spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

Сваімі вачыма. “Зрабілі гучна” ў Лідзе

Дата:

7 верасня – у той дзень, калі многія жыхары нашай вобласці і іншых рэгіёнаў наведалі свята, прысвечанае 1000-годдзю горада Брэста, – мы з жонкай Кацярынайтаксама вырашылі весела і з карысцю для сябе правесці гэты уік-энд. Але ж паехалі не ў абласны цэнтр, а на Гродзеншчыну, на піўны фестываль “Лідбір”, які праходзіць кожны год у Лідзе. Чаму туды? Не скажу, што там было больш цікава, чым у Брэсце, але гэтае маленькае падарожжа абяцала нам экскурсію на завод ААТ “Лідскае піва” і канцэрт з удзелам такіх знакамітых выканаўцаў, як легенды рускага рока, гурты “Сплин” і “Чайф”. Іх музыку я слухаў яшчэ ў сярэднім школьным узросце. Жонка такі варыянт падтрымала.

Ідэя наведаць піўны фестываль у Лідзе з’явілася яшчэ загадзя, у ліпені. Каб набыць білеты ў зону канцэрта, нікуды ехаць не спатрэбілася, іх мы змаглі купіць на сайце “Тыкетпро”. Каштавалі яны ўсяго па 29 рублёў. Усе астатнія мерапрыемствы на фестывалі былі бясплатнымі. І вось у назначаны дзень мы пакінулі дзіця з бабуляй і дзядуляй у Івацэвічах, адтуль паехалі чыгункай у Ліду з перасадкай на другі цягнік у Баранавічах.

Магчыма, многія з чытачоў былі ўжо ў гэтым горадзе, што на Гродзеншчыне, а калі не былі, то, напэўна, ведаюць, чым ён знакаміты і што ў ім ёсць цікавага для турыстаў. Некалькі слоў пра славутасці Ліды. Па-першае, замак, пабудаваны князем Вялікага княства Літоўскага Гедымінам у 14 стагоддзі, і духоўная святыня – касцёл Узвышэння Святога Крыжа, які з’явіўся побач з умацаваннем праз чатыры стагоддзі. Славіцца Ліда сваёй вытворчасцю будаўнічых матэрыялаў, лакафарбавых вырабаў, у Лідскім раёне дзейнічае вядомы на ўсю краіну шклозавод “Нёман”. Дарэчы, назва горада паходзіць ад мясцовай ракі Лідзейкі.

Ідзем далей. Цяпер менавіта пра фестываль хмелю, соладу і вады, як яго называюць арганізатары гэтага свята. Што падрыхтавалі лідскія півавары для мясцовых жыхароў і гасцей горада ў гэтым годзе? Фудкорт, гульні і музычныя прадстаўленні вакол Лідскага замка, інтэрактыўны квэст і шмат іншых цікавых мерапрыемстваў. Свае лепшыя вырабы дэманстравалі рамеснікі. Таксама кожны, хто наведаў фестываль, меў магчымасць набыць памятны сувенір. Была і дзіцячая зона, і, канешне, які піўны фестываль без піва? Для тых, хто жадаў пакаштаваць гэты пенны напой, адвялі спецыяльныя зоны адпачынку. Акрамя звычайных хот-догаў, піц, шаурмы і іншых вырабаў фаст-фуда, была і прадукцыя гандлёвых марак “Пятруха” і “Лэйс”.

Дарэчы, у гэты дзень жыхары Ліды святкавалі і 696-годдзе з Дня заснавання свайго горада. Ля паўночнай сцяны замка адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка князю Гедыміну.

 Днём галоўныя мерапрыемствы праходзілі на малой сцэне побач з вуліцай Савецкай. Там і адбылося ўрачыстае адкрыццё фестывалю, які у гэтым годзе праходзіў пад дэвізам “Зробім гучна”. Крыху пазней свае лепшыя песні падарылі гледачам маладыя беларускія гурты: “Вектар”, “Перфект Лайф”, “Хуткі Смоўж”, “Джон Конар” і іншыя.

Але нас больш цікавіла перспектыва пазнаёміцца з сакрэтамі мясцовых півавараў, трапіўшы на бясплатную, як абяцала праграма фестывалю, экскурсію на завод ААТ “Лідскае піва”. Таму ля замка мы прабылі нядоўга і накіраваліся на вуліцу Міцкевіча, дзе знаходзіцца гэтае прадпрыемства. Жадаючых пазнаёміцца з вытворчымі працэсамі вырабу піва было шмат, таму нам прыйшлося адстаяць паўтары гадзіны ў вялікай чарзе. Але ж нарэшце былі ўзнагароджаны за сваю стойкасць і атрымалі білеты на экскурсію.

