Драгічынскія хлебаробы прынялі ўдзел у абласных дажынках

Дата:

Чым бліжэй пад’язджаў наш аўтобус да земляў Камянецкага раена, тым усё больш распагоджваліся нябёсы, быццам гаспадыня сваей клапатлівай рукой здымала са стала будзённы шэры абрус і засцілала замест яго святочны, выбелены, з блакітнымі ўзорамі. Паабапал дарогі замільгалі казачныя кампазіцыі: то ў нацыянальным уборы кабета прысела ля калодзежа адпачыць, то вятрак раскінуў свае крылы ў чаканні зерня новага ўраджаю. Прычым, усе гэтыя дзівосы дызайнеры стварылі, выкарыстоўваючы галоўным чынам саламяныя цюкі. А там, дзе хлебам-соллю, звонкай песняй і шчырымі ўсмешкамі дэлегацыю віталі камянецкія самадзейныя артысты і наш зямляк, дырэктар ААТ “Відамлянскае” Міхаіл Страпка, у полі выцягнуўся саламяны чыгуначны састаў. Адзін за адным за “паравозам” следавалі “вагоны”, сімвалізуючы гарады і гады, калі ладзіліся ў іх абласныя дажынкі. У хвасце быў Столін, з якога ў 1997 годзе пачалася традыцыя ўсёй Брэстчынай адзначаць галоўнае свята хлебаробаў, у галаве ж састава “рухаўся “вагон “Каменец-2012”.

[nggallery id=22]

… З усіх рэгіёнаў Брэстчыны сабраўся люд на свята ў Каменцы. Больш за 60 арганізацый гандлю і грамадскага харчавання, прамысловых прадпрыемстваў прапаноўвалі свае прадукцыю, тавары і прысмакі. На сямі імправізаваных пляцоўках выступалі творчыя калектывы, у тым ліку і нашы “Вяселыя суседзі”. Вочы разбягаліся ад хараства, якое прывезлі на выставу-продаж майстры народных промыслаў, навучэнцы і выкладчыкі навучальных устаноў сістэмы прафтэхадукацыі вобласці. Горад спяваў і танчыў, напэўна, нельга было знайсці на свяце чалавека, які б сумаваў.

А чаму б не пагуляць, не паспяваць, не парадавацца, калі родная Брэстчына ўпершыню за дзесяць гадоў па выніках уборкі збожжавых культур заняла першае месца ў рэспубліцы. 1370 тысяч тон заважыў агульнаабласны хлебны каравай, пры сярэдняй ураджайнасці 39 цэнтнераў з гектара.

—Упершыню за ўсю гісторыю існавання аграпрамысловага комплексу Брэстчыны больш 450 экіпажаў камбайнераў намалацілі кожны звыш тысячы тон зерня, 70 з іх перавысілі паўтаратысячны рубеж, а 19 сабралі больш чым па дзве тысячы тон зерня. Яшчэ не так даўно тысячны намалот на камбайн быў рэкордам, а сёння для соцен экіпажаў ён стаў нормай, — адзначыў, адкрываючы “Дажынкі-2012” старшыня аблвыканкама Канстанцін Сумар. – Прыемна канстатаваць – 80 працэнтаў камбайнераў, якія перавысілі гэты рубеж, убіралі збожжавыя на айчыннай тэхніцы. Гэта пераканаўчае пацвярджэнне яе высокай прадукцыйнасці і надзейнасці…

Пераможцамі  рэспубліканскага спаборніцтва прызнаны Баранавіцкі раён, ААТ “Птушкафабрыка “Дружба”, ААТ “Баранавіцкая птушкафабрыка” і СВК “Ляхавіцкі” Ляхавіцкага раёна, — іх будуць ушаноўваць і ўзнагароджваць на рэспубліканскім фестывалі-кірмашы ў Горках. Ля сцен жа Белай вежы ў Каменцы Ганаровыя дыпломы  Канстанцін Сумар уручыў кіраўнікам Іванаўскага, Ляхавіцкага і Пружанскага раёнаў, якія занялі адпаведна першае, другое і трэцяе месцы ў абласным спаборніцтве, а таксама гаспадаркам-пераможцам з Ляхавіцкага, Лунінецкага і Іванаўскага раёнаў, лепшым экіпажам камбайнераў і вадзіцелям.

