ТЭХНІЦЫ – ЯКАСНЫ РАМОНТ І НАДЗЕЙНАЕ ЗАХОЎВАННЕ

, , Leave a comment

Сёння сельскую гаспадарку немагчыма ўявіць без механізацыі вытворчых працэсаў. У апошнія гады на палях раёна паявілася нямала найноўшых машын  і агрэгатаў, якія значна аблегчылі працу сялян і садзейнічаюць інтэнсіўнаму развіццю земляробства. Праўда, тэхніка цяпер каштуе вельмі дорага. Таму надзейныя клопаты пра яе – адна з галоўных задач інжынерных службаў, майстроў-наладчыкаў і механізатараў.
Хочацца адзначыць, што і сёлета, як і ў папярэднія гады, хлебаробы раёна папрацавалі старанна.  Пераадольваючы цяжкасці, выкліканыя неспрыяльнымі ўмовамі надвор’я, яны вырасцілі добры ўраджай збожжа, бульбы, цукровых буракоў і іншых культур. Не так даўно палеткі гаспадарак пакінулі апошнія агрэгаты, якія былі заняты ўздымам зябліва.
Цяпер думкі і дзеянні сельскіх працаўнікоў, асабліва тых, хто звязаны з тэхнікай,  яе рамонтам і абслугоўваннем, накіраваны на тое, каб сустрэць вясну ў поўным узбраенні, правесці палявыя работы ў лепшыя тэрміны і на высокім агратэх-нічным узроўні. А ажыццявіць намечанае можна будзе толькі  ў тым выпадку, калі паўсюдна   ўсю тэхніку своечасова паставяць на лінейку гатоўнасці.
Заслугоўвае ўвагі той факт, што сёлета на добраўпарадкаванне і навядзенне належнага парадку на машынных дварах затрачана 903,98 мільёна рублёў, у тым ліку 450 мільёнаў на асфальтаванне іх тэрыторый. Асабліва вялікія аб’ёмы работ выканалі ў СВК “Імянінскі”. Тут адрамантавалі дахі павецяў і гаражоў для захоўвання тэхнікі і  аўтамабіляў, пакрылі асфальтам пляцоўку для складзіравання металалому і мыйкі сельгастэхнікі, вы-дзелілі зону для правядзення тэхабслугоўвання энерганасычаных агрэгатаў і г.д. 14 кастрычніка на базе гаспадаркі адбыўся абласны семінар-нарада па пытаннях пастаноўкі тэхнікі на зімовае захоўванне і яе рамонту.
Адразу пасля заканчэння палявых работ у сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах “Асавецкі”, “Імянінскі”, “Пенякова”, “Асіпавічы” і “Аляксеевічы-Агра” прыняліся за прывядзенне ў належны парадак тэхнікі, якая замацавана за механізатарамі. На машынныя двары былі дастаўлены розныя агрэгаты і механізмы, старанна ачышчаныя і памытыя. Правялі іх дэфектоўку, вызначылі аб’ёмы работ і ліміты затрат. Няспраўныя вузлы камбайнаў, іншай складанай тэхнікі, як правіла, здымалі і адпраўлялі ў спецыялізаваныя майстэрні. Прычапныя прылады ставіліся па ўсіх правілах дзяржстандарту на працяглае захоўванне.
У гэтыя дні ў названых гаспадарках рамонт тэхнікі праводзіцца сіламі пастаянных спецзвенняў і механізатараў па загадзя распрацаваных планах-графіках. Характэрнай асаблівасцю з’яўляецца тое, што тут не чакаюць пасіўна, пакуль некаторыя запасныя часткі закупяць, а наладзілі дакладную рэстаўрацыю лемяхоў, зубоў культыватараў, дыскаў цяжкіх барон і іншых рабочых органаў сельгастэхнікі. Такая арганізацыя справы дазволіла ставіць на лінейку гатоўнасці прычапны інвентар, як кажуць, без аўралаў і лішняй мітусні, працаваць рытмічна і дасягаць высокай якасці рамонту. Пры гэтым значная ўвага надаецца ашчаднаму расходаванню матэрыяльна-тэхнічных сродкаў, тых жа запчастак, паліва, змазачных матэрыялаў, паляпшэнню ўмоў працы і павышэнню яе прадукцыйнасці.
