Падарожжа Дзеда Мароза і Снягурачкі па Драгічыншчыне

Дата:

На сялянскім падвор’і

– У-у-ух, – з палёгкай выдыхнуў Дзед Мароз, ставячы нагу ў забруджаным валёнку на асфальт. Адмерваючы кіламетр за кіламетрам па ненатуральна-чорных для зімовага часу палетках, стары вінавата задаваўся ўсё адным і тым жа пытаннем, на якое аніяк не мог знайсці адказу: – Як жа мог я так моцна заснуць, што нават надыход снежня прашляпіў? Людзі ж сумуюць у чаканні снегу, маразоў і нават сапраўднай радасці ад надыходу Новага года не адчуваюць. Хіба правільна, калі ўзімку замест завеі дождж хлешча, а замест валёнак неабходна гумовыя боты абуваць? Ай, вінаваты я, ай, вінаваты…

Накіроўваўся Дзед Мароз на сялянскае падвор’е, якое людзі назвалі “Каля Плэса”, каб падсілкавацца ды папрасіць брычку з канём. Крочыць далей пешшу не было ўжо сілы. У Бездзежы чакала яго і ўнучка Снягурачка, якую стары адправіў наперад сябе. Месца гэтае падабалася Дзеду Марозу. Па душы былі і пляцень са збанамі ды гаршкамі, і колішняя хатка з фіранкамі на вокнах, і шчырыя гаспадынькі.

З надыходзячым!

Вось і зараз, як толькі заўважылі доўгачаканага госця ў чырвоным кажушку, з посахам, выбеглі жанчыны яму насустрач. Павялі Дзеда Мароза ў хатку, пасадзілі за стол, папрасілі адведаць стравы, якімі будуць частаваць гасцей падчас навагодніх ды калядных свят. З рускай печы дасталі фаршыраванага грэчкай ды яблыкамі гуся, з калодзежа выцягнулі бутэль з салёнымі гуркамі, украілі духмянага, хатняй выпечкі, хлеба, паставілі міскі з паранай і квашанай капустай, дранікі, макуху. Увіваліся вакол, шчабяталі пра тое, як год на падвор’і пражылі.

– Сумаваць, дзядуля, часу не мелі, – адарыла госця пяшчотнай усмешкай дырэктарка Марыя Міхайлаўна. – Шмат народных свят аднавілі, справілі на падвор’і калядны фэст, хрышчэнскую купель, масленіцу, купалле. Цікавасць у сучасных людзей да традыцый продкаў неверагодная!

– А драўляныя фігуры на падвор’і бачылі? Дык гэта ўлетку ў нас абласны пленэр разьбяроў па дрэве праходзіў, – перабіла дырэктарку яе калега Ніна Сцяпанаўна. – Майстры раз’ехаліся, а зробленыя імі шэдэўры засталіся.

– Пра пленэр я чуў, – падтрымаў размову Дзед Мароз. – Слава пра вашага мясцовага, гутаўскага, майстра Юрыя Новіка дайшла і да мяне. Расказвалі, што наведвальнікі пленэра ў адной з фігур пазналі какорыцкага дзеда Марціна і вельмі прасілі Юрыя выразаць фігуру яго жонкі – бабулі з потассю. Хлопец, быццам бы, паабяцаў. А ці стрымаў ён сваё слова?

— Так, Дзядулька Мароз, стрымаў! Стаіць фігура дзеда Марціна справа ад уваходу ў музей “Бездзежскі фартушок”, а бабулі – злева. Потым сам пабачыш, – у адзін голас загаманілі жанчыны.

Распавядалі яны Дзеду Марозу і пра тое, як святы намераны правесці. Сумаваць не будзе часу. Заяўкі на экскурсіі ў музей, наведванне падвор’я паступаюць адна за адной. На дзіва актыўная пінская старана. Першымі яшчэ ў сярэдзіне снежня прыязджалі студэнты Палескага ўніверсітэта, быццам дзеткі малыя вакол ёлкі хараводы вадзілі, радаваліся. Кожнаму наведвальніку падвор’я ў даматканых мяшочках падарункі прыпасены: сувеніры і салодкасці…

Парадаваўся Дзед Мароз за сялянскае падвор’е і папрасіў брычку закладаць. На санях без снегу не паедзеш. Разаспалася, відаць, і Матухна-зіма, не ўзбівае сваю казачную пярыну, з якой па ўсім свеце сняжынкі разлятаюцца! Убачыўшы на падвор’і свайго добрага знаёмцу Дзеда Мароза, конь Індзеец задаволена падставіў шыю пад “уквечаную” яловым вянком дугу. Адыходзячы год і для Індзейца быў асаблівы: згодна ўсходняму календару Конь з’яўляўся яго сімвалам. “А цяпер, кажуць, надыходзіць год Казы”, – падумаў пра сябе Індзеец і па-добраму пазайздросціў сваім суседкам, козачкам Белачцы і Каці, якія таксама жывуць “Каля Плэса”.

