Да 120-годдзя з дня нараджэння М. Багдановіча

Дата:

Максіма  Багдановіча  называюць  песняром красы і гармоніі.  Вялікая любоў жыве ў народзе  да  яго паэзіі, і да яго самога – як чалавека таленавітага і самаадданага. Кожнае пакаленне зноў і зноў адкрывае для сябе веліч асобы паэта  і незвычайнае хараство яго лірыкі.
Максім Багдановіч – гонар і слава беларускай літаратуры, адзін з самых знакамітых і любімых паэтаў. Творчасць славутага майстра – гэта свет прыгажосці, гармоніі, асэнсавання жыцця. Ён  вядомы як паэт-наватар, празаік, цудоўны пера-кладчык, тонкі і ўдумлівы крытык, гісторык і тэарэтык літаратуры, публіцыст.  Але перш за ўсё Максім  Багдановіч – арыгінальны паэт з высокім ідэйна-мастацкім узроўнем твораў, іх жанравай і тэматычнай разнастайнасцю. Яго вершы  поўныя шчырых і хвалюючых пачуццяў, адзначаныя тонкім псіхалагізмам, музычнасцю, эмацыянальнасцю. Спадчына выдатнага майстра стала каштоўным набыткам беларускай і сусветнай духоўнай культуры.
 Нарадзіўся  М. Багдановіч у Мінску  9 снежня 1891г.  Бацька паэта, Адам Ягоравіч, быў вядомым беларускім этнографам, фалькларыстам, гісторыкам.  Маці, Марыя  Апанасаўна, закончыла Санкт-Пецярбургскую земскую настаўніцкую школу, добра ведала літаратуру.  Высокая адукаванасць бацькоў,  прага да ведаў спрыялі ўсебаковаму развіццю Максіма.
Вершы стаў пісаць у 10 гадоў, але толькі ў 1907 г. у віленскай газеце “Наша ніва” быў змешчаны першы твор М. Багдановіча – алегарычнае апавяданне “Музыка”. У 1909 г. убачылі свет вершы паэта “Над возерам”,“Вадзянік”, “Змяіны цар”, “Зімой”. Чытаеш гэтыя творы – і перад табою быццам паўстае беларуская зямля са сваім хараством і таямніцамі, старымі  барамі, цёмнымі пушчамі.
Першы, хто заўважыў Багдановіча, быў Янка Купала. Пачалася   літаратурная дзейнасць маладога паэта. Лірычныя творы Максіма Багдановіча былі прысвечаны як філасофскім  і грамадзянскім пытанням таго часу, так і адлюстраванню прыроды і кахання. Апошнія былі прысвечаны Ганне Какуевай, з якой паэт пазнаёміўся ў Яраслаўлі.  Акрамя таго,  Багдановіч пісаў публіцыстычныя артыкулы, крытыку ды літаратурныя агляды.  Шмат працаваў Максім Адамавіч і ў якасці перакладчыка. З-пад яго пяра выйшлі пераклады на беларускую мову Пушкіна, Авідыя, Верлена, убачылі свет на расейскай мове творы Купалы, Шаўчэнкі, Франко.
Творчасць  М.Багдановіча – гэта цэлае жыццё. У зборніку “Вянок” можна знайсці словы пра мары, спадзяванні паэта, яго інтымныя пачуцці, прызнанні ў любові да роднай зямлі, пра адносіны да паэта і паэзіі. Яго цікавяць агульначалавечыя пытанні вечнага і часовага, праблемы жыцця і смерці.
Некаторыя вершы Максіма Багдановіча ўяўляюць сабой філасофскае разважанне пра сэнс жыцця.
Жывеш не вечна, чалавек,—
 Перажыві ж у момант век!
Каб хвалявалася жыццё,
 Каб больш разгону ў ім было,
 Каб цераз край душы чуццё
 Не раз, не два пайшло!
Жыві і цэльнасці шукай,
 Аб шыраце духоўнай дбай.
I ў напружэнні паўнаты
 Свайго шырокага жыцця
 Без болю, ціха зойдзеш ты
Ў краіну забыцця.
У вершы “Жыве не вечна чалавек” аўтар сцвярджае, што чалавечае жыццё (у параўнанні з вечнасцю) вельмі кароткае, і пражыць яго трэба з высокім напалам, ярка, хвалююча.  Пасля сябе чалавек павінен пакінуць след, добрую памяць.
