Цікавая знаходка – бюст Юзэфа Пілсудскага

Каля пяці гадоў таму супрацоўнікі ваенна-гістарычнага музея імя Д.К. Удовікава ладзілі экспедыцыю ў раён замка князёў Вішнявецкіх, які калісьці знаходзіўся ля вёскі Жабер на высокім беразе ракі Ясельды. Падчас збору інфармацыі пра гэты помнік археалогіі краязнаўцы сустрэліся з жыхарамі вёсак Старамлыны, Жабер і Чарнеевічы. Вось тады ў рукі даследчыкаў і трапіла цікавая знаходка, аб якой будзе расказана далей.

Асабліва запомнілася сустрэча з чарнеевіцкім краязнаўцам, чалавекам сталага ўзросту і рупліўцам захавання мінулага сваёй роднай вёскі Аляксандрам Сушко. Шмат цікавага тады для музейшчыкаў расказаў гэты чалавек, аб чым ён даведаўся ад свайго дзеда яшчэ ў польскія часы. Усё пачутае не толькі добра адлажылася ў памяці, але і на працягу жыцця хвалявала падлетка.

Падчас гутаркі, бадай, самым цікавым было тое, што Аляксандр Сушко перадаў Сяргею Граніку, дырэктару ваенна-гістарычнага музея, цікавую знаходку – бюст былога кіраўніка Ураду Польшчы Юзэфа Пілсудскага. Па словах мясцовага краязнаўцы, гэту рэч ён знайшоў у раёне замка, калі збіраў грыбы і ішоў па толькі што ўзаранай трактарам супрацьпажарнай паласе. На жаль, плугам бюст быў разарваны на дзве часткі. Спачатку мясцовы жыхар хацеў яго не браць, але, падумаўшы крыху, вырашыў, што яго можна аддаць на металалом. Так пашкоджаны бюст апынуўся ў доме жыхара вёскі Чарнеевічы Аляксандра Сушко.

Па словах Сяргея Граніка, самая верагодная версія таго, як гэты артэфакт трапіў у зямлю, было тое, што ў 1939 годзе, пасля далучэння Заходняй Беларусі да БССР, хтосьці з жыхароў мястэчка Хомск яго схаваў на доўгія восемдзесят гадоў.

Патрэбна было шукаць добрага рэстаўратара. У хуткім часе Сяргей Уладзіміравіч дамовіўся з дырэктарам Кобрынскага ваенна-гістарычнага музея Аленай Бабенка, каб яго супрацоўнікі дапамаглі аднавіць экспанат. На працягу двух гадоў рэстаўратар Аляксандр Чарнавокі працаваў над прывядзеннем бюста маршала Юзэфа Пілсудскага ў належны стан. Цікавым было і тое, што пры выкананні работ на тыльным баку артэфакта было знойдзена кляймо аўтара. Можна спадзявацца на тое, што мы хутка даведаемся, хто яго адліў са сплаву свінца і волава. Сёлета, ў верасні, рэстаўрацыя завяршылася. Цяпер музей можа экспанаваць гэты даволі рэдкі артэфакт 30-х гадоў мінулага стагоддзя.

Вось такой цікавай рэччу нядаўна папоўніліся фонды нашага ваенна-гістарычнага музея.

Сяргей КРУШЫНА
Фота Максіма РАДЗЬКО