Сельгасвытворцам патрэбна павышаць якасць малака

, , Leave a comment

Аляксей ФЁДАРАЎ

Чым лепшае малако, тым вышэй даходы гаспадарак. Гэтую простую ісціну, думаецца, даўно ведаюць ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах раёна. Аднак справы з якасцю сырадою не радуюць. У мінулым годзе мы рэалізавалі дзяржаве толькі 11,1% малака класам “экстра”. А вось у сярэднім па вобласці гэты паказчык склаў 29,5%.

Як мы ўжо адзначалі крыху раней, найбольш якаснае малако летась атрымлівалі ў СВК “Асавецкі”, “Імянінскі”, “Аляксеевічы-Агра”, райаграсэрвісе і племзаводзе “Заказельскі”. Так, напрыклад, жывёлаводы першай гаспадаркі ў 2012 годзе адправілі на нарыхтоўчыя пункты 38,4% сырадою класам “экстра”.

Астатнім жа нашым гаспадаркам у гэтым накірунку яшчэ трэба шмат працаваць. Да гэтага часу не навучыліся атрымліваць малако класам “экстра” ў СВК “Асіпавічы”, “Радастаўскі”, “Пенякова”, “Радавецкі” і вельмі мала яго летась надаілі ў СВК “Прыазёрскі”, “Агра-Дзеткавічы” і “Брашэвічы”. Іменна з-за нядбайнасці кіраўнікоў і спецыялістаў названых сельгасарганізацый раён у 2012 годзе не справіўся з пастаўленай задачай – не рэалізаваў дзяржаве 80% прадукцыі класам “экстра” і вышэйшым гатункам.

Аднак сёння нельга сказаць, што ў нас нічога не робіцца для атрымання якаснага малака. Робіцца, і нямала. У прыватнасці, будуюцца новыя малочнатаварныя комплексы, мадэрнізуюцца старыя фермы, дзе абуладкоўваюцца даільныя залы з найноўшым абсталяваннем. Але ўсё гэта само па сабе праблему не вырашае.

Аказваецца, запусціць даільную залу ў эксплуатацыю – гэта толькі паўсправы. Вельмі важна наладзіць сістэматычнае тэхабслугоўванне абсталявання. Праўда, толькі адно такое мерапрыемства сёння каштуе каля 100 млн. рублёў. Але калі на гэтым эканоміць, то даільная апаратура пачынае даваць збоі ў рабоце, што прыводзіць да росту захворваемасці кароў мастытамі, а ў канчатковым выніку адмоўна адбіваецца на якасці малака.

І яшчэ. Практыка паказвае, што ў абавязковым парадку неабходна захоўваць тэхналогіі кармлення і ўтрымання жывёлін. Праверкі супрацоўнікаў райцэнтра гігіены і эпідэміялогіі паказваюць, што недабор добрага малака ў большасці гаспадарак найперш звязаны з няякаснымі кармамі, парушэннямі санітарных норм і недастатковай работай ветэрынарнай службы.

Як бачым, каб выйсці на сярэднеабласны паказчык па якасці малака, кіраўнікам, спецыялістам і жывёлаводам раёна яшчэ трэба прыкласці нямала намаганняў і прыняць шэраг канкрэтных мер па ліквідацыі недахопаў. І адкладваць гэтую важную справу надалей нельга. Калі хочам паспяхова развіваць сельгасвытворчасць, неабходна найперш наводзіць належны парадак у жывёлагадоўлі, пастаянна павышаючы якасць прадуктаў ферм.

Калі гэты матэрыял быў падрыхтаваны да друку, нам стала вядома, што па ініцыятыве старшыні райвыканкама Ю. В. Дзедзюка ў мінулую суботу на базе СВК»Асавецкі» адбыўся раённы семінар па пытаннях жывёлагадоўлі. На ім вялася дзелавая размова не толькі аб павелічэнні вытворчасці прадуктаў ферм, але і павышэнні іх якасці. Але аб гэтым, шаноўныя чытачы, вы зможаце больш падрабязна даведацца ўнаступным нумары нашай газеты.

(Visited 16 times, 1 visits today)
 

Оставьте комментарий

(*) Required, Your email will not be published