Драгічынскі раён прыняў удзел у рэспубліканскім праекце “Культурная спадчына Беларусі” па стварэнні мастацкага твора “Карта Беларусі”. Ініцыятарам праекта “Культурная спадчына Беларусі” з’яўляецца Цэнтральны камітэт Беларускага прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму.
Мэта праекта – умацаванне адзінства народа, прыцягненне ўвагі грамадскасці да важнасці захавання традыцый народнага дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва, развіццё цікавасці і пазітыўнага стаўлення да гісторыі і культурнай спадчыны Беларусі. Падчас яго рэалізацыі майстры народнай творчасці ствараюць вышываную карту нашай краіны. Прадстаўнікі кожнага раёна наносяць на палатно выявы свайго рэгіёну і характэрных для яго аб’ектаў матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны нашай краіны ў традыцыйных тэхніках.
Драгічынскі раён на пано “Карта Беларусі” прадстаўлены на фоне межаў нашага раёна традыцыйным бездзежскім фартушком. Супрацоўнікі музея народнай творчасці з аднаіменнай назвай у літаральным сэнсе прыклалі руку да праекту, вышыўшы яго на “карце”. Творчую работу па вышыўцы фартуха з вялікай адказнасцю выканала карэнная жыхарка аграгарадка Бездзеж Вольга Сцяпанаўна Макарэвіч, а вышыўку поля выконвала супрацоўніца музея Таццяна Іванаўна Максімовіч.
– Увечары 3 красавіка фрагмент карты-палатна Брэсцкай вобласці быў перададзены ў наш музей з Іванаўскага раёна. Раніцай наступнага дня нашы майстрыхі пачалі займацца вышыўкай. Яны з вялікім жаданнем, натхненнем і трапятаннем падышлі да гэтай няпростай справы. У мінулы чацвер, 6 красавіка, праца была завершана, і на наступны дзень карта-палатно была перададзена ў Кобрынскі раён. Хачу заўважыць, што ў нашых бездзежскіх майстрых усё выдатна атрымалася, – падзялілася галоўны захавальнік фондаў музея «Бездзежскі фартушок» Ніна Сцяпанаўна Ярмац.
Па задумцы, з дапамогай розных тэхнік ручной вышыўкі будзе выраблена пано “Карта Беларусі” 3 х 2,5 метра, якое дэманструе асноўныя сімвалы матэрыяльнай і нематэрыяльнай культурнай спадчыны кожнага рэгіёну краіны.
Максім Родзька.
Фота з сайта аддзела культуры
Драгічынскага РВК d-cult.by