1 верасня, які традыцыйна лічыцца Днём ведаў, дзверы ў новы навучальны год расчынілі гімназія, 20 сярэдніх і 5 базавых школ раёна, дзе прадметныя навукі і нормы агульначалавечай маралі будуць спасцігаць 5064 вучні…
Усё паўтарылася: урачыстая школьная лінейка і першавераснёўская атмасфера, напоўненая самымі процілеглымі эмоцыямі і пачуццямі– ад лёгкага смутку, што закончыліся летнія дзянькі і забавы, да хвалюючай радасці ў прадчуванні новых сустрэч са старымі сябрамі і захапляючых падарожжаў па нязведанай Краіне ведаў, шчырыя наказы бацькоў і настаўнікаў ісці дарогай дабра, гуманізму, засваення правільных ісцін, і цвёрдае абяцанне школьнікаў сумленна і старанна вучыцца, каб стаць дастойным працягам лепшых традыцый старэйшага пакалення, прыняць і дастойна несці адказнасць за будучыню свайго народа і краіны…
Па добрай традыцыі, павіншаваць школьнікаў з пачаткамі новага павучальнага года імкнуцца кіраўнікі мясцовай улады і прадстаўнікі шэфскіх арганізацый. На гэты раз старшыня райвыканкама Юрый Васільевіч Дзядзюк і яго намеснік Уладзімір Іванавіч Нерад пабывалі на першавераснёўскай урачыстасці ў Хомскай СШ. Гэта навучальная ўстанова, якую на працягу многіх год узначальвае Мікалай Васільевіч Ігнатчык, характарызуецца не толькі добрай адукацыйнай падрыхтоўкай школьнікаў да ўступных іспытаў (сёлета студэнтамі вузаў сталі каля 63% яе выпускнікоў), але і мэтанакіраванай і граматнай работай па выхаванню ў дзіцячым асяродку пачуццяў грамадзянскасці, патрыятызму, любові да сваёй зямлі і адказнасці за яе будучыню. І, выступаючы перад школьнікамі і гасцямі, дырэктар Хомскай СШ падкрэсліў, што работа ў гэтым накірунку і надалей будзе працягвацца.
Старшыня райвыканкама Ю.В.Дзядзюк акцэнтаваў увагу на тым, што сёлетні год недарэмна стаў Годам моладзі. Гэтым падкрэсліваецца асаблівая роля і значнасць падрастаючага пакалення ў сучасным развіцці грамадства, і што менавіта яны, адукаваныя, энергічныя, працалюбівыя юнакі і дзяўчаты, з’яўляюцца галоўнай каштоўнасцю і надзеяй нашай краіны…
У якасці падарунка Юрый Васільевіч перадаў школе сертыфікат на 5 млн. рублёў, якія будуць зрасходаваны на ўмацаванне фізкультурна-аздараўленчай базы.
На лінейку ў Хомкую СШ завіталі таксама старшыня тутэйшага сельвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Заверач і кіраўнік шэфскага прадпрыемства – дырэктар ААТ “Драгічынскі камбікормавы завод” Аляксандр Леанідавіч Белы, якія разам з добрымі пажаданнямі таксама перадалі школе неабходны спортінвентар. На добрыя справы хомскіх школьнікаў бластавіў настаяцель Свята-Пакроўскай царквы, іерэй Мікалай Манчук. Ад імя бацькоў да прысутных звярнулася шматдзетная маці Ганна Мікалаеўна Валковіч.
Наказ Прэзідэнта краіны моладзі зачытала сакратар школьнай “пярвічкі” грамадскага аб’яднання “БРСМ” Анастасія Саковіч, а першакласнікам былі ўручаны кнігі-падарункі “Беларусь—наша Радзіма”. Затым празвінеў званок, якм паклікаў на першы ў новым навучальным годзе ўрок. Ён быў тэматычным , і сёлета прайшоў пад агульнай назвай “На цябе, наша моладзь, надзея!”
Такія ж урачыстыя лінейкі, з добрымі наказамі, віншаваннямі, падарункамі, прайшлі і ў другіх школах раёна. Да іх правядзення актыўна далучыліся і шэфскія арганізацыі. У прыватнасці, дырэктар райкамунгаса Аляксандр Андрэевіч Макуха не першы год запар наведвае гімназію г.Драгічына, і на гэты раз ён перадаў навучальнай установе тэлевізар. У акцыі падтрымкі школ паўдзельнічала і наша ўстанова: рэдактар газеты “Драгічынскі веснік” Генадзь Канстанцінавіч Дзеюн пабываў у Вулька-Радавецкай школе, якой падараваны футбольны і валейбольны мячы…
Ёсць і яшчэ адзін адметна-прыемны факт – дэмаграфічны: у новым навучальным годзе за школьныя парты селі 513 першакласнікаў, і гэта на 56 дзетак больш, чым летась. А значыць, нам ёсць для каго старацца, і ёсць надзея, што нашы справы будзе каму прадоўжыць…
Галіна ШАФРАН
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА