spot_img
spot_imgspot_imgspot_imgspot_img

НАШЫ АГУЛЬНЫЯ ІНТАРЭСЫ

Дата:

З  выступлення Прэзідэнта на 6-м з’ездзе Федэрацыі  прафсаюзаў  Беларусі

У Беларусі ў аснову заўсёды ставяцца пытанні забеспячэння занятасці і сацыяльнай абароны грамадзян незалежна ад эканамічнай сітуацыі. Аб гэтым заявіў 16 верасня Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на шостым з’ездзе Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў той факт, што, нягледзячы на негатыўны ўплыў глабальнага крызісу і рэзкае пагаршэнне кан’юнктуры рынку энерганосьбітаў і іншых рэсурсаў, Беларусь змагла забяспечыць няўхільны ўздым эканомікі, не дапусціўшы падзення вытворчасці і масавага беспрацоўя. Дадатная дынаміка эканамічнага развіцця, стабільнасць і спакой у грамадстве былі і застаюцца характэрнымі рысамі Беларусі, якія выгадна вызначаюць яе на постсавецкай прасторы. На думку кіраўніка дзяржавы, у многім гэтаму садзейнічала сумесная работа органаў улады з прафсаюзамі і працоўнымі калектывамі.
Прэзідэнт нагадаў, што ў будучым перад краінай стаяць напружаныя задачы. “Для паспяховай рэалізацыі такіх маштабных мэт патрэбна кансалідацыя грамадзян Беларусі, аб’яднанне намаганняў і рэсурсаў дзяржавы і грамадства”, – лічыць кіраўнік дзяржавы. У той жа час, як паказвае вопыт, у першую чаргу неабходна разлічваць на сябе, свае рэзервы і магчымасці, наводзячы ўзорны парадак ва ўсіх справах у краіне, пры гэтым не адкідваючы ніводнай магчымасці для ўмацавання ўзаемавыгадных адносін са стратэгічнымі партнёрамі.
Беларусь робіць стаўку на максімальную актывізацыю прадпрымальніцкай ініцыятывы, выкарыстанне лепшага сусветнага вопыту для павышэння эфектыўнасці гаспадарання ва ўсіх галінах і на ўсіх прадпрыемствах.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што Беларусь імкнецца, каб яе эканоміка дынамічна развівалася і была прывабная як для айчынных, так і замежных інвестараў. “Мадэрнізацыя эканамічнага ўкладу, пераход на больш высокі тэхналагічны ўзровень вытворчасці, шырокае ўкараненне інавацый ва ўсе сферы – усё гэта павінна забяспечыць павышэнне канкурэнтаздольнасці ў свеце не толькі беларускай прадукцыі, але і нашай краіны ў цэлым”, – сказаў Прэзідэнт.
“Я для сябе цвёрда вырашыў і вызначыўся, калі нам трэба будзе яшчэ працаваць, каб вы, работнікі вытворчасці, камерсанты, бізнесмены, не папракалі дзяржаву – мы вам дадзім поўную волю ў будучай пяцігодцы распараджацца ўласнымі сродкамі. Гэта значыць вырабілі, заплацілі падаткі, абавязковыя плацяжы – ёсць у вас грошы – дзяліце і жывіце”, – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама адзначыў, што ў выпадку аб’ектыўных цяжкасцей дзяржава дапаможа, але “на плячах цягнуць нікога не будзе”.
У Беларусі ў будучай пяцігодцы плануецца больш як на трэць павялічыць колькасць новых рабочых месц, забяспечыць кардынальны рост прадукцыйнасці            працы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ўздыму эканомікі трэба надаць больш магутны імпульс. За пяцігоддзе неабходна павялічыць амаль у 1,7 раза валавы ўнутраны прадукт. Паводле яго слоў, менавіта на гэтым асноўваюцца прагнозы аб значным павышэнні зарплаты і рэальных даходаў насельніцтва ў цэлым. “Прыярытэтная задача ўлады – каб якасць жыцця людзей ні ў чым не ўступала якасці жыцця ў перадавых дзяржавах свету”, – падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што “мы не будуем паветраных замкаў, не прыдумваем гучных папулісцкіх лозунгаў, каб спадабацца людзям”. “Паверце, за такімі прывабнымі загалоўкамі нічога не стаіць. Калі абяцаюць знізіць падаткі і ў дзясяткі разоў павысіць зарплату, пенсіі, стыпендыі, не трэба быць эканамістам, каб зразумець галаслоўнасць такіх заяў. Гэта поўная няпраўда”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка.
“Мільёны новых рабочых месц” гучыць, вядома, вельмі прыгожа. Толькі аўтары такіх ідэй замоўчваюць тое, што такі “прырост” яны плануюць за кошт скарачэння існуючых рабочых месц. Каму, скажыце, патрэбны такі пыл у вочы? І мільёны новых рабочых месц – гэта сотні мільярдаў долараў. Калі яны ў кагосьці ёсць, то ў гэта можна паверыць”, – адзначыў Прэзідэнт.
