Першы нумар Драгічынскай раённай газеты выйшаў у свет 28 кастрычніка 1939 года. Гэта быў час сацыялістычных пераўтварэнняў на нашай зямлі, калі заходнія вобласці Беларусі аб’ядналіся з БССР. Называлася тады “раёнка” “Чырвоная зара”. Гэта было невялікае, падобнае на лістоўку, выданне. Нягледзячы на гэта, газета своечасова даходзіла да чытача, карысталася высокім аўтарытэтам сярод мясцовага насельніцтва.
***
Спачатку газета з’яўлялася органам Часовага ўпраўлення Драгічынскага павета Пінскай вобласці, затым – Драгічынскага райкама кампартыі Беларусі і раённага Савета дэпутатаў працоўных.
***
Апошні даваенны нумар “Чырвонай зары” выйшаў 22 чэрвеня 1941 года — у першы дзень Вялікай Айчыннай вайны. Многія супрацоўнікі рэдакцыі неўзабаве пайшлі на фронт, каб са зброяй у руках адстойваць гонар і незалежнасць роднай Айчыны.
***
Летам 1943 года на часова акупіраванай фашыстамі тэрыторыі нашага раёна пачала выходзіць падпольная газета “Красная заря”. Газета-стваральніца стала воінам-патрыётам. Выданне яе было сапраўдным святам для партызан. І не толькі для іх. Яе чыталі жыхары партызанскай зоны, блізкіх і далёкіх вёсак. Людзі непарушна выконвалі заклік, надрукаваны ў правым верхнім кутку першай старонкі: “Прачытай і перадай таварышу!”.
***
Нягледзячы на розныя ваенныя нягоды і цяжкасці, ні разу не сарваўся выпуск “Красной зари”. І ў гэтым была вялікая заслуга рэдактара Яўгена Пчолкі, наборшчыц Зоі Зубчонак, Аляксандры Фядотавай і Клаўдзіі Каструбенкі. За час баявых дзеянняў было выпушчана 36 нумароў падпольнай райгазеты агульным тыражом 4400 экземпляраў.
***
У ліпені 1944 года, калі нямецка-фашысцкія акупанты былі выгнаны з Драгічыншчыны, газета пачала выдавацца на роднай мове пад назвай “Чырвоная зорка”. З першых жа нумароў яна пачала мабілізоўваць працоўных на хутчэйшае адраджэнне разбураных вёсак, усёй народнай гаспадаркі раёна.
***
Беглі дні, міналі дзесяцігоддзі. З 1963 года наша газета пачала выходзіць пад назвай “Запаветы Леніна”, а з 1990-га – “Драгічынскі веснік”. Нягле-дзячы на гэта, яна заўсёды працягвала свае лепшыя традыцыі: шмат пісала пра людзей працы, выхоўвала ў падрастаючым пакаленні пачуцці патрыятызму, любові і адданасці да сваёй Бацькаўшчыны.
***
Першым рэдактарам “раёнкі” быў М.В.Южык, затым у розныя часы яе рэдагавалі Я.М.Львовіч, Я.П.Пчолка, М.П.Дзям’янаў, В.Н.Хілько, В.А.Літ-вінчук, І.А.Каваленка, Ф.І.Калесніковіч. Але ўсе рэкорды рэдактарскай дзейнасці, як кажуць, “пабіў” А.Ф.Сяргей. Ён рэдакцыю райгазеты ўзначальвае вось ужо 26 гадоў. Аляксей Фёдаравіч удастоены ганаровага звання “Заслужаны журналіст Беларускага саюза журналістаў”.
***
Цяпер наша раённая газета “Драгічынскі веснік” выходзіць 2 разы на тыдзень: па серадах і суботах. Яе заснавальнікамі з’яўляюцца раённы выканаўчы камітэт, раённы Савет дэпутатаў і працоўны калектыў рэдакцыі. У адрозненне ад некаторых іншых раёнаў мы ў выйгрышным становішчы тым, што не маем канкурэнцыі. Радуе і тое, што тыраж газеты не толькі стабільна трымаецца, але і з кожным годам пакрыху ўзрастае. Зараз ён складае звыш 5500 экземпляраў.
***
У рэдакцыйным калектыве 13 чалавек, 6 з іх – творчыя работнікі. Большасць – вопытныя, з вялікім стажам журналісцкай работы. Сярод іх Сцяпан Супрун, Ніна Ткачук, Галіна Шафран. Іх матэрыялы, як правіла, заўсёды актуальныя, глыбокія па зместу, яркія па форме. Прачытаўшы іх, чалавек атрымлівае не толькі веды, новую інфармацыю, але і задавальненне.
