Гісторыя маці, у якой вайна забрала трох сыноў

Дата:

На могілках вёскі Белянок, якая цяпер адносіцца да Немяржанскага сельскага Савета (раней вёска ўваходзіла ў склад Вулькаўскага сельсавета), сярод старых магіл ёсць адзін помнік, прайсці міма якога немагчыма. На чорнай пліце – імя Ганны Фамінічны Жук, простай вясковай жанчыны, у якой Вялікая Айчынная вайна забрала трох сыноў. Помнік вылучаецца тым, што надпісы на ім зроблены па-беларуску і падпісаны ён ад моладзі Драгічыншчыны.

Пра гэтую бабулю я чуў яшчэ хлопцам. Старажылы вёскі казалі: “У Ганны Фамінічны на вайне загінулі сыны…” Тады, у бестурботныя гады юнацтва, мне такія словы здаваліся чымсьці далёкім, амаль нерэальным. Але памяць пра тыя размовы жыве ва мне і сёння. Ужо дарослым я даведаўся, што старэйшы сын Ганны Фамінічны – Іван, які загінуў на фронце, быў мужам стрыечнай сястры майго дзеда. Такое нечаканае адкрыццё прымусіла мяне вярнуцца да гэтай гісторыі.

У кнізе “Памяць. Драгічынскі раён” ёсць артыкул пазаштатнага карэспандэнта раённай газеты, былога партызана Данілы Раманюка пад назвай “Маці”. Менавіта ён адным з першых сабраў і запісаў успаміны пра лёс Ганны Фамінічны Жук, пра яе сыноў, пра яе мацярынскі боль. Яго словы сталі асновай, да якой сёння можна дадаць толькі новыя архіўныя звесткі і падрабязнасці, каб гэта гісторыя апаленых вайной лёсаў загучала паўней.

Як піша Д. Раманюк, яшчэ да пачатку Вялікай Айчыннай вайны Ганна Фамінічна засталася ўдавой. На руках – пяцёра дзяцей: дачка Надзя і сыны Іван, Мікалай, Аляксей і Андрэй. Да пачатку вайны старэйшыя ўжо мелі свае сем’і. Надзея выйшла замуж, Іван, 1910 года нараджэння, таксама ажаніўся.

У верасні 1939 года, пасля ўключэння Заходняй Беларусі ў склад БССР, жыццё рэзка змянілася, і ў 1940 годзе сын Мікалай з’ехаў жыць у горад. У тым жа годзе Аляксея, які быў з 1919 года нараджэння, прызвалі на тэрміновую службу ў Чырвоную Армію. Служыў ён пад Кандалакшай Мурманскай вобласці, пісаў дадому лісты. З маці заставаўся жыць толькі малодшы сын – весялун-­гарманіст Андрэй.

Калі пачалася вайна, Ганна Фамінічна трывожылася за Аляксея. Але бяда напаткала жанчыну з іншага боку: у 1942 годзе фашысты забралі Андрэя (1922 года нараджэння) на катаржныя работы ў Германію. У ліпені 1944 года Драгічыншчына была вызвалена ад фашысцкага ярма. Але разам з радасцю прыйшлі ў жыццё Ганны Жук і новыя трывогі, таму што старэйшага Івана адразу пасля вызвалення прызвалі ў вой­ска. На той момант яму было каля 35 гадоў. Спачатку ад яго прыходзілі кароткія салдацкія трохвугольнікі: “Жывы, здаровы…”. Але хутка наступіў змрок невядомасці, а потым прыйшла пахаванка.

Іван ваяваў радавым сапёрам 2‑й штурмавой інжынерна-­сапёрнай Рагачоўскай Чырванасцяжнай брыгады. Гэтыя брыгады прызначаліся для прарыву магутных умацаваных абарончых палос, разбурэння доўгатэрміновых збудаванняў, размініравання, суправаджэння штурмавых груп. Іх кідалі туды, дзе абарона праціўніка была асабліва трывалай. У кастрычніку 1944 года брыгада дзейнічала ў складзе 70‑й арміі 1‑га Беларускага фронту. Іван быў забіты 15 кастрычніка 1944 года ў Польшчы.

Яго смерць стала яшчэ адным ударам для маці. Плакалі ўдваіх з нявесткай. Але і гэта было не апошнім выпрабаваннем. Ганна Фамінічна працягвала чакаць вестак ад Аляксея. Яна звярнулася ў райваенкамат, прынесла туды лісты сына з адрасамі, якія хавала ўсю вайну. Неўзабаве прыйшоў адказ: “Ваш сын Аляксей загінуў смерцю храбрых”. У дакументах значылася, што ён прапаў без вестак у ліпені 1944 года. Але сувязь з ім абарвалася, магчыма, значна раней. Верагодна, афіцыйная дата з’яўлялася толькі адлюстраваннем позняга запыту.

