Сваю генеральную рэпетыцыю перад чарговым канцэртам самадзейныя артысты аматарскага аб’яднання “Талака” праводзілі прама ў аўтобусе, едучы на Маркавічы, дзе было намечана іх выступленне перад тутэйшымі жыхарамі. Пакуль старэнькі (па мерках узросту пасажырскага транспарту) “Радзіміч”, які знаходзіцца на балансе аддзела культуры, даставіў талакоўцаў да аддаленай вёскі, яны паспелі і паспяваць, і абмеркаваць праграму выступлення, і расказаць пра сваю культурна-асветніцкую місію…

Аказалася, што некаторы час таму назад пры аддзеле культуры райвыканкама быў створаны выязны аўтаклуб, загадчыцай якога прызначана культработнік Л.А. Галавач. Галоўнай яе задачай стала арганізацыя і правядзенне выязных канцэртаў мастацкай самадзейнасці ў аддаленых маланаселеных вёсках, дзе фактычна не засталося ніякіх аб’ектаў сацкультбыту. Хаця там пакуль пражываюць (у асноўным – ужо немаладыя) людзі, якія таксама зарабілі права карыстацца сучаснымі дасягненнямі цывілізацыі, у тым ліку – і ў сферы культуры.

За кароткі час Людміла Анатольеўна пры падтрымцы аднадумцаў згуртавала вакол гэтай справы многіх таленавітых работнікаў культуры – вакалістаў і музыкантаў, якія ўвайшлі ў склад аматарскага аб’яднання “Талака”. У іх ужо ёсць свой напрацаваны рэпертуар, і пры неабходнасці яны могуць хутка сарганізавацца, каб даць канцэрт у любым населеным пункце, на любой імправізаванай канцэртнай пляцоўцы. І ў гэтым можна было пераканацца, пабываўшы з “Талакой” у Маркавічах.

– У сённяшнім выязным канцэрце перад вяскоўцамі выступяць нашы самадзейныя артысты Таццяна Васільеўна Усціянчык, Вольга Сяргееўна Самасюк, Ірына Арсенцьеўна Мазановіч і акампаніятар Іван Мікалаевіч Красоўскі, наш мясцовы паэт-песеннік, творы якога мы ўключаем у свой рэпертуар. На канцэрты нас дастаўляе вадзіцель аўтаклуба Раман Пятровіч Юшкевіч. Многія падобныя выязныя мерапрыемствы праводзяцца сумесна з бібліятэкай, работнікі якой вязуць жыхарам аддаленых вёсак кнігі, часопісы, іншыя выданні, а іншым разам і ўдзельнічаюць з намі ў канцэртнай праграме, – расказвае кіраўнік аўтаклуба і аматарскага аб’яднання “Талака” Людміла Анатольеўна Галавач.

 Падобныя сустрэчы, дадае мая суразмоўніца, нярэдка праходзяць у атмасферы імправізацыі, калі рыхтуеш адну праграму, а на месцы яна ўпарадкоўваецца з улікам пажаданняў гледачоў. Зрэшты, так сталася і ў Маркавічах…

З песнямі аўтаклуб пад’язджае да будынка былога сельмага. Калісьці ён быў месцам патрэбных набыткаў і абмену навінамі між вяскоўцамі, а цяпер зачынены. Магчыма, ужо назаўсёды. Ад яго толькі што ад’ехала аўталаўка, якая дастаўляе тутэйшым жыхарам тавары першай неабходнасці. І яе месца займае “Радзіміч” з самадзейнымі артыстамі.

Вяскоўцы – хто абапіраючыся на ровар, хто – на кульбачку ці кіёчкі, не разыходзяцца, чакаюць, што будзе далей. Пагутарыць з людзьмі аб іх жыцці-быцці прыехаў старшыня Хомскага сельвыканкама Аляксандр Мікалаевіч Заверач. Іх размова ў асноўным зводзіцца да добрых успамінаў аб ранейшым жыцці: аб тым, як у Маркавічах быў свой калгас і ферма па развядзенню авечак і буйной рагатай жывёлы, дзе мелі работу большасць вяскоўцаў, як у свой час віравала жыццё ў тутэйшым населеным пункце…