***
Дзейнасць рэдакцыі падпарадкавана мэтам і задачам, замацаваным у Статуце ўстановы: асвятленне палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця раёна. На старонках газеты друкуецца шмат матэрыялаў, якія асвятляюць дзейнасць мясцовай улады, работы народнагаспадарчага комплексу Драгічыншчыны, функцыянавання сацыяльнай сферы. Пастаяннымі сталі рубрыкі: “У райвыканкаме”, “Мясцовае самакіраванне”, “Клопаты мясцовай улады”, “Па прынцыпе аднаго акна”, “Эканомія і беражлівасць”, “За радкамі Дырэктывы Прэзідэнта”, “Адраджэнне вёскі” і многія іншыя. Рэгулярна змяшчаюцца падборкі навін. Вельмі папулярныя “прамыя лініі”, трывалую прапіску знайшлі тэматычныя выпускі з сельскіх Саветаў.
***
Асобна хочацца сказаць пра ўзаемаадносіны з раённай “вертыкаллю”. Добра працуецца тады, калі ёсць падтрымка і ўзаемаразуменне. Ведаем, што ў некаторых нашых калег у гэтым плане ўзнікаюць праблемы. У нас іх няма. Без усялякага падхалімажу скажам, што ўвага цяперашняга кіраўніка раёна В.М.Хваціка да газеты асаблівая. Кожны панядзелак пры старшыні райвыканкама праходзяць вытворчыя нарады, на якія запрашаюцца кіраўнікі ўсіх службаў і ведамстваў. Амаль на кожнай такой нарадзе побач з вырашэннем шматлікіх пытанняў Васіль Міхайлавіч абазначае пэўныя тэмы для газеты.
***
Раённая ўлада асаблівае значэнне надае добраўпарадкаванню Драгічына, іншых населеных пунктаў, навядзенню дысцыпліны і парадку. Дамінуе гэта тэма і на старонках газеты. Побач з тым не забываем і пра духоўнасць. Публікацыі пад рубрыкамі “Праваслаўная азбука”, “Нататкі з натуры”, “Скарбонка добрых спраў”, “Дастойны прыклад”, “2009-ы – Год роднай зямлі”, “Свет захапленняў”, “Духоўныя вытокі” ўпрыгожваюць газету, заўсёды выклікаюць чытацкі рэзананс.
***
Як вядома, поспех газеты залежыць не толькі ад майстэрства журналістаў, але і ад трывалай сувязі з аўтарскім актывам. Сёння з нашай “раёнкай” супрацоўнічаюць каля 20 пастаянных няштатных аўтараў. Гэта людзі самых розных спецыяльнасцей і ўзростаў. Падрыхтоўка матэрыялаў для газеты стала для іх другой прафесіяй. Да ліку такіх адносяцца галоўны дзяржаўны санітарны ўрач раёна Міхаіл Стахейка, настаўніца Брашэвіцкай агульнаадукацыйнай сярэдняй школы Ніна Грыцук, дырэктар музея партызан-скай славы імя Д.К.Удовікава Сяргей Гранік, жыхар вёскі Белін, былы старшыня Асавецкага сельсавета, пенсіянер Пётр Падлужны, выкладчык гісторыі гімназіі г.Драгічына Сяргей Валасюк, ветэран педагагічнай працы з вёскі Вавулічы Яўген Абрамовіч, інспектар групы прапаганды і навучання раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Аляксей Чырун і некаторыя іншыя. Усім ім калектыў рэдакцыі вельмі ўдзячны.
***
Ганарымся мы і тым, што ў свой час менавіта ў рэдакцыі Драгічынскай райгазеты пачыналі сваю працоўную біяграфію такія вядомыя паэты і пісьменнікі, як Мікола Федзюковіч, Мікола Панасюк і Мікола Трафімчук.
***
Цяпер шмат гавораць пра сусветны эканамічны крызіс. Дзякуй Богу, ён нас не закрануў – фінансавае становішча рэдакцыі ўстойлівае. На працягу некалькіх апошніх гадоў мы працуем без датацый з бюджэту, з прыбыткам. За свае сродкі нядаўна капітальна адрамантавалі рабочыя кабінеты, набылі нямала неабходнага абсталявання і мэблі.
***
За 70 гадоў выйшла ў свет звыш 8 тысяч нумароў райгазеты. Сёння нашы чытачы атрымалі чарговы – 8281-ы. Ён, можна сказаць, своеасаблівы, юбілейны. І хочацца верыць, што “Драгічынскі веснік” будзе прыходзіць у дамы падпісчыкаў яшчэ доўга-доўга, радуючы жыхароў раёна свежымі і цікавымі навінамі. Дарэчы, калектыў рэдакцыі мае намер у недалёкім будучым павялічыць аб’ём “раёнкі”.