spot_img

Цёплая сустрэча ў роднай школе

Дата:

Сустрэчы з вядомымі людзьмі заўсёды хвалююць. А калі гэты чалавек яшчэ і былы вучань школы, то пачуцці перапаўняюць.

На сустрэчу з землякамі мы чакалі сучаснага беларускага празаіка, журналіста, публіцыста, старшыню Брэсцкага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі Анатоля Мікалаевіча Крэйдзіча. І вось ён – у роднай вёсцы. Хуткім крокам зайшоў у школу. І адразу пацяплеў засяроджаны твар, заіскрыліся вочы…

Як і належыць пры сустрэчы дарагіх гасцей, гучаць шчырыя прывітальныя словы вучняў, кароткі расповед пра вясковую навучальную ўстанову ў вершаванай форме, запрашэнне ў залу. А там – зацікаўленыя позіркі дзяцей (як жа – “жывая легенда”), а там – усхваляваныя твары былых настаўнікаў школы, якія таксама прыйшлі на сустрэчу са сваім вядомым вучнем, са сваім Толем.

Мы рыхтаваліся да мерапрыемства. Выстава кніг пісьменніка, школьныя альбомы са старонкамі, прысвечанымі знакамітаму земляку, дзіцячыя рэфераты, мультымедыйная ўстаноўка, на экране якой родныя сэрцу мясціны дзяцінства.

Гучыць верш Анатоля Крэйдзіча “Вёска мая – Заверша”. Ён пакладзены на музыку, стаў гімнам вёскі. Піянеры школьнай дружыны “Пунсовыя ветразі” запрашаюць Анатоля Мікалаевіча ў яго піянерскае дзяцінства. Яны расказваюць пра свае добрыя справы: пра дапамогу ветэранам, пра догляд абеліскаў і воінскіх захаванняў, пра ўдзел у конкурсах, алімпіядах, канферэнцыях.

Песні пра родную Беларусь выконвае наша мясцовая “зорачка”, салістка школы Вольга Гваздоўская. А яшчэ дзяўчынка піша вершы, адзін з якіх яна прачытала пісьменніку. Анатоль Мікалаевіч з усхваленнем адазваўся пра творчасць школьніцы і прэзентаваў ёй сваю кнігу.

Далей слова трымае Марыя Іванаўна Мінзар, былы дырэктар школы… Якія прыгожыя словы напісаў калісьці пра яе Анатоль Крэйдзіч! Учытайцеся: “У яе вытанчаны густ, эфектная і абаяльная, як актрыса, у яе выглядзе прысутнічае веліч каралевы…” Аўтар кажа, што і цяпер падпісаўся б пад кожным сваім словам. Яна гаварыла, а ў голасе такі гонар, такое захапленне сваім вучнем.

Марыя Іванаўна ўспамінала эпізоды са школьнага жыцця Анатоля, расказвала пра яго адказнасць, працавітасць, творчасць. Яна верыла ў яго, і ён не падвёў.

Нарэшце вядучая Таццяна Бароўская запрашае да мікрафона нашага паважанага госця – Анатоля Крэйдзіча. Спачатку пісьменнік як бы даваў справаздачу перад школай, перад настаўнікамі аб тым, што зрабіў і над чым працуе зараз. Было відаць, што ён хвалюецца. А потым пацякла, паплыла размова аб усім тым “родным, шчымлівым”, што вельмі дорага яго сэрцу.  Гучалі радкі з твораў, удзельнікі сустрэчы зноў і зноў вярталіся да ўспамінаў. Як хлапчук, паэт бег насустрач сваёй настаўніцы, ветэрану педагагічнай працы Лідзіі Мікалаеўне Каранковіч, якая папрасіла слова. За руку вывеў яе на сцэну і глядзеў на яе ўлюбёнымі юначымі вачыма.

Было многа пытанняў. Дзяцей цікавілі і планы на будучыню, і аўтар ілюстрацый да твора “Марыська-папараць”, і сяброўства з вядомай паэтэсай Нінай Мацяш.

Вядома ж, былі традыцыйныя аўтографы, фотаздымкі на памяць, цёплыя словы, шчырыя пачуцці, пажаданні, самаробнае пано з прыгожым букетам у падарунак паважанаму земляку.

Сустрэча з былым вучнем, пісьменнікам і публіцыстам Анатолем Мікалаевічам Крэйдзічам, стала яркай і незабыўнай старонкай у летапісе нашай Завершскай школы.

Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Анатоль Мікалаевіч Крэйдзіч у час сустрэчы з землякамі ў Завершскай школе
Старшыня абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Анатоль Мікалаевіч Крэйдзіч у час сустрэчы з землякамі ў Завершскай школе

Ала ЯРМАЦ,

настаўнік беларускай мовы і літаратуры Завершскай школы

Фота Аляксандра ШПАКА

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Как осуществляется соцподдержка людей с ограниченными возможностями

Социальная защита людей с инвалидностью является одной из приоритетных...

Петр Пархомчик: В рамках программы “Один район – один проект” необходимы более продуктивные идеи

В ходе пресс-конференции, которую проводит сегодня для журналистов председатель...

Министр культуры, помощник Президента, руководители компаний и замминистры. Подробности кадрового дня у главы государства

Президент Беларуси Александр Лукашенко 2 декабря рассмотрел кадровые вопросы. Президент...