Паводле ўмоў Рыжскага мірнага дагавора ад 18 сакавіка 1921 г., Драгічынскі павет у межах Палескага ваяводства ўвайшоў у склад Польшчы. Павет меў плошчу 2351 кв. км.

У 1920 – 39 гг. на тэрыторыі павета адбыліся некаторыя змяненні. 17 сакавіка 1928 г. была ліквідавана Дружылавіцкая гміна, а яе тэрыторыя адышла да гмін: Бездзеж, Моталь, Янава і гміне Парэчча Пінскага павета. 23 сакавіка 1928 г. былі ліквідаваны гміны: Валавельская, тэрыторыя якой адышла да Брашэвіцкай гміны; Варацэвіцкая, якая ўвайшла ў склад Драгічынскай, Асавецкай і Янаўскай гмін; Імянінская, тэрыторыя якой адышла да Брашэвіцкай і Хомскай гмін. 25 верасня 1928 г. з Брашэвіцкай была выдзелена ў самастойную Валавельская гміна. Такім чынам, у павеце стала 9 гмін: Адрыжын, Бездзеж, Брашэвічы, Валавель, Драгічын, Моталь, Осаўцы, Хомск і Янаў. Паводле перапісу 1931 г., у павеце пражывала 90995 чалавек, з іх 78686 беларусаў, 6041 яўрэй і 4295 палякаў. Антопаль з навакольнымі населенымі пунктамі ўваходзіў у склад Кобрынскага павета. У межы сучаснага Драгічынскага раёна ўваходзіла частка тэрыторыі Лелікаўскай гміны Камень-Кашырскага павета з вёскамі: Радастава, Сварынь, Гаравіца, Залессе і шматлікімі навакольнымі хутарамі.

Адміністрацыйным цэнтрам павета быў Драгічын з насельніцтвам у 1935 г. 2500 чалавек. Тут размяшчаліся павятовае староства, органы самакіравання – павятовы аддзел і магістрат, паліцэйская камендатура, гарадскі суд, фінансавае ўпраўленне і школьны інспектарат, была турма. Дзейнічаў касцёл і праваслаўная царква, працавала адна агульнаадукацыйная школа. Горад асвятляўся электраўстаноўкай. Прыезджых абслугоўвалі некалькі гасцініц, з якіх самая вялікая мела 6 месц з аплатай да 2 зл. 50 гр. у суткі.

Яшчэ ў 1927 г. 1216 сем’яў у павеце не мелі нармальных жыллёвых умоў, 66 сем’яў жыло ў зямлянках, 832 сям’і наогул не мелі свайго жылля. Людзі жылі ў старэнькіх хатах, спалі на нарах. Беднасць глядзела з усіх куткоў. Калі ў сям’і быў хоць адзін хворы туберкулёзам, дык гэтую хваробу перадаваў астатнім членам сям’і. У в. Сёманаўшчына пасля першай сусветнай вайны ўцалела толькі тры хаты. Усе жыхары размяшчаліся ў іх. Бруд, цесната служылі крыніцай многіх хвароб, такіх як тыф, дызентэрыя. У адной хаце, дзе пасялілася 27 чалавек, за кароткі час памерла 9. Павятовы ўрач паведамляў палескаму ваяводзе аб жахлівай беднасці, якая ахапіла 40 працэнтаў насельніцтва павета.

Удзельная вага прамысловасці ў эканоміцы павета была надзвычай нізкай. Прадпрыемствы былі аснашчаны прымітыўнай тэхнікай, на іх працавала невялікая колькасць рабочых. У 1932 г. у павеце налічвалася 58 прадпрыемстваў, самым буйным з якіх быў адкрыты ў 1928 г. лесапільны завод фірмы «Горбур» у Янаве.

Рабочыя працавалі ў цяжкіх умовах па 10 – 12 гадзін у суткі за мізэрную плату. Так, на лесапільным заводзе фірмы «Горбур» заробак складаў 1 – 4 злотых, жанчына ж за такую работу атрымлівала толькі 1 злоты. Асабліва цяжкім было становішча рабочых у гады эканамічнага крызісу, калі прадпрыемствы закрываліся, а рабочыя звальняліся. 24 ліпеня 1931 г., напрыклад, адразу было звольнена 70 рабочых лесапільнага завода фірмы «Горбур». У студзені 1938 г. у павеце налічвалася ўжо 165 прамысловых беспрацоўных.

 

 

Кніга “Памяць. Драгічынскі раён”, Мн., 1997г.