Піўны завод у Лідзе ў 1876 годзе заснаваў мясцовы жыхар Носель Пупко. Першы гатунак піва, які тут разлівалі – “Сталовае”. Тады на бутэльцы можна было ўбачыць кляймо лідскага завода – алень, які абапіраецца на бочку. Далей, у розныя часы ў Лідзе варылі розныя гатункі гэтага слабаалкагольнага напою: “Царское”, “Дубальтовое”, “Венское”, “Лідскае”, “Жыгулёўскае” і інш. Акрамя піва – яшчэ і газіраваную ваду, ліманад і квас. Былі часы сухога закону, калі на заводзе выраблялі толькі безалкагольную прадукцыю. У 2008 годзе сюды прыйшоў інвестар. Гэта фінскі канцэрн Olvi Oyi, якая значна мадэрнізавала тут піваварную вытворчасць.

Сёння ААТ “Лідскае піва” – трэцяе ў свеце прадпрыемства, на якім разліваюць піва Warsteiner Premium Verum. Сумесь хмелю і дрожджы для яго прывозяць з Германіі. Акрамя вядомых у нашай краіне гандлёвых марак піва, як напрыклад “Жыгулёўскае”, “Лідскае”, Pilsner, Koronet і іншых, тут выпускаюць безалкагольныя напоі: “Усе вітаміны”, энэргетык “Дынаміт”, “Фіз”, мінеральную ваду “Аура”. У 2015-м годзе завод атрымаў ліцэнзію на вытворчасць “Пэпсі”, “Мірында” і “7 АП”.

Вада, солад, хмель і дрожджы – традыцыйныя інгрэдыенты, з якіх робяць піва. Магчыма дабаўленне і іншых кампанентаў, каб у хмельным напоі, напрыклад, адчуваўся прыемны смак садавіны ці ягад. Каб атрымаць гатовае піва, патрэбна ад некалькіх тыдняў да двух месяцаў. Даведаліся мы і пра так званае жывое піва. Звычайна так называюць нефільтраванае і непастэрызаванае піва. Лічыцца, што яно больш смачнае і карыснае, таму што яшчэ не згубіла шэраг натуральных рэчываў і мікраэлементаў. На Беларусі за ім замацавалася прыгожая назва – Зоська (як і жаночае імя).

– Але ж калі вы пабачыце недзе ў аб’ектах гандлю шыльду з надпісам“Жывое піва”, – не верце, хутчэй за ўсё гэта маркетынгавы ход, таму што такі напой мае вельмі кароткі тэрмін прыгоднасці – усяго некалькі дзён, – даведаліся мы ад экскурсавода.

Што яшчэ здзівіла падчас наведвання піваварнага завода? На яго тэрыторыі размешчана вельмі шмат пастак для мышэй і пацукоў, і за імі наглядае спецыяльны работнік. Што зробіш, на прадпрыемстве кожны дзень знаходзіцца шмат збожжа, якое патрэбна ахоўваць ад грызуноў.

І нарэшце самае відовішчнае мерапрыемтва фестывалю – вялікі гала-канцэрт з удзелам знакамітых беларускіх і замежных выканаўцаў. Ён адбыўся на галоўнай сцэне побач з гарадскім Домам культуры. Спачатку выступілі беларускія калектывы: “Маўчаць дома”, AKUTE, YELLOW ARC 6. Пераважна жаночая палова публікі з захапленнем слухала песні папулярнага гурта з Украіны “Агонь”. Юнакі і дзяўчаты дачакаліся выступлення зоркі хіп-хопа з Расіі Элджэя. А завяршылі гала-канцэрт прадстаўнікі рускага року. Аляксандр Васільеў – саліст групы “Сплин” – вядомы ў Расіі і Беларусі дзякуючы сваім песням: “Гни свою линию”, “Выхода нет”, “Орбит без сахара”. Гэтыя і іншыя хіты артыст выканаў для гасцей фестывалю. Многія гледачы з вялікім задавальненнем спявалі разам з гуртам “Чайф” іх знакамітую кампазіцыю “Ой-йо”, і не толькі яе.

Увогуле, спадабалася нам у Лідзе. Нават нягледзячы на тое, што цэны на піва і прадукты фаст-фуда прыкметна кусаліся. Калі ёсць жаданне, прыязджайце на піўны фестываль у сталіцу броварства ў наступным годзе. Можа, Ліда сустрэне вас гэтак жа цёпла, як сустрэла нас у той дзень.

Андрэй РАСАФОНАЎ
Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Активисты и общественники Дрогичинщины в рамках республиканского субботника приняли участие в акции «Время помнить»

В данной акции участие приняли Дрогичинская районная организация БРСМ,...

Магазины, рынки, такси, услуги на дому: когда покупателям должны выдавать чек

В соответствии с Налоговым кодексом Республики Беларусь, при реализации...

Вспашка и культивация. Как оказывать услуги, не нарушая законодательство

С наступлением весны растет популярность таких видов деятельности, как...

Дроботы и Сороцни: ищем решение проблем

Середина апреля – на календаре 15‑е число, понедельник. Весна...