ЗАСТАЕЦЦА РУПЛІВАЙ ПРАЦАЎНІЦАЙ

, , Leave a comment

Быў панядзелак, і супрацоўнікі тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва С.І.Паўлоўская і Т.Л.Рымпа ехалі ў Закозель, каб павіншаваць з юбілеем 90-гадовую ўдзельніцу вайны К.Ф.Гаўрыкаву. Да хаты Кацярыны Фёдараўны вяла шырокая, добра расчышчаная і падмеценая сцежка.

“Вучні з Валавельскай школы прыходзілі дапамагчы, а ў выхадныя свае дзеці прыехалі. Вось і навялі ў двары парадак”, — бадзёра патлумачыла пенсіянерка. І даволі вясёлым і жвавым для такога ўзросту голасам дабавіла: “Мой юбілейны дзень нараджэння, як калісьці добрае вяселле, тры дні ўжо доўжыцца. У суботу з Закозельскага сельсавета, Дома культуры  і са школы павіншаваць прыходзілі, у нядзелю – дзеці сабраліся, а цяпер вы вось заехалі…»
Адчувалася, што і ў 90-гадовым узросце К.Ф.Гаўрыкава не страціла жыццёвага аптымізму і чалавекалюбства, і падобная ўвага для яе – не ў цяжар. Жанчына ахвотна расказвала, як бедавала ў вайну і радавалася кожнаму дню, як гадавала і выпраўляла ў самастойны шлях дзяцей і як смуткавала, пахаваўшы мужа. І ўсё гэта – і шчасце, і гора – цяпер здаюцца адным кароткім – нават не днём – імгненнем. Так хутка ўсё праляцела і засталося ў мінулым.
Са сваім мужам, Іосіфам Захаравічам, Кацярына Фёдараўна пазнаёмілася перад самай вайною. Бацькі прымушалі яе выйсці замуж за местачковага чалавека, у якога была добрая гаспадарка. Але яна збегла разам з “усходнікам” Гаўрыкавым, які пасля ўсталявання савецкай улады ў Закозелі  быў накіраваны з Гомельшчыны  сюды на работу. Ён быў добрым майстрам ва ўсякіх тэхнічных справах і пасля стварэння калгасаў меўся рыхтаваць спецыялістаў для тагачасных машынна-трактарных станцый. Іосіф Захаравіч пасяліўся на кватэры ў бацькоў Кацярыны. Так яны і пазнаёміліся. Першапачаткова бацькі былі супраць іх шлюбу, і маладыя пайшлі жыць у інтэрнат, які быў створаны ў Закозелі для прыезжых спецыялістаў.
А ў нядзелю, 22 чэрвеня 1941 года, па вёсцы папаўзлі чуткі, што пачалася вайна. Людзі не хацелі верыць у такое, і папрасілі Іосіфа Захаравіча, у гаспадарцы якога быў веласіпед, з’ездзіць і паглядзець, што дзеецца ў Драгічыне. Пазней ён неаднойчы ўспамінаў тую, першую сустрэчу з аккупантамі, у размове з жонкай і падрослымі сынамі.  Бо даехаў тады Гаўрыкаў толькі да Броннай Гары. Там яго спынілі немцы, пэўна, дэсантнікі, скінулі з веласіпеда і пад прыцэлам аўтаматаў сталі гергетаць: “Ком, ком!..” Іосіф Захаравіч, нічога не разумеючы, яшчэ спрабаваў жартаваць, маўляў: “Які я вам кум?..”
Але пазбегнуць бяды не ўдалося: вяскоўца арыштавалі. Са звязанымі ззаду рукамі, пад прыцэлам зброі, яго пратрымалі ў хмызняку  з ранку  і да вечара, пастаянна палохаючы расстрэлам. Потым, калі па дарозе ўбок Драгічына прайшла калона варожай тэхнікі, група немцаў-дэсантнікаў таксама рушыла ўслед за асноўнымі часцямі, пакінуўшы палоннага. Гаўрыкаў крыху акемаўся, прыйшоў у сябе, забраў веласіпед і рушыў у Закозель. Там яго пачалі распытваць аб усім, а ён адчувае, што сказаць нічога не можа: мова аднялася. Толькі праз некалькі дзён Іосіф Захаравіч загаварыў і змог паведаміць блізкім, што з ім здарылася.
