У музеі «Бездзежскі фартушок» абуладкавана колішняе сялянскае падвор’е

Дата:

Неўзабаве ў нашых мясцінах, побач  з музеем “Бездзежскі фартушок”, з’явіцца яшчэ адзін прывабны і самабытны аб’ект – колішняе сялянскае падвор’е. Сродкі на яго абуладкаванне выдаткоўваюцца з  бюджэту, а асноўную работу на гэтым участку выконваюць спецыялісты гаспадарчага падраздзялення райаддзела культуры. Не застаецца ўбаку ад агульнай справы і творчая частка калектыву на чале з начальнікам аддзела культуры Л.С.Куроўскім. Яго мы засталі на яшчэ не завершаным сялянскім падвор’і, і Леанід Сцяпанавіч ахвотна правёў экскурсію, расказаў  і паказаў, як і чым збіраюцца прывабіць сюды турыстаў.

Адметна, што сядзіба на гэтым месцы была заўсёды. Калі гаспадара не стала, яе выкупілі для музея. Тут навялі парадак і сталі меркаваць, як па разумнай цане спалучыць на гэтым участку мінулы каларыт і сучасны камфорт. І, мяркуючы па многім, гэта атрымалася. Спачатку перад вачыма наведвальнікаў паўстане крытая чаротам хацінка, якая знешне сапраўды нагадвае даўнішняе сялянскае жытло на дзве палавіны з самаробнай печчу, прызбай, прадметамі паўсядзённага побыту. Да столі падвешаны ліхтары ў форме старадаўніх газнічак, якія, аднак, запальваюцца адным шчаўчком электрычнага ўключальніка. Як патлумачыў Л.С.Куроўскі, гэта і іншае сучаснае начынне музейнай сядзібы абуладкавана “залатымі” рукамі электрыка Міхаіла Мікалаевіча Нічыпорчыка і іншых тутэйшых майстроў.

У гэтым жа памяшканні, з другога боку –уваход у невялічкую гасцініцу, якая абуладкавана ў народным стылі, але з усімі сучаснымі зручнасцямі: халоднай і гарачай вадой, душавой кабінкай і г.д. Тут могуць спыніцца  вандроўнікі, якія захочуць  пажыць на сялянскім падворку і акунуцца ў даўнішнюю атмасферу.

Далей на сялянскім падворку размешчаны дабротны, як у спраўнага, заможнага гаспадара, хлеў з усялякай жыўнасцю ( тут ужо ёсць конь, каза, выводзіцца птушка), навес для дроў і брыкету, які ў тутэйшых мясцінах называюць “шуркай”. У глыбіні двара зладкаваны  летні домік, падлога і сцены якога па-майстэрску аздоблены драўлянымі “круглякамі”. Тут жа, на свежым паветры – цагляны мангал для шашлыкоў ў выглядзе печкі. Шмат чаго на гэтым участку, па словах Леаніда Сцяпанавіча, зроблена рукамі братоў Сцяпана Сцяпанавіча і Аляксея Сцяпанавіча Кавалевічаў. Адзін з іх працуе цесляром, а другі – рэзчыкам па дрэве ў гаспадарчай групе аддзела культуры. Свайму рамяству яны вучыліся, змалку працуючы з бацькам, і тут, на гэтым аб’екце, зарэкамендавалі сябе сапраўднымі народнымі умельцамі. Непаўторнай адметнасцю вясковага падвор’я з’яўляецца і драўляная брычка на гумовых колах. На ёй – таблічка, якая сведчыць, што гэты экспанат змайстраваў жыхар вёскі Туляцічы Іванаўскага раёна Аляксей Міхайлавіч Талатай. Як аказалася, аясковы ўмелец ў свой час зрабіў брычку і ўпрыгожыў яе адпаведнай праваслаўнай сімволікай для таго, каб вазіць сям’ю і суседзяў на царкоўныя службы, бо свайго храма ў Туляцічах не было.

І гэта – далёка не ўсе сюрпрызы, якія чакаюць гасцей на сялянскім падвор’і пры музеі “Бездзежскі фартушок”. Тут можна будзе паназіраць за выпечкай хлеба і прыгатаваннем другіх сялянскіх страў, за работай “камбайна” нашых продкаў – жняяркі, пакатацца на брычцы і пакарміць хатнюю птушку. І нават сапраўдны бусел, з якім звязаны добрыя прыкметы нашых продкаў, на хляве сялянскага падвор’я пасяліўся. Але ўсё гэта лепей самому  ўбачыць…

Між іншым, стваральнікі гэтага аб’екта на чале з Л.С.Куроўскім мяркуюць, што ўжо ў наступным месяцы асноўныя работы па яго абуладкаванню будуць завершаны, і гаспадыня сялянскага падвор’я – Алена Васільеўна Лукашчык – зможа прыняць гасцей.

Галіна ШАФРАН

На здымках: адметныя экспанаты сялянскага падвор’я пры музеі “Бездзежскі фартушок” і людзі, якія абуладкоўваюць колішнюю сядзібу

Фота аўтара

Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Очередное хозяйство Дрогичинского района завершило жатву

В ОАО «Именинский» подвели итоги уборочной кампании. Поздравления хлеборобам...

Как поменять фамилию ребенку?

Каждому известно, что фамилию ребенку определяют его родители. Если...

Дрогичинская ПМК‑8 расширяет географию объектов

Каждый день мы видим, как преображается облик нашего города...

Проходите медосмотр заблаговременно

Одним из важных направлений подготовки к учебному году остается организация медицинских...