КАСТРЫЧНІК

Дата:

Гаснуць апошнія фарбы лета. У прыродзе ўсё больш адчуваецца восень. Але і ў кастрычніку, асабліва ў пачатку месяца, устанаўліваецца часам сонечнае і цёплае надвор’е. У такія дні ў ясным і празрыстым паветры плывуць тонкія ніці павуцінак з маленькімі павучкамі-вандроўнікамі. На высокім сінім небе – ні воблачка. Зноў расцвітаюць некаторыя расліны, паяўляецца свежая зялёная траўка. З-пад кары дрэў, з розных шчылін, вылазяць насякомыя, якія схаваліся на зіму. Дзе-нідзе лятаюць матылькі і стракозы. “Бабіна лета” —  так называюць у народзе гэтыя цудоўныя дні залатой восені.
Аднак надвор’е паступова псуецца. Павялічваецца колькасць пахмурных дзён. Над зямлёй плывуць нізкія шэрыя, чорныя хмары. У другой палове месяца часта пачынае церушыць дробны зацяжны дождж. Бывае як у той народнай прымаўцы: “У асеннюю непагадзь сем пагод на двары: сее, вее, круціць, раве, зверху лье і знізу мяце”.
14 кастрычніка – праваслаўнае свята Пакроў Прасвятой Багаро-дзіцы. У народным уяўленні паняцце “пакроў” атрымлівае шырокі сэнс, ахопліваючы самыя розныя прыкметы прыроды гэтага часу: “Святы Пакроў накрыў зямлю жоўтым лістом, маладым сняжком, ваду – лёдам, пчалу – мёдам, рыбу – луской, дрэва – карой, птаху – пяром, дзеўку – чапцом”. Гаварылі, што на Пакроў зіма закрывае лета, а Бог пячатае зямлю, пасля гэтага дня   да вясны ніхто не можа знайсці ў ёй скарбаў. Са свята пачыналася зімоўка жывёлы: “На Пакрова зарыкала ў хляве карова”.
У кастрычніку адлятаюць ад нас апошнія пеўчыя птушкі, а прылятаюць снегіры. Збіраюцца ў стаі і рыхтуюцца да адлёту апошнія гракі, шпакі і дразды. Самы час пачынаць клопаты пра тых птушак, якія застаюцца на зіму, рыхтаваць для іх кармушкі. Каля хат на дварах паяўляюцца вясёлыя сініцы. Яны жвава скачуць па дрэвах і зямлі, мала баяцца чалавека. З надыходам халадоў белабокія сарокі таксама трымаюцца каля вёсак. Тут ім лягчэй пракарміцца.
Паступова замірае жыццё лясных насельнікаў. У лесе стаіць трывалы пах прэлага лісця і грыбоў. Часам нечакана з кустоў выпорхвае маленькая птушка. Гэта крапіўнік, ён безупынна круціцца на якой-небудзь галінцы.
Дарэчы, крапіўнік утрымліваецца ў зарасніках крапівы, ад якой ён і атрымаў сваю назву, у кустах маліны і арэшніку, у папараці і сярод сухога галля. Крапіўнік можна бачыць у нас і вясной, і летам, і восенню, і зімой, бо гэтая маленькая непаседлівая птушка з востранькай дзюбкай і кароткімі крыльцамі ніколі не  пакідае тую мясцовасць, дзе нарадзілася і вырасла.
Ледзь чутна папіскваючы, перапырхваюць па калючых лапках сосен зусім маленькія птушачкі ў Беларусі, якія таксама ніколі і нікуды не адлятаюць. Гэта каралёк. Ён вельмі прыгожы. Яго зялёная афарбоўка зліваецца з зялёнай хвояй, таму ён амаль нябачны. Дарэчы, гэтыя маленькія рухавыя птушкі ажыўляюць зімовы пейзаж лесу.
Па-рознаму рыхтуюцца да зімы лясныя насельнікі. У большасці звяроў у разгары асенняя лінька – змена летняга футра на зімовае. Мядзведзі нагульваюць апошні тлушч. Для паспяховай зімоўкі ім неабходна 60-90 кілаграмаў тлушчавага запасу. У канцы кастрычніка яны залягаюць у бярлогу.
Мяняецца вобраз жыцця ваўкоў. Маладыя разам з бацькамі ўдзельнічаюць у набегах. Лісіцы збіраюцца ў поймах рэк, ля азёр і каналаў, дзе харчуюцца грызунамі і ва-дзянымі пацукамі. Дзікія свінні таксама трымаюцца статкамі. У ласёў заканчваецца гон, і яны блукаюць сем’ямі. Паступова мяняюць сваё адзенне зайцы-белякі і зайцы-русакі. З восені пачынае рыхтавацца да зімовай спячкі вожык.
Ночы ў кастрычніку цёмныя і халодныя. Пасля начных замаразкаў парывы ветру зрываюць з дрэў лісты, усцілаючы зямлю чырвона-жоўтым дываном. Толькі з магутных дубоў доўга яшчэ не ападае лісце  і  можа за-хоўвацца на іх аж да вясны.
З кожным днём усё больш становіцца холадна. Ранішнія замаразкі пакрываюць срэбрам траву, зацягваюць маленькія лужыны тонкім і крохкім лядком. Хутка зіма.
Пётр ПАДЛУЖНЫ,
жыхар вёскі Белін, наш няштатны карэспандэнт.
Предыдущая статья
Следующая статья

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Республиканский субботник проходит в Дрогичинском районе (ФОТОРЕПОРТАЖ)

Руководство района во главе с председателем райисполкома Сергее Пачко,...

Александр Лукашенко во время республиканского субботника работает на площадке Национального исторического музея

Президент Беларуси Александр Лукашенко во время республиканского субботника работает на...

Какие цифровые специальности востребованы на рынке

О наиболее востребованных на рынке цифровых специальностях рассказала консультант...

Первый в Беларуси робот-продавец появился на заправке под Гомелем

Первый в стране роботизированный торговый павильон "Белоруснефть-Гомельоблнефтепродукт" открылся на...