Кожны кароткі снежаньскі дзень імкліва набліжае нас да Новага года. І ў гэтым увачавідкі пераконваешся, калі трапляеш на тэрыторыю музейнага комплекса “Бездзежскі фартушок” і этнасялянскай сядзібы “Каля Плэса”. Тут у чаканні вясёлых карагодаў ужо стаіць прывабная елка ў маляўнічым убранстве, гатуюцца адмысловыя частаванні і пакуюцца падарункі для гасцей. Па традыцыі для іх падрыхтавана насычаная забаўляльная праграма, наведаць якую, па словах дырэктара музейнага комплекса Марыі Міхайлаўны Астаповіч, пажадалі і накіравалі аб тым заяўкі ўжо каля тысячы экскурсантаў.

Пры гэтым у музеі працягваюць шукаць новыя цікавыя накірункі і формы работы. У адыходзячым годзе тут выйгралі конкурс мясцовых ініцыятыў у рамках праекта міжнароднай тэхнічнай дапамогі “Ландшафтна-арыентаванае развіццё сельскіх тэрыторый даліны ракі Ясельда пры ўдзеле мясцовага насельніцтва”, які фінансуецца Еўрапейскім саюзам і рэалізуецца Бярозаўскім райвыканкамам у партнёрстве з экалагічным фондам “Заказнікі Брэсцкай вобласці” і іншымі дзяржаўнымі і грамадскімі арганізацыямі. У выніку музей атрымаў грант ініцыятывы “Незабытае рамяство”, у ходзе якой мяркуецца аднавіць мясцовыя традыцыі лозапляцення. Аб ходзе яе рэалізацыі мы пагутарылі з малодшым навуковым супрацоўнікам музея Людмілай Васільеўнай Янушчык, якая ўдзельнічала ў складанні праекта ініцыятывы.

– Гэта быў мой першы вопыт работы ў такім накірунку, таму было складана. Але ж пакуль усё ідзе па плану. Праект накіраваны на захаванне і развіццё сельскіх тэрыторый у даліне ракі Ясельды пры ўдзеле мясцовага насельніцтва, і мы сталі адным са звенняў пры яго рэалізацыі. Наша мэта – на базе музея стварыць пляцоўку па адраджэнню тутэйшых традыцый лозапляцення. Абавязковай умовай праекта з’яўляецца выкарыстанне прыродных рэсурсаў – у нашым выпадку – іўняку заказніка “Спораўскі”. Лічыцца, што гэта дапаможа ачышчэнню даліны ракі Ясельды ад лішняга кустоўя, з якога мы будзем вучыцца вырабляць экалагічна чыстую сувенірную і побытавую прадукцыю, аднаўляючы такім чынам даўняе рамяство нашых продкаў.

Пры напісанні гэтага праекта асабіста для мяне самай складанай задачай было дакладна разлічыць і спланаваць бюджэт. Ён не мог перавышаць 11400 еўра, і не менш 10% ад гэтай сумы павінна было складаць суфінансаванне, гэта значыць, бюджэтныя або пазабюджэтныя сродкі нашай установы. У выніку пад рэалізацыю праекта мяркуецца выдаткаваць 13338 еўра.

Напісаннем праекта экалагічнай ініцыятывы займалася супрацоўнік музея Людміла Васільеўна Янушчык

Што ўсё гэта прадугледжвае на практыцы і што ўжо зроблена ў дадзеным накірунку?

Пры нашым музеі ёсць фондасховішча, дзе праведзены рамонт і абуладкаваны кабінет ткацтва. Зараз там рыхтуецца і пляцоўка для заняткаў па лозапляценню: набываюцца неабходныя будаўнічыя матэрыялы для аднаўлення кабінета, а таксама стэлажы і іншае абсталяванне для далейшай работы. Для нарыхтоўкі прыроднага матэрыялу – іўняку – будзе закуплены міні-трактар і прычэп да яго. А далей народныя майстры нашай мясцовасці будуць вучыць жадаючых – і дарослых, і дзяцей – лозапляценню. Нашым партнёрам у гэтым выпадку выступае школа, а значыць, асаблівая ўвага будзе надавацца таму, каб навыкі гэтага даўнішняга рамяства маглі асвоіць і несці ў будучыню дзеці. Мы спадзяемся, што практычная рэалізацыя гэтай ініцыятывы паспрыяе не толькі захаванню экасістэмы ў даліне нашай ракі Ясельды, але будзе садзейнічаць умацаванню ідэнтычнасці і пашырэнню пазнавальнасці нашага музея на рынку турыстычных паслуг.

Як паведаміла Л.В. Янушчык, у рамках праекта на тэрыторыі музейнага комплексу мяркуецца таксама пачаць вырошчванне лаванды, каб мець магчымасць скарыстоўваць яе ў афармленні сувенірных кампазіцый і іншай прадукцыі тутэйшых майстроў. Рэалізацыя партнёрскай ініцыятывы на базе музея “Бездзежскі фартушок” разлічана да кастрычніка 2022 года. Гэты час адпушчаны для таго, каб з карысцю для прыроды і для людзей вярнуць да жыцця забытае рамяство продкаў – лозапляценне. А пасля завяршэння праекта, калі атрымаецца, пачаць выкарыстоўваць набытыя навыкі і сваю самаробную прадукцыю для папаўнення даходаў музейнай установы.

Галіна ШАФРАН
Фота аўтара