Паводле яго слоў, “хацелася б усё зрабіць хутчэй: і зарплату даць людзям большую, і стыпендыі павысіць, і бясплатным жыллём забяспечыць усіх жадаючых”. “Усе гэтыя гады ўлада была сумленна перад народам і брала на сябе толькі тыя абавязацельствы, у выкананні якіх была ўпэўнена”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт перакананы, што ў краіне ёсць перадумовы для таго, каб зрабіць больш і лепш. “Мы да гэтага ідзём, але паступова, па меры сваіх магчымасцей”, – сказаў ён.
Павышэнне заработных плат у Беларусі будзе ажыццяўляцца паступова.
Напрыклад, кажуць, што ў Еўропе зарплата намнога большая, чым у Беларусі. “Мы, у прынцыпе, гатовы $1000 плаціць. Але давайце дамовімся, што за камунальныя паслугі, ахову здароўя, адукацыю будзем плаціць па поўнай праграме. Мне Ладуцька казаў, што тысячы долараў не хопіць, калі за ўсё гэта нашы людзі будуць плаціць без датацый”, – сказаў Прэзідэнт.
Ён нагадаў, што сёння ў нашай краіне пакрыццё камунальных расходаў насельніцтвам складае толькі 34 працэнты. Пры гэтым штогод з бюджэту на кампенсацыю астатніх 66 працэнтаў  накіроўваецца больш як $1 млрд. “Мы можам раздаць гэтыя грошы. Але як жа адукацыя, ахова здароўя? Напрыклад, у Еўропе бедны чалавек не можа і думаць аб адукацыі. Усё гэта каштуе значна больш за камунальныя паслугі”, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.
“У нас склалася такая сістэма. Мы можам перайсці на другую, але вопыт іншых краін паказвае, што не ўсё атрымліваецца гладка, – сказаў ён. – Таму пакуль мы дашліфуем гэту сістэму, а калі ў нас эканоміка ў два разы вырасце, калі мы свабодна зможам плаціць людзям добрую зарплату, мы будзем памаленьку рухацца, без усялякіх рэвалюцый”.
У Беларусі ў бліжэйшы час не пойдуць на павелічэнне пенсійнага ўзросту.
Кіраўнік дзяржавы чарговы раз заявіў, што павялічваць пенсійны ўзрост у краіне не плануецца: “Нам не трэба ўзнімаць пенсійны ўзрост, таму што нашы пенсіянеры, калі ёсць магчымасць, усё роўна працуюць. Тут мы павінны іх падтрымаць. Няхай працуюць, калі хочуць. Паўстае другое пытанне: ён пенсію атрымлівае і заработную плату”. Пры гэтым Прэзідэнт заўважыў, што пенсіі ў краіне зусім невысокія. “Дык навошта ламаць коп’і?” – лічыць Аляксандр Лукашэнка. Калі людзі хочуць працаваць – няхай працуюць, гэта ж нядрэнная прыбаўка да пенсіі, і гэта трэба падтрымліваць, сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы заявіў аб тым, што ўсе размовы аб павелічэнні пенсійнага ўзросту трэба раз і назаўсёды забыць, і запэўніў, што ў бліжэйшы час у Беларусі не пойдуць на павелічэнне пенсійнага ўзросту.
Дзяржава пакуль можа гэта вытрымаць. Калі будзе цяжка, будуць зняты іншыя праграмы і праекты, але пенсійны фонд заўсёды будзе забяспечаны, заявіў Прэзідэнт Беларусі.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным скарэкціраваць жыллёвую праграму з улікам таго, што ў краіне трэба вырашаць дэмаграфічную праблему.
“Калі і ў далейшым мы не будзем забяспечваць дадатнага прыросту насельніцтва, мы як дзяржава не адбудземся, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. – Нам трэба хоць бы 30 млн. чалавек, а мы да 30 млн. не дацягваем. Што такое 10 млн. на такую тэрыторыю?”
Менавіта таму, як лічыць беларускі лідар, нават жыллёвую праграму трэба карэкціраваць пад вырашэнне гэтай праблемы. Штосьці ў гэтым напрамку ўжо зроблена, але гэтага недастаткова.
“Трэба больш прынцыпова падысці да вырашэння гэтага пытання. З’яўляецца ў сям’і трэцяе дзіця – гарантавана кватэра. І, можа быць, за 25 працэнтаў яе кошту, а можа быць, і бясплатна”, – сказаў Прэзідэнт. Толькі ў выпадку належнага матэрыяльнага стымулявання магчыма вырашыць гэту праблему, перакананы кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць неабходным ажыццявіць комплекс дзейсных мер па матэрыяльнай і маральнай падтрымцы сям’і.