Дарэчы, наяўныя пункты тэхнічнага абслугоўвання ў СВК “Аляксеевічы-Агра”, “Пенякова” “Бездзеж-Агра”, “Асавецкі”, “Брашэвічы” і племзаводзе “Заказельскі” і іншых сельгаспрадпрыемствах укамплектаваны майстрамі-наладчыкамі і выкарыстоўваюцца па прамому прызначэнню ў адпаведнасці з сучаснымі патрабаваннямі. Тут ёсць увесь пералік неабходнай дакументацыі, прыстасаванняў для праверкі паліўнай апаратуры, электраабсталявання трактароў і аўтамабіляў.
Зараз сіламі ААТ “Драгічынскі райаграсэрвіс” наладжана планавае тэхнічнае абслу- гоўванне энерганасычаных трактароў. Для гэтай мэты актыўна выкарыстоўваецца і перасоўны камплект абсталявання для правядзення тэхабслугоўвання непасрэдна з выездам у гаспадаркі на базе аўтамабіля “ГАЗель”.
На жаль, так наладжана справа далёка не ўсюды. Не арганізавалі, як належыць, пастаноўку тэхнікі на зімовае за- хоўванне ў СВК “Прыазёрскі”, “Бездзеж-Агра”, ПВУП “Гутава”. Дрэнна ў названых гаспадарках вядзецца рамонт трактароў і прычапнога інвентару.
Пункты тэхнічнага абслу- гоўвання СВК “Радастаўскі”, “Прыазёрскі”, “Агра-Дзеткавічы” і ПВУП “Гутава” не адпавядаюць патрабаванням часу. Справа ў тым, што тут няма неабходнага абсталявання і не хапае майстроў-наладчыкаў.
Як правіла, цэнтральныя рамонтныя майстэрні машынных двароў маюць станочнае абсталяванне і прыстасаванні для правядзення рамонту тэхнікі. Ва ўсіх майстэрнях наладжана ацяпленне. Асабліва добрыя бытавыя ўмовы створаны для рамонтнікаў у КСУП “Племзавод “Заказельскі”, СВК “Пенякова”, “Асавецкі”, “Імянінскі” і “Асіпавічы”. Аднак у СВК “Радастаўскі”, “Ліпніцкі”, “Аляксеевічы-Агра”, райаграсэрвісе бытавыя памяшканні патрабуюць касметычнага рамонту і аснашчэння згодна патрабаванняў санітарных норм.
У сельгасарганізацыях раёна ёсць 35 павецяў для захоўвання тэхнікі. Аднак у 9 з іх неабходны рамонт дахаў і дзвярэй. У першую чаргу гэта тычыцца СВК “Бездзеж-Агра”, “Брашэвічы”, “Ліпніцкі”, ПВУП “Гутава” і ААТ “Драгічынскі камбікормавы завод”.
Вядома, пры рамонце тэхнікі ніякай паспешлівасці не павінна быць, інакш не пазбегчы дрэннай якасці выконваемых работ. У сувязі з гэтым спецыялісты гаспадарак, адказныя работнікі райаграсэрвісу справу павінны арганізаваць так, каб да пачатку веснавых палявых работ на лінейку гатоўнасці паступалі толькі абкатаныя і дасканала адрэгуляваныя машыны.
Своечасовая і якасная падрыхтоўка ўсёй сельскагаспадарчай тэхнікі – адказная задача. Для яе паспяховага вырашэння павінна быць прыцягнута пастаянная ўвага інжынерна-тэхнічных работнікаў, кіраўнікоў гаспадарак і райаграсэрвісу. Гэта дасць магчымасць вясенне-палявыя работы правесці ў сціслыя тэрміны і пры высокай якасці.
Уладзімір ГУК,
начальнік райінспекцыі дзяржтэхнагляду
Аляксей СЯРГЕЙ,
адказны сакратар рэдакцыі райгазеты
(Visited 51 times, 1 visits today)
 

Оставьте комментарий

(*) Required, Your email will not be published