Думаю, сёння далёка не ўсе ведаюць, што ў 1987 годзе побач з Драгічынам распачалося будаўніцтва біяхімічнага завода. У сувязі з гэтым жыхароў сталі хваляваць экалагічныя пытанні. І нездарма, бо многія вучоныя сцвярджалі, што выпуск антыбіётыкаў на новым прадпрыемстве акажа негатыўны ўплыў як на навакольнае асяроддзе, так і на здароўе людзей.

Дарэчы, у той час у нашым горадзе востра стаяла яшчэ адна праблема. Справа ў тым, што жыхары Драгічына пакутавалі, а лепш сказаць, атручваліся вадой з гарадскога водаправода, бо санэпідстанцыя афіцыйна не забараняла выкарыстоўваць яе для харчовых мэт. Утрыманне ў ёй жалеза ў 12-15 разоў перавышала дапусцімыя нормы. У асноўным вада цякла настолькі чорна-карычневая, што ў ёй нават нельга было мыць бялізну. І тым не менш у дзіцячых садках, школах, бальніцы, сталовых і кафэ варачныя катлы запаўняліся менавіта гэтай вадкасцю.

Драгічын даўно адчуваў недахоп у якаснай вадзе. І калі пачалося ўзвядзенне біяхімічнага завода, да яго прывязалі ўсе камунальныя праблемы. Сёння я не магу падрабязна праінфармаваць чытачоў пра тое, як аказаліся закапанымі ў зямлю мільёны народных грошай, як дзеля прэмій за экалогію выключылі з будаўніцтва станцыю абезжалезвання і замянілі яе неэфектыўным метадам ачысткі вады ў пласту. Словам, безадказнасць і бяздушнасць некаторых вучоных і пасадавых асоб садзейнічалі таму, што жыхары Драгічына з лішкам маглі папаўняць недабраныя “бэры” і “кюры” Чарнобыля за кошт ужывання бруднай вады і магчымых выкідаў у атмасферу вялікай колькасці антыбіётыкаў і сотняў тон вокісу вугляроду, сернага ангідрыду, попелу і г.д.

Вядома, катэгарычныя патрабаванні і ўльтыматумы – не лепшая форма вырашэння складаных задач. Але ж калі справа тычыцца здароўя людзей цэлага рэгіёна, патрэбны рашучасць і канкрэтнасць. Таму ў самыя высокія інстанцыі ад жыхароў Драгічыншчыны пачалі паступаць шматлікія пісьмы, у якіх выказвалася надзея, што ў недалёкім будучым:
– па-першае, у Драгічыне будзе ўзведзена станцыя абезжалезвання вады;
– па-другое, будзе перапрафіліраваны біяхімзавод на выпуск бясшкоднай прадукцыі;
– па-трэцяе, да кацельні завода будзе падведзены прыродны газ, як і планавалася спачатку.

Як бачым, людзі не хацелі заставацца заложнікамі саюзнага Міністэрства медыцынскай прамысловасці, яго бюракратычных гульняў і неабгрунтаваных эксперыментаў.
Прайшоў некаторы час. Карэспандэнт райгазеты сустрэўся з дырэктарам будуемага біяхімзавода А.Ф. Валаўненкам і папрасіў яго адказаць на пытанні, што найбольш хвалявалі грамадскасць. Інтэрв’ю пад рубрыкай “Па чутках і аўтарытэтна” было апублікавана ў “Запаветах Леніна” 23 сакавіка 1989 года.

У гэтым матэрыяле А.Ф. Валаўненка адзначыў, што замест пяці антыбіётыкаў плануецца вырабляць два: тылазін і біявіцын, вытворчасць якіх добра вывучана ў свеце і не ўяўляе небяспекі для экалогіі. Выпуск флаваміцыну, трыхацэтыну і фітабактэрыяміцыну вырашана не наладжваць. Замест іх намячаецца сумесная вытворчасць з адной фірмай ФРГ антыдыябетычных, супрацьязвавых лекавых прэпаратаў і прэпаратаў супраць сардэчна-сасудзістых захворванняў, а таксама ўстаноўка тэхналагічнай лініі па вырабу ў год 200 мільёнаў шпрыцоў аднаразовага прымянення.

