ГАРЭЛА ЗЯМЛЯ ПАД НАГАМІ АКУПАНТАЎ (ПРАЦЯГ)

За  Дняпроўска-Бугскім каналам атрад імя Шыша пад камандаваннем Мікалая Міхайлавіча Папова размясціўся непадалёку ад невялікіх лясных вёсак Церабун і Дыферэнцыя. Тут байцам давялося нямала папрацаваць. Яны ўзводзілі зямлянкі, рылі акопы. Паблізу абуладкаваліся і партызаны атрадаў імя Лазо і імя Суворава.У гэтыя і іншыя атрады штодзённа прыбывала папаўненне. У партызаны ішла і моладзь, якой пагражаў вываз на катаржныя работы ў Нямеччыну. Раслі атрады і за лік тых, хто трапіў у палон, а потым уцёк адтуль. Да народных мсціўцаў іншы раз прылучаліся цэлыя сем’і, якім за сувязь з народнымі мсціўцамі або за іншыя гераічныя справы пагражала расправа. У партызанскай зоне з’явіліся і сямейныя лагеры.Да пачатку лета колькасць байцоў у атрадах падвоілася. Узнікла неабходнасць раздзялення атрадаў. У выніку ў канцы ліпеня 1943 года з атрада імя Шыша быў выдзелены атрад імя Калініна. Камандзірам яго быў назначаны Юрый Мікалаевіч Самаркін, а яго намеснікам – Аляксандр Канстанцінавіч Цёмкін.З атрада імя Суворава быў выдзелены атрад імя Арджанікідзе. Месяцам раней у Іванаўскім раёне стварылі атрад імя Нямытава. Уладзімір Рыгоравіч Нямытаў – дэпутат Вярхоўнага Савета БССР. Загінуў у 1942 годзе. Спачатку гэты атрад уваходзіў у брыгаду імя Молатава, а пазней быў прылучаны да Пінскай брыгады. Хутка атрады імя Арджанікідзе,імя Касцюшка і новаствораны імя Сталіна ўвайшлі ў Пінскую брыгаду. У яе ўвайшоў і атрад імя Чапаева. А названая брыгада размяшчалася ў Іванаўскім раёне, таксама за Дняпроўска-Бугскім каналам. Такім чынам, на поўдзень ад канала устана-вілася кантралюемая партызанамі зона.Калі атрад імя Шыша займаўся будаўніцтвам лагера, хтосьці з партызан прапанаваў наладзіць паміж атрадамі тэлефонную сувязь. Ідэя гэтая была падтрымана камандаваннем брыгады. Задумана – зроблена. Знайшліся і свае сувязісты. У разгромленых варожых гарнізонах забіралі апараты, іншае неабходнае абсталяванне і ўсё гэта везлі ў лагер. Тэлефонная сувязь хутка была ўстаноўлена і працавала бесперабойна.У населеных пунктах размяшчаліся партызанскія камендатуры. Гэта былі своеасаблівыя авангардныя пасты, якія прыкрывалі і папярэджвалі асноўныя сілы партызан у выпадку раптоўнага паяўлення ў гэтых месцах фашысцкіх захопнікаў. Так, камендатура атрада імя Шыша была ў вёсцы Хідры. Яе ўзначальваў смелы партызан Аляксандр Арцёменка. Разведка атрада размяшчалася ў Зарэчцы. Але яна кантралявала і многія іншыя населеныя пункты паўднёвай зоны раёна. Застава атрада імя Калініна знаходзілася і на прылягаючай тэрыторыі Украіны – вёсцы Мукошын. Адтуль партызанам найбольш усяго пагражалі ўкраінскія нацыяналісты. На Украіне, у вёсцы Вяліка Глуша і райцэнтры Любяшоў, размяшчаліся буйныя гарнізоны немцаў і паліцэйскіх.Камандаванне брыгады імя Молатава наладзіла сувязь з украінскімі партызанамі злучэння А.Ф.Фёдарава. Неўзабаве яны сумеснымі сіламі разграмілі буйны нямецкі гарнізон у Любяшове.Напалоханыя размахам партызанскага руху, гітлераўцы паспешна сцягвалі сілы на абарону асабліва важных для іх аб’ектаў. Будынкі, у якіх размяшчаўся асабовы састаў фашыстаў, акружаліся калючым дротам, рыліся акопы, абуладкоўваліся дзоты. Адным з такіх умацаваных пунктаў карнікаў быў Заказельскі гарнізон. Ён з’яўляўся своеасаблівым плацдармам для сістэматычных налётаў на партызан.Восенню 1943 года байцы атрада імя Шыша на чале з М.М.