Аляксей служыў у 112‑м армейскім запасным стралковым палку, а ў лістападзе 1942 года разам з таварышамі быў накіраваны ў 4‑ы асобны рабочы батальён на станцыю Казіна. Хутчэй за ўсё, у архіўным дакуменце гаворка ідзе пра станцыю Казіна Краснагорскага раёна, якая ў лістападзе 1942 года была бліжнім тылам Маскоўскай зоны абароны. Верагодна, іх батальён займаўся інжынерным абсталяваннем тылавых рубяжоў або прыфрантавых участкаў і знаходзіўся ў зоне адказнасці канкрэтных франтоў. Так і лёс Алёшы растварыўся ў тумане вайны.

Крывёю аблівалася сэрца маці. Здавалася, яно вось-вось разарвецца. Але жанчына вытрымала і гэты ўдар. Аднак лёс рыхтаваў новае выпрабаванне. Напярэдадні 9 мая 1945 года Ганна Фамінічна атрымала паведамленне пра смерць і малодшага сына – Андрэя. Пасля вызвалення з фашысцкай няволі ў сакавіку 1945 года ён быў прызваны ў перадавыя часткі Чырвонай Арміі. Ваяваў у вайсковай часці з палявой поштай 13475 «В». У жніўні 1945 года лічыўся ў складзе 101‑га ваенна-­будаўнічага атрада. Гэтае падраздзяленне займалася аднаўленнем разбуранай інфраструктуры, будаўніцтвам аб’ектаў для патрэб Савецкай ваеннай адміністрацыі ў Германіі. З жніўня 1945 года пра Андрэя ў ваенных дакументах больш ніякіх звестак няма. Так знік і трэці сын.

Тры пахаванкі за восем месяцаў! Жанчына плакала і праклінала вайну. Але ёй было наканавана жыць далей, трымацца, смуткаваць і памятаць. Яна перажыла і свайго чацвёртага сына Мікалая. Ён не быў удзельнікам вайны, але яго падкасіла хвароба. На старасці гадоў Ганна Фамінічна жыла ў Белянку адна, займалася гаспадаркай. Яе наведвалі дачка, унукі і праўнукі.

Час ішоў, змяняліся пакаленні, але памяць пра жанчыну, у якой праклятая вайна забрала трох сыноў, не знікла. У пачатку мая 2005 года на магіле Ганны Фамінічны Жук быў адкрыты абноўлены помнік. На цырымоніі мітынгу-­рэквіема прысутнічалі прадстаўнікі раённага кіраўніцтва, Вулькаўскага сельсавета, ветэраны Вялікай Айчыннай вайны, родзічы Ганны Фамінічны, вучні Сіманавічскай школы. Настаяцель прыходу храма Успення Прасвятой Багародзіцы ў Ласінцах айцец Мікалай Пашкевіч асвяціў надмагільны помнік.

Моманты адкрыцця помніка Ганне Фамінічне Жук з кнігі Міколы Панасюка “Крык немаўляці”.

На чорным граніце выбіты радкі, напісаныя нашым земляком-­паэтам Міколай Панасюком, прысвечаныя светлай памяці Ганны Фамінічны Жук. Гэтыя словы сталі не проста эпітафіяй, а сімвалам удзячнасці і павагі да жанчыны, чый лёс стаў адлюстраваннем трагедыі не аднаго пакалення:

Між высокіх бяроз, між ільноў

Ты чакала дадому сыноў,

Ды забрала ўсіх трох іх вайна,

Стала чорнай, як воран, вясна.

Колькі выліта слёз, колькі ран,

Дзе Алёша, Андрэй ды Іван?..

І пайшла іх шукаць у Сусвет,

Нам пакінуўшы памяці след.

Максім РОДЗЬКА.

P.S. Аўтар артыкула выказвае шчырую падзяку за прадастаўленую інфармацыю, памяць і фотаздымкі ўраджэнцы вёскі Ласінцы Валянціне Мікалаеўне Віннік і ўраджэнцы вёскі Белянок Марыі Іванаўне Нясцюк.

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Солдаты Победы в воспоминаниях потомков

Станислав Стемпковский, работник Дрогичинского РОЧС: – Я хотел бы рассказать...

9 мая в 12.00 в Беларуси пройдет общенациональная минута молчания

Беларусь почтит память погибших в Великой Отечественной войне общенациональной...

Солдаты Победы в воспоминаниях потомков

Анна Сеньковец, воспитанница клуба «Высота» гимназии г. Дрогичина: - Про...

В Дрогичине проходит акция «Поздравляем, земляки!», приуроченная ко Дню Победы

Жители и гости Дрогичинского района уже 7 мая начали...