spot_img

Гумар да Аўцюкоў давёў

Дата:

У пятніцу і суботу на мінулым тыдні на Гомельшчыне праходзіў восьмы Усебеларускі фестываль народнага гумару “Аўцюкі-2016”. У Калінкавічы з’ехаліся дэлегацыі з ўсіх абласцей і з Мінска, таленавітыя калектывы з вёсак і гарадоў. Хто б вы думалі прадстаўляў на фестывалі Брэстчыну? Вядома ж, драгічынцы! Тая самая творчая “каманда” “Драгічынскае смехаўё”, што ў чэрвені ўпэўнена перамагла ў абласным фестывалі “Спораўскія жарты”.

Як і тады, у чэрвені, я зноўку сустрэлася з рэжысёрам гарадскога Дома культуры Лэйлай Гарадзе. Эмоцыі перапаўнялі маю суразмоўцу.

– Задаволена! Ганаруся! Хочацца плакаць ад шчасця! – шчыра прызналася яна.

Такія ўзнёслыя пачуцці ахінулі нашых артыстаў пасля таго, як быў урачыста абвешчаны вердыкт журы пад старшынствам галоўнага рэдактара часопіса “Вясёлка”, пісьменніка

Уладзіміра Сцяпанавіча Ліпскага. Да таго ў іх творчым стане панавала нежартаўлівае хваляванне. Гэта місія гледачоў заключаецца выключна ў тым, каб расслабляцца, атрымліваць асалоду ад відовішча. Для артыстаў жа ўдзел нават у фестывалі гумару – справа сур’ёзная, адказная, хвалюючая. З чатырнаццаці драгічынскіх артыстаў толькі Ніна Пацяюк мела вопыт выступлення на Усебеларускім фестывалі “Аўцюкі”. На працягу апошніх сямі гадоў фестываль і наогул не праводзіўся.

Да таго ж, было аб’яўлена, што выступаць творчыя дэлегацыі абласцей павінны ў алфавітным парадку. А значыць распачынаць конкурсную праграму прадстаўнікам Брэсцкай вобласці – “Драгічынскаму смехаўю”. У адрозненні ад “Спораўскіх жартаў”, дзе ацэньвалася цэльная праграма, на фестывалі “Аўцюкі-2016” патрабавалася ўразіць журы ў асобных намінацыях.

– У намінацыі “тэатр мініяцюр” мы, вядома ж, паказалі вясковае вяселле, якое так спадабалася журы “Спораўскіх жартаў”, – распавядала Лэйла Гарадзе. – Для ўдзелу ў намінацыі “жартоўная песня” падрыхтавалі “Харашуху”. Уладзімір Дзячок іграў на баяне і спяваў, а мы з Галінай Квачук, Аляксандрам Логашам і Аленай Стэльмашук “ажывілі” на сцэне персанажы, пра якія спявалася…

Дружным рогатам прымалі гледачы драгічынцаў падчас іх выступлення… у “палатцы непрыстойных анекдотаў”. Так, так і такая конкурсная пляцоўка была прыдумана арганізатарамі. Стаяла яна крыху паасобку і дазвалялася на ёй “гумарыць”на поўную моц. Спякота ў Калінкавічах і без таго “зашкальвала”, але ж Ніна Пацяюк са сваімі прыпеўкамі і Аляксандр Грэчка з анекдотамі, здавалася, павысілі тэмпературу святочнага настрою яшчэ на некалькі градусаў.

…З багатым творчым “ураджаем” вярнуліся артысты з Гомельшчыны ў Драгічын. Пяць дыпломаў, шмат прызоў і падарункаў “сабралі” яны на гумарной ніве восьмага Усебеларускага фестывалю “Аўцюкі-2016”. Аляксандр Грэчка быў узнагароджаны дыпломам першай ступені ў намінацыі “анекдоты.” У намінацыях “тэатр мініяцюр” і “жартоўная песня” “Драгічынскае смехаўё” было абвешчана “бронзавым” прызёрам.

Аб тым, што ў праграме фестывалю адбудзецца і конкурс прыгажосці “Міс Аўцюкі-2016”, аўтар гэтых радкоў даведалася з тэлевізійных навін. Адразу ж падумала: наша Алена Стэльмашук здольная пасапернічаць на рэспубліканскім узроўні “за карону”, артыстка яна каларытная, за жартам у кішэню не палезе. Як аказалася, менавіта Алена Мікалаеўна і змагалася ад Брэстчыны за тытул “Міс Аўцюкі”. Першай прыгажуняй журы прызнала прадстаўніцу Гомельшчыны, наша ж Алена заняла другое месца, зусім нязначна ўступіўшы пераможцы.

– Мы вельмі ганарымся тым, што здолелі так добра прадставіць Брэсцкую вобласць на рэспубліканскім узроўні. Бо адна справа выступаць толькі за свой раён і зусім іншая – за цэлую вобласць, – гаворыць Лэйла Гарадзе і

просіць выказаць праз газету падзяку ўсім, хто ўваходзіў у склад дэлегацыі: артыстам Аляксандру Грэчка, Алегу Свечнікаву, Уладзіміру Дзячко, Аляксею Радэні, Цімафею Клімчуку, Аляксандру Мельянцу, Алегу Чурыла, Галіне Квачук, Аляксандру Логашу, Сяргею Бічу, Алене Стэльмашук, Ніне Пацяюк і Валянціне Біч, таксама гукааператару Андрэю Марачуку і вадзіцелю Раману Юшкевічу. – Нізкі ім паклон за працу, за творчы настрой, за цярпенне, – у гэтыя словы Лэйла ўкладвае ўсю шчырасць душы.

Удзел у рэспубліканскім фестывалі народнага гумару, безумоўна, паслужыць для драгічынскіх артыстаў штуршком для далейшага творчага ўдасканалення, надасць ім натхнення. Яны ж не толькі сябе паказалі, але і на іншых паглядзелі. А яшчэ пабывалі ў аграгарадку Малыя Аўцюкі на ўрачыстым адкрыцці “лавы замірэння” і далі канцэрт жыхарам вёскі Бабровічы.

Фота на памяць: “Драгічынскае смехаўё” на восьмым Усебеларускім фестывалі гумару “Аўцюкі-2016”
Фота на памяць: “Драгічынскае смехаўё” на восьмым Усебеларускім фестывалі гумару “Аўцюкі-2016”

Ніна ТКАЧУК

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

В Дрогичине наградили лучших тренеров и победителей спартакиады

Вчера отмечался День работников физической культуры и спорта. Сегодня,...

Определены победители районного этапа «Властелин села»

Сегодня, 18 мая, в агрогородке Бездеж на территории музея...

Главного инженера предприятия в Дрогичинском районе задержали за взятку

Главного инженера предприятия в Дрогичинском районе задержали за получение...

Губернаторы областей принимают участие в ежегодном сборе “Военная безопасность и оборона государства”

Развитие военно-политической обстановки в мире и непосредственно вокруг Беларуси...