spot_img

Заслужаная настаўніца БССР адзначае сваё 90-годдзе

Дата:

Сёння свой 90-гадовы юбілей адзначае ветэран педагагічнай працы, заслужаная настаўніца БССР Марыя Рыгораўна Ярашэвіч, якая пражывае ў Хомску. Яе жыццё – яскравае сцвярджэнне праверанай вякамі ісціны: Бог дапамагае таму, хто дапамагае іншым. Бо і цяпер, у сваім сталым узросце, гэтая невысокая, худзенькая, рухавая жанчына з’яўляецца ўвасабленнем дабрыні і сціпласці, інтэлігентнасці і педантычнай акуратнасці.

Некаторы час таму назад жанчына аўдавела і сядзіба засталася без гаспадара, але на яе жылым будынку і зараз вісіць шыльдачка “Дом узорнага санітарнага парадку”. І ён спраўна падтрымліваецца: у хаце пажылой жанчыны – ні пылінкі, ні парушынкі. Усё – ад самаробных сурвэтак і вышыванак да ўбрання на абразах – ззяе свежасцю, чысцінёй і ўтульнасцю. На століку аж буяе раскошнай зелянінай экзатычны вазон,які Марыі Рыгораўне прынесла ў падарунак адна з яе колішніх вучаніц…

– Хто дапамагае спраўляцца з хатнімі справамі? – перапытвае мая суразмоўніца. – Дзеці прыязджаюць. Бліжэй за ўсіх – у Брэсце – жыве старэйшы сын. Але ж і сама яшчэ стараюся варушыцца: і ў хаце прыбіраю, і есці гатую, і курачак пакарміць выходжу, і ў магазін час ад часу выбіраюся… Прысяду іншым разам, узгадаю сваё жыццё – і самой не верыцца, што мне ўжо 90 гадкоў набегла. Здаецца, быццам толькі ўчора ўсё было: дзяцінства і юнацтва, азмрочанае вайной, вучоба ў педвучылішчы ў паўгалодны пасляваенны час, накіраванне на работу ў незнаёмыя мясціны…

І Марыя Рыгораўна не вельмі ахвотна (бо хлеб у жыцці прыходзілася есці ўсякі: чорны, белы і ніякі) усё ж паддаецца на мае ўгаворы і прыгадвае мінулае. Нарадзілася мая суразмоўніца ў 1926 годзе на Гомельшчыне, у вёсцы Брод Рагачоўскага раёна. Яна была старэйшай у шматдзетнай сялянскай сям’і. Як і многія з яе тагачасных равеснікаў, рана навучылася жаць, касіць, прасці, ткаць, шыць, вышываць, і расла добрай памочніцай і спраўнай гаспадынькай. Але ж бацькі вельмі хацелі, каб дачка вучылася, і ўсяляк спрыялі гэтаму.
Перад самай вайной, у 1941 годзе, Марыя скончыла сямігодку ў суседняй вёсцы, а адразу пасля вызвалення нашых мясцін ад нямецка-фашысцкай акупацыі дзяўчына паступіла ў Ганцавіцкае педвучылішча. Час быў галодны, паўсюль панавала нястача. Марыіна маці, каб адправіць дачку вучыцца, вымяняла на прадукты кавалак паркалю, пашыла з яго спадніцу, пафарбавала ў карычневы колер, і з гэтай абноўкай дзяўчына паехала на заняткі. А яе адзіным абуткам на доўгі час сталі матчыны вясельныя боцікі, якія да гэтага ў сялянскай сям’і апраналі толькі па вялікіх святах. Але было імкненне да ведаў – і цяжкасці пераадольваліся.

У пасляваенным 1947-м годзе Марыя Рыгораўна скончыла педвучылішча і была накіравана на работу ў Драгічынскі раён. Зайшла ў аддзел адукацыі, і ёй прапанавалі некалькі школ на выбар. Яна чамусьці назвала Крамно, і пазней ні разу аб тым не пашкадавала. Хаця спачатку яе, “усходніцу”, вяскоўцы прынялі даволі насцярожана.