Праз некаторы час, калі фашысцкія акупанты былі ўжо ў Закозелі, нехта выдаў, што ў вясковым інтэрнаце пражываюць савецкія актывісты, якія прыехалі з Усходу. Немцы зрабілі аблаву. Але пакуль яны гаспадарылі на кватэры ў суседа Кротава, Гаўрыкаў паспеў уцячы і схавацца ў жыце. Кацярына Фёдараўна, якая вярталася з работы, таксама заўважыла небяспеку і не пайшла дадому. Так яны і ўратаваліся, бо сям’ю Кротавых тады расстралялі.
Забраўшы ў Каціных бацькоў маленькага сына Колю, Гаўрыкавы пакінулі ўсе свае пажыткі і ўцяклі ў лес, у партызаны. Адыходзячы з вёскі, Іосіф Захаравіч яшчэ падпаліў вялікі стажок ільну, які акупанты звезлі з усёй ваколіцы, каб адправіць у Германію.
Яны трапілі ў атрад імя Шыша і вынеслі ўсе нягоды і выпрабаванні партызанскага жыцця. Асабліва цяжка прыйшлося пад час пераходу з тутэйшых лясоў на Украіну, дзе пазней партызаны злучыліся з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі. Пасля ўсяго Гаўрыкавы апынуліся на Гомельшчыне, на радзіме мужа. Там у іх нарадзілася дачка, якая неўзабаве памерла. І яны вярну-ліся ў Закозель, дзе, як згадвае наша 90-гадовая суразмоўніца, “усё прыйшлося нажываць з ніткі”.
Акрамя Колі, пасля вайны ў Гаўрыкавых нарадзіліся яшчэ два сыны – Валодзя і Міша. Гаспадар быў запатрабаваным у сельгасвытворчасці спецыялістам, таму днямі прападаў на рабоце, не маючы ні водпускаў, ні выхадных. Асноўны клопат пра дом і дзяцей заўжды ляжаў на жаночых плячах Кацярыны Фёдараўны.
Яна і цяпер застаецца руплівай працаўніцай: садзіць, поле агарод, дзе вырошчвае бульбу, агуркі, памідоры, цыбулю для ўласнага спажывання. Яе сярэдні сын Валодзя, які прыехаў на юбілей да Кацярыны Фёдараўны і застаўся пагасцяваць у родным доме, прыгадвае, што летам ён хацеў сам упарадкаваць агарод, папрасіўшы, каб маці сядзела і адпачывала дома. Дык яна  тады не на жарт пакрыўдзілася. “Што ж ты з мяне інваліда робіш? Я, можа, і жыву так доўга, што варушуся і працую”, — катэгарычна выступіла пажылая жанчына супраць залішняга апякунства.
А ў мінулую нядзелю К.Ф.Гаўрыкава  зрабіла  яшчэ адзін важны выбар: аддала  свой голас і падтрымала  тым самым уладу, пры якой іх Закозель стаў прыгожым аграгарадком з упарадкаванымі вуліцамі новых дамоў, з газавым ацяпленнем і іншымі выгодамі, аб якіх дзесятак-другі гадоў таму назад нікому і не снілася. Кацярына Фёдараўна перажыла вайну, бяду, нястачу, і сённяшняе жыццё яна лічыць не проста добрым – раскошным. Доўгажыхарцы ёсць з чым параўноўваць…
Галіна ШАФРАН.
НА ЗДЫМКУ: 90-гадовая К.Ф.Гаўрыкава.
Фота аўтара.

(Visited 12 times, 1 visits today)
 

Оставьте комментарий

(*) Required, Your email will not be published