У Завершы адбыліся ўрачыстасці, прысвечаныя 500-годдзю вёскі

0
122

Сонца хілілася за поўдзень, абдаючы наваколле жнівеньскай гарачынёй. Але ж, нягледзячы на нязвыкла спякотнае надвор’е, якое ўсталявалася ў прыродзе і паспела парадкам паднадакучыць, у мінулую нядзелю жыхары вёскі Заверша дружна сыходзіліся ля сельскага Дома культуры, дзе на адкрытай імправізаванай сцэне ладзілася мерапрыемства з нагоды 500-гадовага юбілею гэтага населенага пункта.

Хтосьці прысаджваўся на лаўках, каб быць бліжэй да сцэны, другія ж масціліся ў цяністай прахалодзе ля прыватных дамоў, што стаялі насупраць установы культуры. Побач быў раскінуты батут, устаноўлены арэлі для дзіцячых забаў, з’явіліся невялікія выязныя гандлёвыя прылаўкі. Прысутныя з цікавасцю абступілі месца, дзе былі выстаўлены зграбныя рукатворныя вырабы рамесніка Марыі Іванаўны Кожух, якая прыехала на свята з мужам, ураджэнцам Заверша Мікалаем Маісеевічам Міневічам. На іх прылаўку можна было набыць самаробныя драўляныя рэчы – скарбонкі, ключніцы, рамкі, аздобленыя разнастайнымі малюнкамі. Адметна і тое, што народныя ўмельцы не забыліся і пра знакамітыя тутэйшыя куфэркі: яны вырабляюць іх у паменшаным выглядзе ў якасці сувенірнай прадукцыі.

– Мы зусім нядаўна вярнуліся са “Славянскага базару”, дзе традыцыйна прадстаўляем сваю самабытную прадукцыю, якая за гэты час знайшла адданых прыхільнікаў не толькі ў суседняй Расіі, але і ў іншых краінах свету. А тут даведаліся, што Заверша адзначае юбілей, і вырашылі наведаць сваю матулю, Ніну Сцяпанаўну, а заадно далучыцца і да вясковага свята, – дапаўняючы адзін другога, расказваюць Марыя Іванаўна і Мікалай Маісеевіч.

Мікалай Маісеевіч Міневіч і яго жонка, рамеснік Марыя Іванаўна Кожух, са сваёй самаробнай сувенірнай прадукцыяй

Зрэшты, гэтым і прывабліваюць сучасныя святы вёсак, што даюць магчымасць сустрэцца з землякамі, адкрыць самабытныя таленты сельскай глыбінкі, узгадаць гісторыю канкрэтнага населенага пункта і данесці маладым, падрастаючаму пакаленню, што і да іх тут нараджаліся, раслі, жылі і адсюль выходзілі ў свет дастойныя людзі, якія славілі гэтыя мясціны добрымі справамі…

Старшыня Завершскай пярвічнай ветэранскай арганізацыі Марыя Іванаўна Мінзер уручае грамату выпускніку сельскай школы Расціславу Вакульчыку за дапамогу пажылым людзям

Свята вёскі Заверша адкрываюць узнёслыя словы вядучых, Алы Васільеўны Каранковіч і Ірыны Мікалаеўны Капітан, і песня ў выкананні таленавітага трыо ў складзе юных мясцовых салістаў Вольгі Гваздоўскай, Аляксандра Сянюты і Алесі Крэйдзіч.

 Пазней на сцэну будзе запрошана ветэран педагагічнай працы Л.М. Каранковіч, якая многія гады разам са школьнікамі займалася краязнаўствам і добра ведае гісторыю тутэйшай вёскі. У сваім выступленні Лідзія Мікалаеўна раскажа аб тым, якія глыбокія раны пакінулі ў гэтым краі Першая Сусветная і Вялікая Айчынная войны.