Крыху пазней хвалюючыя моманты ўшанавання давялося перажыць і нашым землякам: камбайнерам ААТ “Драгічынскі камбікормавы завод” Міхаілу Марціновічу і Аляксандру Куксе, сямейнаму экіпажу Міхнюкоў з СВК “Ліпніцкі”і  вадзіцелю Сяргею Саўчуку з гэтай жа гаспадаркі, які заняў трэцяе месца на адвозцы зерня ад камбайнаў у абласным маладзёжным спаборніцтве. Варта заўважыць, што Андрэй Міхнюк працаваў разам з бацькам на камбайне падчас свайго летняга адпачынку, — юнак яшчэ вучыцца ў ліцэі.  Шчыра радаваўся за сына Фёдар Аляксандравіч. Неўпрыкмет праляцелі гады, здаецца, нядаўна гушкаў Андрэя на руках, а вось ён ужо стаіць побач на сцэне абласных дажынак, пераперазаны чырвона-зялёнай стужкай пераможцы.

Але не толькі пераможцаў жніва ўсенародна ўшанавала Брэстчына на абласных дажынках.  У тую самую спякотную пару, як земляробы  змагаліся за хлеб на палях, у далёкім Лондане беларускія атлеты адстойвалі гонар роднай краіны на Алімпійскіх гульнях. Сярод іх было і нямала прадстаўнікоў нашай вобласці. Спартсменаў-алімпійцаў і іх трэнераў узнагародзіў губернатар Канстанцін Сумар.

А тым часам на гарадскім стадыёне ладзіліся разнастайныя спартыўныя мерапрыемствы і праходзіла 5-я летняя спартакіяда работнікаў аграпрамысловага комплексу. Дарэчы, драгічынскія спартсмены-аграрыі з Каменца таксама вярнуліся не з пустымі рукамі: заняўшы агульнакаманднае пятае месца, яны ўзялі “бронзу” ў перацягванні каната і більярдзе.

Толькі маючы хлеб на стале, чалавек думае пра відовішчы. З чыстым сумленнем перад продкамі святкавалі хлебаробы Берасцейшчыны сваё галоўнае свята ля падножжа Белай вежы. Калісьці тут ляжалі камяні, таму і горад назвалі Каменцам. Цяпер жа растуць, радуюць ураджаем і збожжа, і іншыя культуры. Напрыклад, у ААТ “Відамлянскае”, дзе пабывала драгічынская дэлегацыя па дарозе ў сталіцу дажынак і дзе працуе шмат нашых землякоў, атрымліваюць зайздросны ўраджай як на хлебнай ніве, так і на палях, дзе растуць кукуруза, проса, грэчка і нават гарчыца. А яшчэ вырошчваюць буйную рагатую жывёлу абярдзіна-ангускай пароды і выручаюць добрыя грошы ад продажу, так званага, мрамарнага мяса. Так што не толькі добра адпачыць мелі магчымасць земляробы Драгічыншчыны падчас дажынак, але і павучыцца. Каб  паўтарыць поспех мінулага года, і зноў заняць сваё месца сярод пераможцаў спаборніцтва.

Ніна ТКАЧУК

Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Карпенко рассказал, как идет формирование ВНС

Формирование ВНС идет достаточно гласно, сообщил журналистам председатель ЦИК...

В Беларуси скорректирован порядок предоставления и использования спонсорской помощи

Президент Беларуси Александр Лукашенко 27 марта подписал указ №112,...

В Дрогичинском районе проходят комплексные учения

Учения в районе будут проходить в течение двух дней...