“Сфера адказнасці прафсаюза – не толькі работнік, але і яго сям’я, таму што плённа можна працаваць толькі ў тым выпадку, калі ведаеш: дома ўсё ў парадку”, – сказаў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што дзяржава ніколі не эканоміла на сям’і. Аб гэтым сведчаць і факты. У прыватнасці, цяпер сістэма дапамог распаўсюджваецца прыкладна на паўмільёна дзяцей, амаль 45 тыс. дзяцей ва ўзросце да 2-х гадоў забяспечаны бясплатным харчаваннем, адрасную дапамогу атрымліваюць больш як 19 тыс. сем’яў з дзецьмі. “Ніводная дзяржава, нават самая багатая, не можа сабе такога дазволіць”, – сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ўсё гэта садзейнічала пэўнай стабілізацыі дэмаграфічнай сітуацыі. Але, як лічыць Аляксандр Лукашэнка, супакойвацца рана і трэба ісці далей: рэалізаваць комплекс дзейсных мер па матэрыяльнай і маральнай падтрымцы сем’яў.
Прэзідэнт запатрабаваў таксама асаблівую ўвагу ўдзяліць праблеме сацыяльнага сіроцтва. Паводле яго слоў, за апошнія некалькі гадоў удалося істотна палепшыць сітуацыю. У прыватнасці, скарацілася колькасць дзяцей, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы. Дзяржава прымусіла нядбайных бацькоў працаваць і плаціць за ўтрыманне сваіх дзяцей. І многія з іх пачынаюць нармальнае жыццё, дзеці вяртаюцца ў свае сем’і.
Беларускі лідар лічыць, што да бацькоў, якія кінулі сваіх дзяцей, павінны прымяняцца самыя строгія меры. Прафсаюзы павінны таксама ўнесці свой уклад у вырашэнне праблемы сацыяльнага сіроцтва, хаця б у плане кантролю за нядобранадзейнымі сем’ямі.
Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў аб тым, што важнай задачай з’яўляецца перасяленне дзяцей з дамоў-інтэрнатаў у дзіцячыя дамы сямейнага тыпу. У будучай пяцігодцы гэта трэба завяршыць, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Ён таксама адзначыў, што дзяржава будзе ўсяляк падтрымліваць такія дзіцячыя дамы.
У Беларусі ў бліжэйшы час будзе прапрацавана пытанне аб магчымасці пераразліку пенсій, перш за ўсё самых нізкіх.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што асаблівым клопатам дзяржавы з’яўляецца падтрымка пенсіянераў, якія складаюць больш за чвэрць насельніцтва краіны. Для большасці з іх пенсія – адзіная крыніца даходаў. “І мы па меры росту заработнай платы будзем яе павышаць. Ужо ў бліжэйшы час прапрацуем пытанне аб магчымасці правядзення пераразліку пенсій, перш за ўсё самых нізкіх”, – сказаў ён.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што дзяржава паклапоціцца і пра сем’і, якія выхоўваюць дзяцей-інвалідаў, якія не пераклалі адказнасці за іх на плечы дзяржавы.
На думку Прэзідэнта, прадпрыемствы павінны больш дапамагаць сваім пенсіянерам і ветэранам. “Усе любяць параўноўваць нашы пенсii з заходнімі. Але там вялікую частку пенсійнага даходу складаюць карпаратыўныя пенсіі, – падкрэсліў ён. – Таму, калі ёсць магчымасць, уключайце адпаведныя палажэнні ў калектыўныя дагаворы, удзельнічайце ў праграмах дадатковага страхавання”.
У Беларусі будзе прадоўжана праграма адраджэння вёскі з                 улікам сучасных патрабаванняў.
“Праграма адраджэння і развіцця вёскі будзе прадоўжана, але будзе кардынальна перагледжана”, – падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. Паводле яго слоў, у галіне сельскай гаспадаркі “мы дакладна вызначыліся, што і дзе будзем вырабляць”. У перспектыве праграма і падтрымка АПК будзе будавацца так, каб не панізіць узровень тэхнічнага аснашчэння галіны.
“Тэхнічную аснашчанасць гаспадарак мы будзем трымаць на самым высокім узроўні”, – сказаў Прэзідэнт. Ён нагадаў, што дзяржава ўклала нямала сродкаў для стварэння неабходнай тэхнічнай базы ў вёсцы і аддача павінна быць адпаведнай. “У сакавіку-красавіку будучага года мы будзем патрабаваць за тэхніку, паглядзім, у якім яна стане”, – сказаў Аляксандр Лукашэнка. “Мы забяспечылі ўсе неабходныя ўмовы для развіцця сельскай гаспадаркі, у тым ліку і што датычыцца аснашчанасці, цяпер рухайцеся далей у выбраным напрамку, – падкрэсліў кіраўнік дзяржавы. – У далейшым нашы сродкі пойдуць на інавацыйныя праекты, стварэнне суперсучасных прадпрыемстваў.