Трэба адзначыць, што супрацоўнікі рэдакцыі газеты пастаянна трымалі на кантролі пытанне перапрафіліравання біяхімзавода. Так, 3 жніўня 1989 года ў “раёнцы” публікуецца артыкул пад загалоўкам “А воз і цяпер там…”. Яго аўтар Пётр Пратасавіцкі, старшыня пастаяннай камісіі па камунальнай, жыллёвай гаспадарцы і добраўпарадкаванню гарсавета народных дэпутатаў, падрабязна праінфармаваў чытачоў аб сітуацыі, што склалася вакол біяхімзавода. Стала вядома, што 24 сакавіка ў Маскве стварылі рабочую групу па правядзенню экалагічнай экспертызы праекта будаўніцтва прадпрыемства ў г. Драгічыне. У яе склад увайшлі 19 чалавек – прадстаўнікі галоўнай дзяржэкспертызы Дзяржкампрыроды СССР, доктары і кандыдаты тэхнічных і экалагічных навук і г.д.

На першае пасяджэнне групы, якое адбылося 30 сакавіка, у Маскву выязджалі старшыня выканкама Драгічынскага гарсавета П.В.Мельнік і прадстаўнік райсавета ветэранаў вайны і працы В.Д. Лягун, якія выступілі са сваімі прапановамі.

У першай палавіне красавіка адбылося другое пасяджэнне экспертнай рабочай групы. На ім абмяркоўваліся індывідуальныя заключэнні. Думкі экспертаў па біяхімзаводу раздзяліліся. Большасць членаў выказалася супраць узвядзення завода і ўнесла прапановы па яго перапрафіліраванню. Асобныя ж члены групы настойвалі на тым, каб будаўніцтва працягваць, улічваючы тое, што антыбіётыкі, якія павінны выпускацца на Драгічынскім БХЗ, вельмі патрэбны для лячэння і кармлення жывёлін і аховы раслін.

Далей Пётр Пратасавіцкі адзначыў, што пытанне па перапрафіліраванню завода так і не вырашылася. Як кажуць, воз і цяпер там. Пацверджанне таму – пісьмо Міністэрства медыцынскай і мікрабіялагічнай прамысловасці СССР ад 13 чэрвеня 1989 года ў адрас Драгічынскага гарсавета, у якім гаварылася: “Улічваючы востры дэфіцыт прадуктаў харчавання, ветэрынарных прэпаратаў для лячэння жывёлін, бясшкодных, але эфектыўных сродкаў аховы раслін, а таксама эфектыўнай аховы навакольнага асяроддзя і насельніцтва, Мінмедбіяпрам СССР лічыць няправільным выстаўляць прапановы аб спыненні будаўніцтва біяхімічнага завода ў г. Драгічыне”.

Як і чакалася, артыкул Пятра Рыгоравіча Пратасавіцкага выклікаў вельмі шырокі рэзананс у жыхароў раёна. Многія з іх, як сведчылі тэлефонныя званкі ў рэдакцыю, выказвалі абурэнне ў адрас мясцовых партыйных і савецкіх органаў, маўляў, яны не прымаюць ніякіх захадаў па перапрафіліраванню біяхімзавода.

Але ж гэта было зусім не так. І я напісаў карэспандэнцыю пад назвай “Глухая сцяна бюракратычнага раўнадушша”. У ёй паведамлялася, што 12 красавіка 1989 года ў Савеце Міністраў БССР адбылася спецыяльная нарада, на якой сумесна з прадстаўнікамі Мінмедбіяпрама СССР разгледжана прапанова аб перапрафіліраванню будуемага біяхімічнага завода ў г.Драгічыне.

Дарэчы, гэтая прапанова абмяркоўвалася і на пасяджэнні выканкама райсавета народных дэпутатаў 28 красавіка. Выканкам згадзіўся з прапановамі Мінмедбіяпрама СССР і Савета Міністраў БССР па перапрафіліраванню завода на выпуск шпрыцоў
аднаразовага выкарыстання, антыдыябетычных сродкаў, супрацьязвавых прэпаратаў, а таксама тых, што папярэджваюць сардэчна-сасудзістыя захворванні.

Далей у рашэнні райвыканкама адзначалася, што да пуску першай чаргі завода неабходна забяспечыць падачу прыроднага газу на кацельню. А яшчэ выканкам прасіў у дадатак да раней зацверджанага каштарысна-фінансавага разліку па прадпрыемству павялічыць аб’ёмы капукладанняў на жыллёвае будаўніцтва, на ўзвядзенне аб’ектаў аховы здароўя, сацкультбыту, камунальнай гаспадаркі і г.д.

Прымаліся значныя меры па перапрафіліраванню біяхімзавода і райкамам КПБ. Словам, нельга было сцвярджаць, што мясцовыя органы ўлады пасіўнічаюць у вырашэнні важнага пытання. Аднак іх намаганні не задавальнялі ні іх саміх, ні жыхароў раёна. Аказалася, што не так лёгка прабіць глухую сцяну бюракратычнага раўнадушша высокапастаўленых чыноўнікаў, для якіх гонар мундзіра, ведамасныя інтарэсы значна вышэй, чым інтарэсы грамадскасці.