Пасялілі маладую настаўніцу Марыю Ігнатаву ў памяшканні, дзе адначасова месціліся крама і школа: у адным пакоі прадавалі хлеб і іншыя тавары, у другім знаходзіўся клас, дзе вяліся заняткі, а ў трэцім была сталоўка, якая і стала яе прытулкам. Маёй суразмоўніцы і цяпер памятаецца, як яна атрымала свой першы заробак, паехала ў Драгічын, купіла пуд пшаніцы, змалола яе на жорнах, пазычыла ў суседкі дзяжу і замясіла цеста. Па вёсцы ўмомант разнеслася навіна, што “ўсходніца” хлеб пячы намерваецца. Найбольш цікаўныя сабраліся паглядзець, што з таго атрымаецца. Але ж гэтай справай дзяўчына займалася з маленства, дапамагаючы матулі, і хлеб у яе атрымаўся пульхным і смачным. Гэта толькі ўмацавала давер вяскоўцаў да маладой настаўніцы, і яе пачалі лічыць сваёй у тутэйшых мясцінах.

Там жа, у Крамноўскай школе, Марыя Ігнатава пазнаёмілася са сваім будучым мужам. Васіль Рыгоравіч Ярашэвіч працаваў загадчыкам пачатковай навучальнай установы і выкладаў біялогію. Маладых людзей звязвалі агульныя прафесійныя справы і інтарэсы. “Два гады папрацавалі разам, паглядзелі, што ў многім нашы погляды і меркаванні сыходзяцца – і пажаніліся”, – проста расказвае пра свае пачуцці Марыя Рыгораўна. У сельсавет, які быў тады ў Застаўі, дабіраліся пешшу. Там распісаліся, і нявеста ўзяла прозвішча мужа – Ярашэвіч.
Жыць маладыя перабраліся на кватэру, і там жа, у Крамно, нарадзіўся іх першынец – Анатоль. Потым Васіля Рыгоравіча перавялі дырэктарам і настаўнікам Застаўскай сямігодкі. І калі Марыя Рыгораўна развітвалася з Крамноўскай школкай і са сваімі вучнямі, то і дзеці, і іх матулі плакалі пры расставанні. Настолькі ўсе яны зрадніліся і паразумеліся за гэты час.

У Застаўі ў маладой сям’і нарадзіўся другі сын – Леанід. Водпускаў па догляду за дзецьмі тады не было, і таму настаўнікі вырашылі папрасіць работу бліжэй да радні. Так яны апынуліся ў Хомскай школе. Спачатку жылі ў Заяленні, у Васілёвых бацькоў. Там нарадзілася дачка Тамара, але гадаваць яе было ўжо лягчэй, бо, як прызнаецца Марыя Рыгораўна, у многім свякроўка падсабляла. Спачатку Ярашэвічы пешшу хадзілі ў Хомск на работу, а потым перавезлі і абуладкавалі бацькоўскі дом на цэнтральнай сядзібе, дзе ён стаіць да гэтай пары.

Жыццё наладзілася і пайшло сваёй чаргою. Марыя Рыгораўна і Васіль Рыгоравіч завочна прадоўжылі адукацыю ў педінстытутах. І, як зазначаюць многія з іх аднавяскоўцаў і былых вучняў, яны былі з тае кагорты педагогаў, што рабоце не толькі свой час і сілы, але і душу аддавалі. М.Р.Ярашэвіч больш за сорак гадоў працавала настаўніцай пачатковых класаў, і да кожнага ўрока яна рыхтавалася, як да першага. Па тым часе, калі не было камп’ютараў, яна выкарыстоўвала шмат наглядных дапаможнікаў, якія начамі майстравала сваімі рукамі. Да прыкладу, вывучалі дзеці гадзіннік і адлік часу – яна выразала, малявала і клеіла вялікі цыферблат са стрэлкамі, каб яе вучням зручней было засвоіць тэму. Памятае, што для таго, каб навучыць першакласнікаў лічыць, яна зрабіла з картону і падручнага матэрыялу цэлы птушнік, дзе галоўнымі дзеючымі асобамі былі курачка з кураняткамі, якіх можна было патрымаць рукамі, адняць або дабавіць. І такім чынам урок ператвараўся ў захапляючую гульню, пры якой матэрыял засвойваўся лёгка і без прымусу.