Прэзідэнт адзначыў, што краіна павінна выйсці на самазабеспячэнне таварамі і тады, як падлічыў Нацыянальны банк, не будзе адмоўнага сальда плацежнага балансу.
Наступная пяцігодка павінна стаць перыядам абнаўлення, нацэленым на якасна новае развіццё Беларусі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што на чацвёртым Усебеларускім народным сходзе трэба будзе зацвердзіць Праграму сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны на 2011-2015 гады. “Ужо стала палітычнай традыцыяй, што гэты глабальны дакумент, які прадвызначае далейшыя перспектывы дзяржавы, прымаецца не ў чыіх-небудзь кабінетах, няхай нават самых высокіх, а непасрэдна народам у асобе прадстаўнікоў, якім людзі давяраюць такія паўнамоцтвы”, – сказаў кіраўнік дзяржавы. Ён таксама дадаў, што зусім хутка праект праграмы будзе прадстаўлены на ўсеагульнае абмеркаванне, і кожны грамадзянін краіны зможа прыняць удзел у вызначэнні стратэгіі развіцця Беларусі на бліжэйшыя пяць гадоў. Прэзідэнт перакананы, што якім бы маштабным не быў дакумент, ісці ён павінен ад жыцця.
“Думаю, гэта і ёсць нагляднае пацвярджэнне праяўлення ўлады народа. Не якая-небудзь дэмагогія, а такія вось канкрэтныя прыклады, якія даюць магчымасць любому грамадзяніну ажыццяўляць кіраванне дзяржавай”, – лічыць Прэзідэнт.
Ён не стаў дэталізаваць змест праграмы, аднак заўважыў, што яна вельмі напружаная і дынамічная. “Інакш і не можа быць, калі мы паставілі за мэту стварыць абноўленае аблічча  Беларусі”, – перакананы кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што цяперашні з’езд прафсаюзаў – гэта не проста падвядзенне вынікаў і выпрацоўка перспектыў работы федэрацыі, але і важная падзея ў жыцці ўсяго грамадства, паколькі прафсаюзы прадстаўляюць інтарэсы абсалютнай большасці працоўнага насельніцтва краіны. Ён таксама лічыць глыбока сімвалічным, што прафсаюзныя з’езды апошняе дзесяцігоддзе праходзяць напярэдадні пяцігодак, калі распрацоўваюцца і шырока абмяркоўваюцца перспектыўныя планы і асноўныя напрамкі сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны. “Гэта само па сабе надае нашым форумам асаблівую значнасць, прадастаўляючы магчымасць уносіць свой канкрэтны ўклад у вызначэнне шляхоў развіцця дзяржавы і павышэння дабрабыту народа”, – сказаў Прэзідэнт.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць, што прафсаюзы сур’ёзна недапрацоўваюць у пытаннях аховы працы і скарачэння выпадкаў вытворчага траўматызму.
“Мы шмат гаворым аб высокіх матэрыях, інавацыях. Але часам маўчым аб тым, што адной з асноўных прычын гібелі людзей у нашай краіне застаецца вытворчы траўматызм. Лічу, у ХХІ стагоддзі такая сітуацыя выглядае проста абсурдам”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.
Толькі за 8 месяцаў гэтага года ў выніку няшчасных выпадкаў на вытворчасці загінулі 152 чалавекі і каля 500 траўміраваны. Часта гібель людзей абумоўлена знаходжаннем іх на рабоце ў стане алкагольнага ап’янення.
Прэзідэнт лічыць, што, як правіла, роля прафсаюзных арганізацый зводзіцца да фіксацыі фактаў, а мэтанакіраваная работа па выяўленню і ўстараненню прычын, якія іх спараджаюць, адсутнічае.
БЕЛТА.

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Активисты и общественники Дрогичинщины в рамках республиканского субботника приняли участие в акции «Время помнить»

В данной акции участие приняли Дрогичинская районная организация БРСМ,...

Магазины, рынки, такси, услуги на дому: когда покупателям должны выдавать чек

В соответствии с Налоговым кодексом Республики Беларусь, при реализации...

Вспашка и культивация. Как оказывать услуги, не нарушая законодательство

С наступлением весны растет популярность таких видов деятельности, как...

Дроботы и Сороцни: ищем решение проблем

Середина апреля – на календаре 15‑е число, понедельник. Весна...