“Шчырае дзякуй за працу, за хлеб!”— гэтыя словы, напісаныя над уваходам у гарадскі Дом культуры, сталі лейтматывам урачыстасці, што ладзілася ў пятніцу. З усіх куточкаў Драгічыншчыны на святкаванне Дня работнікаў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК з’ехаліся ў райцэнтр аграрыі.
У выкананні народнага хора “Жывіца” гучыць “Прывітальная”. З глыбіні сцэны паяўляецца дзяўчына ў нацыянальным уборы. На тканым ручніку яна беражліва нясе залаты, быццам сонца, каравай. З удзячнасцю і пашанай дзяўчына перадае гэты сімвал жыцця і сялянскай працы старшыні райвыканкама Юрыю Дзядзюку. Юрый Васільевіч схіляецца ў паклоне і цалуе хлеб.
–Зямля – гэта найвышэйшая каштоўнасць любой дзяржавы. Руплівыя адносіны да выкарыстання зямельных рэсурсаў з’яўляюцца залогам працвітання нацыі. А ў наш час для любой дзяржавы гэта пытанне эканамічнай і харчовай бяспекі, – працытаваў кіраўнік раённай “вертыкалі” словы Прэзідэнта. Юрый Васільевіч прааналізаваў, які ж уклад у справу харчовай бяспекі насельніцтва ўнеслі сёлета сельскія працаўнікі нашага раёна, назваў гаспадаркі, якія нават у неспрыяльных умовах надвор’я здолелі атрымаць добры ўраджай тых ці іншых культур, прозвішчы лепшых аператараў машыннага даення, жывёлаводаў, механізатараў, спецыялістаў, кіраўнікоў, а таксама акрэсліў задачы на будучае.
Найчасцей упаміналіся СВК “Імянінскі” і “Асавецкі”, якія адзіныя на фоне агульнараённага зніжэння вытворчасці сельгаспрадукцыі да ўзроўню мінулага года на 32 мільярды рублёў, спрацавалі з “плюсам”.
–Надвор’е выпрабоўвала кіраўнікоў, спецыялістаў і працаўнікоў палёў на моц сялянскага характару, на ўменне аператыўна ўдасканальваць як арганізацыйныя падыходы, так і тэхналагічныя працэсы. Поспеху дабіліся тыя, хто цаніў кожную мінуту і працаваў не пакладаючы рук, – падкрэсліў Юрый Дзядзюк. – Валаўтваральнымі па вытворчасці зерня сталі СВК “Імянінскі”, ААТ “Драгічынскі камбікормавы завод”, СВК “Асавецкі” і “Аляксеевічы-Агра”, ААТ Драгічынскі райаграсэрвіс”. Нават сёлета, у няпростых умовах надвор’я, у СВК “Радавецкі” здолелі атрымаць высокую прадуктыўнасць рапсавага поля – 33 цэнтнеры. Кожны гектар даў гаспадарцы каля 600 тысяч рублёў прыбытку. За дасягнутыя вынікі ў вытворчасці цукровых буракоў добрых слоў заслугоўваюць працоўныя калектывы СВК “Імянінскі”, “Аляксеевічы-Агра”, “Асавецкі”. 1,5 мільярда рублёў прыбытку гаспадаркамі сёлета атрымана ад рэалізацыі бульбы. Менавіта “другі хлеб” восенню падтрымаў эканоміку СВК “Імянінскі” і племзавода “Заказельскі”, папоўніўшы іх казну адпаведна больш чым на чатыры і два з палавінаю мільярды рублёў. За апошнія гады значна павялічыліся аб’ёмы і якасць травяных кармоў. Так, сёлета іх нарыхтавана на 5 тысяч тон кармавых адзінак больш мінулагодняга. Лідарамі тут з’яўляюцца СВК “Імянінскі”, “Асавецкі”, ААТ “Драгічынскі райаграсэрвіс”.
Услед за Юрыем Васільевічам на сцэну выйдзе начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Каляда, які ўручыць старшыні СВК “Імянінскі” Уладзіміру Сухарэвічу Падзяку міністра сельскай гаспадаркі і харчавання, а кіраўніку “СВК “Асавецкі” Станіславу Цынкусу – Ганаровы дыплом за перамогу ў абласным спаборніцтве за найвышэйшыя вынікі па рэалізацыі малака.
І калі ў раслінаводстве лідарскія пазіцыі за імянінскімі земляробамі, дык у галіне жывёлагадоўлі няма роўных асавецкім працаўнікам ферм. Звыш шасці тысяч кілаграмаў малака, большасць з якога класа “экстра”, атрымалі ў разліку на адну карову за дзесяць месяцаў тутэйшыя аператары машыннага даення. Некаторыя жанчыны, напрыклад, Руслана Шахно, падымаліся на сцэну для ўзнагароджвання неаднаразова.
Шмат сялян атрымалі з нагоды свайго прафесійнага свята граматы, дыпломы, падзякі, грашовыя прэміі і падарункі. Шмат удзячных слоў ім выказалі начальнік райсельгасхарчу Сяргей Пачко, старшыня раённага Савета дэпутатаў Ганна Верамейчык, старшыня райкама прафсаюза работнікаў агра- прамысловага комплексу Святлана Барташ і іншыя.
Цудоўную канцэртную праграму аграрыям падарылі работнікі культуры. Наўрад ці маглі б з імі пасапернічаць сталічныя зоркі! Стоячы апладзіравала зала на развітанне сама- дзейным артыстам. А дзяўчаты ў нацыянальным адзенні тым часам раздавалі віноўнікам урачыстасці яблыкі, як сімвал пладавітасці, працягу жыцця і здзяйснення жаданняў.
Ніна Ткачук
Фота Івана ЛЯОНЧЫКА