Паповым ажыццявілі смелы штурм, разграмілі варожы гарнізон у Закозелі і захапілі каля 200 галоў буйной рагатай жывёлы і амаль 400 падвод са збожжам.5 мая 1943 года гітлераўцы сабралі вялікі атрад карнікаў і зрабілі спробу фарсіраваць Дняпроўска-Бугскі канал, каб знішчыць партызан. Аднак атрымалі рашучы адпор народных мсціўцаў і вымушаны былі з вялікімі стратамі адступіць. У час гэтай аперацыі акупанты спалілі вёску Белянок, пакінутую насельніцтвам, і забілі трох яе састарэлых жыхароў.Цэнтральным пунктам партызанскага руху з’яўлялася вёска Сварынь. Тут базіраваліся атрады Пінскага і Брэсцкага злучэнняў, размяшчаліся шпіталь і аэрадром для сувязі з Вялікай зямлёй. На базе партызанскага атрада імя Шыша дзейнічалі падпольныя райкамы КП(б)Б і камсамола, выходзіла падпольная райгазета.Назаўсёды   застанецца ў гісторыі партызанскага руху раёна аперацыя пад назвай “Днепрабугская абарона”, калі звыш 40 дзён і начэй зімой і вясной 1944 года партызаны Пінскага і Брэсцкага злучэнняў трымалі абарону супраць рэгулярных часцей гітлераўскай арміі.Поспехі Чырвонай Арміі на франтах у пачатку 1944 года і далейшая актывізацыя партызанскіх дзеянняў прымусілі фашыстаў распачаць фарсіраванне Дняпроўска-Бугскага канала. Яны ставілі мэтай разграміць і знішчыць партызанскія атрады, што базіраваліся паміж каналам і ракой Прыпяць.Партызанская брыгада імя Молатава пад камандаваннем М.І.Герасімава заняла абарону на паўднёвым беразе канала, на раней падрыхтаваных пазіцыях. Справа ад яе акапалася Пінская брыгада, злева – партызаны Брэсцкага злучэння. 21 лютага гітлераўскія войскі, якіх налічвалася звыш дывізіі, паспрабавалі з ходу захапіць пераправу праз канал, аднак сустрэлі рашучае і моцнае супраціўленне партызан.Сорак два дні вялі народныя мсціўцы цяжкія баі. Яны прычынялі значныя страты ворагу. Кантратакі, абходы, начныя налёты, смелыя дыверсіі абяскровілі фашыстаў, і яны былі вымушаны ўцягваць у баі ўсё новыя сілы. 21-23 сакавіка супраць партызан была кінута мадзьярская дывізія з артылерыяй. Аднак народныя мсціўцы атрымалі дапамогу ад падыходзячых часцей Чырвонай Арміі. У канцы сакавіка брыгада Герасімава ўступіла ў непасрэднае ўзаемадзеянне з войскамі 1-га Беларускага фронту.Бясспрэчна, у газетным артыкуле няма магчымасці пералічыць усе баявыя справы партызан Драгічыншчыны. Пры дапамозе дыверсій і ў адкрытых баях за гады нямецка-фашысцкай акупацыі яны знішчылі шмат эшалонаў з жывой сілай і тэхнікай ворага, аўтамашын, салдат і афіцэраў праціўніка. Дастаткова сказаць, што толькі народнымі мсціўцамі атрада імя Макарэвіча былі праведзены дзесяткі  адкрытых баёў з карнікамі, а партызаны атрада  імя Шыша пусцілі пад адхон 67 варожых эшалонаў, вывелі са строю 24 аўтамашыны і 11 бронетранспарцёраў, узарвалі 36 чыгуначных і шасейных мастоў, разбурылі звыш 50 кіламетраў чыгункі і 43 кіламетры тэлеграфна-тэлефоннай сувязі, знішчылі  шмат гітлераўцаў.17 ліпеня 1944 года Чырвоная Армія ў цесным узаемадзеянні з народнымі мсціўцамі вызваліла Драгічын. Закончылася нямецка-фашысцкая акупацыя раёна. Свой дастойны ўклад у справу выгнання ворага, як і ў справу яго канчатковага разгрому, унеслі і партызаны Драгічыншчыны.Як ужо адзначалася, высокай цаной дасталася нашаму народу перамога над нямецка-фашысцкімі захопнікамі. Звыш 2,5 тысячы ўраджэнцаў Драгічыншчыны загінулі на месцах баёў. І ніякімі словамі нельга выказаць боль нашых страт. Ён і сёння жыве ў сэрцах ветэранаў, удоў і сірот. І хаця час усё больш і больш аддаляе нас ад тых трывожных гадоў ваеннага ліхалецця, ён ніколі не сатрэ з памяці людской светлы вобраз тых, хто крочыў цяжкімі франтавымі дарогамі, замярзаў у акопах, ваяваў у партызанскіх атрадах. Мы нізка схіляем галовы перад вечнай памяццю тых, хто аддаў жыццё за свабоду і незалежнасць Айчыны, хто выратаваў Еўропу ад карычневай чумы – германскага фашызму.

Аляксей СЯРГЕЙ