Сапраўды памятнай і адметнай падзеяй стаў Дзень Канстытуцыі для многіх жыхароў Драгічыншчыны, якія далучыліся да ўсебеларускай акцыі “Мы – грамадзяне Рэспублікі Беларусь”. Урачыстае мерапрыемства з гэтай нагоды адбылося ў гарадскім Доме культуры, дзе прагучалі добрыя словы віншаванняў і пажаданняў маладым і сталым удзельнікам сустрэчы, дзе было многа душэўнай музыкі і кранаючых песень аб любай краіне, у якой “і пад сонцам, і пад зоркай не стамляецца любоў…”, і дзе мацавалася спадзяванне на добрую будучыню.

Безумоўна, галоўнай і традыцыйнай падзеяй дня стала цырымонія ўручэння пашпартоў юным жыхарам раёна, якія дасягнулі пэўнага ўзросту. Гэты дакумент старшакласнікам з розных школ Драгічыншчыны ўручыў памочнік Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь – інспектар па Брэсцкай вобласці Валерый Паўлавіч Вакульчык.

Звяртаючыся да юных віноўнікаў урачыстасці, наш зямляк адзначыў, што для іх гэты святочны дзень будзе помніцца не толькі таму, што з гэтай даты ўступае ў дзеянне асноўны закон нашай краіны з унесенымі і прынятымі на рэферэндуме змяненнямі і папраўкамі, але найперш таму, што яны сталі паўнапраўнымі грамадзянамі сваёй краіны.

“Рэферэндум быў важнай падзеяй для будучыні краіны, і найперш – для будучыні маладых людзей. Гэта было не проста галасаванне “за” ці “супраць”, а праяўленне мудрасці і сталасці нашага народа, які зрабіў свой выбар, накіраваны на развіццё і росквіт краіны. І мы павінны яго паважаць”, – адзначыў Валерый Паўлавіч, даючы новаяўленым грамадзянам наказ дастойна несці званне нашчадкаў Вялікай Перамогі, берагчы мір, умацоўваць аўтарытэт і незалежнасць сваёй краіны.

Ад імя сваіх равеснікаў на ўрачыстасці выступіў вучань гімназіі г.Драгічына Максім Дышко.

“Атрыманне пашпарта стала першым крокам у дарослае жыццё, і цяпер Дзень Канстытуцыі – не проста дата на календары, а важны і памятны дзень у нашым жыцці. Нам, маладым, будаваць гарады і заводы, пакараць навуковыя вышыні… І мы зробім усё неабходнае для росквіту краіны, бо самыя галоўныя перамогі ў нас наперадзе”, – паабяцаў юнак.

Затым прыйшла чарга ўшанавання тых, хто ўнёс і ўносіць свой заўважны ўклад у развіццё раёна: ветэранаў працы, перадавікоў вытворчасці і грамадскіх актывістаў. У сваім святочным звароце да прысутных старшыня раённага Савета дэпутатаў Леанід Барысавіч Карповіч адзначыў, што з гэтага гістарычнага дня, з 15 сакавіка 2022 года, уступае ў сілу адноўлены асноўны закон нашай краіны.

“Нягледзячы на напружаную абстаноўку, беларусы адстаялі свае традыцыйныя каштоўнасці, той непарушны падмурак, што быў узведзены іх рукамі. Нормы, якія эфектыўна працавалі дагэтуль, засталіся і на старонках адноўленага закона: захаваліся даступнасць адукацыі і медыцынскага абслугоўвання, клопат аб пажылых людзях і многія іншыя сацыяльныя гарантыі. Пры гэтым агульнымі намаганнямі быў створаны ўнікальны дакумент, з якім пераплятаюцца традыцыі і навацыі, народаўладдзе і самакіраванне… Сёння хачу падзякаваць усім тым, хто ў час абмеркавання змяненняў і дапаўненняў у Канстытуцыю ўносіў слушныя прапановы, удзельнічаў у дыскусіях на дыялогавых пляцоўках, хто дапамог правесці рэферэндум на высокім арганізацыйным узроўні… А задача маладых – берагчы краіну і надаць ёй імпульс для далейшага развіцця і росквіту”, – зазначыў кіраўнік дэпутацкага корпуса раёна.

Ганаровымі граматамі райсавета дэпутатаў за старанную працу і актыўную грамадскую дзейнасць былі адзначаны начальнік аддзела ДБУ-32 Барыс Анатольевіч Мацкевіч, старшыня Радастаўскага сельвыканкама Алёна Сцяпанаўна Сухарэвіч, ветэраны працы Ганна Аляксандраўна Верамейчык, Мікалай Сцяпанавіч Гарасцюк, Ганна Уладзіміраўна Грабінская і іншыя жыхары Драгічыншчыны.

У сваім зваротным слове Г.А. Верамейчык заўважыла, што “мы працягваем жыццё сваіх продкаў на гэтай зямлі, і наш абавязак – не толькі захаваць, але і абараняць, памнажаць гістарычную спадчыну і культурнае багацце свайго народа”, і выказала ўпэўненасць у тым, што “нашы агульныя намеры і справы будуць спрыяць росквіту краіны і раёна”.

А потым зноўку ў цэнтры ўвагі аказаліся юныя ўдзельнікі мерапрыемства, якім першы сакратар РК БРСМ Дзмітрый Анатольевіч Быб уручыў членскія білеты маладзёжнай арганізацыі. Ён нагадаў, што маладым сёння належыць будучыня, і на іх ляжыць адказнасць не толькі перад грамадствам і сваімі блізкімі, але і перад самімі сабой. І ў такім разе трэба памятаць не толькі пра свае правы, але і адказна ставіцца да абавязкаў, каб быць надзейнай падтрымкай бацькам і прыносіць карысць грамадству.

Аптымістычным завяршэннем афіцыйнай часткі мерапрыемства стала выступленне ваеннага камісара раёна Алега Пятровіча Андрашчука:

“Сёння ўступаюць у сілу змяненні і дапаўненні ў Канстытуцыю, і мне прыемна, што ў ёй захавана гістарычная памяць тых перамог, якія былі заваяваны нашымі нашчадкамі. У адноўленай Канстытуцыі замацаваны мірны статус дзяржавы, і хочацца верыць, што мы будзем жыць і развівацца пад мірным небам. У добры шлях з нашым новым законам!”

У ходзе мерапрыемства сваёй творчасцю прысутных радавалі лепшыя калектывы мастацкай самадзейнасці ўстаноў культуры раёна. З душэўнымі песнямі ўзносіліся ў вышыню і добрыя людскія мары, якія былі сугучнымі са словамі вядучых урачыстасці аб тым, што “…мы прачынаемся і спадзяемся: нас чакае мірны дзень”.

Хай сапраўды будзе так – і не іначай!

Галіна ШАФРАН
Фота Ганны ГЛІННІК і аўтара