З сялянскага падвор'я "Каля Плэса" адпраўляюцца ў падарожжа па Драгічыншчыне Дзед Мароз і Снягурачка
З сялянскага падвор’я «Каля Плэса» адпраўляюцца ў падарожжа па Драгічыншчыне Дзед Мароз і Снягурачка

Развітаўшыся з гаспадарамі падвор’я, Дзед Мароз накіраваў Індзейца на Драгічын. Цікава было ўбачыць яму, якія перамены адбыліся ў райцэнтры, як людзі жывуць.

Новы год у новай хаце

Увёз Індзеец Дзеда Мароза і Снягурку ў горад з боку Стараселля, па вуліцы Шаўчэнкі. Кінуў стары позірк управа і дзіву даўся: у заходнім напрамку паміж хат адыходзіла асфальтаваная дарога. Цікаўнасць прымусіла дзядулю павярнуць: куды завядзе гэты шлях? Перасёк Індзеец вуліцу Кастрычніцкую.

– Хм, і тут добра было б асфальт пакласці, – прамовіў, павярнуўшы да Снягурачкі свой барадаты, з чырвоным носам, твар Дзед Мароз. – Вуліцы гэтай шмат дзесяцігоддзяў, а ўсё гравійнае пакрыццё…

– Так, дзядулька, але ж цяпер на асфальт шмат грошай трэба! Добра, што праз мікрараён новабудоўляў такую цудоўную дарогу праклалі. Чула я, што тры кіламетры асфальту па вуліцах Днепрабугскай, Бялова і Багушэвіча абышліся ў 6 мільярдаў рублёў. Але гэта было таго варта, бо атрымалася выдатная аб’яздная дарога для вялікагрузнага транспарту, якая спалучыла Стараселле і заходнюю частку райцэнтра.

– Паглядзі, унучка, колькі прыгожых дамоў наўкол людзі набудавалі! А колькі будоўляў толькі распачынаецца! Цэлы мікрараён атрымаўся! Ды і шматпавярховак прыбавілася ля заправачнай станцыі, — дзівячыся на гарадскія новабудоўлі, ледзьве не выпусціў лейцы з рук Дзед Мароз.

– Я раней цябе ў гэтыя мясціны патрапіла, таму шмат цікавага паспела ад людзей пачуць, – абрадавалася сваёй асвядомленасці і магчымасці падзяліцца навінамі Снягурачка. – Уяўляеш, дзядуля, за гэты год жыхары Драгічынскага раёна пабудавалі 17 тысяч квадратных метраў жылля: 104  індывідуальныя дамы і дзве пяціпавярхоўкі. Па вёсках 6 “прэзідэнцкіх” домікаў здадзена ў эксплуатацыю, яшчэ 10, пабудаваных сялянамі. У горадзе ажно 82 прыватныя дамы ў эксплуатацыю ўступілі. Асабліва ж мяне парадавала, што навасёламі стала нямала шматдзетных сем’яў. Што ні кажы, дбае пра іх дзяржава!

Размову Дзеда Мароза і Снягуркі пачуў выпадковы прахожы.

– Я ў суботу трапіў на вуліцу Сацыялістычную, якую новай не назавеш. Але і там шчаслівыя навасёлы заносілі ў дом мэблю. І дзетак трое вакол хаты хадзіла, таксама, відаць, пабудавалася шматдзетная сям’я, — загаманіў мужчына. – Вы б з’ездзілі туды…

Як запраўскі фурман, накіраваў Дзед Мароз Індзейца ў горад. Хаця і няпроста было лавіраваць на брычцы сярод аўто. Гэта ж не жарт, ва ўладанні насельніцтва раёна знаходзіцца ажно каля 13 тысяч машын. А яшчэ колькі транспарту належыць арганізацыям! Але ж дабраліся яны са Снягуркай на вуліцу Сацыялістычную. І сапраўды, паміж даўно пабудаваных дамоў, знайшлося тут месца для дзвюх новабудоўляў.

– Здаецца мне, раней тут стаяў стары, непрыгожы будынак інтэрната, – узгадаў Дзед Мароз. – Бачыш, якая прыгажосць на яго месцы “вырасла”! Давай зойдзем у госці, пазнаёмімся з гаспадарамі…

Але ж у які з двух дамоў засялілася шматдзетная сям’я? Падворкі абодвух яшчэ ўяўляюць сабой будаўнічую пляцоўку, няма ні агароджы, ні дарожак. І раптам насустрач Дзеду Марозу і Снягурачцы ад хлеўчука выбег коцік. “Мр-р, вельмі рады бачыць вас!” – павітаў ён казачных гасцей, і, махнуўшы чорным хвосцікам, ускочыў на яшчэ не закончаны ганак свайго дома. Расчыніліся дзверы, і невысокая, хударлявая гаспадыня ветлівай усмешкай запрасіла Дзеда Мароза і яго ўнучку ў дом.

