Хутка на палетках Драгічыншчыны пачнецца ўборка ўраджаю

, , Leave a comment

Пройдзе зусім нямнога часу і на палетках Драгічыншчыны пачнецца ўборка ўраджаю. Праца і ўменне хлебаробаў аплоцяцца толькі тады, калі жніво будзе праведзена хутка і без страт.

Агульнавядома , што поспех забяспечыць крапатлівая, настойлівая падрыхтоўка да ўборкі ўраджаю. Таму заслугоўвае пахвалы той факт, што ў большасці гаспадарак раёна своечасова правялі рамонтныя работы. Яшчэ з восені  пачалі ставіць на лінейку гатоўнасці збожжаўборачныя камбайны ў райаграсэрвісе, сельскагаспадарчых вытворчых кааператывах “Асавецкі”, “Радавецкі”, “Пенякова”.

Так, сёння не скажаш жніву пачакай. Таму пры падрыхтоўцы да яго не можа быць ніякіх дробязей. Любое ўпушчэнне пры рамонце тэхнікі, падрыхтоўцы сушыльнай і складской гаспадаркі, саломаўборачных машын і механізмаў, у арганізацыі працы ўсіх удзельнікаў уборачнага канвеера непазбежна прывядзе да страт ураджаю.

Фронт уборачных работ сёлета давядзецца выканаць вялікі. Без уліку кукурузы, проса і грэчкі трэба будзе зжаць 20302 гектары зернебабовых культур. Па стану на 10 чэрвеня ў сельгасарганізацыях раёна налічвалася 87 збожжаўборачных камбайнаў. Нагрузка на кожны з іх складае 233 гектары, а іх гатоўнасць да жніва – 93 працэнты. Дарэчы, да пачатку ўборкі плануецца атрымаць яшчэ 7 камбайнаў.

Добра папрацавалі рамонтнікі адкрытага акцыянернага таварыства “Драгічынскі райаграсэрвіс”. Усе 6 збожжаўборачных камбайнаў тут спраўныя і гатовы да выхаду ў поле. Вось што расказаў нам галоўны інжынер таварыства Юрый Пятровіч Пунько:

— Калі б не стараннасць і арганізаванасць, праяўленыя нашымі рамонтнікамі і механізатарамі ў зімовы перыяд на падрыхтоўцы да ўборкі ўраджаю, то цяпер цяжка было б разлічваць, што за кароткі час, які застаўся да жніва, можна прывесці ў баявую гатоўнасць усе камбайны і іншую ўборачную тэхніку. Тым больш, што зараз у нас, як і ў кожнай гаспадарцы, у разгары нарыхтоўка кармоў для грамадскага статка. І ў гэтай адказнай рабоце прымаюць удзел вопытныя і высокакваліфікаваныя спецыялісты сваёй справы. Яны працуюць спакойна, бо ўпэўнены ў тым, што наступная сельскагаспадарчая кампанія (жніво) не застане іх знянацку. Думаю, як і ў мінулыя гады, сёлета на ўборцы збожжавых культур тон у рабоце будуць задаваць такія нашы камбайнеры, як Дзмітрый Быцко, Васіль Астаповіч, Аляксандр Гук, Мікалай Рапінчук і іншыя.

На жаль, не ўсюды да жніва падрыхтаваліся ўсебакова. Найперш гэта тычыцца сельскагаспадарчых вытворчых кааператываў “Радастаўскі”, “Ліпніцкі”, “Агра-Дзеткавічы”. Асноўная прычына гэтага – недахоп механізатарскіх кадраў.

З   27 збожжаачышчальна-сушыльных комплексаў 23 гатовы да работы. Плануецца ў хуткім часе ўвесці ў строй яшчэ 3 сучасныя комплексы: ў СВК “Ліпніцкі”, “Бездзеж-Агра” і “Пенякова”.

Са спазненнем прыступілі да рамонту КЗСаў у СВК “Прыазёрскі” і ПВУП “Гутава”. Праводзілася сёлета работа і па мадэрнізацыі сушылкі М-819 у СВК “Брашэвічы”. Рамонт яе практычна закончаны, засталося наладзіць мантаж блокаў і ажыццявіць пуска-наладачныя работы.

Для захоўвання збожжа ў гаспадарках ёсць 106 складскіх памяшканняў. Амаль усе яны ўжо гатовы да прыёму новага ўраджаю. Своечасова правялі дэзінфекцыю амбараў у СВК “Ліпніцкі”, райаграсэрвісе, племзаводзе “Заказельскі” і іншых сельгасарганізацыях.

Падлікі паказалі, што для забеспячэння перавозкі збожжа ад камбайнаў на такі неабходна 85 аўтамабіляў. Іх у сельгасарганізацыях хапае. А вось для дастаўкі новага ўраджаю на нарыхтоўчы пункт патрабуецца 14 вялікагрузных  аўтамашын. Дзесяць іх ад-зінак выдзяляе райаграсэрвіс, а чатыры плануецца прыцягнуць з прамысловых прадпрыемстваў раёна.

Для бесперабойнай работы тэхнікі ў час жніва спатрэбіцца 1813 тон дызельнага паліва і 200 тон бензіну. Для іх набыцця неабходна 9037 млн. рублёў. Гэта вялікія фінансавыя сродкі. Таму на эканомію і рацыянальнае выкарыстанне гаруча-змазачных матэрыялаў павінна быць звернута самая пільная ўвага.

Вопыт мінулых гадоў сведчыць аб тым, што лёс ураджаю – у руках механізатараў. Таму іх трэба своечасова рыхтаваць да самаадданай працы, маральна і матэрыяльна заахвочваць у высокапрадукцыйным выкарыстанні тэхнікі. Вельмі важна, каб кожны ўдзельнік уборачных работ быў загадзя азнаёмлены не толькі з умовамі спаборніцтва на жніве, але і аплатай працы, і дакладна ведаў сваё месца ў агульным страі.

Падлічана, што на перыяд уборкі для правядзення ўсяго комплексу работ у сельгасарганізацыях раёна будуць задзейнічаны 553 механізатары, у тым ліку 180 камбайнераў. Недахоп механізатарскіх кадраў вырашана папоўніць за лік прыцягнення іх з іншых арганізацый. Дарэчы, цяпер у нашых гаспадарках праходзяць вытворчую практыку 60 навучэнцаў абласнога аграрна-вытворчага прафесіянальнага ліцэя, 40 з якіх працуюць меха-нізатарамі і слесарамі.

Кожны год жніво ў нас пачынаецца з уборкі рапсу. Вось і сёлета яго неабходна зжаць з 3500 гектараў. Для гэтага ў сельгасарганізацыях ёсць 52 прыстаўкі да збожжаўборачных камбайнаў. Нагрузка на кожны з іх складае 67,3 гектара.

У пятніцу, 24 чэрвеня, ход падрыхтоўкі да жніва разглядаўся на чарговым пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта. У спецыяльным рашэнні, прынятаму па гэтаму пытанню, вызначаны канкрэтныя даты для ліквідацыі тых ці іншых недахопаў. Таму ёсць падставы сцвярджаць, што ўборка ўраджаю ў бягучым годзе пройдзе арганізавана і якасна. Вядома, калі гэтаму яшчэ будуць садзейнічаць і спрыяльныя ўмовы надвор’я.

Аляксей СЯРГЕЙ

(Visited 38 times, 1 visits today)
 

Оставьте комментарий

(*) Required, Your email will not be published