spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

Ёсць жаданне пашыраць поле дзейнасці ў Драгічынскай ільнонасенстанцыі

Дата:

За дзень ён намотвае не адзін дзясятак кіламетраў, таму што палі, дзе маецца быць лён, раскіданы на паўраёна. Так было і пазалетась, і ў мінулым годзе, і сёлета. Таму зараз, у гарачы час пасяўной, і дырэктар філіяла “Драгічынская дзяржаўная міжраённая льнонасенстанцыя” прадпрыемства “Брэстільнонасенне” В.М.Елец, і механізатары гэтай арганізацыі круцяцца ад аднаго пасяўнога ўчастка да другога. Зранку Валерый Міхайлавіч пабываў на полі, якое размясцілася адразу за чыгуначным пераездам, узбоч дарогі на Папіну.

Механізатары льнонасенстанцыі Аляксандр Мікалаевіч Скірук, Юрый Іванавіч Сцепанюк і Аляксандр Леанідавіч Глушко
Механізатары льнонасенстанцыі Аляксандр Мікалаевіч Скірук, Юрый Іванавіч Сцепанюк і Аляксандр Леанідавіч Глушко

– Вельмі неаднародны, праблемны ўчастак зямлі: наша тэхніка з прычапным культыватарам, на якой працуе Дзяніс Анатольевіч Гарудка, сюды ўжо трэці раз прыязджае. Па краях зямля перасыхае, а ў цэнтры – балота. Вось і варушыць механізатар глебу, каб хутчэй можна было ўвайсці сюды і засеяць поле. Да абеда трактарыст тут працаваць будзе, а далей паедзе на ўчастак ля вёскі Леснікі, што размешчаны за 20 з лішнім кіламетраў адсюль, – тлумачыць В.М.Елец.

На трактары з прычапным культыватарам працуе Дзяніс Анатольевіч Гарудка
На трактары з прычапным культыватарам працуе Дзяніс Анатольевіч Гарудка

А мы з Валерыем Міхайлавічам кіруемся на поле за вёскай Пігановічы, дзе ўжо вядзецца сяўба льну, які лічыцца не толькі прыгожым сімвалам Беларусі, але і стратэгічнай сельскагаспадарчай культурай рэспублікі. Па валаваму збору льновалакна наша краіна займае другое месца ў свеце, на трэцім – Расія. А лідарам у гэтай справе пакуль з’яўляецца Францыя.

Істотны ўклад у развіццё галіны ўносіць і Драгічынская міжраённая льнонасенстанцыя, якая забяспечвае льнаводчыя гаспадаркі якасным насеннем гэтай культуры. Аб гэтым сведчаць наступныя лічбы і факты. У мінулым годзе на палях мясцовага філіяла з кожнага гектара атрымалі па 7 цэнтнераў насення льну, і па гэтаму паказчыку Драгічынская льнонасенстанцыя выйшла на першае месца ў рэспубліцы. Валавы збор гэтай прадукцыі склаў 140 тон, што на 50 тон больш, чым у пазамінулым годзе. Ураджайнасць ільнотрасты склала 12,9 цэнтнера з гектара, а яе валавы збор перавысіў 920 тон, і гэта таксама адзін з лепшых паказчыкаў на рэспубліканскім узроўні (пазалетась на палях ільнонасенстанцыі было сабрана толькі 560 тон льнотрасты). Прычым у яе вырошчванні быў дасягнуты даволі высокі нумар паказчыка якасці – 1,16. Так што па выніках гаспадарчай і эканамічнай дзейнасці для Драгічынскай ільнонасенстанцыі мінулы год быў даволі ўдалым, за што калектыў гэтай арганізацыі пад кіраўніцтвам В.М. Ельца быў прызнаны пераможцам раённага спаборніцтва ў развіцці аграпрамысловага комплексу з уручэннем Пераходнага чырвонага сцяга, дыплома і грашовай прэміі. Але ж такія поспехі, як прызнаецца Валерый Міхайлавіч, даюцца нялёгкім калектыўным стараннем…

Як і ў мінулым годе, так і сёлета пад гаспадаранне міжраённай ільнонасенстацыі адведзены плошчы ў памеры 250 гектараў. Яны знаходзяцца ў розных накірунках раёна, пачынаючы ад прыгарада Драгічына і да Антопальска-Немяржанска-Аляксеевіцкай зоны. Адлегласць паміж палямі іншым разам дасягае 30 кіламетраў, і нават пры дасканалым планаванні работ гэты фактар значна павялічвае расходы на вырошчванне льну, а адпаведна, і сабекошт канчатковай прадукцыі. Таму, нягледзячы на лепшыя паказчыкі ў рэспубліцы, рэнтабельнасць гэтай культуры на Драгічынскай ільнонасенстанцыі склала 5,9 %. Хаця і гэта дазволіла яшчэ з восені павялічыць у калектыве заробкі, працягваць набыццё неабходнай тэхнікі і мадэрнізацыю вырошчвання льну ў тутэйшых умовах.

