Ёсць зацікаўленасць у сумесных праектах

Дата:

Калі гавораць, што людзі, гарады, народы ці краіны жывуць між сабой па-братэрску, то гэта – найлепшая, найвышэйшая характарыстыка іх узаемаадносін. Тое ж датычыць і нашага райцэнтра: не толькі назвы, але і даўнія сувязі яднаюць Драгічын у Беларусі з аднайменным гарадком Драгічынам над Бугам – у суседняй Польшчы. Нядаўна гэтыя адносіны выйшлі на новы віток плённага развіцця і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва, што было замацавана на ўзроўні афіцыйнай пісьмовай дамоўленасці. Аб падрабязнасцях заключэння дагавора між гарадамі-пабрацімамі расказала старшыня райсавета дэпутатаў С.У.Барташ.

1

– Святлана Уладзіміраўна, з чаго ўсё пачыналася?
– Як вядома, у ліпені наш Драгічын традыцыйна адзначае дзень вызвалення горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Сёлета, у юбілейны год Вялікай Перамогі, было вырашана запрасіць на свята і прадстаўнікоў з Драгічына над Бугам. Працяглы час наш райцэнтр і яго польскі горад-цёзка з’яўляюцца гарадамі-пабрацімамі, але апошнім часам гэтыя добрасуседскія кантакты і сувязі пачалі слабець, і трэба было паляпшаць сітуацыю. І гэта ўдалося!
Наша святочнае мерапрыемства наведалі мэр Драгічына над Бугам Войцэх Божым з жонкай Гражынай, якая працуе завучам у тамтэйшай школе. Яны прыехалі разам з дзіцячым танцавальным калектывам, які выступіў з добрым канцэртам, пазнаёміўшы гледачоў з традыцыйнай культурай свайго народа. Затым госці наведалі музей “Бездзежскі фартушок”, выказалі захапленне нашым стаўленнем да захавання традыцыйных рамёстваў роднага краю. Пры развітанні палякі пакінулі расклад мерапрыемстваў, якія меліся быць у Драгічыне над Бугам, і запрасілі нашу дэлегацыю наведаць горад-пабрацім у любы зручны час. Мы паабяцалі, што сустрэча абавязкова адбудзецца, і слова сваё стрымалі. Паездка адбылася 5-6 снежня. Разам са мной у Драгічын над Бугам паехалі намеснік старшыні райвыканкама Уладзімір Іванавіч Нерад, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Леанід Сцяпанавіч Куроўскі, намеснік начальніка гэтага аддзела Іна Пракоф’еўна Праневіч і вядомы ў нашых мясцінах ансамбль Бездзежскага Дома культуры “Сваякі” пад кіраўніцтвам Аляксандра Аляксандравіча Вакулы.
–Якія ўражанні засталіся ад паездкі? І чым адметны наш горад-пабрацім ў Польшчы?
–Уражанні пачаліся яшчэ на беларуска-польскай граніцы. Аказваецца, што трашчоткі -– адмысловы музычны інструмент, якім суправаджаецца выступленне бездзежскіх “Сваякоў”, даволі рэдка вывозіцца за мяжу, бо мытнікі намерваліся аднесці яго да разраду культурных каштоўнасцей, якія падлягаюць абавязковаму дэклараванню. Дарэчы, не меншы інтарэс пазней выклікалі трашчоткі і ў ходзе канцэртаў: многія з гледачоў падыходзілі, прасілі паказаць гэты народны інструмент і сыграць на ім, каб паслухаць яго арыгінальнае гучанне.
Калі ж гаварыць непасрэдна пра Драгічын над Бугам, то гэта гарадок, крыху большы за наш Антопаль. Там ёсць школа, якая па добраўпарадкаванасці нагадвае нашы навучальныя ўстановы. Праўда, сістэма навучання ў горадзе-пабраціме прадугледжвае магчымасць свабоднага наведвання заняткаў, завочнага навучання і перавод у наступны клас па выніках здадзеных экзаменаў.
Трэба адзначыць і тое, што ў мясцінах, якія мы наведалі, вельмі адказныя адносіны да арганізацыі бяспечнай жыццядзейнасці насельнікаў гміны, ці, па нашаму – сельсавета. У гарадку месціцца служба пажарнай аховы, у распараджэнні якой – некалькі спецыялізаваных аўтамабіляў. Што ж датычыць адметнасцяў інфраструктуры, то нязвыклым было тое, што будынак пажарнага дэпо мае прыбудову – прасторную глядзельную залу, якая выконвае ролю тутэйшай установы культуры. А яшчэ ў гарадку ёсць добраўпарадкаваная летняя пляцоўка для правядзення масавых мерапрыемстваў на свежым паветры. Гэтыя аб’екты ўтрымліваюцца за кошт бюджэтнага фінансавання Еўрасаюза.
Па-добраму ўразіла шчырае, благагавейнае стаўленне палякаў да веры і хрысціянскіх святыняў. Па ўсім відавочна, што ў Драгічыне над Бугам добра ўжываюцца каталікі і праваслаўныя, бо тут ёсць касцёл і праваслаўны храм, якія існуюць на ахвяраванні прыхаджан.
У гарадку-пабраціме працуе і даволі цікавы музей матацыклаў, які адкрыў і ўтрымлівае прыватны аматар-калекцыянер. Ён сабраў каля 300 экзэмпляраў гэтай тэхнікі розных вытворцаў і часоў выпуску, і на момант нашага наведвання ў музеі выстаўлялася недзе 100 рэдкіх экспанатаў. Там жа знаходзіліся і байдаркі, бо многія тутэйшыя жыхары любяць праводзіць свой вольны час, сплаўляючыся па рацэ Буг.
Ёсць у Польшчы вялікая цікавасць да захавання і развіцця сваёй культурнай спадчыны. У час нашага наведвання Драгічына над Бугам там праходзіў міжнародны конкурс бальных танцаў. Ён адкрываўся 5 снежня, акурат у дзень нашага прыезду, і нас папрасілі выступіць са зваротам і пажаданнямі да ўдзельнікаў мерапрыемства. Да нас далучыліся і “Сваякі”, якія выканалі некалькі канцэртных нумароў. А калі яны зайгралі “Полечку”, то ў пляс пайшлі ўсе 110 танцавальных пар канкурсантаў. Так што мы паяднаныя моцнай духоўнай повяззю.
– І як будуць далей развівацца ўзаемаадносіны гарадоў-пабрацімаў? Ці ёць планы на бліжэйшую перспектыву?
– На ўзроўні мэра Драгічына над Бугам і кіраўніцтва нашага раёна было падпісана афіцыйнае пагадненне, якім прадугледжана далейшае ўсталяванне і ўмацаванне партнёрскіх узаемаадносін у розных сферах эканамічнай, культурнай і грамадскай дзейнасці. “З гэтай мэтай бакі дамаўляюцца на ўзаемавыгадных умовах аказваць дапамогу і падтрымку ў вырашэнні пытанняў развіцця сельскай гаспадаркі; адукацыі, культуры і спорту; усяляк спрыяць пашырэнню супрацоўніцтва паміж прадпрыемствамі і арганізацыямі, школьнымі, маладзёжнымі і ветэранскімі аб’яднаннямі, калектывамі мастацкай самадзейнасці і спартыўнымі камандамі”, – адзначалася ў прынятым дакуменце аб духоўным збліжэнні беларускага і польскага гарадоў-пабрацімаў.
Вялася гаворка і аб тым, каб распрацаваць і ажыццявіць маршрут сумеснага сплаўлення на байдарках ад Драгічына над Бугам да нашага райцэнтра. Магчыма, гэты праект і стане першым сумесным мерапрыемствам у накірунку далейшага ўмацавання добрасуседскіх адносін.