Падзячным пісьмом сельвыканкама адзначаны стараста вёскі Заверша, пенсіянер Іван Сцяпанавіч Шпак

– У свой час наш пажылы аднавясковец Зміцер Радэня, якога мы са школьнікамі наведвалі, узгадваў, што на пэўным этапе Першай Сусветнай вайны ў Завершы стаялі нямецкія войскі, а ў суседнім Мікіцку – рускія. Цэлы тыдзень між імі ішлі баі, у выніку чаго заходняя частка Заверша амаль поўнасцю згарэла. Але перамаглі германскія салдаты, а рускія пакінулі свае пазіцыі. Пасля шматдзённых баёў засталося ляжаць многа забітых. І немцы сабралі ўсіх загінулых, выкапалі вялікі катлаван, пасярэдзіне якога злажылі мёртвых рускіх салдат, а па баках – немцаў. Над магілай насыпалі невялікі курган, які і цяпер завецца “нямецкай гарой”. Хаця перад Вялікай Айчыннай вайной было перазахаванне: астанкі германцаў былі перанесены на нямецкія могілкі бліз вёскі Сіманавічы, а рускія салдаты перазахаваны ў брацкай магіле на тэрыторыі вясковага сквера, – нагадала педагог-краявед гэты і многія іншыя гістарычныя факты з жыцця колішняй вёскі.

 Зараз, як адзначыла Л.М.Каранковіч, у Завершы пражывае каля 300 чалавек. Большасць працаздольнага насельніцтва мае работу ў сельгаставарыстве “Бездзеж-Агра”, а таксама на прыватных вытворчых аб’ектах, якія адкрыты і паспяхова развіваюцца ў гэтай невялічкай вёсцы, з якой выйшла і нямала таленавітых творчых людзей. У прыватнасці, многія вяскоўцы сталі прататыпамі апавяданняў ураджэнца тутэйшых мясцін, пісьменніка, паэта, журналіста Анатоля Крэйдзіча, які прысвяціў сваёй малой радзіме наступныя вершаваныя радкі:

“Вёска мая – Заверша –
Стагі па ўсёй струзе вершыць.
З двара твайго крок мой першы…
Я да тваіх алешын
Сэрцам прырос, Заверша.
Песня мая – Заверша!
На золку, – як сэрца – сонца.
А неба чысцей і вышэй,
Пяшчотней гараць ваконцы,
Чым дзе, у маім Завершы.
Я – сцежка твая, Заверша,
Хмурынка над роднаю хатай,
Што з цёплага коміна выйшла.
Да скону я твой араты
І зерне тваё, Заверша”.

У ходзе мерапрыемства неаднаразова адзначалася, што ў гэтай вёсцы жывуць вельмі працавітыя людзі, якія сваім стараннем уносяць заўважны ўклад у добраўпарадкаванне ўсяго населенага пункта. Як аказалася, напярэдадні свята ў Завершы быў праведзены выязны конкурс-агляд на лепшае падвор’е. І старшыня Бездзежскага сельвыканкама Інэса Аляксееўна Каласей наведала мерапрыемства з прыемнай місіяй – узнагародзіць і павіншаваць дбайных гаспадароў, у ліку якіх былі названы – Ірына Анатольеўна Капітан, сем’і Мікалая Лявонцьевіча і Марыі Іванаўны Мінзер, Вячаслава Паўлавіча і Таццяны Міхайлаўны Родак. Падзячным пісьмом сельвыканкама за асабісты ўклад у развіццё Заверша быў адзначаны і стараста вёскі, пенсіянер Іван Сцяпанавіч Шпак. Такім жа чынам былі заахвочаны і тутэйшыя жыхаркі Лідзія Мікалаеўна Каранковіч і Ала Васільеўна Каранковіч – за актыўную грамадзянскую пазіцыю і ўдзел у жыцці свайго населенага пункта.