– На цяперашні час на палях філіяла пасеяна каля 100 гектараў “даўгунцу”. Перавага аддаецца гатунку беларускай селекцыі “Гранд”, а з мінулага года выпрабоўваем яшчэ і “Ладу”. Паколькі мы – насенняводчая гаспадарка, то за захаваннем чысціні гатунку вядзецца строгі кантроль. Прыязджаюць спецыялісты, якія нават па форме пялёсткаў квітнеючага сіняга льну могуць заўважыць, ці не трапілі на поле непажаданыя прымесі іншых гатункаў. Дадатковы кантроль насення на арыгінальнасць ажыццяўляецца і на Горацкай сортавыпрабавальнай станцыі. Таму стараемся, каб і ў гэтым накірунку ўсё было ў парадку, – расказвае В.М.Елец.

– Лён – культура даволі патрабавальная і капрызная, – разважае Валерый Міхайлавіч у далейшай размове. – Яго ўраджайнасць у пэўнай меры залежыць не толькі ад захавання тэхналогіі вырошчвання, адказнасці працаўнікоў, але і ад спрыяльных умоў надвор’я. Значную ролю ва ўмацаванні фінансава-эканамічнай стабільнасці калектыву іграе і попыт на гэту прадукцыю, плацежаздольнасць заказчыкаў ільнонасення і перапрацоўшчыкаў ільновалакна. Пазамінулы год у нас не задаўся, леташні мы завяршылі з добрымі паказчыкамі. І каб мінімізаваць уплыў негатыўных фактараў на паказчыкі работы, мець альтэрнатыву ў сваёй гаспадарчай дзейнасці, у нас ёсць намер вырошчваць яшчэ і кандыцыйнае насенне траў. На цяперашнім этапе паспяхова вырашаецца пытанне аб тым, каб выдзеліць нашаму філіялу ў пастаяннае карыстанне 280 гектараў зямлі, дзе мы не толькі пашырым пасевы льну, але і будзем займацца дадатковымі відамі раслінаводчай дзейнасці. Для гэтага ў нас ёсць і пастаянныя механізатарскія кадры, і неабходны земляробчы вопыт, і сельскагаспадарчая тэхніка. І галоўнае – ёсць жаданне пашыраць поле дзейнасці, каб утрымаць дасягнутыя паказчыкі і развівацца далей, – дзеліцца планамі дырэктар філіяла “Драгічынская дзяржаўная міжраённая льнонасенстанцыя”прадпрыемства “Брэстільнонасенне” В.М.Елец…

А пакуль працаўнікі гэтага калектыву спяшаюцца своечасова апрацаваць і засеяць ільняныя палеткі. У сярэдзіне бягучага тыдня льнаводчае звяно працавала на полі за вёскай Пігановічы. Вопытнейшы механізатар, перадавік калектыву Юрый Іванавіч Сцепанюк займаўся перадпасяўной апрацоўкай глебы, Аляксандр Мікалаевіч Скірук вёў сяўбу, а далей на трактары з прычапнымі каткамі рухаўся Аляксандр Леанідавіч Глушко, каб насенне шчыльней лягло ў глебу і ўзыходы льну былі дружнымі і раўнамернымі.

Да ўсяго вышэйсказанага, убачанага і занатаванага дырэктар ільнонасенстанцыі В.М.Елец дабавіў, што на сённяшні дзень пад ураджай-2017 года яны поўнасцю, пад 100-працэнтную патрэбнасць, закупілі ўсе неабходныя сродкі аховы раслін і мінеральныя ўгнаенні. Так што спраў наперадзе многа, але ў калектыве мясцовых ільнаводаў спадзяюцца, што і сёлета гэта культура аддзячыць ім за клопат і паклон.

Галіна ШАФРАН

Фота Івана ЛЯОНЧЫКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В Дрогичинском районе почтили память жителей деревни Сварынь, убитых в годы войны

Сегодня, 16 апреля, исполнилось 80 лет, как фашистскими карателями...

В Бездежской школе по инициативе БРСМ прошел республиканский патриотический проект «Цветы Великой Победы»

Ежегодно патриотический проект объединяет сотни тысяч людей разных профессий...

“Есть чем гордиться, но надо двигаться дальше”. Вот что требует Александр Лукашенко от сельского хозяйства

Аграриям есть чем гордиться, но работу сельскохозяйственной отрасли надо...

Навстречу ВНС: знакомимся с делегатами от Дрогичинщины

Выборы делегатов Всебелорусского народного собрания завершились в Беларуси 10...