Аднойчы М.Р.Ярашэвіч накіравалі на навукова-практычную канферэнцыю ў Мінску, дзе на выставе педагагічных дасягненняў яна ўбачыла свае самаробныя дапаможнікі да ўрокаў. Яе вопыт быў прызнаны на ўзроўні рэспублікі, ён вывучаўся і распаўсюджваўся. За сваю самаадданую і плённую педагагічную дзейнасць Марыя Рыгораўна была ўзнагароджана Граматай Вярхоўнага Савета БССР і медалём “За працоўную доблесць”, а ў 1968-1969 навучальным годзе ёй было прысвоена званне “Заслужаны настаўнік БССР”.
Але гэта так, да слова. Бо па сённяшні дзень душу маёй пажылой суразмоўніцы грэюць і радуюць зусім іншыя ўспаміны, якія звязаны непасрэдна з яе няўрымслівымі выхаванцамі. Ветэран педагагічнай працы М.Р.Ярашэвіч з ахвотай распавядае, як яны з дзецьмі рыхтавалі падарункі да Свята жанчын: ставілі спектакль, рабілі вазачкі з пап’е-машэ і папяровыя ружы, расстаўлялі іх па партах і запрашалі ў школу матуль і бабуль. Тыя заходзілі ў клас, а там усё палымнела ад самаробных кветак і свяцілася ад шчасця дзяцей!
Не шкадавала Марыя Рыгораўна свайго часу і на пазашкольныя заняткі з дзецьмі. Яна арганізавала і вяла ў школе лялечны тэатр. “Помніцца, мы рыхтавалі чарговую тэатралізаваную пастаноўку. Рэпетыцыі праводзілі вечарамі. Школа закрываецца, а ў нашым класе вокны свецяцца. Заходзіць дырэктар, а ў мяне – усе дзеці ў зборы”, – са смехам прыгадвае Марыя Рыгораўна.

– А як жа пры такой занятасці спраўляліся з выхаваннем уласных дзяцей? – пытаюся ў сваёй суразмоўніцы.

– Яны жылі агульнасямейнымі справамі і клопатамі, – расказвае М.Р.Ярашэвіч. – Муж, Васіль Рыгоравіч, таксама шмат часу аддаваў вучням і школе. А нашы дзеці бачылі, што мы заняты работай, і далучаліся да хатніх спраў. Яны змалку ўсё рабіць умелі. Пакуль мы з мужам у школе, самы старэйшы – Толя – параздае даручэнні малодшым, Леаніду і Тамары, і яны разам посуд перамыюць, дом прыбяруць, гаспадарку ўправяць. Вяртаемся – усюды чысціня і парадак.

І вучыліся нашы дзеці добра. Толя закончыў школу з сярэбраным медалём, паехаў паступаць у Ленінградскі электратэхнічны інстытут і прайшоў туды, здаўшы адзін экзамен. Зараз ён дацэнт, кандыдат навук, выкладае ў Брэсцкім тэхнічным універсітэце. Лёня закончыў Ленінградскі гідраметэаралагічны інстытут і таксама мае вучоную ступень кандыдата тэхнічных навук, жыве ў Маскве і працуе вядучым спецыялістам у аэрапорце “Шарамецьева”. Тамара абуладкавалася ў Санкт-Пецярбургу і працуе ў сферы гандлю.