Гутарыла Галіна ШАФРАН

Пастскрыптум:
Калі матэрыял быў падрыхтаваны да друку, у райвыканкам і райсавет дэпутатаў паступіў факс за подпісам мэра горада-пабраціма Войцэха Божыма, у якім былі канкрэтызаваны некаторыя ўмовы, у прыватнасці, матэрыяльныя выдаткі для ажыццяўлення сумесных праектаў. Ён паведаміў наступнае:
“Еўрапейская камісія да канца 2015 года зацвердзіць праграмы супрацоўніцтва памежных краін. Верагодней усяго, з сярэдзіны будучага года будуць прымацца заяўкі па сумеснай культурнай і турыстычнай дзейнасці. На гэтыя мэты мяркуецца выдаткаваць каля 35 млн. еўра, максімальны кошт праекта – да 2,5 млн. еўра, а значыць, можна прэтэндаваць адразу на некалькі праектаў. Пры гэтым рэкамендуецца, каб сума праекта па абодва бакі граніцы была прыблізна аднолькавай па фінансавых затратах.
Акрамя таго, можна падаваць заяўкі па культурнай дзейнасці ў галіне “малых праектаў” коштам да 60 тыс. еўра, у тым ліку 20% – на інвестыцыйную дзейнасць. Думаю, нам варта паспрабаваць ажыццявіць што-небудзь з вышэйсказанага. Чакаем вашых прапаноў. З павагай – Войцэх Божым”.
Так што дагавор аб супрацоўніцтве гарадоў-пабрацімаў пачынае набываць канкрэтныя абрысы…

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Розничный товарооборот по Дрогичинскому району полугодии 2024 года cоставил 83,9 млн. рублей

Об этом сообщили в главном статистическом управлении Брестской области....

Автомобильный парк Дрогичинского райпо пополнился новым автомагазином

Новая автолавка обслуживает 21 отдаленный населенный пункт нашего района...

Министр транспорта и коммуникаций встретился с коллективом АП № 15 г. Дрогичина

Сегодня в рамках единого дня информирования министр транспорта и...

К сведению недропользователей

Брестское областное управление Госпромнадзора информирует, что с июня 2024 г....