З роднай зямлёй, з краем буслоў Багдановічу давялося сустрэцца толькі ў дваццацігадовым узросце (1911).  Вынікам творчай працы на Беларусі з‘явіўся цыкл вершаў “Старая Беларусь”. Адзін з вершаў гэтага цыкла — “Слуцкія ткачыхі” — асабліва кранае сваёй чалавечнасцю, задушэўным лірызмам.
Піша  паэт і пра жыццё вёскі, пра яе нядолю, стварае праўдзівы вобраз мужыка-пакутніка. Цэлы век бядняк гнецца, працуе, абліваецца потам, а з працы карысці не мае. Селянін у паказе Максіма  Багдановіча – чалавек бяспраўны, забіты і абяздолены, але ён пачынае разумець, на чыёй працы заснаваны дабрабыт грамадства і хто з’яўляецца віноўнікам народных пакут (“Пан і мужык”). Паэт  паказвае поўны трагізму шлях працоўнага чалавека ва ўмовах капіталізму, раскрывае класавыя супярэчнасці паміж працоўнымі і эксплуататарамі (“З песняў беларускага мужыка”).
Многія вершы прасякнуты любоўю да Радзімы.  Сярод іх “Эмігранцкая песня” – твор, накіраваны супраць людзей, пазбаўленых пачуцця патрыятызму. Ім  ён супрацьпастаўляе моцную прывязанасць простых людзей да роднай зямлі. Высокае пачуццё патрыятызму, адданасць Радзіме жыве ў наро-дзе. Сіла гэтага пачуцця раскрываецца ў вершы “Як Базыль у паходзе капаў”. У цэнтры верша – вобраз паміраючага салдата, які развітваецца з роднай зямлёй. Салдату балюча раставацца з жыццём. У развітальных зваротах да поля, лесу, сям’і выяўляецца душа селяніна-хлебароба, чалавека-патрыёта. Грамадзянскія матывы служэння Радзіме, гатоўнасці змагацца за яе шчасце гучаць у вершах “Зразаюць галіны таполі адну за другой”.
Засталася і яго славутая «Пагоня» — велічная ода пра пакаранне адрачэнцаў. Тых, хто мог застацца і не застаўся, мог шанаваць і не шанаваў. Верш, у якім кожны радок звініць, як напятая струна. Кожны радок — гэта выгук болю і радасці ў адначассе. Кожны гук акрэслены, выразны. Вершы пра памяць. Пра служэнне Радзіме і народу. Пра адказнасць за свае ўчынкі перад святымі каштоўнасцямі:
Усё лятуць і лятуць тыя коні,
Срэбнай збруяй далёка
грымяць…
Старадаўняй Літоўскай
Пагоні
Не разбіць, не спыніць,
не стрымаць.
У 1916 г. М. Багдановіч вярнуўся ў Мінск. Ён шмат працуе, задумаў напісаць хрэстаматыю для пачатковай школы. Але хвароба, якая забрала яго маці і брата, падабралася і да Максіма. Сябры паслалі яго на лячэнне ў Ялту. Там на 25-м годзе жыцця, 25 мая 1917 г. ад сухотаў паэт памёр. Але яго спадчына свеціць людзям і сёння.
Багдановіч здзейсніў неўміручы подзвіг: уславіў сваю Радзіму, свой народ.
I тым самым абяссмерціў сябе.
Наталля Трыфанава,
галоўны бібліёграф цэнтральнай раённай бібліятэкі.

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В Дрогичине прошел районный выпускной бал

Выпускной вечер – особенный момент в жизни каждого юноши...

Александр Лукашенко дал интервью телеканалу «Аль-Арабия»

Интервью продолжалось около полутора часов. Александр Лукашенко ответил примерно...

Самый маленький город Австралии выставлен на продажу

Самый маленький город Австралии Куладди выставлен на продажу за...

Торжественное собрание, приуроченное ко Всемирному дню донора крови, прошло в Дрогичинской ЦРБ

В преддверии Дня донора в актовом зале Дрогичинской центральной...