Дзеці ёсць дзеці: няўрымслівыя, непаседлівыя, дапытлівыя…Вось і на гэты раз, увайшоўшы ў актавую залу сваёй школы і ўбачыўшы там мноства ярка-аранжавых паветраных шароў і стос кніг такога ж прывабнага колеру, пяцікласнікі СШ №2 г.Драгічына прыйшлі ў захапленне. З такімі незвычайнымі падарункамі да іх наведаліся прадстаўнікі Белаграпрамбанка…
Але перш чым раздаць школьнікам гэтыя сімвалічныя атрыбуты банкаўскай установы, для дзяцей быў праведзены цікавы і пазнавальны ўрок фінансавай граматнасці. У размове з пяцікласнікамі высветлілася, што многія з іх разам з бацькамі неаднаразова наведвалі мясцовае аддзяленне Белаграпрамбанка, ведаюць, што такое разліковая пластыкавая картка і г.д.
Але дзеці растуць, і разам з гэтым іх веды павінны папаўняцца і ўдасканальвацца. Якраз на тое і была накіравана акцыя, арганізатарам якой выступае Белаграпрамбанк пры падтрымцы Міністэрства адукацыі і Нацыянальнага банка краіны, і якая праводзіцца ў нашай рэспубліцы трэці год запар. Вось і нядаўна ў рамках гэтых мерапрыемстваў СШ №2 г.Драгічына і іншыя школы горада наведала намеснік начальніка разлікова-касавага цэнтра №26 у г.Драгічыне філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Ніна Леанідаўна Пазняк і спецыялісты гэтай установы Таццяна Яўгенаўна Зіновіч і Вольга Анатольеўна Гарковіч. Яны ў даступнай форме расказалі аб прызначэнні, асноўных функцыях банка, спецыяльных тэрмінах, якімі карыстаюцца яго супрацоўнікі і кліенты. Да прыкладу, банк можа прымаць ад людзей грошы на захаванне – гэта называецца ўклад, можа даваць іх у пазыку – у крэдыт. Банкі прымаюць усемагчымыя плацяжы, займаюцца абменам валют і праводзяць шмат іншых разліковых аперацый.
Некаторыя пяцікласнікі ўпершыню пачулі пра дзіцячую ашчадную праграму “Расці вялікі!”, у рамках якой юныя кліенты Белаграпрамбанка, на якіх быў аформлены адпаведны ўклад, на кожны свой дзень нараджэння атрымліваюць падарункі, а таксама бясплатную банкаўскую разліковую картку. І гэта – не лічачы працэнтаў прыбытку…
Зразумела, што ў рамках адной сустрэчы расказаць аб сучасных магчымасцях і паслугах банкаўскай установы практычна немагчыма. Але павышаць сваю адукаванасць у гэтым накірунку школьнікам дапаможа брашура “Твае першыя фінансы”, якую спецыялісты Белаграпрамбанка ўручылі пяцікласнікам СШ №2 г.Драгічына і іншых школ раёна. З дапамогай казачнага персанажа Агрыка і іншых герояў гэтай беларускамоўнай кнігі школьнікі могуць даведацца аб тым, як працуюць банкі, як адрозніць сапраўдныя грошы ад фальшывых, як папоўніць баланс свайго тэлефона, не выходзячы з дому, што трэба для таго, каб назбіраць сродкаў на жаданую пакупку ці вандроўку і г.д.
Паводле слоў намесніка начальніка разлікова-касавага цэнтра №26 у г.Драгічыне філіяла ААТ “Белаграпрамбанк” Ніны Леанідаўны Пазняк, уладальнікамі пазнавальнай кнігі “Твае першыя фінансы” стала каля 470 пяцікласнікаў Драгічыншчыны. Такім чынам адна з буйнейшых банкаўскіх устаноў рэспублікі садзейнічае таму, каб у дзяцей з ранняга ўзросту фарміраваліся адказныя адносіны да грошай і ўменне правільна імі распараджацца.

Галіна ШАФРАН
Фота аўтара