ЭТНАСЯДЗІБА “КАЛЯ ПЛЭСА” СПРАВІЛА ЎВАХОДЗІНЫ

Дата:

“Такога ў нас яшчэ не было!” – у шчырым захапленні прызнаваліся жыхары Бездзежа : у лепшых народных традыцыях гэтай спаконвеку гасціннай і песеннай вёскі тут адбылося адкрыццё сялянскага этнападвор’я “Каля Плэса”. Яно абуладкавана побач з музеем “Бездзежскі фартушок”, на ўзбярэжку  невялічкай  рачулкі Плэсо. У ранейшыя часы ў яе чысцюткай вадзе сельскія гаспадыні пралі і паласкалі льняныя палотны, якіх у руплівых тутэйшых сем’ях наткалі, пэўна,  на некалькі пакаленняў наперад. Цяпер жа маляўнічыя бездзежскія краявіды і адметныя  мясцовыя рамёствы  будуць даступны ўсім наведвальнікам гэтага культурна-этнаграфічнага комплексу. І ў нас, на Палессі, такі самабытны аб’ект можа стаць упаўне дастойнай  альтэрнатывай вядомаму музею-ся-дзібе “Дудуткі”, што на Міншчыне…

Каб апынуцца ў мінулым, дастаткова прайсці паўз прыгожую, з разным узорам, драўляную браму. А далей – як у дзіўнай казцы: налева збочыш  – у “Бездзежскі фартушок” трапіш, прама ступіш – і сцежка выведзе да невялічкага вадаёма з дэкаратыўным мастком і сапраўднай лодкай, а адсюль – і да рэчкі Плэсо рукой падаць. А вось па правы бок брамы прытулілася колішняя сялянская хаціна, крытая чаротам. Мяркуецца, што вандроўніка тут і напояць-накормяць колішнімі стравамі, і гасцінічны пакой, які абуладкаваны ў даўнішнім стылі, але з сучаснымі зручнасцямі, для адпачынку ці начлегу яму падрыхтуюць.

Далей, за хаткай, месцяцца вялікі мураваны склеп, летні домік, падлога і сцены якога зладкаваны з бярвенняў-круглякоў, цагляны мангал у выглядзе старадаўняй печы для прыгатавання стравы на свежым паветры. На заднім двары – хлеў з загонамі і клецямі для ўсякай жыўнасці, з павецямі для старадаўняга сельгасінвентару і дроў. А на падворку, запрэжаны ў распісную брычку колішняга майстра, б’е капытом пярэсты конік, чакаючы шаноўных пасажыраў…

І вось збылося тое, да чаго так доўга рыхтаваліся: у мінулую нядзелю на гэтым прасторным сялянскім падворку было цесна ад прысутных. Сюды з’ехаліся лепшыя самадзейныя калектывы з Драгічына і Антопаля , Папіны і Ліпнікаў, Гошава і Мікіцка, каб з народнымі песнямі і жартамі, з нацыянальным каларытам  справіць уваходзіны ў этнасядзібу “Каля Плэса”.

Афіцыйная частка мерапрыемства праходзіла на імправізаванай сцэне, устаноўленай у двары насупраць музея “Бездзежскі фартушок”. У ліку ганаровых гасцей свята – старшыня райвыканкама В.М.Хвацік, начальнік абласнога ўпраўлення культуры С.Б.Панасюк, дырэктар абласнога грамадска-культурнага цэнтра С.В.Каржук, начальнік райаддзела культуры Л.С.Куроўскі.

Адкрываючы ўрачыстаць, Васіль Міхайлавіч Хвацік зазначыў наступнае: “У нашых мясцінах з’явіўся яшчэ адзін унікальны турыстычны аб’ект з традыцыйнай народнай архітэктурай і самабытнай культурай народа. Тут можна будзе пазнаёміцца  з побытам колішняй беларускай вёскі, з мясцовымі абрадамі, звычкамі, асаблівасцямі нацыянальнай кухні. Развіваючыся ў такім накірунку, мы выконваем адну з важных дзяржаўных задач – прывабліваем турыстаў, у тым ліку – і замежных.”

Пры гэтым кіраўнік раёна падкрэсліў, што, гаворачы аб эканамічных складаемых новага аб’екта, нельга забываць і аб яго сацыяльна-культурным прызначэнні. Сялянскае падвор’е – як бы працяг, новая дзеючая экспазіцыя тутэйшага музея народнай творчасці “Бездзежскі фартушок”, і гэты самабытны этнаграфічны куточак павінен садзейнічаць духоўнаму ўзбагачэнню нацыі і нашых падрастаючых грамадзян.

Па словах В.М.Хваціка,  работа ў гэтым накірунку будзе працягвацца. З часам у Бездзежы плануецца пабудаваць невялічкі гасцінічны комплекс. Унікальнейшы аб’ект – старадаўні млын – захаваўся і ў вёсцы Леснікі нашага раёна, і ёсць задума ў перспектыве заняцца і яго аднаўленнем…

У сваім далейшым выступленні на свяце ў Бездзежы Васіль Міхайлавіч выказаў шчырую падзяку начальніку раённага аддзела культуры Л.С.Куроўскаму, усім работнікам гэтай і іншых ведамасных і вытворчых структур, якія былі задзейнічаны ў абуладкаванні вясковай этнасядзібы і падыйшлі да справы творча, адказна, высокапрафесійна. Лепшым з майстроў райаддзела культуры – электрыку М.М.Нічыпорчыку, сталяру С.С.Кавалевічу, рабочаму Р.М.Тындзіку – кіраўнік раёна ўручыў Ганаровыя граматы за вялікі асабісты ўклад у будаўніцтва сялянскага падвор’я пры музеі “Бездзежскі фартушок”, а мастак-афарміцель Драгічынскага ГДК В.І.Краўчук і метадыст-майстар Антопальскага цэнтра рамёстваў А.С.Кавалевіч за плённае старанне на гэтым экатурыстычным аб’екце былі адзначаны Пісьмом падзякі райвыканкама.

Затым слова было нададзена начальніку аддзела культуры Л.С.Куроўскаму, пад кіраўніцтвам і пры непасрэдным удзеле якога абуладкоўвалася этнападвор’е “ Каля Плэса”. У сваю чаргу Леанід Сцяпанавіч таксама ўзнагародзіў тых, хто ад душы шчыраваў над яго стварэннем і ўпрыгажэннем: акампаніятара Вулька-Радавецкага клуба               А.М.Саўчука, мастацкага кіраўніка Бездзежскага СДК А.В.Кочыка,  вадзіцеля гаспадарчай групы аддзела культуры В.В.Ткачука, калектывы работнікаў Завершскага СДК (дырэктар А.М.Радэня) і Мікіцкага Дома фальклору (загадчыца А.В.Карэнковіч).

Потым дырэктар музея М.М.Астаповіч правяла ўсіх прысутных па этнападворку, пазнаёміла з яго вартасцямі і магчымасцямі. І, па тутэйшай завядзёнцы, паўсюль і на кожным кроку гасцей сустракалі добрымі жартамі, звонкімі песнямі ды частавалі адметнымі нацыянальнымі стравамі. Ва ўсім адчуваўся дзіўны і непаўторны подых мінуўшчыны: у смаку бульбы з макухай, прыгатаванай удзельнікамі мастацкага калектыву “Скібічане”, у печаным хлебе – ад “Гошаўскага таночка”, у духмяных ватрушках – ад умеліц Мікіцкага Дома фальклору, у даўнішніх танцах-забавах, якія ладзілі на беражку вадаёма юныя ўдзельнікі ансамбля “Ліпачка” Ліпніцкага СДК, у настальгічных мелодыях гарманістаў з Папіны. А са сцэны сваёй творчасцю і выканаўчым майстэрствам радавалі “Сваякі”, «Зараначка”, “Прыгажосць” і другія песенна-танцавальныя калектывы Драгічыншчыны.

Уваходзіны справілі, і цяпер сялянскае этнападвор’е “Каля Плэса” ў Бездзежы чакае вандроўнікаў і турыстаў!

Галіна ШАФРАН

Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Республиканский субботник проходит в Дрогичинском районе (ФОТОРЕПОРТАЖ)

Руководство района во главе с председателем райисполкома Сергее Пачко,...

Александр Лукашенко во время республиканского субботника работает на площадке Национального исторического музея

Президент Беларуси Александр Лукашенко во время республиканского субботника работает на...

Какие цифровые специальности востребованы на рынке

О наиболее востребованных на рынке цифровых специальностях рассказала консультант...

Первый в Беларуси робот-продавец появился на заправке под Гомелем

Первый в стране роботизированный торговый павильон "Белоруснефть-Гомельоблнефтепродукт" открылся на...