Гонарам вёскі Заверша заўжды была і застаецца Марыя Іванаўна Мінзер – былы дырэктар вясковай школы, а зараз – старшыня тутэйшай ветэранскай арганізацыі. У гэтыя мясціны яна прыехала зусім маладзенькай настаўніцай і больш за паўвеку жыве сярод тутэйшых людзей, сваім жыццём і справамі сцвярджаючы аўтарытэт настаўніка-інтэлігента, які ў любых абставінах нясе мір, святло і спагаду ў сваёй душы і захоўвае чалавечнасць, прыстойнасць, добразычлівасць у адносінах да іншых. У свой час дзейнасць М.І. Мінзер была адзначана ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга, знакам “Выдатнік асветы СССР”, іншымі высокімі ўзнагародамі.

А ў дзень святкавання 500-гадовага юбілею Заверша Марыя Іванаўна выйшла на сцэну, каб ушанаваць іншых. Яна распавяла аб тым, што на працягу апошніх пяці гадоў вучні выпускнога класа тутэйшай базавай школы разам са сваім класным кіраўніком Алай Мікалаеўнай Ярмац і з прадстаўнікамі ветэранскай арганізацыі наведвалі пажылых аднавяскоўцаў, па меры магчымасці дапамагалі і падтрымлівалі іх, арганізоўвалі іншыя сумесныя мерапрыемствы, і з гэтай нагоды Марыя Іванаўна адзначыла граматамі самых актыўных юных паплечнікаў Вольгу Гваздоўскую, Расціслава Вакульчыка, Аляксандру Паўлюковіч, Марыну Мартыновіч.

Традыцыйна на свяце вёскі віншавалі самую пажылую жыхарку тутэйшых мясцін, якой з’яўляецца 93-гадовая Раіса Юльянаўна Валковіч, сямейных юбіляраў і імяніннікаў. Было адзначана, што акурат у гэты дзень – 5 жніўня, свой дзень нараджэння святкуюць Міхаіл Міхайлавіч Супрун, якому споўнілася 50 гадоў, і 90-гадовая Надзея Георгіеўна Страпка. Не засталася без падарунка і самая маленькая жыхарка Заверша – Вераніка, якая нарадзілася ў сям’і Сяргея Васільевіча і Аляксандры Сяргееўны Карпік. Нямала добрых слоў прагучала і ў адрас шматдзетнай сям’і Кацярыны Паўлаўны і Сяргея Мікалаевіча Вакульчык, якія гадуюць пяцёра непаўналетніх дзяцей – Сашу, Наташу, Таню, Насцю і Марыйку. На вясковым свяце было ўзгадана і шмат іншых імён тутэйшых жыхароў, якія і сёння славяць Заверша сваёй працай, прыстойным жыццём і добрымі справамі. Ім і ўсім прысутным былі адрасаваны яркія канцэртныя нумары ў выкананні Аляксандра Карыціча, Ніны Чылей, Ганны Лукашэвіч, Вольгі Гваздоўскай, Аляксандра Сянюты, Алесі Крэйдзіч, удзельніц калектыва “Крынічанька” Завершскай установы культуры Наталлі Мартыновіч і Ганны Крэйдзіч, ансамбля “Палясяначка” Равінскага Дома культуры.

У ліку заахвочаных на свяце вёскі – шматдзетная сям’я Кацярыны Паўлаўны і Сяргея Мікалаевіча Вакульчык

Былі названы і спонсары агульнавясковага свята, якімі выступілі: сельгаспрадпрыемства “Бездзеж-Агра” і яго дырэктар Юрый Андрэевіч Саўчук, цэх “Клуб “Фарм-Эко” пад кіраўніцтвам Мікалая Мікалаевіча Дудзіна, фермерская гаспадарка “Білевіч-групп”, прыватнае прадпрыемства “Капітан В.В.”, прадпрымальнік Ірына Пятроўна Дашкун і іншыя. Яны пасадзейнічалі і правядзенню бяспройгрышнай латарэі, якой завяршылася святочная сустрэча вяскоўцаў. Але ў Завершы яшчэ доўга гучалі адгалоскі гэтага сапраўды адметна-цудоўнага свята…

Галіна ШАФРАН
Фота аўтара

ОСТАВЬТЕ ОТВЕТ

Please enter your comment!
Please enter your name here