І вось 9 жніўня 1989 года ў зале пасяджэнняў райвыканкама адбыўся сход прадстаўнікоў грамадскіх арганізацый Драгічыншчыны. Прычынай яго правядзення з’явілася чарговая фармальная адпіска намесніка начальніка навукова-тэхнічнага ўпраўлення Мінмедбіяпрама СССР П.М. Рагожына ў адрас Драгічынскага гарвыканкама, які пісаў: “Міністэрства лічыць немэтазгодным перапрафіліроўваць завод, а пакінуць антыбіётыкі немедыцынскага прызначэння, бо яны патрэбны нашай народнай гаспадарцы. Пры высокай культуры эксплуатацыі гэтага завода адмоўнага ўздзеяння і на навакольнае асяроддзе, і на здароўе людзей ён аказваць не будзе”.

Пасля гарачых і вострых спрэчак удзельнікі сходу прынялі пастанову, у якой запатрабавалі ад народнага дэпутата СССР, першага сакратара ЦК КПБ Я.Я. Сакалова, Старшыні Савета Міністраў БССР М.В. Кавалёва, міністра Мінмедбіяпрама СССР В.А. Быкава ў бліжэйшы час прыняць канкрэтнае рашэнне па поўнаму перапрафіліраванню будуемага Драгічынскага біяхімзавода.

Пакуль у вярхах вяліся спрэчкі аб тым, якую ўсё ж такі прадукцыю будзе выпускаць завод, будаўніцтва яго вытворчых цэхаў было прыпынена. А галоўная ўвага тады ўдзялялася ўзвядзенню бытавых карпусоў, жылля і інжынерных сетак.

21 лістапада 1989 года ў райгазеце публікуецца карэспандэнцыя БЕЛТА “Які лёс біяхімзавода?”. У ёй падкрэслівалася, што своеасаблівай справаздачай аб няпростай парламенцкай дзейнасці сталі сустрэчы народнага дэпутата СССР, першага сакратара ЦК КПБ Я.Я. Сакалова з выбаршчыкамі сваёй акругі 16-17 лістапада. І далей:
“Лёс Драгічынскага біяхімзавода да апошняга часу хваляваў жыхароў горада і раёна. Не было ў гарвыканкаме афіцыяльнага дакумента, які пацвярджаў бы пераарыентацыю завода. Адсюль – не толькі кансервацыя будаўніцтва экалагічна шкодных вытворчасцей, але і вялікае адставанне ў асваенні сродкаў, выдзеленых на ўзвядзенне аб’ектаў сацыяльнай сферы. Таму асаблівую цікавасць выклікала размова аб перспектывах развіцця прадпрыемства, якое будзе называцца заводам медыцынскіх прэпаратаў і вырабаў”.

Здавалася, пытанне нарэшце вырашана. Ды дзе там! 13 лютага 1990 года ў актавай зале ПТВ-163 (цяпер ліцэй) праходзіць сход грамадскасці г. Драгічына. Яго ўдзельнікі аднадушна прымаюць спецыяльную рэзалюцыю, якая публікуецца ў газеце. У ёй адзначалася: “Замена шыльды і новая назва прадпрыемства – завод медыцынскіх прэпаратаў і вырабаў – яшчэ не азначае канца нашых трывог і клопатаў: у наменклатуры побач з выпускам аднаразовых шпрыцоў і іголак да іх, прэпаратаў для лячэння дыябету, сардэчна-сасудзістых, язвавых і іншых захворванняў прадугледжваецца выраб 90 тон тылазолу, 50-60 тон рыбаксіну або 100 тон эрытраміцыну, што можа з’явіцца крыніцай павышанага атручвання навакольнага асяроддзя, вады і глебы”…

Гартаючы старыя падшыўкі газет, я падлічыў, што ўсяго ў “раёнцы” супраць біяхімзавода было апублікавана звыш 30 розных матэрыялаў. І дакладна невядома, чым бы ўсё закончылася. Але ў 1991 годзе разваліўся Савецкі Саюз. Будаўніцтва завода і аб’ектаў сацкультбыту заглохла, бо спынілася фінансаванне. І ўжо ў незалежнай Рэспубліцы Беларусь на базе раней узводзімага аб’екта адкрылі два прадпрыемствы “Экзон” і “Экзон-Глюкоза”, якія дзейнічаюць і сёння.

Аляксей Сяргей,
былы рэдактар райгазеты “Драгічынскі веснік”,
заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў