На базе СВК “Прыазёрскі” прайшоў конкурс аратых

На мінулым тыдні на базе СВК “Прыазёрскі” прайшоў конкурс аратых, арганізатарамі якога сталі ўпраўленне сельскай гаспадаркі і харчавання райвыканкама і райкам прафсаюза работнікаў АПК. За прызавыя месцы, Дыпломы пераможцаў і грашовыя прэміі ў суме адпаведна 280 тыс., 210 тыс. і 140 тыс. рублёў змагаліся лепшыя механізатары-земляробы з большасці сельгаспрадпрыемстваў раёна.

Як было запісана ў афіцыйным пратаколе, прафесійнае майстэрства аратых ацэньвалася па васьмі асноўных крытэрыях, у ліку якіх былі глыбіня і прамалінейнасць ворыва, зараўноўванне раслінных рэшткаў і г.д. На справе тое азначала, што механізатары павінны былі паказаць не проста граматную работу, але і свой прыгожы і адметны почырк на зямлі.

Неспадзявана для многіх першым завяршыў ворыва ці не самы малады з удзельнікаў – механізатар СВК “Асіпавічы” І.А.Пракапенка. Якасць яго работы таксама аказалася на добрым прафесійным узроўні.
Родам Іван  з вёскі Асіпавічы, а ў трактар упершыню ён сеў яшчэ ў далёкім маленстве, калі “нават нагамі да педаляў не дацягваўся”. Лепшым настаўнікам у прафесіі для яго быў бацька, Аляксей Іванавіч, які спакваля навучыў сына не толькі ездзіць, але і сачыць за спраўнасцю тэхнікі, разбірацца ў механічных вузлах і дэталях. Таму юнак свядома і асэнсавана пайшоў вучыцца ў сельскагаспадарчы каледж і пасля яго заканчэння вярнуўся ў родныя мясціны.Неўзабаве Івану Пракапенку выдзелілі новы трактар “Джон Дзір”, на якім ён працуе ўжо тры гады. І раённы конкурс аратых паказаў, што малады трактарыст па свайму прафесіяналізму не ўступае вопытным земляробам. Бо да чаго душа ляжыць – да таго і рукі прыкладваюцца.
І ўсё ж самай дасканалай як па  тэхнала-гічных параметрах, так і па эстэтычнаму выгляду была прызнана работа механізатара СВК “Асавецкі” Г.А.Бычыка. Як аказалася, жыве Генадзь Аляксеевіч у вёсцы Белін. Калгас, дзе ён доўгі час працаваў механізатарам, быў рэарганізаваны, і вясковец пачаў ездзіць на заробкі. Але ён не пераставаў думаць і марыць пра звыклую сялянскую работу паблізу сям’і і дома. І калі Г.А. Бычыку прапанавалі пайсці трактарыстам у суседні СВК “Асавецкі”, ён з ахвотай згадзіўся.
На раённым конкурсе аратых яго поле выглядала, як непаўторны пейзаж, прыгажосцю якога хацелася захапляцца і любавацца. Яно было да скрупулёзнасці раўнюткім і чыстым. Калі б не бачылі на свае вочы, можна было б падумаць, што работа выконвалася з дапамогай аўтаматыкі. Але працаваў Г.А.Бычык, які стаў пераможцам раённага конкурсу аратых, на трактары айчыннай вытворчасці “МТЗ-1221”, і ўсе былі сведкамі яго земляробчага таленту. Пры гэтым многія са спецыялістаў заўважылі, наколькі дакладна і граматна былі адрэгуляваны  французскія плугі, з якімі працаваў трактарыст, і як дарэчы  былі ўстаноўлены на іх перадплужнікі, што здрабнялі і заворвалі глыбока ў зямлю дзірван і  пустазелле, пакідаючы чысцюткае, як некрануты ліст, поле. І гэта, напэўна, стане прыкладам для многіх. Не толькі пры падрыхтоўцы да аналагічных конкурсаў, але і ў паўсядзённай практыцы…
Дыпломы і прызы за другое і трэцяе месцы ў спаборніцтве аратых намеснік старшыні райсельгасхарчу С.П.Пратасевіч уручыў адпаведна механізатарам СВК “Асіпавічы” І.А. Пракапенку і СВК “Прыазёрскі” С.В.Сілюку. У сваім выступленні пры падвядзенні вынікаў Сцяпан Пятровіч адзначыў і трактарыстаў С.А.Ляўковіча (племзавод “Заказельскі”), Я.І.Сухарэвіча (СВК “Радастаўскі”), П.П.Мікуліча (Аляксеевічы-агра”) і Ю.М.Рапінчука (СВК “Радавецкі”), якія таксама прадэманстравалі сваё высокае прафе-сійнае майстэрства. Але галоўным экзаменам для ўсіх іх  была і застаецца паўсядзённая работа на добры ўраджай.
Галіна ШАФРАН.
НА ЗДЫМКАХ: пераможца раённага конкурсу аратых Г.А.Бычык з СВК «Асавецкі»; самы малады з удзельнікаў конкурсу Іван Пракапенка.
Фота аўтара.