О НАС

«Драгiчынскi веснiк» – сучасная газета з багатай гiсторыяй
Першы нумар Драгічынскай раённай газеты выйшаў у свет 28 кастрычніка 1939 года. Гэта быў час сацыялістычных пераўтварэнняў на нашай зямлі, калі заходнія вобласці Беларусі аб’ядналіся з БССР. Называлася тады “раёнка” “Чырвоная зара”. Гэта было невялікае, падобнае на лістоўку, выданне. Нягледзячы на гэта, газета своечасова даходзіла да чытача, карысталася высокім аўтарытэтам сярод мясцовага насельніцтва.

***

Спачатку газета з’яўлялася органам Часовага ўпраўлення Драгічынскага павета Пінскай вобласці, затым – Драгічынскага райкама кампартыі Беларусі і раённага Савета дэпутатаў працоўных.

***

Апошні даваенны нумар “Чырвонай зары” выйшаў 22 чэрвеня 1941 года — у першы дзень Вялікай Айчыннай вайны. Многія супрацоўнікі рэдакцыі неўзабаве пайшлі на фронт, каб са зброяй у руках адстойваць гонар і незалежнасць роднай Айчыны

***

Летам 1943 года на часова акупіраванай фашыстамі тэрыторыі нашага раёна пачала выходзіць падпольная газета “Красная заря”. Газета-стваральніца стала воінам-патрыётам. Выданне яе было сапраўдным святам для партызан. І не толькі для іх. Яе чыталі жыхары партызанскай зоны, блізкіх і далёкіх вёсак. Людзі непарушна выконвалі заклік, надрукаваны ў правым верхнім кутку першай старонкі: “Прачытай і перадай таварышу!”.

***

Нягледзячы на розныя ваенныя нягоды і цяжкасці, ні разу не сарваўся выпуск “Красной зари”. І ў гэтым была вялікая заслуга рэдактара Яўгена Пчолкі, наборшчыц Зоі Зубчонак, Аляксандры Фядотавай і Клаўдзіі Каструбенкі. За час баявых дзеянняў было выпушчана 36 нумароў падпольнай райгазеты агульным тыражом 4400 экземпляраў.

***

У ліпені 1944 года, калі нямецка-фашысцкія акупанты былі выгнаны з Драгічыншчыны, газета пачала выдавацца на роднай мове пад назвай “Чырвоная зорка”. З першых жа нумароў яна пачала мабілізоўваць працоўных на хутчэйшае адраджэнне разбураных вёсак, усёй народнай гаспадаркі раёна.

***

Беглі дні, міналі дзесяцігоддзі. З 1963 года наша газета пачала выходзіць пад назвай “Запаветы Леніна”, а з 1990-га – “Драгічынскі веснік”.

***

Першым рэдактарам “раёнкі” быў М.В.Южык, затым у розныя часы яе рэдагавалі Я.М.Львовіч, Я.П.Пчолка, М.П.Дзям’янаў, В.Н.Хілько, В.А.Літвінчук, І.А.Каваленка, Ф.І.Калесніковіч, А.Ф.Сяргей.

***

Цяпер раённая газета “Драгічынскі веснік” выходзіць 2 разы на тыдзень: па серадах і суботах. Яе заснавальнікамі з’яўляюцца раённы выканаўчы камітэт, раённы Савет дэпутатаў і працоўны калектыў рэдакцыі.. Тыраж газеты складае звыш 6000 экземпляраў.

У рэдакцыйным калектыве працуе 14 чалавек, 6 з іх – творчыя работнікі.

***

Дзейнасць рэдакцыі падпарадкавана мэтам і задачам, замацаваным у Статуце ўстановы: асвятленне палітычнага, эканамічнага, сацыяльнага і культурнага жыцця раёна. На старонках газеты друкуецца шмат матэрыялаў, якія асвятляюць дзейнасць мясцовай улады, работы народнагаспадарчага комплексу Драгічыншчыны, функцыянавання сацыяльнай сферы.