– У Маркавіцкую школу я прыйшла працаваць у 1992 годзе. У вёсцы тады была не толькі ферма, але і бібліятэка, крама, аддзяленне сувязі. Зараз нічога з таго ўжо не працуе, а ў Маркавічах, як мы з мужам нядаўна палічылі, цяпер пражывае крыху больш за паўсотні чалавек. У асноўным гэта – пажылыя людзі, хаця ёсць і некалькі сем’яў з дзецьмі. Пры жаданні працаздольныя могуць уладкавацца на работу ў “Аляксеевічы-Агра”, іх падвозяць на брыгаду ў Сіманавічы. Астатнія вяскоўцы па меры магчымасці займаюцца вырошчваннем маліны, клубніц, галубікі: зямлі для прыватнага гаспадарання тут хапае. Пры гэтым пустуючых дамоў яшчэ многа застаецца. Зараз да суседняй Пярэспы праклалі асфальтаваную дарогу, і ў нас ёсць надзея, што яе працягнуць да Маркавіч. І тады, магчыма, гарадскія людзі ахвотней пачнуць вяртацца да бацькоўскіх сядзіб і выкарыстоўваць іх пад дачы, – разважае былая настаўніца, а цяпер – стараста вёскі Маркавічы Валянціна Аляксандраўна Барысюк.

А прыезжыя госці тым часам рыхтуюць да паказу сваю праграму. Вадзіцель Раман Пятровіч Юшкевіч дапамагае бібліятэкарцы вынесці скрыню з кнігамі, якія Таццяна Генадзьеўна Краўчук акуратна расстаўляе на пераносным сцелажы. Самадзейныя артысты выйшлі да людзей і настроілі свае галасы на прывітальную песню, як да іх данеслася нечаканая просьба: “А праспявайце нашу любімую “Деревенька моя, деревянная дальняя…”. Як аказалася, заяўку агучыла 90-гадовая Соф’я Мікалаеўна Клімовіч, дом якой суседнічае з месцам сустрэчы. Аднак на вуліцу пажылая жанчына выйсці не можа: абапіраючыся адразу на дзве кульбачкі, яна назірае за ўсім са свайго двара, падышоўшы да плоту.

Просьбу сваёй аднавяскоўкі дружна падтрымліваюць астатнія гледачы, і ўсе яны на дзіва зладжана пачынаюць падпяваць артыстам. “Калісьці ж і мы, калі ў калгасе працавалі, з канцэртамі паўсюль ездзілі”, – заўважыць адна з жанчын, і яе дружна падтрымаюць сваімі ўспамінамі Валянціна Панцялееўна Кананюк, Алена Аляксееўна Скрабец, Марыя Сямёнаўна Боўбель, Таццяна Аляксееўна Саковіч, Мікалай Данілавіч Карпук. Людзі будуць узгадваць, як гадавалі дзяцей, расказваць пра ўнукаў і праўнукаў, а Соф’я Мікалаеўна Клімовіч занепакоіцца тым, як перадаць ім здымак з вясковага мерапрыемства, каб дзеці ведалі, што ў іх усё добра.

Не стаіць без справы і Таццяна Генадзьеўна, бібліятэкар. Яе скрыня са стосам кніг і часопісаў спакваля пусцее, а спіс чытачоў папаўняецца.

А над вёскай гучаць песні: адна, другая, трэцяя… Апоўдні шэрае восеньскае неба паступова святлее.

– От своімы песнямі і сонычко розбудылы. Так і жыты можна, – даносіцца з-за плоту бадзёры голас вясковай доўгажыхаркі. А калі Іван Мікалаевіч Красоўскі распачынае на сваім баяне заліхвацкую полечку, некаторыя з прысутных вяскоўцаў з задавальненнем далучаюцца да танцаў. Намечаная праграма сустрэчы ў аддаленай вёсцы даўно завяршылася, але гледачы не адпускаюць самадзейных артыстаў, і канцэрт працягваецца. Удзячныя вяскоўцы шчыра пляскаюць натруджанымі далонямі, і гэтыя апладысменты патанаюць у неабсяжнай вулічнай прасторы.

– Прыязджайце да нас яшчэ: на Каляды, ці як пацяплее – прыязджайце часцей, – просяць пры развітанні расчуленыя вяскоўцы.

“Да наступнай сустрэчы!”, – абяцаюць талакоўцы…

Галіна ШАФРАН
Фота аўтара