– Дзетак у нас трое, таму і вырашылі будавацца. У двухпакаёвай кватэры нам было ўжо цесна, – задаволіла цікавасць гасцей Іна Сяргееўна. – Дзяржава дала льготны крэдыт пад 1 працэнт на 40 гадоў, а потым яшчэ і 75 працэнтаў кошту дома скасавала…

Спяшаліся Катаржновы, каб Новы, 2015 год, сустракаць ва ўласным доме, тэрмінова завозілі, расстаўлялі мэблю. Месца і для ёлачкі прыгледзелі: у гасцінай, пад гадзіннікам. Дом атрымаўся на дзіва светлы, утульны, з вялікай кухняй, трыма спальнямі: для бацькоў, дачушак і сыночка. На жаль, не ўдалося паўночным гасцям пазнаёміцца з Мікіткай, акурат перад іх прыездам ён накіраваўся на экскурсію.

– Адыходзячы год для нашай сям’і стаў адметным не толькі дзякуючы наваселлю, але і таму, што меньшанькая дачушка пайшла ў першы клас, – пахваліўся гаспадар Андрэй Юр’евіч. Аказалася, што працуе Катаржноў-старэйшы будаўніком у ПМК-8, так што многае ў доме ён зрабіў уласнымі рукамі. Вядома ж, не абышлося без удзелу ў будаўніцтве наёмных майстроў, шмат дапамаглі сябры, родзічы.

Дапамог Дзед Мароз навасёлам Катаржновым расстаўляць мэблю ў гасцінай
Дапамог Дзед Мароз навасёлам Катаржновым расстаўляць мэблю ў гасцінай

Аж узмакрэў Дзед Мароз у новай хаце.

– Гэта раней у драгічынцаў праблемы былі, як прыватнае жыллё натапіць, – усміхнулася гаспадыня. – Цяпер жа газ прыродны, хочаш, мацней уключы, а калі горача – зусім выключыць

Блакітны цуд

– Дзядуля, а ведаеш, пра што я падумала? – звярнулася да старога Снягурачка. – Гэта ж як радуюцца цёпламу снежню газавікі і людзі, да якіх яны газ прыродны пракладваюць. Замарозіла б, замяло, давялося б спыняць работу. А так капай сабе траншэі, трубы кладзі.

– Дык, можа, гэта газавікі і шчыруюць, – прышчурыўся Дзед Мароз на тэх-ніку пасярод поля, калі распісная брычка з падарожнікамі ад’ехала ад Драгічына ў напрамку камбікормавага завода.

– Так, так, – пагадзілася Снягурачка. – Расказвалі мне, што цуд гэты – прыродны газ – прыйшоў у многія вёскі Драгічынскага раёна. Называлі Хомск, Заверша, Бездзеж, Сірэнеўку, Заточча, Імянін, Антопаль, Губерню, Валавель, Закозель. А цяпер, казалі, падышла чарга газіфікавацца Брашэвічам. Усяго па раёне сёлета праклалі больш за 23 кіламетры газаправода. Цяпер вось асноўныя работы кіпяць на брашэвіцкім напрамку. Ёсць надзея, што ў наступным годзе блакітнае паліва прыйдзе не толькі ў Брашэвічы, але і на камбікормавы завод…

–  Адно супакойвае, што хоць камусьці карысць ад таго, што мы, і я, і Матухна-зіма, заспалі, – з палёгкай прамовіў Дзед Мароз. – Але ж, унучанька, пара за справу брацца…

Стары спыніў брычку і адышоў з дарогі ў поле. Ён стукнуў посахам па зямлі –  і тая пацвярдзела, танюткі лядок пачаў зацягваць ваду. Дзьмухнуў Дзед Мароз – і паднялі людзі каўнеры, а на вокнах з’явіліся першыя дзівосныя ўзоры зімовага роспісу. Закружылі ў небе празрыстыя сняжынкі.

– Бач, і Матухна-зіма прачнулася! – задаволена ўсклікнуў Дзед Мароз і, зручней прымасціўшыся ў брычцы, узмахнуў лейцамі. – Таго і глядзі, хутка брычку на сані змяніць давядзецца…

З Дзедам Марозам і Снягурачкай

па Драгічыншчыне падарожнічалі Ніна ТКАЧУК і Іван ЛЯОНЧЫК (фота)

Поделиться новостью:

Популярно

Архив новостей

Похожие новости
Рекомендуем

Республиканский субботник проходит в Дрогичинском районе (ФОТОРЕПОРТАЖ)

Руководство района во главе с председателем райисполкома Сергее Пачко,...

Александр Лукашенко во время республиканского субботника работает на площадке Национального исторического музея

Президент Беларуси Александр Лукашенко во время республиканского субботника работает на...

Какие цифровые специальности востребованы на рынке

О наиболее востребованных на рынке цифровых специальностях рассказала консультант...

Первый в Беларуси робот-продавец появился на заправке под Гомелем

Первый в стране роботизированный торговый павильон "Белоруснефть-Гомельоблнефтепродукт" открылся на...