс.

Прокуратура Дрогичинского района поддержала в суде государственное обвинение по...

В Дрогичинском военном комиссариате 16 апреля прошел День призывника

Сказать теплые напутственные слова и вручить в торжественной обстановке...

В Дрогичинском районе почтили память жителей деревни Сварынь, убитых в годы войны

Сегодня, 16 апреля, исполнилось 80 лет, как фашистскими карателями...