Добра і ў дастатку жывуць яе дзеці, пастаянна наведваюць Марыю Рыгораўну, і гэта надае ёй бадзёрасці і аптымізму. Не пакідаюць паважанага ветэрана працы суседзі-вяскоўцы і яе былыя вучні. Адна з іх, Тамара Мікалаеўна Масальская, таксама закончыла педінстытут і працуе настаўніцай пачатковых класаў у СШ № 1 г.Драгічына. Яна перыядычна наведвае М.Р.Ярашэвіч і не адмовілася пагаварыць пра сваю першую настаўніцу, тым самым дапамагаючы мне зразумець сакрэт яе педагагічнага майстэрства.

“Прыкладам у жыцці для мяне былі два блізкія чалавекі – гэта мая мама і мая першая настаўніца, – расказвае Т.М.Масальская. – У школе ў адносінах да вучняў Марыя Рыгораўна ніколі не паказвала дрэннага настрою ці самаадчування, ніколі не павысіла на дзяцей голас. Зараз, з вышыні свайго цяперашняга ўзросту і жыццёвага вопыту, я разумею, што мая першая настаўніца ў многім ахвяравала сабой, абы нам, дзецям, у школе было радасна і ўтульна. Усе вучні для Марыі Рыгораўны былі аднолькава любімыя: і выдатнік, і неслух, і троечнік. Да кожнага яна мела індывідуальны падыход, кожнаму падбірала такі матэрыял, каб школьнік мог справіцца з заданнем і каб яго было за што пахваліць.

Памятаю, што ў Марыі Рыгораўны быў цэлы набор самаробных пальцавых лялек, якія прыходзілі да нас на ўрокі і з якімі самыя складаныя тэмы заняткаў станавіліся лёгкімі і запамінальнымі. Памятаю і яе маляўнічыя падзелкі, якія дапамагалі разумець і засвойваць матэрыял. Асабліва запамяталася картонная яблынька з адрыўнымі яблычкамі, на кожным з якіх быў прыклад. Зрывалі яблык, рашалі заданне і весела лічылі, колькі яшчэ пладоў засталося. Пэўна, таму і не было ў нашым класе “цяжкіх” вучняў, і ўсе мы вучыліся з ахвотай, бо Марыя Рыгораўна ўмела захапіць нас справай і знаходзіла ў гэтым падтрымку з боку нашых бацькоў.

Прыклад М.Р.Ярашэвіч у многім паўплываў на выбар маёй будучай прафесіі. Я і тады, калі вучылася ў педінстытуце, і зараз час ад часу іду да сваёй першай настаўніцы, каб адведаць яе, пагаварыць і параіцца. Сваю ўдзячнасць Марыі Рыгораўне я пранесла праз усё жыццё”, – прызнаецца Тамара Мікалаеўна.

Недарэмна кажуць: настаўнік далучаецца да вечнасці, і ніхто не можа сказаць, у якім вымярэнні душы і часу завяршаецца яго ўплыў. Зярняты дабрыні, спагадання, духоўнасці, якія ў свой час шчодра сеяла М.Р.Ярашэвіч у душах сваіх вучнях, таксама далі добрыя ўсходы. І сёння высакародную справу заслужанай настаўніцы дастойна працягваюць яе паслядоўнікі – вучні…

Галіна ШАФРАН
Фота аўтара

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Петр Пархомчик: В рамках программы “Один район – один проект” необходимы более продуктивные идеи

В ходе пресс-конференции, которую проводит сегодня для журналистов председатель...

Министр культуры, помощник Президента, руководители компаний и замминистры. Подробности кадрового дня у главы государства

Президент Беларуси Александр Лукашенко 2 декабря рассмотрел кадровые вопросы. Президент...

Доллар или юань? Какая иностранная валюта важнее для белорусской экономики, пояснил Головченко

Белорусский рубль за несколько лет укрепился по отношению к...